ПУ́СЕЎ (Генадзь Адамавіч) (н. 20.7.1948, г. Гомель),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Арганізатар і нач. участка маст. керамікі на Мінскім з-дзе буд. матэрыялаў. Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва і станковым жывапісе. Сярод твораў дэкар. скульптура «Птушка» (1975), «Вясна» (1977), «Алеся», «Яблынька» (абедзве 1980), «Дзяўчына ў капелюшы» (1997), трыпціхі «Песні роднага краю» (1980), «Партызанам Беларусі» (1982), дэкар. кампазіцыі «Поры года» (1983), «Перамога» (1985), серыя дэкар. ваз «Палессе» (1986), дэкар. камплектаў «Белая варона» (1995), «Чорныя лебедзі» (1997), жывапісных твораў «Варажба» (1966—85), «Мацярынства» (1988), «Развітанне з дзяцінствам» (1991), «Паўстанне Налівайкі» (1995), «Выкраданне Еўропы» (1999), «Скачкі з амурам» (2000) і інш. Выканаў шэраг афармленчых работ. Творы вызначаюцца дэкар. выразнасцю, своеасаблівасцю тэхнікі выканання.

Л.​Ф.​Салавей.

Г.Пусеў. Дзяўчына ў капелюшы. 1997.

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМО́НІ ((Solomoni) Джузепе) (Іосіф),

італьянскі артыст балета, балетмайстар, педагог канца 18 — пач. 19 ст. У 1770-х г. працаваў у Вене. З 1782 у Маскве, танцоўшчык, з 1784 — пастаноўшчык балетаў у Пятроўскім т-ры М.​Медокса, з 1800 — вядучы балетмайстар. Адначасова настаўнік танцаў і балетмайстар прыгонных т-раў у 1786 графа М.​Шарамецева, у 1810—22 князя М.​Юсупава. З 1810 выкладаў танцы ў Маск. шляхетным пансіёне, у 1822 — у Маск. ун-це. Паставіў больш за 30 балетаў. Сярод іх на рус. сцэне: «Апалон і Дафна» Ф.​Філідора (1799), «Жывы мярцвяк», «Туалет Венеры» і «Гарацыі і Курыяцыі» І.​Старцэра (1801—02), «Апелес і Кампаспа, ці Перамога Аляксандра над самім сабой» і «Помста за смерць Агамемнана» Ф.​Аспельмайра (1803—05).

С.​В.​Гуткоўская.

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЎКІНСКАЯ АБАРО́НА 1943,

баі партыз. палка «Трынаццаць», часткі сіл 15-га партыз. палка, 17-й брыгады, атрада «Перамога», падраздзяленняў інш. атрадаў супраць карнай экспедыцыі ням. фашыстаў 5—18.10.1943 у лесе каля в. Боўкі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы накіравалі карнікаў супраць партызанаў і насельніцтва, што знаходзілася пад аховай партызанаў у міжрэччы Проні і Дняпра. Партызаны занялі абарону і ўтрымлівалі яе 5 дзён. Праціўнік сіламі пях. дывізіі, некалькіх батальёнаў, авіяэскадрыллі бамбардзіроўшчыкаў уклініўся ў абарону партызанаў, заняў некалькі вёсак і завяршыў іх акружэнне. Партызаны і большасць насельніцтва 14 кастр. адышлі і занялі новую абарону. Пасля больш як 20 жорсткіх баёў партызаны 18 кастр. прарвалі кальцо акружэння і выйшлі ў тыл праціўніка. У памяць пра Боўкінскую абарону каля в. Дабужа насыпаны курган Бессмяротнасці.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ГАЛА́НДСКІЯ ВО́ЙНЫ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

выкліканы гандлёва-эканамічным і каланіяльным саперніцтвам Англіі і Галандыі. Вяліся ў асн. на моры. Першая англа-галандская вайна (1652—54) пачалася з-за прыняцця англ. парламентам Навігацыйнага акта 1651, накіраванага супраць галандскага пасрэдніцкага гандлю. Паводле Вестмінстэрскага мірнага дагавора 1654 Галандыя прызнала Навігацыйны акт. Другая англа-галандская вайна (1665—67) аб’яўлена Галандыяй у адказ на захоп (1664) англічанамі галандскай калоніі ў Паўн. Амерыцы — Новага Амстэрдама. Паводле Брэдскага міру 1667 Новы Амстэрдам перайшоў да Англіі, апошняя вярнула Галандыі захоплены ў час вайны Сурынам. У трэцяй англа-галанскай вайне (1672—74) на баку Англіі выступіла Францыя. Перамога Галандыі над англа-франц. флотам пры Тэкселе (1673) і інш. абставіны прымусілі Англію выйсці з вайны. Паводле Вестмінстэрскага мірнага дагавора 1674 заставаўся правамоцны Брэдскі трактат 1667.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТКО́ВА (Святлана Сяргееўна) (н. 16.8.1941, в. Абросаўка Краснаармейскага р-на Самарскай вобл., Расія),

бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва і жывапісец. Дачка С.П.Каткова. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1968 працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Алегарычнай ёмістасцю вобразаў, выразнасцю колераў вызначаюцца размалёўкі ў кінатэатры «Вільнюс» (1976), Палацы культуры чыгуначнікаў (1978, абедзве з З.​Літвінавай), рэстаране «Планета» (1980) у Мінску, Палацы культуры камбіната нярудных матэрыялаў у р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на (1982), актавай зале тэхн. вучылішча харчавікоў у Слуцку («Купалле», 1984). Дэкаратыўнасць колеру і кампазіцыйнай будовы ўласцівы станковым творам: «Зялёны май. Перамога» (1973), «Палявыя кветкі» (1974), «Летняя ноч» (1975), «Сярэбраныя травы» (1977), «Жніво» (1982), «Дзень памяці» (1984), цыклы «Поры года», «Народныя святы. Калядкі», «Італія. Карнавал» (усе 1995—98). Іл. гл. да арт. Васковы жывапіс.

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЕНКА (Яўсей Яўсеевіч) (28.8.1916, г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1988),

расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1970). Правадз. чл. АМ СССР (1973). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1936—47). З 1958 выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (з 1963 праф.). Працаваў пераважна ў батальным, пейзажным, партрэтным жанрах. Найб. значныя работы прысвечаны грамадз. і Вял. Айч. войнам: «Чырвоныя прыйшлі» (1961), «Таварышы» (1964), «Чарэшня», «Камісар» (абедзве 1969), «Перамога» (1972). Жывапіс адметны шырокай, экспрэсіўнай манерай пісьма, дынамікай кампазіцыйных рытмаў. Беларусі прысвяціў карціны «З дзяцінства» (1977), «У вайну», «Жанчына ў чорным» (абедзве 1978). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1966. Ленінская прэмія 1974. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Літ.:

Кривенко И.А. Е.​Е.​Моисеенко. Л., 1960;

Кекушева Г.В. Евсей Моисеенко: Живопись: [Альбом]. М., 1981.

В.​Я.​Буйвал.

Я.Майсеенка. Камісар. 1969.

т. 9, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТГО́МЕРЫ Аламейнскі

(Montgomery of Alamein) Бернард Лоу (17.11.1887, Лондан — 25.3.1976),

брытанскі ваен. дзеяч, фельдмаршал (1944), віконт (1946). Скончыў ваен. вучылішча ў Сандхерсце (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У пач. 2-й сусв. вайны (1939—40) удзельнічаў у баях на тэр. Францыі і Бельгіі. З жн. 1942 камандуючы 8-й англ. арміяй у Паўн. Афрыцы, нанёс паражэнне італа-герм. войскам (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942). Са студз. 1944 камандуючы саюзнымі арміямі, якія высадзіліся ў Францыі і дзейнічалі ў Нармандыі, Бельгіі і Паўн. Германіі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944). З 1945 галоўнакамандуючы брыт. акупацыйнымі войскамі ў Германіі. З 1946 на розных ваен. пасадах, у т. л. ў 1951—58 першы нам. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі НАТО. Узнагароджаны ордэнамі СССР «Перамога» і Суворава 1-й ступені. Аўтар успамінаў (1958).

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАРЫ́НІ (італьян. Mazarini, франц. Mazarin) Джуліо (14.7.1602, Пешына, Італія — 9.3.1661), французскі дзярж. дзеяч. Д-р права (1622). Скончыў ун-т у Алькала-дэ-Энарэс (Іспанія, 1622). З 1630 на дыпламат. службе ў папы рымскага. З 1640 на франц. дыпламат. службе. З 1641 кардынал. У 1643—61 першы міністр Францыі, фактычны кіраўнік знешняй і ўнутр. палітыкі маладога Людовіка XIV і яго маці (рэгенткі ў 1643—51) каралевы Ганны Аўстрыйскай, з якой уступіў у тайны шлюб. Працягваў курс А.Э.Рышэльё на ўмацаванне франц. абсалютызму: задушана змова знаці (1643), шматлікія нар. паўстанні, выкліканыя павелічэннем падаткаў, атрымана перамога над Фрондай (1653). У знешняй палітыцы дамогся значных поспехаў (Вестфальскі мір 1648; мірны і гандл. дагаворы з Англіяй у 1655, ваен. саюз з ёй у 1657; мірны дагавор з Іспаніяй у 1659 і інш.), замацаваў паліт. гегемонію Францыі ў Еўропе.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІН (Анатоль Мікалаевіч) (н. 21.5.1940, Мінск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962). У 1965—97 у Ін-це гісторыі Нац.

АН Беларусі. У 1997—2000 нач. аддзела гуманітарных навук Дзярж. вышэйшага атэстацыйнага к-та Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах агр. гісторыі Беларусі 20 ст., саўгасаў і калгасаў, сельскіх рабочых, кулацтва, калектывізацыі, сац. выбухаў, паліт. рэпрэсій, гістарыяграфіі. Адзін з аўтараў калектыўных прац «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 3—4, 1973—75), «Развіццё эканомікі Беларусі ў 1928—1941 гг.» (1975), «Перамога калгаснага ладу ў Беларускай ССР» (1981), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 2, 1985).

Тв.:

Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг). Мн., 1979;

Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;

На ростанях айчыннай гісторыі: Бел, вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб Зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999.

т. 14, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ваўкавыскі цэментны завод «Перамога» 2/449, 625, 626; 3/218, 270, 291; 4/15; 6/103; 12/310

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)