ДАЎБЁЖНЫ СТАНО́К.

1) металарэзны станок стругальнага тыпу з верт. зваротна-паступальным рухам даўбёжнага разца (даўбяка). Прызначаны для апрацоўкі цяжкадаступных вонкавых і ўнутр. паверхняў, пазоў і канавак (у т. л. нескразных) любога профілю.

2) Дрэваапрацоўчы станок для выбірання прамавугольных і авальных пазоў і адтулін з дапамогай фрэзерных ланцужкоў, полых долатаў або плоскіх разцоў.

Разцы металарэзнага даўбёжнага станка (даўбякі): 1 — дыскавы; 2 — чашачны; 3 — утулкавы; 4 — хваставы.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́РАЦ (ад ням. Ordonnanz веставы),

у рускай арміі — ваеннаслужачы афіцэр, унтэр-афіцэр, радавы, прызначаны ў распараджэнне камандуючага (камандзіра) або штаба для выканання іх даручэнняў. Ардынарцы вылучаліся таксама ў распараджэнне ганаровых асоб, якія прыбылі ў войскі, і ў ганаровыя варты. У канцы 19 ст. пры пяхотных палках былі каманды конных ардынарцаў. У Сав. Арміі ардынарцы (звычайна з радавых) вылучаліся ў распараджэнне страявых камандзіраў толькі ў ваен. час.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЫЯБХА́ТА»,

назва 1-га індыйскага штучнага спадарожніка Зямлі. Выведзены 19.4.1975 савецкай ракетай-носьбітам з савецкага касмадрома на арбіту з апагеем 619 км і перыгеем 563 км; перыяд абарачэння 96,3 мін. Маса «Арыябхаты» 358 кг. Названы ў гонар індыйскага астранома і матэматыка Арыябхаты. Прызначаны для даследавання ў галіне рэнтгенаўскай астраноміі, рэгістрацыі нейтроннага і гама-выпрамянення Сонца, вымярэння патокаў часціц і радыяцыі ў іанасферы.

ШСЗ «Арыябхата».

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОК (галанд. dok, англ. dock),

1) збудаванне для агляду і рамонту падводнай часткі суднаў або для іх пабудовы. Бываюць сухія, наліўныя і плывучыя. Звычайна з’яўляюцца часткай верфі або суднарамонтнага прадпрыемства.

2) Штучны партовы басейн з затворам, прызначаны для стаянкі суднаў пад пагрузкай-разгрузкай у месцах з вял. прыліўна-адліўнымі ваганнямі ўзроўню мора.

3) Зборна-разборнае збудаванне для тэхн. абслугоўвання вял. лятальных апаратаў (пераважна дырыжабляў).

Док плывучы.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРКА́СНА-ПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі будынкаў, якія складаюцца з нясучых элементаў каркаса (жалезабетонных ці стальных калон, рыгеляў) і агараджальных канструкцый (сценавых панэлей, пліт і панэлей перакрыццяў і пакрыццяў). Прызначаны для буд-ва пераважна шматпавярховых будынкаў (канструкцыі са стальным каркасам мэтазгодныя для вышынных грамадскіх будынкаў — на 30 і больш паверхаў).

Каркасна-панэльная канструкцыя: 1 — калона; 2 — рыгель; 3 — дыяфрагма жорсткасці; 4 — панэль перакрыцця; 5 — панэль вонкавай сцяны.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛАС (грэч. melos),

1) у Стараж. Грэцыі — напеў, мелодыя. У муз.-тэарэт. трактатах М. разумелі як уласна муз. бок песні (у адрозненне ад вершаў і танц. руху). Складаецца з гукаў, інтэрвалаў і працягласцей. М. называлі таксама лірычны верш, прызначаны для спеваў.

2) Абагульненае паняцце меладычнага, песеннага пачатку ў музыцы. Першакрыніцы М. — цякучасць, працягласць, энергія і сіла меладычнай плыні. У рас. музыказнаўстве канцэпцыю М. абгрунтаваў Б.Асаф’еў.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ПАР (галанд. roeper ад roepen крычаць),

адрэзак трубы звычайна круглага або прамавугольнага сячэння з плаўна павялічвальнымі папярочнымі памерамі. Прыстаўлены вузкім канцом да крыніцы гуку, Р. узмацняе яго (канцэнтруе гукавую энергію ў напрамку сваёй восі), а накіраваны шырокім канцом на прымаемы гук — канцэнтруе яго каля прыёмніка гуку (напр., вуха). Р. найчасцей выкарыстоўваюцца ў рупарных гучнагаварыцелях і мегафонах (прызначаны для ўзмацнення гучання галасу ў месцах з павышаным узроўнем шуму).

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛІ́ЦА,

светлы чысты пакой, прызначаны звычайна для прыёму гасцей. Здаўна вядомы ў Расіі, Польшчы і інш. краінах Еўропы. На Беларусі дакумент. звесткі пра С. вядомы з 16 ст. С. існавалі ў жылых дамах і замках, верхніх ярусах брам, лазнях, корчмах і аўстэрыях. Гэта былі вял. жылыя пакоі з кафлянымі грубкамі і камінамі, часам афармляліся шпалерамі. У сял. жыллі вядомы з 19 ст.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 14, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФАТО́Н»,

серыя сав. і рас. штучных спадарожнікаў Зямлі. Прызначаны для атрымання ва ўмовах бязважкасці паўправадніковых матэрыялаў з палепшанымі ўласцівасцямі і асабліва чыстых біялагічна актыўных прэпаратаў, а таксама для вывучэння працэсаў, што адбываюцца пры гэтым. Маса 6200 кг, у т. л. навук. апаратуры 700 кг. Даследаванні і эксперыменты праводзяцца ў рамках супрацоўніцтва з Францыяй і Еўрап. касм. агенцтвам. Запускаюцца з 1988 ракетай-носьбітам «Саюз» з касмадрома Плясецк.

т. 16, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́РМА ў скульптуры,

пластычны адбітак са скульпт. арыгінала, прызначаны для адліўкі копій. Вырабляецца шляхам фармоўкі, звычайна з гіпсу, і складаецца з некалькіх частак, якія шчыльна злучаюцца і ахопліваюцца раздымным кажухом («ракавінай»). Чарнавая Ф. найпрайсцейшая паводле канструкцыі і тэхнікі вырабу, дае адну копію (разбураецца ў працэсе адліўкі); кавалкавая Ф. складаецца з некалькіх частак, дазваляе вырабляць мноства копій. Найб. дасканалая клеявая Ф., якую вырабляюць з жэлацінавай масы.

т. 16, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)