БАРЫ́САЎСКАЯ МАКАРО́ННАЯ ФА́БРЫКА, «Барымак». Створана ў 1931 у г. Барысаў на базе дражджавога з-да як макаронна-мукамольны камбінат. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944 як макаронная ф-ка. У 1955, 1985 і 1991 рэканструявана і расшырана. У 1971—93 у ВА «Барысаўмакаронпрам» (галаўное прадпрыемства), у 1993—94 арэнднае прадпрыемства, з 1994 адкрытае акц. т-ва «Барымак». Асн. прадукцыя (1995): макаронныя вырабы рознага асартыменту.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКЕТЫНГ (англ. marketing ад market рынак),

сістэма арганізацыі і кіравання вытворча-збытавой дзейнасцю прадпрыемства (фірмы), заснаваная на комплексным аналізе рынку. Аснову М. складае: вывучэнне і прагназаванне попыту на прадукцыю і паслугі прадпрыемства; ажыццяўленне мер па павышэнні іх якасці і спажывецкіх уласцівасцей; наладжванне камунікацый, ажыццяўленне рэкламных мерапрыемстваў; арг-цыя даступнага пасляпродажнага і сервіснага абслугоўвання пакупнікоў; фарміраванне попыту спажыўцоў шляхам стымулявання ў іх патрэбы ў новых таварах і інш. Для ажыццяўлення функцый М. на прадпрыемствах (фірмах) ствараюцца спец. падраздзяленні (аддзелы, службы) М. Першапачаткова М. быў звязаны з продажам фізічных прадуктаў (спажывецкіх тавараў, прадукцыі вытв. прызначэння); цяпер М. называецца ўсё, што можна прапанаваць на рынку для набыцця, выкарыстання або спажывання, з мэтаю задавальнення пэўных патрэб — фізічныя прадметы, паслугі, арганізацыі, віды дзейнасці, ідэі і інш. (напр., М. паслуг, М. арганізацый, М. месцаў, персанальны М., М. ідэй). Адрозніваюць таксама М. дыферэнцыраваны — стратэгія дзейнасці на рынку, калі прадпрыемства імкнецца асвойваць адразу некалькі сегментаў рынку са спецыяльна для іх распрацаванай прадукцыяй, канцэнтраваны — стратэгія дзейнасці, калі прадпрыемства мае вял. долю рынку на адным або некалькіх невял. сегментах рынку, масавы — масавая вытв-сць аднаго прадукту, прызначанага адразу для некалькіх катэгорый пакупнікоў, і інш.

О.​В.​Філіпава.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБЕКО́ШТ,

грашовае выражэнне бягучых затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі; частка вартасці. Уключае кошт выдаткаваных у вытв-сці прадметаў працы (сыравіны, матэрыялаў, паліва, энергіі); кошт сродкаў працы (збудаванняў, машын, абсталявання), перанесеных у працэсе вытв-сці на наваствораны прадукт; аплату працы работнікаў; расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі і інш. выдаткі прадпрыемства па арганізацыі вытв-сці і кіраванні. Адрозніваюць С. базісны, індывід., перавозак, прадукцыі, тэхнал., вытв. і фактычны (справаздачны). С. базісны — С. мінулага перыяду, які бярэцца за аснову разліку С. бягучага або планавага перыяду; С. індывідуальны — затраты на выраб канкрэтнага віду прадукцыі; С. перавозак — затраты на транспартаванне грузаў (прадукцыі) на розных відах транспарту; С. прадукцыі — затраты прадпрыемства (аб’яднання, арганізацыі) на выраб і рэалізацыю прадукцыі (паслуг); С. тэхналагічны — затраты на арганізаванне тэхнал. працэсу вытв-сці прадукцыі і аказання паслуг; С. вытворчы — затраты прадпрыемства на вытв-сць прадукцыі, у якія ўключаюцца кошт паўфабрыкатаў, купленых вырабаў і паслуг інш. прадпрыемстваў, а таксама затраты на абслугоўванне і кіраванне прадпрыемствам; С. фактычны (справаздачны) вызначаецца на аснове фактычных затрат па ўсіх пунктах С. за дадзены перыяд. Выкарыстоўваецца ў гасп. разліку для ацэнкі эфектыўнасці работы прадпрыемства і яго структурных падраздзяленняў, таксама для ўстанаўлення і змянення цэн на прадукцыю (паслугі).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛГЕ́А,

гл. Беларускае дзяржаўнае навукова-даследчае геалагічнае прадпрыемства.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЧУР (ад англ. venture рызыкаваць, адважвацца),

заснаваны на рызыцы разлік, намер, накіраваны на выкарыстанне якіх-небудзь магчымасцей у пэўных карыслівых мэтах. Паняцце венчура выкарыстоўваецца ў эканоміцы. Венчурны бізнес — дробнае прадпрыемства доследнага тыпу, якому ўласціва большая, чым звычайна, ступень рызыкі; венчурны капітал — частка грашовых сродкаў, фондаў, якая ўкладваецца ў венчурнае прадпрыемства (фірму) — камерц. навук.-тэхн. арг-цыю, што спецыялізуецца на стварэнні, асваенні ў вытв-сці і ўкараненні новых відаў прадукцыі.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАЎНІ́ЦКІ ПЕРСАНА́Л,

службовыя асобы, апарат кіравання, адміністрацыя прадпрыемства (фірмы, арг-цыі). У залежнасці ад функцый, якія выконвае пэўны работнік, К.п. прадпрыемства падзяляецца на ўліковыя катэгорыі: інжынерна-тэхн. работнікі (ІТР), служачыя і інш. У сваю чаргу наменклатура пасад служачых і ІТР аднесена да груп, сярод якіх вылучаюцца кіраўнікі — дырэктары і іх намеснікі, нач. цэхаў, аддзелаў, майстры і брыгадзіры; спецыялісты — эканамісты, юрысты, бухгалтары, тавараведы, праграмісты і інш.; дапаможны тэхнічны персанал — сакратары, машыністкі, рахункаводы, тэхнікі, лабаранты, экспедытары і інш.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 8, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ТРЫКАТА́ЖНАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1962 у Мінску на базе камбіната мясц. прам-сці. У 1967—71 пабудавана нанава. З 1974 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв. трыкат. аб’яднання «Прагрэс». У 1986—91 Рэсп. Дом мадэлей. З 1991 Мінская прамысл.-гандл. трыкат. фірма «Алеся». Асн. прадукцыя (1999): верхні трыкатаж з паўшарсцяной, сінт. і штучнай пражы (жаночыя, спарт., дзіцячыя касцюмы, жаночыя і мужчынскія жакеты, джэмперы, світэры і інш.). У складзе прадпрыемства фірменныя магазін «Мара», салон-магазін «Талісман», гандл. дом «Кросны».

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМААКУ́ПНАСЦЬ,

прынцып гаспадарання, які прадугледжвае поўнае пакрыццё затрат вытв. аб’яднанняў, прадпрыемстваў, арг-цый на выраб і збыт прадукцыі (паслуг) уласнымі даходамі, атрыманымі ад рэалізацыі створанай прадукцыі або аказаных паслуг. Пры працягласці або значнасці страт, калі прынятыя меры па забеспячэнні рэнтабельнасці не далі станоўчых вынікаў, дзейнасць прадпрыемства спыняецца і яно аб’яўляецца банкрутам (гл. Банкруцтва). С. валютная — прынцып гасп.-разліковай знешнеэканам. дзейнасці прадпрыемства, які ва ўмовах абмежаванай канверсоўнасці (неканверсоўнасці) нац. валюты прадугледжвае кампенсаванне валютных расходаў валютнымі даходамі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́ТНЫ ФОНД,

сукупнасць матэрыяльных і грашовых сродкаў, якія з’яўляюцца пастаянным укладам заснавальнікаў-удзельнікаў у створанае імі прадпрыемства (фірму, кампанію, т-ва); сумарная вартасць асн. і абаротных сродкаў, якія знаходзяцца ў карыстанні і распараджэнні прадпрыемства (фірмы, кампаніі, т-ва). Крыніцы павелічэння С.ф.: укараненне ў вытв-сць найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі, рэканструкцыя і абнаўленне асн. фондаў, павелічэнне аб’ёмаў вытв-сці і інш.; памяншаюць С.ф. знос і спісванне ўстарэлых машын і абсталявання, спажыванне і канфіскацыя часткі прыбытку і інш.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДШЫ́ПНІКАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання па вытворчасці падшыпнікаў. Узнікла ў сувязі з развіццём мех. транспарту, станкабудавання і інш. галін машынабудавання. Упершыню вытв-сць падшыпнікаў арганізавана ў Германіі ў 1883. Потым прадпрыемствы гэтай галіны з’явіліся ў ЗША, Швецыі. У наш час найб. развітую П.п. маюць ЗША, Японія, Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Расія, Чэхія. На Беларусі першае падшыпнікавае (рамонтнае) прадпрыемства створана ў 1939 у Гомелі. У 1948—51 у Мінску пабудаваны падшыпнікавы завод. На Беларусі (2000) дзейнічаюць 2 прадпрыемствы П.п. — акцыянернае прадпрыемства Мінскі падшыпнікавы завод (выпускае падшыпнікі шарыкавыя радыяльныя аднарадныя, радыяльна-ўпорныя, ролікавыя радыяльныя сферычныя двухрадавыя, ролікавыя ігольчастыя, шарыкавыя ўпорна-радыяльныя шматрадавыя, ролікавыя ўпорна-радыяльныя сферычныя аднарадавыя і інш.) і акцыянернае прадпрыемства Гомельскі падшыпнікавы завод (выпускае ў асн. шарыкі стальныя і падшыпнікі веласіпедныя). У 1990 імі выпушчана 148, у 1995—21, у 1998—23 млн. штук падшыпнікаў. Іх прадукцыя выкарыстоўваецца на маш.-буд. прадпрыемствах Беларусі і экспартуецца.

П.​І.​Рогач.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)