КО́РАНЬ слова,
галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марф. дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова. У невытворных словах К. супадае з асновай. Значэнне К. больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова. Структурна К. падзяляюць на свабодныя — сустракаюцца на правах аўт. слова без афіксаў («сцян-а», «сцен-ка») і звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі («ада-мк-нуць», «за-вул-ак»). К., які заканчваецца галосным гукам, наз. адкрытым («аб-у-ць»), зычным — закрытым («з-бір-аць»; у бел. мове закрытыя К. заўсёды ва ўласнабел. назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы). У залежнасці ад колькасці К. словы падзяляюць на простыя — адзін К. («бульб-ін-а») і складаныя — больш аднаго К. («вад-а-лаз»). К. службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напр.: значэнне прыназоўніка і прэфікса «без» («без білета» і «безбілетны»), часціцы і прэфікса «не» («не прывабліваць» і «непрывабны»).
т. 8, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВЕЛЕРЫ (англ. Levellers літар. ўраўняльнікі),
радыкальная паліт. групоўка ў час Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя; апаненты прэсвітэрыян, індэпендэнтаў (кангрэгацыяналістаў) і сапраўдных левелераў (дыгераў). Вядомы з 1645 як левае крыло індэпендэнтаў, з 1647 самаст. агульнаангл. групоўка (да 20 тыс. актывістаў). Лідэры — Дж.Лілберн, Р.Овертан, У.Уолвін. Сац. база — заможныя сяляне і рамеснікі, дробныя гандляры. Выступалі за рэспубліку з аднапалатным парламентам, вяршэнства і суверэнітэт народа, свабоду і ўраўнаванне ў правах (адсюль назва) усіх людзей, усеагульнае выбарчае права для мужчын з 21 года (акрамя слуг і атрымальнікаў «дабрачынных выплат»), захаванне прыватнай уласнасці, забарону агароджванняў, дэмакратызацыю судаводства і права, поўную рэліг. верацярпімасць, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш. У 1647 стварылі свае саветы салдацкіх прадстаўнікоў. Вялі супраць індэпендэнтаў «памфлетную вайну», дамагліся абвяшчэння Англіі рэспублікай (19.5.1649, яе ўзначаліў лідэр індэпендэнтаў О.Кромвель), у маі і вер. 1649 узнялі шэраг антыіндэпендэнцкіх паўстанняў у арміі; разгромлены ў выніку праследаванняў індэпендэнцкіх улад.
т. 9, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ ПРЫ НАРО́ДНЫМ КАМІСАРЫЯ́ЦЕ АСВЕ́ТЫ РСФСР,
орган для каардынацыі і кіравання сістэмай нац. адукацыйных і культ.-асв. устаноў, якія абслугоўвалі бел. насельніцтва на тэр. РСФСР. Дзейнічала ў Маскве ў 1921—30. Засн. па хадайніцтве Паўнамоцнага прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Уваходзіла ў склад Савета па асвеце народаў нярус. мовы (Саўнацмен) пры Наркамаце асветы РСФСР на правах бел. аддзела. У 1921—22 адчынены Беларуская секцыя пры Віцебскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы; арганізаваны бел. культ.-асв. ўстановы ў Сібіры і С.-Пецярбургу. Супрацоўнічала з бел. студэнцкімі зямляцтвамі ў Маскве і інш. гарадах РСФСР. У 1924—26 пасля далучэння Віцебскай, Гомельскай і ч. Смаленскай губ. да БССР функцыі бюро звузіліся. У 1930 яно ліквідавана. Да лета 1927 загадчыкам бюро быў М.Ф.Лойка, пазней — Н.Каляда. У розныя часы ў ім працавалі бел. пісьменнік У.Дубоўка, мовазнавец Ю.Вольскі і інш.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,
раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.
Г.А.Маслыка.
т. 2, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬВЕТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
унітарная рэспубліка, якая існавала на тэр. Швейцарыі ў 1798—1803. (Пад уздзеяннем Французскай рэвалюцыі 1789—99 у шэрагу кантонаў Швейцарыі пачаліся нар. хваляванні, якія дасягнулі асаблівага размаху ў 1798.) 5.4.1798 франц. войскі занялі г. Берн. Старая канфедэрацыя распалася, 12 крас. ў г. Аараў абвешчана «адзіная і непадзельная Гельветычная рэспубліка» з канстытуцыяй накшталт франц. 1795. У выніку Швейцарыя станавілася унітарнай дзяржавай: кантоны страцілі права мець свае ўрады, выдаваць законы і ператвараліся ў правінцыі. Заканад. ўлада перадавалася Вялікаму савету і Сенату, выканаўчая — Дырэкторыі. Усе грамадзяне ўраўнаваны ў паліт. правах. Адменены ўсе саслоўныя адрозненні, абвешчана свабода сумлення, друку, гандлю, рамяства. Разам з тым краіна трапляла ў поўную залежнасць ад Францыі. Уцягненне Гельветычнай рэспублікі ў вайну з 2-й антыфранц. кааліцыяй выклікала шырокія нар. хваляванні і абвастрыла барацьбу паміж «патрыётамі», якія падтрымлівалі унітарную рэспубліку, і рэспубліканцамі — прыхільнікамі федэралісцкага прынцыпу. 19.2.1803 Напалеон выдаў т.зв. «Акт аб медыяцыі», паводле якога Швейцарыя вярталася да старога кантоннага парадку і станавілася саюзам дзяржаў.
т. 5, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА БЕЛАРУ́СЬ (Generalbezirk Weissruthenien),
ваенна-адм. адзінка на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Уведзена ў адпаведнасці з загадам А.Гітлера ад 17.7.1941. Разам з ген. акругамі Эстонія, Латвія, Літва ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Остланд», які падпарадкоўваўся рэйхсміністэрству па справах акупіраваных усх. абласцей. У склад Генеральнай акругі Беларусі увайшла тэр. БССР па лініі Полацк—Барысаў на У, Старыя Дарогі — воз. Чырвонае на Пд, р. Зальвянка — усх. ўскраіна Белавежскай пушчы на З, што складала прыкладна ¼ часткі тэр. Беларусі з нас. 3 138 256 чал. (на 4.12.1941). Вышэйшым органам ням.-фаш. акупац. ўлады на тэр. акругі з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусь. Тэрыторыя генеральнай акругі Беларусі была падзелена на 10 акруг (гебітаў; Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Мінская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая), у кожнай з якіх быў створаны абл. камісарыят (гебітскамісарыят). У Мінску на правах абл. камісарыята быў створаны гар. камісарыят, у гарадах і раёнах — гар., раённыя і валасныя ўправы.
А.М.Літвін.
т. 5, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІФЕ́СТ ЧАСО́ВАГА РАБО́ЧА-СЯЛЯ́НСКАГА ЎРА́ДА БЕЛАРУ́СІ,
першы канстытуцыйны акт, які абвясціў Беларусь Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Падпісаны ў ноч на 2.1.1919 у Смаленску старшынёй Часовага ўрада З.Х.Жылуновічам і чл. ўрада А.Ф.Мясніковым, А.Р.Чарвяковым, С.В.Івановым, І.І.Рэйнгольдам. На рус. мове апублікаваны 3.1.1919, на бел. мове — у 1-м нумары афіц. ўрадавага органа — «Вестках Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларусі» 19.1.1919; месцам абвяшчэння названы Мінск. Маніфест абвясціў пра прыналежнасць усёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, пра ліквідацыю акупац. улад, скасаванне іх законаў і загадаў. Рада і ўрад БНР аб’яўляліся па-за законам. Абвясціў падтрыманне рэв. парадку, роўнасць у правах працоўных усіх нацыянальнасцей. Дэклараваў пераход зямлі, лясоў, вод і зямных нетраў, чыгункі і шляхоў зносін, паштовай, тэлеграфнай сувязі, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасць рабочых і бяднейшага сялянства. Маніфест устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень і ўводзіў у дзеянне на тэр. Беларусі дэкрэты РСФСР.
В.У.Скалабан, М.Ф.Шумейка.
т. 10, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТФА́ЛЬСКІ МІР 1648.
Заключаны адначасова ў вестфальскіх гарадах Мюнстэр (паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і Францыяй і яе саюзнікамі) і Оснабрук (паміж імперыяй і Швецыяй і яе саюзнікамі) 24.10.1648. Завяршыў Трыццацігадовую вайну 1618—48. Вырашаў паліт., тэр. і рэліг.-царк. пытанні.
Імператар прызнаў за князямі права ўступаць у саюз паміж сабой і з замежнымі дзяржавамі. Былі амнісціраваны ўсе апальныя князі і гарады, прызнана незалежнасць ад імперыі Швейц. саюза і Рэспублікі Злучаных правінцый. Францыя атрымала Эльзас, Швецыя — Зах. Памеранію, г. Вісмар, секулярызаваныя Брэменскае і Вердэнскае епіскапствы, курфюрст Брандэнбургскі — Усх. Памеранію з Камінскім епіскапствам, Магдэбургскае архіепіскапства і Гальберштацкае і Міндэнскае епіскапствы, нашчадкі Фрыдрыха Пфальцкага — ранейшы курфюрсцкі тытул і частку б. уладанняў (Ніжні, ці Рэйнскі, Пфальц), Баварыя — Верхні Пфальц, яе герцаг Максімілян захаваў сан курфюрста. Кальвінісцкія князі былі ўраўнаваны ў правах з лютэранамі і католікамі, правіцелі па-ранейшаму маглі выганяць падданых, якія не жадалі спавядаць рэлігію дзяржавы. Царк. маёмасць, прысвоеная пратэстанцкімі князямі да 1624, засталася за імі. Вестфальскі мір замацаваў паліт. раздробленасць Германіі, змяніў напрамак экспансіі аўстр. Габсбургаў (на ПдУ).
Літ.:
Dickmann F. Der Westfälische Frieden. 2 ed. Münster, 1965.
т. 4, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ-КЛУКС-КЛА́Н (Ku-Klux-Klan),
тэрарыстычная арг-цыя ў ЗША. Узнік у 1866 у г. П’юласкі (штат Тэнесі) пасля паражэння рабаўладальніцкіх паўд. штатаў у грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65 для барацьбы метадамі падпалаў, паліт. забойстваў, «Лінча суда» і інш супраць Рэканструкцыі Поўдня 1865—77, руху за грамадз. правы неграў, паліт. апанентаў з ліку радыкальных членаў Рэсп. партыі. Створаны на ўзор тайнага ордэна (арганізац. структура, адзенне, рытуалы). У 1869 каля 500 тыс. членаў. У 1869—71 забаронены федэральнымі ўладамі, у 1882 абвешчаны супярэчным канстытуцыі ЗША. Пэўны час вёў нелегальную дзейнасць. Адноўлены ў 1915 каля г. Атланта, пашырыўся ў Індыяне і інш. штатах Сярэдняга Захаду. Праследаваў рэліг., расавыя і этн. меншасці (католікаў, яўрэяў, неграў, ірландцаў), інтэлігенцыю, праціўнікаў сухога закону і рабочыя арг-цыі. Найб. размаху дзейнасць К.-к.-к. дасягнула ў 1920-я г. (у 1923 каля 4—5 млн. членаў). У 1960-я г. намагаўся перашкодзіць увядзенню ў дзеянне заканадаўства аб грамадз. правах неграў на Пд ЗША. У 1989 налічваў 6,5 тыс. членаў.
т. 8, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯРА́Т (позналац. majoratus ад лац. major большы, старэйшы) у цывільным праве, парадак атрымання ў спадчыну нерухомай маёмасці (найперш зямлі), паводле якога яна цалкам перадаецца старэйшаму ў сям’і або ў родзе без права продажу, здачы ў арэнду, дарэння, драблення. Меў на мэце захаванне буйных зямельных уладанняў ад драбнення.
Вядомы ў заканадаўствах стараж. Індыі, афінскім праве і інш.; у краінах Еўропы (Англіі, Францыі, Германіі і інш.) пашыраны з 11—13 ст. У Расіі ўпершыню ўведзены ў 1714 паводле ўказа Пятра I «аб адзінаспадчыннасці» (адменены ў 1730). У 1845 прынцыпы М. пашыраны ва «запаведныя» (атрыманыя ва ўзнагароду ад цара), а таксама на некаторыя родавыя і купленыя маёнткі. М. супярэчыў патрабаванням развіцця рыначнай эканомікі і ў 19 — пач. 20 ст. ў большасці краін скасаваны. Найдаўжэй захоўваўся ў Вялікабрытаніі як аснова лендлардызму.
На Беларусі афіцыйна зацверджаныя М. існавалі з 16 ст. (гл. Ардынацыя). У 19 ст. некат. канфіскаваныя маёнткі раздаваліся рас. урадам на правах М. выхадцам з Расіі дзеля ўмацавання рас. землеўладання ў краі, пры згасанні роду ў мужчынскай лініі зямля вярталася ў казну.
т. 10, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)