Мінская абутковая фабрыка імя М. І. Калініна 3/355, гл. Абутковае вытворчае аб’яднанне «Прамень»

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫ ЗА́ПІС,

сістэма запісу і ўзнаўлення інфармацыі, заснаваная на выкарыстанні аптычнага выпрамянення. Пры запісе аптычнае выпрамяненне, мадуляванае сігналамі інфармацыі, што запісваецца, уздзейнічае на аптычны носьбіт даных (фотаплёнку, аптычны дыск, фотахромны матэрыял, ферамагн. плёнку і інш.) і стварае ў ім устойлівыя лакальныя змены фіз. уласцівасцяў (каэф. адбіцця ці паглынання, колеру, намагнічанасці і г.д.), адпаведныя зыходнаму сігналу. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротны працэс: счытвальны прамень пры ўзаемадзеянні з носьбітам мадулюецца па інтэнсіўнасці і потым з яго вылучаюцца сігналы інфармацыі. Па спосабе запісу адрозніваюць сістэмы фатаграфічнага запісу, галаграфічнага (гл. Галаграфія), сістэмы з запісам на аптычных дысках і інш. Існуюць аналагавы аптычны запіс, пры якім фіксуюць усе значэнні ўваходнага сігналу ў пэўным дыяпазоне частот, і лічбавы, пры якім уваходныя сігналы падлягаюць квантаванню (дыскрэтызацыі), а затым пераўтвараюцца ў двайковыя лічбы для запісу на носьбіце (у выглядзе кода).

т. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́Ў (Леў Уладзіміравіч) (13.1.1899, г. Тамбоў, Расія — 29.3.1970),

расійскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог; адзін з пачынальнікаў рас. кінамастацтва. Нар. арт. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1939 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У кіно пачынаў як мастак (1916). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Праект інжынера Прайта» (1918). Стварыў тэорыю мантажу («эфект К.»). Фармальныя і жанравыя пошукі ў фільмах «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924), «Прамень смерці» (1925), «Гарызонт», «Вялікі суцяшальнік» (абодва 1933) і інш. Стужкам К. ўласцівы напружанасць сюжэтаў, востра акрэслены малюнак роляў, высокая выяўл. культура. Аўтар кніг «Мастацтва кіно» (1929), «Асновы кінарэжысуры» (1941) і інш.

Тв.:

Собр. соч.: В 3 т. Т. 1—2. М., 1987—88.

Літ.:

Громов Е.С. Л.​В.​Кулешов. М., 1984.

т. 9, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЯ ЗВА́РКА,

зварка плаўленнем, пры якой крыніцай цяпла з’яўляецца сфакусіраванае эл.-магн. выпрамяненне лазера. Вызначаецца бескантактнасцю (зварка праз празрыстае ваконца герметычнай пасудзіны), малым памерам зоны тэрмічнага ўплыву.

Шчыльнасць патоку выпрамянення пры Л.з. 0,1—1 МВт/см², глыбіня праплаўлення 0,05—2 мм, што дазваляе надзейна зварваць дэталі таўшчынёй 0,01—1,5 мм. Найб. пашырана імпульсная Л.з. (стварае кропкавыя злучэнні, прадукцыйнасць да 100 аперацый за мінуту), выкарыстоўваецца таксама неперарыўная (шыўная) зварка (стварае суцэльныя швы, прадукцыйнасць да 1,5—2 м/мін). Л.з. выкарыстоўваецца для злучэння металаў і сплаваў, якія не зварваюцца звычайнымі спосабамі, для зваркі канструкцый у цяжкадаступных месцах, мініяцюрных і лёгкадэфармуемых дэталей (электроннавакуумных і паўправадніковых прылад, інтэгральных схем і інш).

Схема лазернай зваркі. 1 — рубінавы стрыжань; 2 — лямпа напампоўвання; 3 — прамень лазера; 4 — лінза факусіроўкі праменя; 5 — загатоўкі, якія зварваюцца.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША СПРА́ВА»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, апошняе афіц. перыяд. выданне Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася 30.9.1926 і з 1.12.1926 да 22.1.1927 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 2 разы на тыдзень замест газ. «Народная справа». Выдавец П.Мятла. Пісала пра паліт. і эканам. ўціск народа ў Зах. Беларусі, разгром пав. з’езда БСРГ, арышты дзеячаў БСРГ. Змяшчала лісты, заявы, пратэсты працоўных Зах. Беларусі супраць неправамерных дзеянняў польск. улад, заклікала працоўных быць гатовымі да рэпрэсій супраць дэмакр. грамадскіх арг-цый Зах. Беларусі. Друкавала матэрыялы аб праследаванні ўладамі бел. школ, у параўнальным плане пісала пра паланізацыю ў Зах. Беларусі і беларусізацыю ў БССР. Змясціла п’есу У.​Галубка «Суд», каталогі кніг, выдадзеных у БССР і Зах. Беларусі, анатацыі на бел. пераклад паэмы А.​Блока «Дванаццаць», час. «Новы прамень», газ. «Белорусская трибуна». Выйшла 16 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Алег Канстанцінавіч) (н. 31.7.1930, в. Вырубава Маскоўскай вобл.),

расійскі артыст цырка, клоун. Нар. арт. Расіі (1958). Нар. арт. СССР (1969). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога мастацтва (1949). Напачатку выступаў як эквілібрыст-комік на слабанацягнутым дроце. У 1950 дэбютаваў як клоун дывановы. Выкарыстоўвае цыркавыя прыёмы: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. У нумарах спалучае буфанаду, псіхал. праўду, мяккі лірычны гумар і сатыр. фарбы. Вобраз-маска П. — бесклапотны юнак, надзелены рысамі казачнага Іванкі-прастачка; празваны «Сонечным клоунам». Сярод лепшых нумароў «Эксцэнтрыяда на свабодным дроце», «Повар», «Свісток», «Прамень», «Хімчыстка», «Баланс з лялькай», «Тапелец», «Карусель», вядучыя ролі ў цыркавых спектаклях «Лячэнне смехам», «Царэўна-Несмяяна», «Сёння ў цырку фестываль», «Казка пра папа і яго работніка Балду», «Водная пантаміма» і інш. Лаўрэат Міжнар. фестывалю цыркаў у Варшаве (1957), прэмій «Оскар» (1958, Брусэль), «Залаты клоун» на Міжнар. фестывалі ў Монтэ-Карла (1981). Жыве за мяжой.

Літ.:

Викторов А. Выступает Олег Попов. М., 1968.

А.Папоў у масцы клоуна.

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДБІЦЦЁ СВЯТЛА́,

частковае ці поўнае вяртанне ў першае асяроддзе светлавога патоку, які падае на мяжу двух асяроддзяў з рознымі паказчыкамі пераламлення. Адбівальная здольнасць цела залежыць ад аптычных уласцівасцяў сумежных рэчываў, даўж. хвалі λ святла, якое падае, і якасці адбівальнай паверхні.

Калі няроўнасці паверхні падзелу меншыя за λ, наглядаецца люстраное адбіццё святла. Пры гэтым выконваюцца 2 законы адбіцця святла: адбіты прамень S′ ляжыць у адной плоскасці з праменем S, што падае, і перпендыкулярам ON да адбівальнай паверхні ў пункце падзення; вугал адбіцця Z′ роўны вуглу падзення α (рыс. 1). Калі няроўнасці адбівальнай паверхні большыя за λ, святло адбіваецца па ўсіх напрамках у межах паўсферы — дыфузнае адбіццё (рыс. 2). У 1954 Ф.І.Фёдаравым адкрыта з’ява перпендыкулярнага да плоскасці падзення зруху адбітага пучка святла (гл. Фёдарава зрух). Асобны выпадак адбіцця святла — поўнае ўнутранае адбіццё. Памяншэнне адбіцця святла дасягаецца прасвятленнем оптыкі; для павелічэння адбіцця на люстраныя паверхні наносяць метал. дыэлектрычныя пакрыцці. Гл. таксама Пераламленне святла.

Адбіццё святла: 1 — люстраное; 2 — дыфузнае.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ГАШ (Пётр) (сапр. Томаў-Негаш Радзівай Петравіч; 1.11.1813, в. Негушы. Чарнагорыя — 19.10.1851),

чарнагорскі паэт і дзярж. дзеяч. З дынастыі Негашаў. Уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1830—51] пад імем Пятра II Петравіча. Умацоўваў цэнтр. ўладу ў краіне (у 1831 створаны Правячы сенат), адстойваў яе незалежнасць ад замахаў Турцыі і Аўстрыі. Арыентаваўся на падтрымку Расіі, якую наведаў у 1833 і 1837. У сталіцы Чарнагорыі г. Цэтыне заснаваў першую школу і друкарню. У 1834 выдаў у Цэтыне зб. вершаў «Цэтынскі пустэльнік» і «Аблічча лютасці турэцкай», у 1845 зб. нар. і сваіх песень «Люстэрка сербскае», які адкрыў вершам-прысвячэннем «Цені Аляксандра Пушкіна». У паэме «Свабадыяда» (нап. 1835, апубл. 1854) услаўляў барацьбу сербаў і харватаў за нац. незалежнасць Вяршыня яго творчасці — драм. паэма «Горны вянец» (1847) пра барацьбу чарнагорцаў супраць тур. няволі ў канцы 17 ст. Аўтар філас. паэмы «Прамень мікракосма» (1845) і драм. паэмы «Самазванец Сцяпан Малы» (нап. 1848).

Тв.:

Рус. пер. — Горный венец. М., 1955.

А.​П.​Траяноўскі.

т. 11, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁН (франц. rayon ад лац. radius прамень),

1) тэрыторыя, вылучаная па якіх-н. прыкметах, асаблівасцях; у шэрагу выпадкаў адна з таксанамічных адзінак (гл. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Часам ужываецца як сінонім рэгіёна.

2) У СССР была адной з адзінак адм.-тэр. падзелу ў сельскай мясцовасці, якая складала частку тэр. саюзнай (аўтаномнай) рэспублікі, краю, вобласці, аўт. вобласці, нац. акругі. Уключала тэр. сельскіх Саветаў, рабочых, курортных, дачных пасёлкаў і гарадоў раённага падпарадкавання. У гарадах Р. — адм.-тэр. адзінка з насельніцтвам больш за 100 тыс. чал. Падзел на Р. захаваўся ў краінах, якія ўтварыліся пасля распаду СССР (напр., Беларусь, Расія, Украіна). У БССР уведзены ў ліп. 1924 паводле пастановы 2-й сесіі ЦВК БССР 6-га склікання. У наш час на Р. падзяляюцца вобласці, а таксама гарады, дзе насельніцтва не менш як 100 тыс. чал. На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 118 раёнаў (пра кожны былы і сучасны сельскі раён гл. асобны арт.). У некат. замежных краінах Р. — адм.-тэр. адзінка рознага парадку (напр., Парыжскі раён).

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНКО́ЎСКАГА ПРАСТО́РА-ЧАС, прастора Мінкоўскага,

чатырохмерная прастора, што аб’ядноўвае фіз. 3-мерную прастору і час. Уведзены Г.Мінкоўскім (1908).

Пункты М.п.-ч. адпавядаюць падзеям спец. адноснасці тэорыі і вызначаюцца 4 каардынатамі: x1 = x, x2 = y, x3 = z, x0 = ct, дзе x, y, z — прамавугольныя дэкартавы каардынаты падзеі ў некаторай інерцыяльнай сістэме адліку (ІСА), c — скорасць святла ў вакууме, t — час падзеі. Геам. ўласцівасці М.п.-ч. вызначаюцца выразам квадрата інтэрвалу (адлегласці паміж 2 падзеямі): ds​2 = c​2dt​2−dx​2−dy​2−dz​2, дзе dx, dy, dz — элементарны зрух каардынат x, y, z, dt = dx0/c — элементарны зрух паміж падзеямі ў часе. Інтэрвал з’яўляецца інварыянтам пры пераходзе ад адной ІСА да другой. Траекторыя руху часціцы (матэрыяльнага пункта) у М.п.-ч. наз. сусветнай лініяй (СЛ). Участкі траекторыі, дзе ds​2 > 0, наз. часападобнымі дзе ds​2 < 0 — прасторавападобнымі, дзе ds​2 = 0 — нулявымі. Рэальныя часціцы рухаюцца ўздоўж часападобных СЛ, светлавы прамень — уздоўж нулявой СЛ. Геаметрыя М.п.-ч. ляжыць у аснове матэм. апарата спец. тэорыі адноснасці і дазваляе даць наглядную інтэрпрэтацыю яе кінематычных эфектаў.

А.​І.​Балсун.

т. 10, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)