ДЗІГА́Н (Яфім Львовіч) (14.12.1898, Масква — 21.12.1981),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1973). Засл. дз. маст. Расіі (1958). Скончыў кінашколу імя Б.Чайкоўскага ў Маскве. Творчую дзейнасць пачаў у 1928 на кінастудыі «Дзяржкінапрам» Грузіі фільмам «Першы карнет Стрэшнеў» (разам з М.Чыяўрэлі). У 1929—34 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, дзе зняў дакумент. («Май калгасны», 1930, «На штурм», 1931) і маст. («Суд павінен працягвацца», 1931, «Жанчына», 1932) фільмы. Майстар жанру гіст.-рэв. эпапеі: «Мы з Кранштата» (1936, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Пралог» (1956), «Жалезны паток» (1967). З 1937 выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі ў Маскве (з 1965 праф.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗУС ФЕДЭ́РЫС (лац. casus foederis),
умова або юрыд. факт, наступленне якога дае падставу бакам у міжнар. дагаворы прыступіць да здзяйснення або здзейсніць пэўныя дзеянні ці ўстрымацца ад іх. У міжнар. канвенцыях і інш. актах аб правілах вядзення вайны К.ф. служыць вызначэннем моманту, калі ўдзельнікі ўзбр. канфлікту абавязаны ўжываць і выконваць устаноўленыя імі нормы гуманітарнага права. У двухбаковых дагаворах аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе паміж дзяржавамі К.ф. — умова, якая вызначае, што ў выпадку ўзбр. нападу з боку якой-н. дзяржавы на аднаго з удзельнікаў дадзенага дагавора другі бок павінен аказаць яму дапамогу ўсімі сродкамі, уключаючы ўзбр. сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СЫ ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫЯ,
усталяваны ў дыпламат. практыцы і замацаваны ў міжнар. праве падзел дыпламат. прадстаўнікоў. Устанаўліваецца заканадаўствам асобных дзяржаў у адпаведнасці з нормамі міжнар. права. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. зносінах 1961, кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў (пасольстваў, місій) падзяляюцца на 3 класы: паслы і нунцыі (паслы Ватыкана), пасланнікі і інтэрнунцыі (пасланнікі Ватыкана), павераныя ў справах. У адпаведнасці з канвенцыяй клас, да якога павінны належаць кіраўнікі прадстаўніцтваў, вызначаецца пагадненнем паміж дзяржавамі. Парадак, якога прытрымліваюцца ў кожнай дзяржаве ў час прыёму кіраўнікоў прадстаўніцтваў, павінен быць аднолькавы ў адносінах да кожнага класа. Звычайна дзяржавы абменьваюцца дыпламат. прадстаўнікамі аднаго і таго ж класа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁМАСНЫ НАЁМ,
у цывільным праве дагавор, паводле якога наймадавец абавязваецца прадаставіць наймальніку маёмасць у часовае карыстанне за плату (гл.Арэнда). Дагавор М.н. паміж грамадзянамі на тэрмін больш за 1 год павінен заключацца ў пісьмовай форме. Тэрмін дагавору вызначаецца пагадненнем бакоў, калі заканадаўствам не ўстаноўлена іншае. Калі наймальнік працягвае карыстацца маёмасцю пасля сканчэння тэрміну дагавора пры адсутнасці пярэчанняў з боку наймадаўца, дагавор лічыцца адноўленым на няпэўны тэрмін. Правы і абавязкі бакоў дагавору М.н. вызначаны заканадаўствам. Найб. пашыраным відам М.н. з’яўляюцца бытавы пракат, наём жылля, а таксама арэнда зямельных участкаў (гл.Арэнда зямлі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАДСЕ́ЧКА»,
бел.нар. гульня. На прасторнай пляцоўцы збіраюцца 8—15 чал. і выбіраюць вядучага — «рыбака», які прысядае і кладзе перад сабой мячык. Астатнія становяцца паўкругам каля мяча. «Рыбак» гаворыць некалькі разоў: «Клюе...» — і нечакана называе імя аднаго з гульцоў. Усе уцякаюць, а той, каго ён назваў, павінен схапіць мяч і кінуць у каго-небудзь з гульцоў, калі пападзе («падсячэ»), той выбывае з гульні, а калі не — выбывае з гульні сам. Апошні гулец падкідае мяч уверх і ўцякае. «Рыбак» імкнецца злавіць мяч і пацэліць ім у гульца, які ўцякае. Калі пападзе, то «рыбаком» становіцца апошні «непадсечаны» гулец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСТУ́Х І ВОЎК»,
бел.нар. гульня. Удзельнікі (ад 6 да 15 чал.) выбіраюць «пастуха» і «ваўка». Апошні хаваецца, а «пастух» збірае гульцоў — «авечак» і заганяе іх у «статак», пасля садзіцца і робіць выгляд, што спіць. «Воўк» хавае «авечак», а сам застаецца. «Пастух», «прачнуўшыся», ідзе шукаць «авечак». Калі ён набліжаецца да месца, дзе яны схаваны, «авечкі» пачынаюць ці сіпець, ці стукаць, ці пішчаць, на што «воўк» павінен хутка адказаць, хто гэта робіць Калі ён з адказам затрымліваецца, то «авечкі» пачынаюць «бляяць». «Воўк» уцякае, а «авечкі» павінны злавіць яго і прывесці да «пастуха».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-РУМЫ́НСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1914Аб дружалюбным нейтралітэце Румыніі ў адносінах да Расіі ў 1-ю сусветную вайну і пашырэнні тэрыторыі Румыніі.
Аформлена шляхам абмену нотамі 1 кастр. паміж міністрам замежных спраў Расіі С.Дз.Сазонавым і рум. пасланнікам у Расіі К.Дыямандзі. Расія абавязвалася процідзейнічаць спробам парушэння тэр. цэласнасці Румыніі, прызнала за ёй «права далучыць населеныя румынамі вобласці Аўстра-Венгерскай манархіі». У Букавіне «Прынцып большасці насельніцтва» павінен быў «служыць падставай для размежавання тэрыторый, што павінны быць далучаны або да Расіі, або да Румыніі». Румынія абавязвалася захоўваць дружалюбны нейтралітэт у адносінах да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУ́КА,
бел.нар. гульня. Гуляюць 2 каманды. Кожная выбірае вядучага. На пляцоўцы паміж камандамі праводзяць 2 лініі на адлегласці 30—40 м. Удзельнікі каманды «горада» па чарзе бітай кідаюць апуку (мяч памерам з тэнісны) у бок праціўніка (у «поле»). Калі гульцы «палявой» каманды зловяць мяч з лёту, каманды мяняюцца месцамі. Калі мяч не злоўлены, «палявыя» гульцы падхопліваюць яго і ад сваёй лініі кідаюць у гульца «гарадской» каманды, які ў гэты час павінен дабегчы да чужой лініі і вярнуцца да сваіх; калі мяч пападзе ў гульца, каманды таксама мяняюцца месцамі. Лакальныя назвы перагон, салавей, ілкі, лавец і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ННЕ,
у цывільным праве пагадненне, паводле якога адзін бок перадае бязвыплатна другому боку маёмасць ва ўласнасць. Дагавор Д. лічыцца заключаным у момант перадачы маёмасці. Д. грамадзянамі маёмасці арганізацыям можа быць абумоўлена выкарыстаннем гэтай маёмасці для пэўнай грамадскай карыснай мэты. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь дагавор Д. на суму больш за 50 мінімальных зарплат і дагавор Д. валютных каштоўнасцей на суму больш за 10 мінімальных зарплат павінны быць натарыяльна засведчаны. Дагавор Д. грамадзянамі маёмасці арг-цыям заключаецца ў простай пісьмовай форме. Дагавор Д. жылога дома павінен быць натарыяльна засведчаны і зарэгістраваны ў выканаўчым к-це адпаведнага мясц. Савета дэпутатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖУРАВЕ́ЛЬ»,
бел. танец-гульня. Некалькі дзяўчат танцуюць і спяваюць, інш. ахоўваюць іх ад «жураўлёў» (хлопцаў). Калі хлопцы лавілі дзяўчат, спявалі ўсе разам (запіс А.Я.Васільевай, 1879). У запісе П.М.Шпілеўскага (1853) выканаўцы павольна падымаюць то правую, то левую нагу, імітуючы крокі жураўля. У цэнтры круга ходзіць хлопец — «журавель». Калі пары кружацца, ён імкнецца выхапіць якую-н. дзяўчыну з рук кавалера. Калі дзяўчаты закрычаць: «Хапай, журавель!» — ён павінен схапіць за руку дзяўчыну і станцаваць з ёй адзін круг. «Жураўлём» у крузе застаецца хлопец без пары. У танцах і гульнях пра жураўля выяўляюцца стараж. вераванні ў культ птушак (жывёльны татэмізм).