СТЭ́НЛІ (Stanley) Генры Мортан [сапр. Роўлендс

(Rowlands) Джон; 28.1.1841, г. Дэнбі, Вялікабрытанія — 10.5.1904], англійскі падарожнік і журналіст, даследчык Афрыкі. Як карэспандэнт амер. газеты ў 1871—72 адправіўся на пошукі Д.​Лівінгстана і разам з ім даследаваў воз. Танганьіка. У 1874—77 перасек Афрыку з У на З да вусця р. Конга; вызначыў абрысы воз. Вікторыя, адкрыў азёры Джордж і Эдуард, горны масіў Рувензоры, даследаваў р. Кагера; дасягнуў вярхоўяў р. Луалаба (удакладніў, што яна з’яўляецца вытокам р. Конга),

спусціўся па р. Конга да вусця і пазначыў на карце яе сярэднюю частку. У 1879—84 па даручэнні бельг. караля прымаў удзел у захопе зямель у бас. р. Конга, адначасова адкрыў азёры Маі-Ндомбе і Тумба. У 1887—89 кіраваў англ. экспедыцыяй, якая перасекла Афрыку з З на У, даследаваў р. Арувімі, выявіў, што воз. Эдуард належыць да сістэмы р. Ніл. Яго імем названы вадаспады на р. Конга (з 1983 — Баёма).

т. 15, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЯЯ А́ФРЫКА,

прыродная краіна, якая займае ўсх. ч. Афрыкі ў экватарыяльным і субэкватарыяльных паясах, паміж Эфіопскім нагор’ем на Пн, упадзінай Конга на З, ніжнім цячэннем р. Замбезі на Пд і Індыйскім ак. на У. У межах У.А. размешчаны (цалкам або часткова) Кенія, Уганда, Руанда, Бурундзі, Танзанія, Замбія, Малаві, Самалі, Эфіопія, Эрытрэя, Джыбуці. Большую ч. займае Усх.-Афрыканскае пласкагор’е (выш. больш за 1000 м), разбітае тэктанічнымі разломамі (гл. Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма). У рэльефе — складанае спалучэнне ўзвышаных цокальных раўнін, скідавых упадзін і ўступаў, глыбавых гор, лававых плато і вулканічных конусаў (сярод іх найвышэйшы пункт Афрыкі — г. Кіліманджара, 5895 м). Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны, мусонны, гарачы, сезонна-вільготны. Ападкаў ад 500 да 3000 мм за год. Усх.-Афрыканскае пласкагор’е — водападзел паміж бас. рэк Ніл, Конга, Замбезі і інш. Шмат азёр (Вікторыя, Танганьіка, Ньяса і інш.). Пераважаюць розныя тыпы саваннаў і рэдкалессяў, у гарах — вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны (асабліва фауна млекакормячых).

т. 16, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФІО́ПСКАЕ НАГО́Р’Е.

На ПнУ Афрыкі, пераважна ў Эфіопіі. Пераважаюць выш. 2000—3000 м. Найб. выш. 4623 м (г. Рас-Дашэн). Стромка абрываецца да раўнін на У і прыступкамі апускаецца на 3. Складаецца з дакембрыйскага крышт. фундаменту, перакрытага магутнымі тоўшчамі пясчанікаў і вапнякоў, базальтавымі лавамі. Ападкі на зах. і паўд.-зах. схілах да 1500 мм, на ўсх. да 500 мм за год. З Э.н. бяруць пачатак рэкі Блакітны Ніл, Атбара, Собат (бас. Ніла), Вебі-Шэбелі, Джуба (бас. Індыйскага ак.).

Характэрна вышынная пояснасць ландшафтаў. Да 1700 м — пояс кола (сярэднегадавыя т-ры 20 °C); на наветраных схілах трапічныя лясы, кафейныя плантацыі, на падветраных — саванны. Да 2400 м — пояс война-дэга (сярэднегадавыя т-ры 17 °C); пераважаюць саванны. Да 4000 м — пояс дэга (сярэднегадавыя т-ры 14 °C); хвойныя лясы, вышэй якіх — высакагорная стэпавая расліннасць. Нац. паркі — Сымен, Аваш, Гамбела і інш. Э.н. — адзін са стараж. раёнаў земляробства, радзіма многіх збожжавых культур, у т. л. цвёрдай пшаніцы, жыта, ячменю.

т. 18, кн. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДА́Н (ад араб. Білад ас-судан — краіна чорных),

прыродная вобласць у Афрыцы ад паўд. межаў Сахары да прыэкватарыяльных раёнаў (4—8° паўн. ш.) і ад Атлантычнага ак. да Эфіопскага нагор’я. Працягласць з Пн на Пд больш за 1 тыс. км, з З на У каля 5,5 тыс. км; пл. каля 5 млн. км².

Размешчана ў межах Афрыканскай платформы. Яе сінеклізам адпавядаюць упадзіны сярэдняга цячэння рэк Нігер, Белы Ніл, катлавіна воз. Чад, запоўненыя антрапагенавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Пераважаюць выш. 200—500 м. На З прыбярэжная нізіна Сенегамбіі — апушчаная прыатлантычная ч. платформы (200 м ніжэй узр. м.). Узвышаныя ўчасткі адпавядаюць антэклізам — крышт. плато Джос, Дарфур і часткова перакрытае асадкавай тоўшчай Кардафан з астраўнымі гарамі. Стараж. вулканічныя конусы ў Сенегале і Дарфуры звязаны з неагенавымі разломамі (г. Мара — 3088 м, найб. выш. ў С.). Пашыраны рачныя даліны, сухія і паўсухія рэчышчы часовых вадацёкаў, азёрныя ўпадзіны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Летам значны ўплыў паўд.-зах. экватарыяльнага мусону, зімой — паўн.-ўсх. гарачага і сухога пасату. Колькасць ападкаў ад 100 на Пн да 2000 мм на Пд за год, вільготны сезон 2—10 мес. На Пд т. зв. зенітальныя дажджы. Сярэднегадавыя т-ры на З 23—24 °C, на У 26—29 °C. Найб. рэкі Ніл з Собатам, Нігер, Сенегал, Гамбія, Шары, Бенуэ, Бахр-эль-Газаль, Белая і Чорная Вольта. У бас. р. Нігер і Бахрэль-Газаль шмат невял. азёр. Найб. ў С. воз. Чад (пл. мяняецца і паступова скарачаецца). З Пн на Пд ярка выражана шыротная занальнасць змены ландшафтаў ад трапічных пустынь Сахары, праз паўпустыні і саванны да гілеяў экватарыяльнай Афрыкі. На Пн паўпустыня і сухая саванна, дзе пераважае калючкава-дрэвавая фармацыя. Кусты акацыі выш. 1—5 м. Большую ч. С. займае тыповая саванна са злакавым покрывам (віды барадачу, выш. 1—1,5 м). Трапляюцца асобныя або групы дрэў (парасонавыя акацыі, пальмы дум і веерная, баабабы, малачаі). На Пд высакатраўная саванна і лесасаванна. Лясныя масівы з густым падлескам прымеркаваны да далін рэк (галерэйныя лясы) і катлавін. Глебы пераважна чырв. фералітныя, алферытныя, чырв.-бурыя, чырв.-карычневыя. Жывёльны свет належыць да Эфіопскай вобласці: антылопы, жырафы, слон, леў, бегемот і інш.; з птушак — страусы, балотны бусел, дрофы і інш. Зона саваннаў — тэр. актыўнага стараж. земляробчага асваення і жывёлагадоўлі. С.-г. дзейнасць прывяла да ўзмацнення працэсаў апустыньвання. На тэр. С. поўнасцю або часткова знаходзяцца дзяржавы: Сенегал, Гамбія, Гвінея—Бісау, Гвінея, Малі, Кот-д’Івуар, Буркіна-Фасо, Гана, Tora, Бенін, Нігер, Нігерыя, Камерун, Чад, Цэнтральнаафр. Рэспубліка, Судан.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРУЧЭ́ННЕ ЖЫВЁЛ.

адамашніванне жывёл, працяглы працэс пераўтварэння дзікіх жывёл у свойскіх, якіх расплоджваюць для задавальнення патрэб чалавека; першы этап узнікнення жывёлагадоўлі. Пад уплывам П.ж. і штучнага адбору жывёлы паступова страчваюць некат. рэфлексы, змяняюцца іх паводзіны, унутр. і знешняя будова. У параўнанні з дзікімі жывёламі, у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, больш тонкая скура, знікла ахоўная афарбоўка, менш развіты галаўны мозг, органы пачуццяў, лёгкія, сэрца, ныркі. Лепш функцыянуюць млечныя залозы, органы размнажэння (свойскія жывёлы больш пладавітыя), у многіх знікла сезоннасць у расплоджванні.

Паводле звестак археалогіі, раней за інш. былі прыручаны сабака (каля 20—50 тыс. г. да н.э.), свіння, авечка, каза, буйн. раг. жывёла (8—3 тыс. г. да н.э.), пазней конь. Найб. буйныя ачагі П.ж. — Блізкі і Пярэдні Усход (Паўд. Турцыя, Палесціна, Ірак, Іран, Сярэдняя Азія), пазней раёны стараж. культур у бас. рэк. Ніл, Тыгр, Еўфрат, Ганг, Інд, Амудар’я і інш. Працэс П.ж. не спыняецца, працягваюцца спробы па прыручэнні і развядзенні ў няволі аленяў, ласёў, маралаў, антылоп, пушных звяроў, рэптылій (змей, кракадзілаў), амфібій і інш. Асаблівае значэнне набывае развядзенне ў няволі (зоакультура) жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння з мэтай узнаўлення іх колькасці ў прыродзе; драпежных і паразітычных беспазваночных для барацьбы са шкоднікамі; насякомых-апыляльнікаў, глебавых арганізмаў, гідрабіёнтаў-фільтрантаў для выкарыстання ў біягеацэналагічнай меліярацыі і ахове прыроды.

Т.​Я.​Паўлюшчык.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТЫ́НЯ,

занальны тып ландшафту, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту вільгаці (арыдная П.) або цяпла (халодная П.). Для П. характэрны вельмі разрэджаныя і збяднелыя раслінныя згуртаванні. Пашыраны ў пустынных зонах трапічнага, субтрапічнага і ўмеранага паясоў, а таксама ў Арктыцы і Антарктыдзе (ледзяная П.), у гарах утвараюць вышынны ландшафтны пояс (халодная высакагорная П.). Адрозніваюць кантынентальныя П. (Гобі, Такла-Макан), размешчаныя ва ўнутраных ч. мацерыкоў, і прыакіянічныя або прыбярэжныя П. (Атакама, Наміб), што працягваюцца ўздоўж зах. узбярэжжаў мацерыкоў. Паводле характэрных глеб і грунтоў вылучаюць розныя тыпы П.: пясчаныя, друзавыя, камяністыя, гліністыя, такыравыя (гл. Такыры), лёсавыя, саланчаковыя, гіпсавыя і інш. У рэльефе П. — складаныя спалучэнні нагор’яў, дробнасопачніку і астраўных гор са структурнымі рачнымі далінамі і замкнутымі азёрнымі ўпадзінамі. Пашыраны эолавыя формы рэльефу (барханы, дзюны, пясчаныя грады, бугрыстыя пяскі). Большая ч. тэр. П. бяссцёкавая, зрэдку іх перасякаюць транзітныя рэкі (напр., Сырдар’я, Амудар’я, Ніл). Характэрны перасыхаючыя вадацёкі і азёры. Глебы развіты слаба, пераважна прымітыўныя, бурыя шэразёмы, шэра-карычневыя, светла-шэрыя карбанатныя, трапляюцца засоленыя глебы, такыры і інш. Для большасці П. характэрны ксерафільныя кусцікавыя (палынныя, салянкавыя, лебядовыя) сукуленты, галафіты, эфемеры і эфемероіды. Фауну прадстаўляюць млекакормячыя (пераважна грызуны і капытныя), паўзуны (агамы, вараны), насякомыя і павукападобныя (фалангі, скарпіёны). Найб. П. зямнога шара — Сахара. Арашальныя землі выкарыстоўваюцца пад земляробства, пашу. Плошча П. пастаянна пашыраецца ў выніку высечкі і звядзення лясоў, знішчэння натуральнай расліннасці, глебавай эрозіі, перавыпасу жывёлы. Пра клімат П. гл. ў арт. Пустынныя зоны.

В.​С.​Аношка.

Дзюны ў пустыні Сахара.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЕ́ВІЧ Ніл Сымонавіч (н. 30.9.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1991). Канд. філал. н. (1963), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1956). У 1960—80 выкладчык кафедры бел. л-ры БДУ, у 1980—89 1-ы сакратар праўлення СП БССР. Старшыня пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны (1990—96). Друкуецца з 1946. Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Выдаў зб-кі лірыкі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, сатыра, гумар, 1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзярж. прэміяй БССР імя Я.​Купалы 1980). Асн. змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гіст. вопыту бел. народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыц. формы класічнай паэтыкі, тэмы гіст. повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў (вянок санетаў «Нарач», паэмы «Заручыны», «Сто вузлоў памяці», нізка вершаў «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына»). Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хваляваўся творца. Раман ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сац. і духоўныя каштоўнасці. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Гілевіча апошніх гадоў: кн. «Повязь» (1987), «Незалежнасць» (1991), «Жыта, сосны і валуны» (1992), «На высокім алтары», «Талісман» (абедзве 1994). Гілевіч — аўтар прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1070), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зб-каў літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993). Ён стваральнік кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зб-ка п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіягр. аповесці «Перажыўшы вайну» (1988); укладальнік і навук. рэдактар зб-каў фальклору «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш. Перакладае творы балт. пісьменнікаў (зб. «Балгарскія народныя песні», 1961; анталогіі «Ад стром балканскіх», 1965; «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», 1978, і інш.), паасобныя творы югасл., польскіх, рус., укр., сербалужыцкіх паэтаў. Выдаў зб. выбраных перакладаў слав. паэтаў «Роднасць» (1983). Узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Лаўрэат Міжнар. прэміі імя Хрыста Боцева (1986). На вершы Гілевіча напісалі музыку М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Я.​Глебаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, І.​Лучанок, М.​Пятрэнка, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991;

Лісце трыпутніку. Мн., 1968;

Запаветнае. Мн., 1975;

Любоў прасветлая. Мн., 1996.

Літ.:

Сіненка Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці. Мн., 1981;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. №7;

Бечык В. Любоўю кроўнай... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Быкаў В. Высакароднасць погляду на свет і жыццё // Гілевіч Н. Святлынь. Мн., 1984;

Вярцінскі А. Калі радок хвалюе // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1979;

Калеснік У. Паэт у страі: (Рысы да літ. партрэта Ніла Гілевіча) // Полымя. 1976. №4;

Конан У. Паэтычны голас сумлення // Там жа. 1996. №9;

Ламека Л. Радок чысціні світальнай // Маладосць. 1991. № 9;

Яе ж. Боль і сумленне Бацькаўшчыны // Роднае слова. 1996. № 9.

У.​М.​Конан, М.​У.​Мікуліч.

Н.С.Гілевіч.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ГЕР (Niger; ад берберскага рака),

рака ў Зах. Афрыцы (у Гвінеі, Малі, Нігеры, Беніне, Нігерыі). Даўж. 4160 км, пл. басейна 2092 тыс. км². Па даўжыні і пл. басейна займае 3-е месца ў Афрыцы пасля рэк Ніл і Конга. Пачынаецца пад назвай Джаліба са схілаў Леона-Ліберыйскага ўзв., цячэ ў вузкай даліне, потым выходзіць на раўніны прыроднай вобласці Судан. Паміж гарадамі Ке-Масіна і Тамбукту падзяляецца на шматлікія рукавы і цячэ ў моцна забалочанай даліне з мноствам праток, старыц і азёр, утварае ўнутр. дэльту (раней рака ўпадала ў вял. бяссцёкавае возера). У раёне г. Тамбукту рукавы злучаюцца ў адно рэчышча. Ніжэй г. Елва перасякае Паўн.-Гвінейскае ўзв. ў парожыстым рэчышчы. Далей да вусця (каля 750 км) рака цячэ ў шырокай даліне, пасля ўпадзення р. Бенуэ рэчышча дасягае шыр. да 3 км. За 180 км ад акіяна, каля г. Аба, пачынаецца дэльта Н. (пл. 24 тыс. км²), у якой вылучаецца мноства рукавоў, найб. Нун і Фаркадос (суднаходны). Гал. прытокі: Міло, Бані (справа), Сакота, Кадуна, Бенуэ (злева). Паводкі ў чэрв.-вер., у ніжнім цячэнні другі паводак у лютым. Сярэдні расход вады 9,3 тыс. м³/с (макс. да 35 тыс. м³/с). Гадавы сцёк каля 300 км³. Цвёрды сцёк 67 млн. т. У дэльце марскія прылівы. Выкарыстоўваецца для арашэння; пабудаваны плаціны Эгрэт (каля г. Бамако) і Сансандынг (каля аднайм. паселішча). Буйная ГЭС і вадасх. Каінджы, ніжэй — ГЭС Джэба. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках: ад Курусы да Бамако, ад вадаспада Сатуба (ніжэй унутр. дэльты) да Ансонга, ад г. Ніямей да вусця. Важнейшыя гарады: Куруса (Гвінея), Бамако, Тамбукту (Малі), Ніямей (Нігер), Джэба, Лакоджа, Аніча (Нігерыя). У дэльце Н. марскі порт — Порт-Харкарт (Нігерыя).

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРПІЧО́ВЫ,

расійскія ваенныя вучоныя, браты. Скончылі Полацкі кадэцкі корпус.

Леў Львовіч (1840—90), ген.-маёр артылерыі (1885), праф. (1888). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію ў С.-Пецярбургу, з 1866 выкладаў у ёй. Удзельнічаў ва ўзвядзенні абарончых збудаванняў на зах. граніцах, у выпрабаваннях скарастрэльных гармат. Аўтар навук. прац: «Агульныя асновы механікі» (1871, Міхайлаўская прэмія), «Пачаткі балістыкі» (1889) і інш.

Канстанцін Львовіч (8.7.1844—12.4.1910), інжынер-генерал, праф. (1890). Скончыў Мікалаеўскую інж. акадэмію ў С.-Пецярбургу. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 вызначыўся пры буд-ве мастоў цераз Дунай. З 1878 выкладчык фартыфікацыі ў Мікалаеўскай інж. акадэміі. З 1891 памочнік нач. Гал. інжынернага ўпраўлення ўзбр. сіл. З 1909 у адстаўцы.

Віктар Львовіч (8.10.1845, в. Бардзіна Новасакольніцкага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 20.10.1913), інжынер, тайны саветнік, праф. (1876). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1868), працаваў у ёй выкладчыкам механікі. З 1876 у адстаўцы. Першы дырэктар Харкаўскага тэхнал. (1885—98) і Кіеўскага політэхн. (1898—1902) ін-таў. З 1903 праф. Пецярбургскага політэхн. ін-та. Аўтар прац па супраціўленні матэрыялаў, механіцы і інш.

Міхаіл Львовіч (1847—75), артылерыст-хімік, капітан. Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію, працаваў у ёй выкладчыкам. Аўтар навук. артыкулаў у «Журнале русского химического общества» ў 1871—72.

Ніл Львовіч (14.11.1850, г. Полацк Віцебскай вобл. — 1927), ваенны інжынер, інжынер-ген. (1917). Скончыў Мікалаеўскую інж. акадэмію (1874), з 1879 выкладчык, з 1889 праф. у ёй. Удзельнічаў у стварэнні праектаў і буд-ве мастоў Охценскага, Троіцкага, Дварцовага цераз р. Нява ў Пецярбургу, моста цераз р. Сырдар’я і інш. З 1911 старшыня Паветраплавальнага к-та пры Гал. інж. упраўленні. Распрацаваў метад разліку і формулу для выяўлення разбуральнага эфекту новых тыпаў артыл. снарадаў, нормы разліковых нагрузак розных тыпаў мастоў. У 1918—20 кіраўнік справамі інж. к-та пры Гал. ваен. упраўленні Чырв. Арміі, потым выкладчык у Ваен.-інж. акадэміі. Аўтар прац па механіцы.

Ю.​С.​Іваноў.

т. 8, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДА́Н, Рэспубліка Судан (араб. Гумхурыя ас-Судан),

дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Егіптам, на З з Лівіяй, Чадам, Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, Угандай і Кеніяй, на У з Эфіопіяй і Эрытрэяй, абмываецца Чырвоным морам. Пл. 2505,8 тыс. км². Нас. 34 475,7 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г. Хартум. Краіна падзяляецца на 26 штатаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).

Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1998. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган. — парламент (Нац. асамблея, 400 дэпутатаў).

Прырода. Тэр. краіны з’яўляецца ўсх. ч. прыроднай вобласці Судан. У рэльефе пераважаюць пласкагор’і (выш. 300—1500 м). Значную тэр. займае катлавіна сістэмы р. Ніл. На ПнЗ частка Сахары (Лівійская пустыня), на Пд ад яе плато Дарфур і Кардафан з асобнымі гарамі і масівамі (адпаведна да 3088 м і 1460 м) На Пд адгор’і Цэнтральнаафр. нагор’я (г. Кіньеты, 3187 м), на У Нубійская пустыня і ўскраіны Эфіопскага нагор’я. Ёсць радовішчы золата, азбесту, слюды, гіпсу, нафты, каменнай солі, руд медзі, волава, свінцу, жалеза, хрому, магнію і інш. Клімат пераходны — ад экватарыяльна-мусоннага на Пд да пустыннага трапічнага на Пн. У Хартуме сярэдняя т-ра студз. 23 °C, ліп. — 32 °C. Ападкаў ад 25 мм за год на Пн да 1000—1400 мм на Пд. Гал. р. Ніл з прытокамі.

Паўд. частка С. ў зоне саваннаў, паўн. — у зонах трапічных пустынь і паўпустынь. У гарах і па далінах рэк на крайнім Пд і У краіны трапічныя і галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі каля 19 % тэр. Жывёльны свет: антылопы, жырафы, сланы, ільвы, леапарды, насарогі, бегемоты, кракадзілы; з птушак — страусы, дрофы, марабу; з насякомых на ПдЗ распаўсюджана муха цэцэ. Буйныя нац. паркі — Дындэр, Саўтэрн (Паўднёвы), Німуле, Шамбе; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. С. — шматнацыянальная краіна, жывуць прадстаўнікі больш як 30 народаў. Каля 45 % складаюць суданскія арабы (пераважна на Пн). На Пд жывуць негроідныя народы ніла-сахарскай моўнай групы (каля 40 %; дзінка, нуэр, бары, фур, шылук, нубійцы) і нігера-кардафанскай сям’і [каля 6 %; азандэ (зандэ) і інш.]. На ўзбярэжжы Чырвонага м. жыве народ беджа (каля 6 %, кушыцкая моўная група). Сярод вернікаў мусульман-сунітаў 70 % (на Пн), прыхільнікаў мясц. традыц. вераванняў 25% і хрысціян 5% (на Пд). Сярэднегадавы прырост 2,7%. Сярэдняя шчыльн. 13,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльнасць (да 300—400 чал. на 1 км²) у раёнах арашальнага земляробства вакол Хартума; у Сахары месцамі менш як 1 чал. на 1 км². Качавы і паўкачавы лад жыцця ў пустынях і саваннах вядуць каля 30% насельніцтва. Гар. насельніцтва 35% (1999). Найб. гарады (тыс. ж., 1993): Хартум — 2731, Амдурман — 1271, Паўн. Хартум — каля 700. Больш за 200 тыс. ж. у гарадах Порт-Судан, Касала, Вад-Медані, Эль-Абейд. У сельскай гаспадарцы занята 80% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 10%, у абслуговых галінах — 10%.

Гісторыя Тэр. С. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. Земляробства і жывёлагадоўля ўзніклі на мяжы 5—4-га тыс. да н.э. У 2-й пал. 3-га — 2-м тыс. да н.э. паўн. ч. С. — Нубія ўваходзіла ў склад Стараж. Егіпта. З гэтага часу ў Нубіі ўзнікла цывілізацыя Куш, якая існавала да 4 ст. н.э. У 5—6 ст. правіцелі паўн. С. прынялі хрысціянства. Аднак пад націскам арабаў-мусульман да 15 ст. тут зніклі апошнія хрысц. дзяржавы. У 1504 у Сенары створана першая мусульм. дзяржава — султанат Фундж. Да пач. 19 ст. большасць насельніцтва С. ісламізавана, некат. народы паўд. С. захавалі традыц. вераванні і культуру.

У 1821 С заваяваны правіцелем Егіпта Мухамедам Алі. У 1881 прапаведнік Мухамед Ахмед (гл. Махдзі Суданскі) абвясціў сябе махдзі і ўзначаліў махдзістаў паўстанне, якое паклала канец тур.-егіпецкаму панаванню і стварыла ў С. тэакратычную незалежную дзяржаву Паўстанне ў 1898—99 задушылі англічане. У 1899—1955 С. — калонія Вялікабрытаніі (да 1951 фармальна лічыўся англа-егіпецкім кандамініумам). У 1940-я г. склаліся партыі аль-Ума (стаяла за незалежнасць С.) і нац.-юніянісцкая (НЮП; стаяла за саюз з Егіптам).

1.1.1956 абвешчана незалежнасць С. З 1958 усталяваўся рэжым ваен. дыктатуры ген. І.​Абуда, які скінуты ў 1964. Аднак і новыя ўрады 1964 і 1965 не здолелі вырашыць наспелыя праблемы. У 1969 ваенныя на чале з Дж.​Німейры ажыццявілі дзярж. пераварот; краіна атрымала назву Дэмакр. Рэспубліка С.; яе прэзідэнтам з 1971 стаў Німейры. У 1972 падпісана пагадненне з прадстаўнікамі паўстанцаў паўд. правінцый С. аб пашырэнні самакіравання. У 1973 прынята канстытуцыя, якая дазваляла толькі адну паліт. партыю — Суданскі сацыяліст. саюз (ССС). Увядзенне ў 1983 ісламскага заканадаўства выклікала незадаволенасць немусульм. насельніцтва Пд, дзе аднавіла ўзбр. барацьбу Суданская нац.-вызв. армія. У 1985 ваенныя на чале з ген. С. ад-Дагабам скінулі Німейры, ССС распушчаны, адноўлена дзейнасць інш. паліт. партый; краіна перайменавана ў Рэспубліку С. Па выніках парламенцкіх выбараў у 1986 створаны кааліцыйны ўрад на чале з лідэрам партыі аль-Ума С. аль-Махдзі. Няздольны вырашыць складаныя эканам. праблемы краіны, гэты ўрад скінуты 30.6.1989 у выніку ваен. перавароту з удзелам ісламскіх фундаменталістаў; дзейнасць канстытуцыі і паліт. партый прыпынена. Улада перайшла да Савета камандавання рэвалюцыяй на чале з ген. Х.А. аль-Башыра (з 1998 прэзідэнт С.). Значны ўплыў на ўрад мае ісламская фундаменталісцкая арг-цыя Нац. ісламскі фронт. С. — чл. ААН (з 1956), Арг-цыя афр. адзінства, Лігі араб. дзяржаў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 15.9.1999.

Гаспадарка. С. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт 31,2 млрд. дол. (1998), каля 930 дол. у год на 1 чал. Удзельная вага сельскай гаспадаркі каля 33 %, прам-сці — 17 %, абслуговых галін — 50 %. Дзяржаве належаць чыгункі, сродкі сувязі, гал. арашальныя сістэмы, камунальныя прадпрыемствы, бавоўнаачышчальная прам-сць і шэраг інш. прадпрыемстваў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 128 млн. га зямлі, у т. л. каля 12,5 млн. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі (каля 2 млн. га арашаецца), каля 115,5 млн. га пад пашай (саванны і паўпустыні). Пераважае земляробства. На Пн яно засн. на штучным арашэнні водамі Ніла і яго прытокаў, на Пд, дзе ападкаў значна больш, пераважае непаліўное. Вядучая галіна — вырошчванне доўгавалакністай бавоўны на арашальных землях. Акрамя валакна з семя бавоўніку атрымліваюць алей. Гал. бавоўнаводчыя раёны — міжрэчча Белага і Блакітнага Ніла, даліны рэк Атбара, Белы і Блакітны Ніл. Гаспадарку вядуць сяляне на землях, якія яны арандуюць у дзяржавы. У інш. земляробчых раёнах ёсць буйныя ўласнікі, якія таксама здаюць зямлю на ўмовах арэнды. На ўласныя патрэбы вырошчваюць мясц. віды сорга і проса, пшаніцу, кукурузу, рыс, ячмень. Асн. алейныя культуры арахіс і кунжут. Вырошчваюць клешчавіну (алейная і кармавая культура), бабовыя, маніёк, сачавіцу, перац; месцамі — каву і тытунь. Асн. віды с.-г. прадукцыі (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г., тыс. т): бавоўна-сырэц — каля 300 (2-е месца ў Афрыцы, пасля Егіпта), сорга — 2500, проса — 250, пшаніца — 500, арахіс — 400, кунжут — 120; цукр. трыснёг — 5 млн. т. Агародніцтва. Садоўніцтва (цытрусавыя, бананы). На Пн культывуюць фінікавую пальму (больш за 2 млн. дрэў, штогадовы збор 100—200 тыс. т), на Пд — алейную пальму. Збор гуміарабіку (каля 50 тыс. т. штогод, больш за 50 % сусв. вытв-сці, гал. чынам з дзікарослых акацый), лісця сены (александрыйскі ліст) і арэхаў пальмы дум. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая на Пн, адгонная на Пд. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (пераважна зебу) — 35, авечак — 42,5, коз — 37,5. На Пн развіта вярблюдагадоўля (каля 3 млн. галоў); гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—41 млн. курэй). Рачное і марское рыбалоўства (у 1998—48 тыс. т). На Чырвоным м. промысел жэмчугу, каралаў, марскіх губак і чарапах. Паляўніцтва. У лясных раёнах нарыхтоўка драўніны. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці спажывецкіх тавараў і буд. матэрыялаў. Частка прамысл. вытв-сці ў дзярж. сектары. Здабыча жал.; хромавай і марганцавай руд, золата, солі з марской вады, буд. матэрыялаў. З 1999 вядзецца здабыча нафты. У 1998 атрымана 1,8 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 72 % на ГЭС (на рэках Блакітны Ніл і Атбара), 28 % на цеплавых электрастанцыях. У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца харч. (мукамольная, мяса- і рыбаперапр., малочная, алейная, цукр., кансервавая), тэкст. (пераважна баваўняная) і гарбарна-абутковая. Развіта бавоўнаачышчальная прам-сць. Ёсць нафтаперапр., металаапр., фармацэўтычныя, шкляныя прадпрыемствы, чыг. і аўтарамонтныя майстэрні, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш. Асобныя прадпрыемствы выпускаюць запалкі, шкляны і метал. посуд, парфуму, мыла і інш. Асн. прамысл. цэнтры: Паўн. Хартум, Хартум, Амдурман, Порт-Судан. Развіты саматужныя промыслы і рамёствы (ганчарны, апрацоўка драўніны, дубленне скур, выраб абутку і нац. адзення, вытв-сць прахаладжальных напіткаў, макароны, вострых прыпраў і інш.). Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Шырока выкарыстоўваецца гужавы і ўючны транспарт. Даўж. (тыс. км, 1996) чыгунак — 5,5, аўтадарог — 11,9, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 4,3; унутр. водных шляхоў — 5,3, прадуктаправодаў — 0,8. У краіне 35 тыс. легкавых, 40 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Гал. рачныя парты — Хартум, Малакаль, Джуба; марскі порт — Порт-Судан. 63 аэрапорты, у т. л. міжнар. каля Хартума. У 1997 экспарт склаў 594 млн. дол., імпарт — 1,42 млрд. дол. У экспарце пераважаюць бавоўна (23 %), семя кунжуту (22 %), жывёла і мяса (13%), гуміарабік (5 %), арахіс, золата, скуры, фінікі і інш.; у імпарце — харч. прадукты, паліва, спажывецкія тавары, машыны і трансп. сродкі, лекі і інш. Праз С. праходзіць традыц. шлях мусульман-паломнікаў з Зах. і Цэнтр. Афрыкі да святынь Аравіі (даход у 1998—8 млн. дол.). Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных мусульм. краін (у 1995—254,5 млн. дол.). Грашовая адзінка — суданскі фунт.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захаваліся гліняныя статуэткі жывёл, ляпная кераміка, наскальныя выявы. У 2-м тыс. да н.э. мастацтва С. развівалася ў рэчышчы стараж.-егіп. культуры, з канца 1-га тыс. да н.э. ў ім пачалі выяўляцца рысы нац. своеасаблівасці: прыземістасць і масіўнасць прапорцый у архітэктуры, адносная свабода ад канонаў у манум. рэльефах. З 2-й пал. 6 ст. н э. ўзводзілі хрысц. храмы, архітэктура і насценныя размалёўкі якіх блізкія да копцкага мастацтва. Архітэктура Зах. С. 15—16 ст. ў рэчышчы сярэдневяковага каменнага дойлідства Усх. Афрыкі (руіны г. Уры і інш.). У жыллёвым буд-ве пераважалі прамавугольныя ў плане хаціны з цэглы-сырцу, на ўзбярэжжы Чырвонага мора — дамы з каралавага вапняку з выступаючымі закрытымі кратамі вокнамі, у негроідных плямён Пд С. — круглыя гліняныя або плеценыя хаціны са стрэхамі з травы. У 20 ст. ў буйных цэнтрах (Хартум і інш.) пашырылася буд-ва еўрап. тыпу. Традыц. віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — драўляная скульптура, якая вызначаецца іератызмам і слабай расчлянёнасцю форм, дробная гліняная пластыка; у арабаў Пн С. — філігранныя работы па медзі, серабры, вырабы са скуры; у негроідных народаў Пд — маст. пляценне. З сярэдзіны 20 ст. складваецца нац. школа станковага мастацтва, якая аб’ядноўвае мясц. дэкар. і еўрап. традыцыі: скульптары М.​Куа, А.​Хамід, жывапісцы Х.​Абас, М.​А.​Бешыр, графік А.​А.​Борхан і інш.

Літ.:

Смирнов С.Р. История Судана (1821—1956). М., 1968;

Вобликов Д.Р. Судан: история и современность. М., 1984;

История Судана в новое и новейшее время. М., 1992.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Герб і сцяг Судана.
Ландшафт у Сахары, на поўначы Рэспублікі Судан.
Рака Ніл на поўдні Рэспублікі Судан.
Вёска на поўдні Рэспублікі Судан.

т. 15, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)