уласцівасць матэрыялаў супрацьстаяць карозіі. Ацэньваецца макра- і мікраскапічнымі зменамі паверхні матэрыялу, часам да паяўлення першага каразійнага ачага (або колькасцю такіх ачагоў, якія ўзніклі за пэўны час), памяншэннем таўшчыні матэрыялу або масы з адзінкі паверхні за адзінку часу, зніжэннем фіз.-мех. паказчыкаў і інш. Павышаецца легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў (анадзіраваннем, алітаваннем, нікліраваннем, храміраваннем, эмаліраваннем і інш.), афарбоўкай (лакафарбавымі пакрыццямі). К.ў. уласцівая каразійнаўстойлівым матэрыялам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАЛО́ГІЯў матэматыцы,
1) у праектыўнай геаметрыі — узаемна адназначнае пераўтварэнне праектыўнай плоскасці ў сябе, якое пакідае нерухомымі ўсе пункты некат. прамой (вось гамалогіі) і мае дакладна адзін нерухомы пункт (цэнтр гамалогіі). Гамалогія з уласным (канечным) цэнтрам і няўласнай (бясконца аддаленай) воссю наз.гаматэтыя. Любое праектыўнае пераўтварэнне ёсць вынік паслядоўнага здабытку 2 пераўтварэнняў: гамалогіі і руху.
2) У тапалогіі — фармалізацыя інтуітыўных уяўленняў аб абмежаванасці мностваў. Напр., крывая 1 на паверхні тора абмяжоўвае частку S гэтай паверхні і наз. гомалагічнай нулю. Крывая λ не гомалагічная нулю, таму што яна не абмяжоўвае ніякай паверхні (пры разразанні ўздоўж яе з тора не выпадзе якога-н. кавалка).
Да арт.Гамалогія: L — крывая, гомалагічная нулю (абмяжоўвае паверхню s); λ — крывая, не гомалагічная нулю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,
пакрыццё паверхняў будынкаў, збудаванняў і вырабаў ахоўнымі, дэкаратыўнымі або інш. фарбавальнымі саставамі; разнавіднасць аддзелачных работ. Уключаюць ачыстку паверхні, нанясенне грунтавога саставу, падмазку няроўных месцаў і суцэльную шпаклёўку, шліфаванне паверхні, афарбоўку.
Ачыстку паверхні робяць пескаструменнымі апаратамі, мех. шчоткамі і шарошкамі, ручнымі інструментамі; шпаклёўку — механізаванымі шпатэлямі і пнеўматычнымі агрэгатамі, што распыляюць шпаклёвачныя саставы, якія падрыхтоўваюць у выглядзе канцэнтратаў, што разбаўляюцца на месцы работ разбаўляльнікамі да патрэбнай кансістэнцыі (гл.Лакафарбавыя матэрыялы). Пры М.р. на буд. аб’ектах выкарыстоўваюць рыштаванні і падмосткі, падвесныя люлькі, для засцярогі — ахоўныя акуляры і рэспіратары.
І.І.Леановіч.
Інструменты і прыстасаванні для малярных работ: 1—6 — пэндзлі (пабелачны, маклавіца, ручнік, флейц, філянговы, тарцоўка); 7 — футравы валік; 8 — здвоены валік для афарбоўкі труб; 9 — ванначка з сеткай; 10 — шпатэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАБЛЕ́МА (ад астра... + грэч. blēma рана),
замкнёнае кольцападобнае ўтварэнне на паверхні Зямлі або інш. нябеснага цела, што ўзнікла ў выніку падзення вял. метэарыта ці астэроіда. На Зямлі вядома каля 100 астраблемаў, у Еўропе больш за 30. Найб. даступныя для назірання астраблемы — Арызонскі кратэр (ЗША) дыяметрам 1200 м, глыб. 175 м і выш. 40 м (адносна гарызантальнай паверхні). На тэр. Беларусі знаходзіцца Лагойская астраблема.
Астраблема ў штаце Арызона ЗША. Здымак з самалёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАПІ́РАВАННЕ (ад франц. décaper ачышчаць метал),
выдаленне хім. або электрахім. спосабам найтанчэйшых плёнак аксідаў з паверхніметал. вырабаў. Пры Д. адбываецца лёгкае пратраўліванне слоя металу, што садзейнічае добраму счапленню яго з гальванічным пакрыццём. Робіцца з дапамогай слабых раствораў сернай, салянай або азотнай кіслот, а таксама цыянідаў калію або натрыю перад аксідаваннем, пасівіраваннем, нанясеннем гальванічных пакрыццяў. Выкарыстоўваюцца таксама перад халоднай штампоўкай стальных вырабаў, каб зняць акаліну з паверхні і павялічыць выцяжку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАБАЛІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,
мінімальная скорасць, якую трэба надаць целу (напр., касм. апарату) для пераадолення ім гравітацыйнага прыцягнення інш. цела (напр., Зямлі) і аддалення ад яго па парабалічнай арбіце. Памяншаецца з павелічэннем адлегласці ад цела, што прыцягвае. Пры скорасці, меншай за П.с., цела рухаецца па эліпсе; пры скорасці, большай за П.с., — па гіпербале. П.с. цела каля паверхні нябеснага цела наз. другой касмічнай скорасцю; каля паверхні Зямлі роўная 11,2 км/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІВІ́РАВАННЕ, пасівацыя металаў,
пераход паверхні металаў у пасіўны стан, які прыводзіць да рэзкага запавольвання карозіі; сукупнасць хім. і электрахім. метадаў апрацоўкі паверхні металаў (метал. вырабаў) для надання ім каразійнай устойлівасці.
Абумоўлена ўтварэннем тонкіх ахоўных плёнак цяжкарастваральных злучэнняў, пераважна аксідаў. Самаадвольнае П. металаў (напр., алюмінію, тытану) выклікана іх акісленнем у паветры. У тэхніцы (штучнае П.) ажыццяўляецца апрацоўкай металаў спец. рэчывамі — пасіватарамі, пераважна акісляльнікамі (напр., храматамі, нітратамі). Гл. таксама Аксідаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЛАМУ́ТР (ням. Perlmutter ад Perle жамчужына + Mutter маці),
унутраны слой ракавіны бруханогіх, двухстворкавых і чатырохшчэлепных галаваногіх малюскаў, які выдзяляецца эпітэліяльнымі клеткамі мантыі. Складаецца з тонкіх пласцінак араганіту (разнавіднасць вуглякіслай вапны) і канхіяліну, размешчаных паралельна паверхні ракавіны. Мае вясёлкавы бляск, які залежыць ад інтэрферэнцыі святла, што адбіваецца ад паверхні П. Выкарыстоўваюць для вырабу ўпрыгожанняў, гузікаў і інш. Разнавіднасць П. — жэмчуг. На Беларусі П. атрымлівалі з ракавін перлавак і жамчужніц.