САБЕКО́ШТ,

грашовае выражэнне бягучых затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі; частка вартасці. Уключае кошт выдаткаваных у вытв-сці прадметаў працы (сыравіны, матэрыялаў, паліва, энергіі); кошт сродкаў працы (збудаванняў, машын, абсталявання), перанесеных у працэсе вытв-сці на наваствораны прадукт; аплату працы работнікаў; расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі і інш. выдаткі прадпрыемства па арганізацыі вытв-сці і кіраванні. Адрозніваюць С. базісны, індывід., перавозак, прадукцыі, тэхнал., вытв. і фактычны (справаздачны). С. базісны — С. мінулага перыяду, які бярэцца за аснову разліку С. бягучага або планавага перыяду; С. індывідуальны — затраты на выраб канкрэтнага віду прадукцыі; С. перавозак — затраты на транспартаванне грузаў (прадукцыі) на розных відах транспарту; С. прадукцыі — затраты прадпрыемства (аб’яднання, арганізацыі) на выраб і рэалізацыю прадукцыі (паслуг); С. тэхналагічны — затраты на арганізаванне тэхнал. працэсу вытв-сці прадукцыі і аказання паслуг; С. вытворчы — затраты прадпрыемства на вытв-сць прадукцыі, у якія ўключаюцца кошт паўфабрыкатаў, купленых вырабаў і паслуг інш. прадпрыемстваў, а таксама затраты на абслугоўванне і кіраванне прадпрыемствам; С. фактычны (справаздачны) вызначаецца на аснове фактычных затрат па ўсіх пунктах С. за дадзены перыяд. Выкарыстоўваецца ў гасп. разліку для ацэнкі эфектыўнасці работы прадпрыемства і яго структурных падраздзяленняў, таксама для ўстанаўлення і змянення цэн на прадукцыю (паслугі).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)