«АРО́Л»
(«Adler»),
кодавая назва карнай аперацыі, праведзенай ням. фашыстамі на акупіраванай Беларусі ў Вял. Айч. вайну 20.7.—10.8.1942 супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва Клічаўскай партыз. зоны. Праводзілася сіламі баявой групы групенфюрэра СС Бах-Зелеўскі, часцей ахоўных дывізій, артдывізіёнаў, камандаў тайнай палявой паліцыі і СД, зондэркамандаў пад агульным камандаваннем ген.-м. Рыхерта. Ім процістаялі 11 партыз. атрадаў, больш за 2 тыс. партызанаў, падпарадкаваных 208-му партыз. атраду імя Сталіна (У.І.Нічыпаровіч), у зоне знаходзілася некалькі тысяч жанчын, старых, дзяцей. У выніку аперацыі было загублена больш за 1,5 тыс. чал., спалена 31 вёска, захоплены больш за 3 тыс. галоў жывёлы і інш. маёмасць.
т. 1, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНУКА́ЛАЎ Аляксей Фёдаравіч
(29.2.1916, с. Новарасляеўка Саратаўскай вобл., Расія — 27.4.1944),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Віцебскай і Смаленскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Балашоўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі (1936), Іркуцкае ваен. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Лепеля, Оршы, Смаленска. Трапіўшы ў акружэнне, у жн. 1941 арганізаваў партыз. атрад «Радзіма», які ў крас. 1942 рэарганізаваны ў брыгаду «Аляксей», камандзірам якой быў Д. (пазней партыз. брыгада яго імя). Падпалкоўнік Д. загінуў у баі ў час выхаду з блакады. У Лепелі на яго магіле помнік, у в. Кавалі Лёзненскага р-на мемар. музей Д., устаноўлены яго бюст.
т. 6, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЦСЛАБАДСКІ БОЙ 1943,
баявая аперацыя партыз. фарміраванняў Беларусі, Літвы, Латвіі і Калінінскай вобл. Расіі па разгроме ням.-фаш. гарнізона 13 студз. ў нас. пункце Вецслабада ў Латвіі ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны штабам Латышскага партыз. атрада, кіраўніцтва ёю ажыццяўляў штаб брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.В.Раманаў). Удзельнічалі байцы трох бел. і Калінінскай брыгад, Латышскага і Літоўскага партыз. атрадаў. Партызаны разграмілі будынкі гарнізона, спалілі спісы грамадзян, якіх гітлераўцы збіраліся вывезці на прымусовую працу ў Германію, узарвалі складскія памяшканні, захапілі вял. колькасць збожжа, цукру, воўны, нарабаваных акупантамі ў насельніцтва для адпраўкі ў Германію. У выніку бою былі сарваны планы карных аперацый праціўніка супраць партызан.
т. 4, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫНЕ́Ц Андрэй Іванавіч
(19.1.1904, в. Жаўткі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 30.3.1965),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Вілейскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, за што ў 1935—39 зняволены ўладамі Польшчы. З ліп. 1941 адзін з арганізатараў Вілейска-Куранецкага патрыятычнага падполля. Вясной 1942 стварыў і ўзначаліў партыз. групу, якая пераўтворана пазней у атрад, з кастр. 1943 камандзір партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь». Пад яго кіраўніцтвам у Куранецкім, Маладзечанскім і Смаргонскім р-нах была створана сетка падп. арг-цый. Пасля вайны на сав. Рабоце.
т. 3, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛАТ Барыс Адамавіч
(24.7.1912, г. Тула — 27.3.1984),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Баранавіцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў 1-ю Сав. аб’яднаную ваен. школу імя ВЦВК (1936, Мінск), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1940), Вышэйшую школу харч. прам-сці (1955). У Чырв. Арміі з 1932. У пач. вайны паранены трапіў у палон, уцёк з канцлагера. У 1942 арганізаваў і ўзначаліў партыз. групу, атрад, з чэрв. 1943 камандзір партыз. брыгады Ленінскай, з ліст. 1943 — «Уперад». З 1944 нам. старшыні Мінскага гарвыканкома, з 1947 нам. дырэктара велазавода, У 1951—73 дырэктар кандытарскай ф-кі «Камунарка».
т. 3, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗІ́ТАЎСКАЯ АБАРО́НА 1944,
баі партыз. брыгад імя Дзяржынскага, «Савецкая Беларусь» і 345-га атрада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—11.4.1944 каля в. Здзітава Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У пач. крас. 1944, сканцэнтраваўшы атрады СС, 10 артыл. і мінамётных батарэй, танкі, бронемашыны, бамбардзіроўшчыкі вакол раёна базіравання партыз. фарміраванняў, штаба Брэсцкага партыз. злучэння і Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, гітлераўцы акружылі партызан і 10 тыс. мірных жыхароў. На 3-і дзень наступлення вораг уклініўся ў абарону партызан, але пасля бою вымушаны быў адступіць з вял. стратамі і перамясціць наступленне ў раён р. Дарагабуж, дзе знаходзіліся асн. партыз. базы. Пасля некалькіх дзён баёў партызаны адышлі на 2-ю лінію абароны паміж в. Здзітава і Спорава. Толькі на 7-ы дзень карнікі падышлі да гэтай лініі, але штурмаваць не адважыліся. На месцы баёў у в. Здзітава створаны мемар. комплекс.
т. 7, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1968, адкрыты ў 1970 у г.п. Бягомль Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 474 м²), 13,1 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: археалогіі, гісторыі Бягомльшчыны, Вял. Айч. вайны, пасляваен. аднаўлення гаспадаркі, этнаграфічны. Экспануюцца каменныя сякеры, інш. прылады працы, касцяны гарпун, метал. ўпрыгожанні, знойдзеныя на тэр. раёна, матэрыялы аб падзеях рэвалюцый 1905—07 і 1917, грамадз. вайны. Асн. месца ў музеі займае экспазіцыя, прысвечаная Вял. Айч. вайне, у якой матэрыялы пра пачатак вайны, пра падполле і партыз. рух, Барысаўска-Бягомльскую партыз. зону, дыярамы, прысвечаныя партыз. пераправе цераз Бярэзіну і партыз. шпіталю, пра вызваленне Бягомля і раёна воінамі 277-й стралк. дывізіі, землякоў Герояў Сав. Саюза Ф.І.Перхаровіча, А.І.Чарныша, А.Г.Юхнаўца. У этнагр. аддзеле стараж. кросны, саха, барана, узоры старадаўняга адзення, вырабы прыкладнога мастацтва. Сярод экспанатаў творы жывапісу, скульптуры, матэрыялы пра бел. пісьменнікаў П.Панчанку, Ю.Свірку, А.Ставера, кампазітара Н.Сакалоўскага і інш.
т. 3, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ ў Вялікую Айчынную вайну,
аператыўны орган пры ваен. савеце Зах. фронту па кіраўніцтве партыз. рухам і арганізацыі ўзаемадзеяння партызан з Чырв. Арміяй у паласе фронту. Створаны 30.5.1942 паводле пастановы Дзярж. к-та абароны. 5.10.1942 перайменаваны ў прадстаўніцтва ЦШПР на Зах. фронце, 2.7.1943 — у Смаленскі штаб партыз. руху, 4.1.1944 — у аператыўную групу БШПР на Зах. фронце. Начальнікі штаба С.С.Бельчанка, Дз.М.Папоў, А.А.Прохараў.
т. 7, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛУШ Міхаіл Андрэевіч
(1924, в. Руда Ліпічанская Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.6.1944),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З мая 1943 радавы атрада «Кастрычнік» партыз. брыгады Першамайскай Баранавіцкай вобл., падарваў 8 варожых эшалонаў. У час бою пры разгроме фаш. гарнізона ў в. Купіск Навагрудскага р-на закрыў сваім целам станковы кулямёт. На радзіме, у в. Купіск і на месцы гібелі яму пастаўлены помнікі.
т. 3, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Дружба» (спец. партыз. група НКДБ БССР) 3/538; 4/286
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)