У выніку 1-й сусв. вайны рас.-герм. фронт на тэр. Беларусі да кастр. 1915 стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск; каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй (пазней з прычыны зрыву брэсцкіх мірных перагавораў герм. войскі акупіравалі амаль усю Беларусь). Калі пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі немцы пачалі выводзіць свае войскі, зах. землі Беларусі пачала займаць Польшча, якая абвясціла пра намер аднавіць сваю тэрыторыю ў межах Рэчы Паспалітай 1772. Да жн. 1919 польскія войскі занялі большую частку Беларусі (лінія фронту праходзіла па р.Зах. Дзвіна—Бярэзіна). У выніку сав.-польскай вайны 1920 польскія інтэрвенты ў ліп.—жніўні былі выдалены з Беларусі, але ў вер.—кастр. яны зноў захапілі зах. раёны Беларусі — Гродзенскую губ., паўд.-ўсх. паветы Віленскай, зах. паветы Мінскай губ. — амаль палавіну этнічнай Беларусі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 18.3.1921 Зах. Беларусь (агульная пл. 113 тыс.км²) засталася пад уладай Польшчы. Яе тэр. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Навагрудскае, Палескае, Віленскае і Беластоцкае ваяводствы. На тэр.Зах. Беларусі жыло каля 4 млн.чал. (на час перапісу 1921—3372 тыс.чал., паводле ацэнкі 1939—4,6 млн.чал.). Гал. культурным і навук. цэнтрам Зах.
Беларусі быў г. Вільня, у прамысловых адносінах найб. развітым — Беластоцкі прамысловы раён. Найб. гарады: Гродна, Брэст, Навагрудак, Баранавічы, Пінск, Лунінец, Ваўкавыск, Маладзечна, Кобрын, Вілейка, Ліда, Слонім, Стоўбцы, Пружаны, Глыбокае, Браслаў, Ашмяны.
Прамысловасць. Польшча (афіцыйна Другая Рэч Паспалітая) належала да краін з сярэднім узроўнем развіцця. Зах. Беларусь у эканам. адносінах была даволі адсталай яе ўскраінай, аграрным прыдаткам, рынкам збыту прамысл. тавараў, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы. Зах. Беларусь складала 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва ўсёй Польшчы, а ўдзельная вага яе ў прамысл. вытворчасці ледзь перавышала 3%, выпрацоўка электраэнергіі — 2%. Разбураная войнамі нар. гаспадарка Зах. Беларусі аднаўлялася марудна, новыя ф-кі і з-ды амаль не будаваліся. Большасць прамысл. прадпрыемстваў — дробныя ф-кі і з-ды, якія перапрацоўвалі мясц. сыравіну. У 1928 у Зах. Беларусі афіцыйна зарэгістравана каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала менш чым па 20 чалавек. Толькі 127 прадпрыемстваў мелі больш як па 20 рабочых, 89 — больш як па 100 і 6 — больш як па 500 рабочых. Значны прамысл. спад адбыўся ў гады сусв.эканам. крызісу 1929—33, калі ў Зах. Беларусі спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў, колькасць занятых рабочых да сярэдзіны 1933 скарацілася амаль напалавіну. Імкнучыся перакласці цяжар крызісу на плечы працоўных, прадпрымальнікі павялічвалі інтэнсіўнасць працы, падаўжалі рабочы дзень да 10—12 гадзін, пазбаўлялі рабочых сац. страхавання, зніжалі заработную плату, якая ў Зах. Беларусі і да таго была значна ніжэйшая, чым у карэннай Польшчы. Працоўныя цярпелі і ад моцнай эксплуатацыі, і ад хранічнага беспрацоўя. У прамысловасці, на транспарце, лесараспрацоўках і інш. было занята 100 тыс. рабочых (каля 5% рабочых усёй Польшчы), мелася каля 50 тыс. рамеснікаў. У 1936 зарэгістравана больш за 25 тыс. беспрацоўных. Шырока выкарыстоўвалася танная праца жанчын і падлеткаў.
Прыродныя багацці краю часта прадаваліся замежным капіталістам. Лясы на высечку, у т. л. Белавежскую пушчу, прадавалі англійскім і французскім прадпрыемствам, тытунёвую манаполію здалі ў арэнду італьянцам, запалкавую — шведам. За 1919—39 у Зах. Беларусі высечана 589,2 тыс.га лясоў, натуральны ж прырост іх склаў толькі 41,8 тыс.га.
Сельская гаспадарка. Больш за 80% насельніцтва Зах. Беларусі займалася сельскай гаспадаркай. Паводле перапісу 1921 большая частка прыватнаўласніцкай зямлі (каля 3 млн.га) належала памешчыкам, якія складалі ўсяго 1,7% землеўладальнікаў (каля 6 тыс. гаспадарак, зямельны надзел кожнай больш за 50 га). На сялянскі двор у сярэднім прыпадала каля 7 га зямлі. Каля 55 тыс. гаспадарак мелі надзелы крыху большыя за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У 15% гаспадарак не было буйн. раг. жывёлы, у 30% — коней (1927). Апрача малазямелля сяляне цярпелі ад шматлікіх падаткаў, прыгонніцкіх перажыткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары шырокага ўжытку і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, ад запазычанасці ў банку і выплаты працэнтаў па ёй, ад самавольства чыноўнікаў і паліцыі, шматлікіх штрафаў. Сял. гаспадаркі пасля вайны аднаўляліся марудна і толькі да 1929 дасягнулі даваеннага ўзроўню.
Зямельная рэформа польскага ўрада (1920, 1921, 1924) была накіравана на развіццё капіталіст. адносін у вёсцы і расшырэнне ўнутр. рынку. Яна ўключала т.зв. парцэляцыю (продаж праз зямельны банк памешчыцкай зямлі дробнымі ўчасткамі — парцэлямі), ліквідацыю сервітутаў (сумесных уладанняў памешчыкаў і сялян) і камасацыю (ліквідацыю цераспалосіцы і звядзенне ў адзін участак дробных сял. палосак з адначасовым высяленнем на хутары). Шляхам т.зв. дзярж. і прыватнай парцэляцыі ў Зах. Беларусі распрададзена каля 20% памешчыцкіх зямель (597 тыс.га з 2948 тыс.га). Значную частку распарцэляваных зямель складалі землі былой царскай казны, якія перайшлі ў дзярж. фонд Польшчы. Такім чынам, буйное памешчыцкае землеўладанне зменшылася, але не на многа. У пач. 1930-х г. памешчыкам і кулакам належала каля 48% усёй зямлі. Выгадна прадаючы зямлю, памешчыкі ўмацоўвалі сваю гаспадарку. Больш за 70% зямлі, якую яны прадалі праз зямельны банк, купілі заможныя сяляне і асаднікі. Толькі нямногія з бедных сялян, парабкаў і дробных арандатараў набылі зямлю. Ад ліквідацыі сервітутаў пацярпела больш за 100 тыс.сял. гаспадарак.
Хутарызацыя ў пераважнай большасці праводзілася прымусова, што выклікала хваляванні на вёсцы. Каб аслабіць супраціўленне сялян, улады абяцалі ў выніку рэформы ліквідаваць цераспалосіцу, павялічыць надзелы, даць крэдыт на перанос будынкаў і на інвентар. Фактычна хутарызацыя была выгадная заможным сялянам і кулакам, бо вялікія выдаткі на перасяленне не давалі магчымасці ўзняць гаспадарку беднякам і парабкам. Да 1939 на хутары расселена каля 200 тыс. двароў.
Асаблівасцю аграрнай палітыкі польскага ўрада было перасяленне на тэр.Зах. Беларусі з цэнтр. раёнаў Польшчы ваенных і цывільных каланістаў, т.зв. асаднікаў, якім на льготных умовах ці бясплатна даваліся зямельныя надзелы да 45 га. Да 1934 на тэр.Зах. Беларусі і Валыні паселена каля 9 тыс. асаднікаў. Асаднікі былі ваеннай і паліт. апорай польскай улады ў Зах. Беларусі.
Адной з прычын збяднення сял. гаспадарак былі нізкія цэны на с.-г. прадукты, асабліва ў гады сусв.эканам. крызісу. У выніку скараціліся пасевы асн.с.-г. культур, менш набывалася і выкарыстоўвалася с.-г. машын, мінер. угнаенняў, што не спрыяла росту культуры земляробства. Толькі ў 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзыходзіла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у аграрным сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Слаба развітая прамысловасць не магла прыняць адток «лішніх рук» з аграрна перанаселенай вёскі, што часам вымушала сялян шукаць работу ў краінах Зах. Еўропы і Амерыкі. Малазямелле і аграрная перанаселенасць не здымала з парадку дня неабходнасць далейшага землеўпарадкавання і было адной з прычын рэв. актыўнасці сялян.
Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт. Сац. прыгнёт у Зах. Беларусі цесна пераплятаўся з нац. прыгнётам і паліт. бяспраўем бел. народа. Канстытуцыя Польшчы (1921), а таксама ўмовы Рыжскага мірнага дагавора дэкларавалі паліт. і прававую роўнасць усіх грамадзян незалежна ад нац. прыналежнасці. Аднак у дачыненні да беларусаў і інш.нац. меншасцей польскі ўрад з дапамогай дзярж. апарату, друку, школы, каталіцкай царквы праводзіў вялікадзяржаўную палітыку прымусовай паланізацыі. Беларусаў не прызнавалі за самастойную нацыю, забаранялі школы на роднай мове, абмяжоўвалі прыём на работу ў дзярж. ўстановы і ў ВНУ. Зах. Беларусь разам з Валынскім ваяводствам польскія ўлады называлі «крэсамі ўсходнімі» (усходнімі ўскраінамі) або Белапольшчай. Польскі ўрад вышукваў розныя прычыны і зачэпкі, каб закрываць бел. выдавецтвы, б-кі, хаты-чытальні, клубы, рэдакцыі бел. газет і часопісаў. Калі ў 1927 у Зах. Беларусі легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх было 12, у 1932—6, у 1936—13; у 1937 засталося толькі 8 бел. выданняў, пераважна прапольскай і клерыкальнай арыентацыі. Мясц.дзярж. апарат і органы самакіравання (гмінныя рады, павятовыя сеймікі) фарміраваліся з прадстаўнікоў дробнай буржуазіі, памешчыкаў, асаднікаў. Польскі ўрад праводзіў палітыку рэліг. нецярпімасці да пераважна правасл.бел. насельніцтва. З 500 правасл. цэркваў 300 былі пераўтвораны ў касцёлы.
Паводле закона «Аб мове», прынятага 31.7.1924, дапускалася ствараць дзярж. школы з роднай мовай выкладання. Аднак мноства агаворак ператварала яго ў пустую абяцанку. З 500 бел. школ, што працавалі на тэр.Зах. Беларусі да 1921, у 1928 дзейнічала ўсяго 25 і 49 польска-бел. школ; да 1936 засталося 16 бел. школ, астатнія ператвораны ў польскія ці бел.-польскія. Улады закрылі 8 бел. гімназій (у Радашковічах, Навагрудку, Клецку, Нясвіжы, Будславе, Гродне, Гарадку, Маладзечне), 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы); Віленскую бел. гімназію ператварылі ў філіял польскай гімназіі. У выніку бел. настаўнікі засталіся без працы. Урад Польшчы не вельмі імкнуўся даць дзецям Зах. Беларусі адукацыю і на польскай мове. У 1937/38 навуч.г. ў 4221 школе Зах. Беларусі вучылася 546,6 тыс. дзяцей 7—10 гадоў. Пачатковую школу не наведвалі каля 50 тыс. дзяцей. У 1939 каля 35% насельніцтва заставалася непісьменным. Польскія ўлады праводзілі таксама т.зв. пацыфікацыю — прэвентыўнае ўціхаміранне. Тых, хто ў час выбараў агітаваў за кандыдатаў з рабочых і сялян, бралі на ўлік, часам арыштоўвалі. Нават падпісчыка на прагрэсіўную бел. газету лічылі непрыяцелем польскай дзяржавы, а ў дачыненні да дзеячаў рэв. і камуніст. руху праводзіліся масавыя судовыя і паліт. працэсы.
Нацыянальна-вызваленчы рух. Заходнебеларускія партыі і арганізацыі. Неспрыяльнае сац.-эканам. становішча, нац. ўціск, паліт. бяспраўе насельніцтва Зах. Беларусі былі аб’ектыўнымі ўмовамі для разгортвання нац.-вызв. руху. Мясц. жыхары не змірыліся з анексіяй этнічных зямель беларусаў, выступалі супраць гвалтоўнай паланізацыі, каланізатарскай палітыкі польскіх улад. Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 актывізавалася ўзброенае антыпольскае змаганне. Адзін з першых партыз. атрадаў пад кіраўніцтвам Г.Шыманюка (Скамароха) узнік у Бельскім пав.Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) актыўна займалася пашырэннем партыз. руху на Беласточчыне, Віленшчыне, Гродзеншчыне. Летам 1921 створаны Цэнтр.бел. паўстанцкі камітэт, які ўзначаліў У.Пракулевіч. Гал. штаб бел. партызан (кіраўнік В.Разумовіч) ажыццяўляў каардынацыю дзеянняў партыз. злучэнняў.
Прыняты на 1-й Усебел. паліт. канферэнцыі ў Празе (вер. 1921) курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстання быў часткова здзейснены ў Зах. Беларусі. Паводле польскіх вайсковых звестак, восенню 1922 там налічвалася 5—6 тыс. партызан. Масавыя арышты партызан, судовыя працэсы, спыненне падтрымкі з боку Літвы прывялі да аслаблення ўплыву БПС-Р у партыз. руху. Паступова там узмацняліся пазіцыі камуністаў і іх прыхільнікаў, якія абапіраліся на дапамогу Сав. Беларусі. З удзелам камандзіраваных з усходу камуністаў К.Арлоўскага, С.Ваўпшасава, В.Каржа і інш. былі створаны партыз. атрады і групы, якія нападалі на адм. ўстановы, ваенна-паліцэйскія падраздзяленні, гарнізоны, маёнткі памешчыкаў, сядзібы чыноўнікаў, асаднікаў, праводзілі дыверсіі на чыгунцы і г.д. У 1922 ва ўсх. ваяводствах Польшчы адбылося 878, у 1923—503 партыз. выступленні, з іх найбольш у Зах. Беларусі. Пры дапамозе вял. колькасці паліцыі, пагранічных войск, карных фарміраванняў, жорсткіх мер пацыфікацыі, ваенна-палявых судоў партыз. рух быў моцна аслаблены і спынены ў сярэдзіне 1920-х г.
Разам з узброенай барацьбой выкарыстоўваліся і легальныя магчымасці парламенцкай дзейнасці. Пасля выбараў у канцы 1922 у польскім сейме створана нац. дэпутацкая фракцыя — Беларускі пасольскі клуб (БПК), куды ўваходзілі 11 паслоў (дэпутатаў), якія прадстаўлялі ўсе грамадска-паліт. сілы Зах. Беларусі (А.Аўсянік, П.Мятла, Б.Тарашкевіч, Ф.Ярэміч, С.Баран, У.Каліноўскі, С.Якавюк, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч, М.Кахановіч, В.Рагуля). З імі супрацоўнічалі сенатары В.Багдановіч, А.Назарэўскі, А.Уласаў. У студз. 1923 дэпутаты БПК ухвалілі праект стварэння краёвага парламента ў Вільні, дамагаліся таксама вырашэння агр. пытання, спынення асадніцтва, вяртання адабраных у праваслаўных храмаў, выкарыстання бел. мовы ў судах, установах адукацыі. Бел. паслы і сенатары настойліва абаранялі нац.-культ. і сац. правы насельніцтва краю, рэгулярна накіроўвалі інтэрпеляцыі (запыты) аб іх грубых парушэннях. Распрацаваны праект аўтаноміі Зах. Беларусі так і не быў прадстаўлены на абмеркаванне ў польскі сейм. Абмежаванне толькі парламенцкімі формамі не дазваляла пашырыць сац. базу нац.вызв. руху.
Легальныя формы барацьбы падтрымлівалі бел. нац.-дэмакр. партыі і арг-цыі. Агульным для іх было патрабаванне ўтварэння незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Да сярэдзіны 1920-х г. дзейнічалі асобныя групы Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф), Бел.с.-д. партыі (БСДП), левае крыло якой у 1924 абвясціла стварэнне партыі бел. незалежных сацыялістаў.
Найбольш уплывовай была партыя бел. эсэраў, якая патрабавала дэмакр. свабод, вырашэння аграрнага пытання, «нацыянальнага вызвалення беларускага народа». Левае крыло БПС-Р у ліп. 1922 аформілася ў самастойную Бел.рэв. арг-цыю (БРА). БРА з’яўлялася нелегальнай радыкальнай нац.-дэмакр. арг-цыяй, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сац. і нац. правы насельніцтва Зах. Беларусі. Лідэры БРА І.Лагіновіч, А.Канчэўскі, Л.Родзевіч, А.Капуцкі наладзілі цесныя сувязі з камуніст. дзеячамі. Па ўсіх асн. пытаннях пазіцыя арг-цыі супадала з тактычнымі ўстаноўкамі камуністаў. У канцы 1923 пасля шэрагу сустрэч і сумесных пасяджэнняў былі выпрацаваны ўмовы зліцця БРА з Камуніст. партыяй Зах. Беларусі (КПЗБ).
З нац.-дэмакр. партый згуртаванасцю вылучалася клерыкальная Бел. хрысціянская дэмакратыя (БХД), на чале якой стаялі каталіцкія ксяндзы А.Станкевіч, Ф.Абрантовіч, В.Гадлеўскі, К.Стаповіч і інш. У сваёй дзейнасці БХД зыходзіла з тэорыі бяскласавасці бел. народа, адмаўляла наяўнасць класавай барацьбы. Партыя адстойвала эвалюцыйны шлях развіцця грамадства і парламенцкія сродкі змагання. БХД выступала за дэмакр. свабоды, роўнасць перад законам, мясц. самакіраванне, усеагульнае выбарчае права, зямельную рэформу на карысць беззямельных і малазямельных, але з захаваннем прыватнай уласнасці, нац. культуру. У 2-й праграме БХД (1927) канстатавалася, што партыя «імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку». БХД пашырала свой уплыў пераважна сярод беларусаў-католікаў Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў.
Актыўнасць праяўлялі ў Зах. Беларусі і польскія партыі. Значны ўплыў мела рэфармісцкая Польская сацыяліст. партыя (ППС), сял. партыя «Вызволене» і інш. ППС дамагалася дэмакр. свабод, самакіравання, сац. забеспячэння, перадачы памешчыцкіх зямель у арэнду сялянам, аўтаноміі для няпольскага насельніцтва. Патрабаванні дэмакр. рэформ падтрымлівала і партыя «Вызволене». Правыя польскія партыі спрыялі ажыццяўленню асн. кірункаў урадавай палітыкі ў Зах. Беларусі, выступалі з шавіністычных пазіцый адносна нац. меншасцей.
Сярод яўрэйскага насельніцтва зах.бел. гарадоў і мястэчак пераважалі ўплывы Бунда і Паалей Цыёна. Бунд прытрымліваўся с.-д. пазіцый, патрабаваў нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў, самавызначэння Зах. Беларусі, але выступаў супраць яе аддзялення ад Польшчы. Дзеячы партыі сацыял-сіянісцкага кірунку Паалей Цыён прапагандавалі свае ідэі ў асяроддзі яўрэйскіх рабочых, дробных гандляроў, інтэлігенцыі. Як і бундаўцы, яны стараліся адцягнуць сваіх прыхільнікаў ад актыўнай паліт. барацьбы, акцэнтавалі ўвагу на парламенцкай дзейнасці.
Найб. радыкальныя пазіцыі ў зах.бел. нац.-вызв. руху займала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая была створана ў кастр. 1923 у Вільні як састаўная частка Кампартыі Польшчы. Першымі арганізатарамі партыі былі С.Мертэнс, А.Славінскі, С.Мілер, С.Дубовік, у яе кіраўніцтва ўваходзілі таксама І.Лагіновіч, Я.Бабровіч, А.Канчэўскі, Л.Родзевіч, М.Арэхва і інш.КПЗБ была правадніком ідэй Камінтэрна, ВКП(б) і КП(б)Б, абапіралася на арганізацыйную, паліт. і фінансавую падтрымку з боку СССР і БССР. Сваёй мэтай КПЗБ ставіла барацьбу за інтарэсы рабочага класа, надзяленне сялян зямлёй без выкупу, самавызначэнне Зах. Беларусі і ўз’яднанне яе з БССР, садзейнічала развіццю нац.-вызв. змагання. У канцы 1924 яна налічвала 2296, у канцы 1927 — 3254 камуністаў. Значная частка з іх знаходзілася ў турмах, пастаянна арыштоўвалася польскімі ўладамі. У канцы 1924—1-й пал. 1925 існавала пагроза расколу партыі ў сувязі з утварэннем унутры яе сепаратысцкай групоўкі («сэцэсіі»). Бюро ЦККП(б)Б у студз. 1925 асудзіла дзеянні «сэцэсіі», прызнала іх «недапушчальным, дэзарганізатарскім і антыпартыйным крокам».
Пад уплывам КПЗБ у чэрв. 1925 з Бел. пасольскага клуба выйшла група дэпутатаў і ўтварыла асобны клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) на чале з Б.Тарашкевічам. Камуніст. кіраўніцтва праяўляла пільную ўвагу да новай сеймавай фракцыі. У жніўні 1925 у Сопаце (каля Гданьска) адбылася нелегальная нарада прадстаўнікоў ЦК КПП, КПЗБ, КП(б)Б з лідэрамі пасольскага клуба БСРГ, дзе была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні масавай легальнай арг-цыі рэв.-дэмакр. характару, вызначаны яе асн. праграмныя паліт. мэты.
У маі—чэрв. 1926 пасольскі клуб Грамады стаў самастойнай паліт. арг-цыяй. Старшынёй ЦКБСРГ быў выбраны Б.Тарашкевіч, нам. старшыні — С.Рак-Міхайлоўскі. У склад ЦК увайшлі таксама П.Валошын, П.Мятла, кіраўнік Цэнтр. сакратарыята Грамады М.Бурсевіч. Першапачатковы праект праграмы прадугледжваў стварэнне легальнай камуніст. арг-цыі. Прынятая ў маі 1926 праграма БСРГ змяшчала шырокі спектр дэмакр. патрабаванняў: канфіскацыя памешчыцкіх зямель, падзел іх паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі, скасаванне асадніцтва, дэмакр. самакіраванне, устанаўленне дэмакр. свабод, нац. роўнасць і навучанне на роднай мове, стварэнне сял.-рабочага ўрада, самавызначэнне Зах. Беларусі і ўз’яднанне з БССР і інш.
У 2-й пал. 1926 БСРГ ператварылася ў масавую легальную арг-цыю. Большасць у ёй складалі сяляне-беднякі і сераднякі, а таксама рабочыя, прадстаўнікі інтэлігенцыі. У студз. 1927 каля 120 тыс. чалавек былі аб’яднаны ў больш як 2 тыс. гурткоў Грамады. Актыўную паліт. работу вялі к-ты БСРГ у Баранавіцкім, Беластоцкім, Бельскім, Валожынскім, Ваўкавыскім, Вілейскім, Віленскім, Гродзенскім, Дзісенскім, Косаўскім, Лідскім, Маладзечанскім, Навагрудскім, Пастаўскім, Пінскім, Сакольскім, Слонімскім і Стаўбцоўскім пав. Больш за 200 камуністаў, што ўступілі ў склад Грамады, у многім вызначылі ідэалагічную лінію, характар дзейнасці арг-цыі.
Масавы рост БСРГ быў выкліканы аб’ектыўнымі ўмовамі зах.-бел. рэчаіснасці ў сац.-эканам., грамадскай і культурнай сферах. Грамада мела прасавецкую арыентацыю не столькі з-за знешняй ідэалагічнай, матэрыяльнай дапамогі, сімпатый да сав. ладу, колькі з-за паўсюднага незадавальнення, непрыняцця палітыкі польскіх улад у Зах. Беларусі. 15.1.1927 рэжым «санацыі» распачаў ліквідацыю гурткоў, к-таў БСРГ, масавыя арышты актывістаў, а 21.3.1927 афіцыйна забараніў арганізацыю. Усіх арыштаваных кіраўнікоў і актывістаў Грамады ў 1927—29 судзілі на некалькіх працэсах, самым гучным з якіх быў «працэс 56-і».
Выбары ў сейм у сак. 1928 адбыліся ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій польскіх улад. Леварадыкальная частка дэпутатаў [Я.Гаўрылік, І.Дварчанін, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (у лют. 1929 яго замяніў П.Крынчык)] утварыла бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне», які супрацоўнічаў з камуніст. фракцыяй у сейме і фактычна стаў парламенцкім прадстаўніцтвам КПЗБ. Паслы клуба «Змаганне» займаліся прапагандысцкай дзейнасцю, арганізоўвалі мітынгі, дэманстрацыі працоўных, востра крытыкавалі ўнутр. і знешнюю палітыку рэжыму «санацыі» Ю.Пілсудскага, выкрывалі адм.-паліцэйскі гвалт, уступалі ў палеміку з паліт. апанентамі. Акрамя інтэрпеляцый, пададзеных разам з інш. клубамі, дэпутаты «Змагання» ўнеслі ў сейме 11 запытаў і 13 прапаноў для абароны сац. і нац. інтарэсаў насельніцтва Зах. Беларусі.
Максімалісцкія, празмерна радыкальныя лозунгі «Змагання» перашкаджалі супрацоўніцтву з нац.-дэмакр. партыямі і арг-цыямі. Уцягванне ў барацьбу супраць іх было вынікам рашэнняў VI кангрэса Камінтэрна (ліп.—вер. 1928), які неадкладна выконвалі дзеячы КПЗБ і падкантрольных ім арганізацый. У адрозненне ад кіраўніцтва «Змагання» сярод мясц. актыву перавагу атрымалі не леварадыкальныя, а нац.-вызв. лозунгі. Нягледзячы на моцны камуніст. ўплыў, паслы «Змагання» ішлі на супрацоўніцтва з Бел. пасольскім клубам. Клуб «Змаганне» і яго 50 мясц. сакратарыятаў з’яўляліся цэнтрамі легальнай паліт. дзейнасці зах.-бел. камуністаў сярод шырокіх пластоў працоўных, былі прадаўжальнікамі традыцыі Грамады. 30.8.1930 разам з роспускам парламента было арыштавана кіраўніцтва «Змагання», ліквідаваны яго мясц.арганізац. структуры. У 1931 суд у Вільні прыгаварыў І.Дварчаніна, Я.Гаўрыліка, Ф.Валынца, П.Крынчыка і інш. дзеячаў «Змагання» да розных тэрмінаў турэмнага зняволення.
Мэтанакіравана адстойвала нац. інтарэсы жыхароў зах.-бел. краю культ.-асветніцкая арг-цыяТаварыства беларускай школы (ТБШ), статут якой быў зацверджаны ў Вільні ў ліп. 1921. Асн. мэтай ТБШ было пашырэнне і дапамога асвеце ў бел. нацыянальным і хрысціянскім духу. Заснавальнікамі арг-цыі былі Б.Тарашкевіч, А.Луцкевіч, Ф.Аляхновіч, А.Смоліч, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч і інш. прадстаўнікі інтэлігенцыі. У пач. 1920-х г.ТБШ мела вузкую сац. базу, яго дзейнасць насіла лаяльны характар да ўлад Сярэдняй Літвы, а потым і Польшчы. Т-ва аказвала дапамогу ў выездзе моладзі на вучобу за мяжу, дапамагала Віленскай і інш.бел. гімназіям, пачатковым школам, правяло ў крас. 1923 з’езд настаўнікаў бел. гімназій. З восені 1924 ТБШ разгарнула кампанію па зборы подпісаў за адкрыццё школ на роднай мове. Пераўтварэнню Т-ва ў масавую культ.-асветную арг-цыю паспрыяла Грамада. У вер. 1926 у склад Гал. управы ТБШ увайшлі Р.Астроўскі (старшыня), А.Уласаў, А.Трэпка (намеснікі), Б.Тарашкевіч, І.Дварчанін, М.Кепель, Я.Шнаркевіч, М.Марцінчык, Ф.Стацкевіч, П.Мятла і інш. Кіраўнікі Грамады і КПЗБ імкнуліся пераўтварыць Т-ва ў «другую лінію акопаў». У канцы 1927 па ўсёй Зах. Беларусі дзейнічала 12 акруговых упраў — у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме і Вільні. 1-ы з’езд ТБШ, які адбыўся 28—29.12.1927 у Вільні, пастанавіў дамагацца адкрыцця дзярж.бел. пачатковых школ, гімназій, настаўніцкіх семінарый, курсаў і інш. Да сярэдзіны 1928 колькасць гурткоў ТБШ дасягнула 430 (14—15 тыс.чал.), а ў сярэдзіне 1930 перавысіла 500 (больш за 15 тыс. чалавек; па іншых звестках — каля 30 тыс. чалавек), пераважная большасць якіх дзейнічала ў сельскай мясцовасці. Арганізаваная т-вам школьная кампанія набыла масавы характар: да 1928 пададзена больш за 30 тыс. заяў на адкрыццё 1229 бел. школ, аднак абсалютная большасць іх была праігнаравана польскай адміністрацыяй. Для правядзення асветніцкай работы ТБШ стварала гурткі самаадукацыі, бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы, нар. дамы, арганізоўвала драм., харавыя калектывы, наладжвала іх выступленні, займалася выдавецкай дзейнасцю.
Пасля забароны польскімі ўладамі ў жніўні 1928 Гал. управы (да жніўня 1929) у кіраўніцтве ТБШ узмацнілася ідэйна-паліт. раз’яднанасць. Камуністы, прадстаўнікі «Змагання» імкнуліся надаць арг-цыі радыкальны паліт. характар, група дзеячаў нац.-дэмакр. кірунку схілялася выключна да культ.-асветніцкай працы. На нелегальным з’ездзе ТБШ у Вільні ў маі 1929 праціўнікі палітызацыі (Р.Астроўскі, А.Луцкевіч, А.Трэпка, Я.Шнаркевіч, А.Коўш і інш.) былі выключаны за «шкодную дзейнасць». У склад новай Гал. управы былі выбраны Ф.Стацкевіч (старшыня), М.Пяткевіч, Р.Шырма, І.Дварчанін, Ф.Валынец, І.Грэцкі, П.Крынчык, М.Кепель, М.Марцінчык, П.Петкун.
У 2-й пал. 1920-х г. БХД працягвала ісці шляхам эвалюцыі ад клерыкальна-дэмакр. арг-цыі да свецкай паліт. партыі хрысціянска-дэмакр. кірунку. На нарадзе 1926, з’ездах 1927, 1928 і 1931 выпрацоўвалася праграма партыі, фарміравалася яе ідэалогія. БХД пераадолела вузкія канфесійныя межы, пачала арыентавацца і на католікаў, і на праваслаўных, што пашырыла яе сац. базу. У 1926 кіраўніцтва БХД стварыла альтэрнатыўную ТБШкульт.-асветную арг-цыю — Бел. інстытут гаспадаркі і культуры (БІГІК). Сярод стваральнікаў і кіраўнікоў БІГіК былі А.Більдзюкевіч, А.Станкевіч, А.Назарэўскі, В.Рагуля, В.Багдановіч, А.Уласаў. Арганізацыя выступала ў абарону бел. культуры, мовы, стварала кааператывы, бібліятэкі, вяла асветную работу, займалася мастацкай самадзейнасцю. У пач. 1927 дзейнічалі 50 гурткоў (каля 800 чал.), 22 б-кі БІГіК. Ідэйна-палітычныя рознагалоссі перашкаджалі супрацоўніцтву з ТБШ.
У 1928—30 паралельна з бел. пасольскім клубам «Змаганне» дзейнічаў адноўлены Бел. пасольскі клуб, куды ўвайшлі прадстаўнікі БХД і Бел.сял. саюза — беларускай нац. партыі парламенцкага тыпу, створанай у 1925 у Вільні ў процівагу БСРГ (уваходзілі П.Каруза, А.Стаповіч, Я.Станкевіч, К.Юхневіч, Ф.Ярэміч). З імі супрацоўнічалі бел. сенатары В.Багдановіч, В.Рагуля. БПК працягваў абараняць сац. і нац. інтарэсы, выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе вызв. рух.
Узмацненне аўтарытарных тэндэнцый у Польшчы прывяло да разгрому ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. левага крыла зах.-бел. руху. У цяжкіх умовах нелегальнага існавання, бязлітасных праследаванняў знаходзілася КПЗБ. Найб. устойлівымі былі падп.камуніст. арг-цыі ў Брэсцкай, Баранавіцка-Слонімскай, Гродзенскай і Навагрудскай акругах. З мясцовага актыву кампартыі вызначаліся А.Багданчук, В.Ласковіч, П.Пестрак, С.Прытыцкі, У.Урбановіч, У.Царук і інш. Пад кіраўніцтвам КПЗБ з 1924 дзейнічаў Камуністычны саюз моладзі Зах. Беларусі (КСМЗБ). У 1933 у яго 10 акругах налічвалася больш за 3 тыс. чал.
У канцы 1920 — пач. 1930-х г. для тактыкі і стратэгіі КПЗБ характэрна імкненне фарсіраваць рэв. працэс з мэтай паскорыць сацыяліст. рэвалюцыю, блізкасць якой беспадстаўна перабольшвалася. У межах падрыхтоўкі сав.-польскага дагавора аб ненападзе на V пленуме ЦККПЗБ (чэрв. 1931) з праграмных дакументаў было знята патрабаванне аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. Да бел.нац. партый з боку кампартыі праяўляліся адмоўныя адносіны, іх расцэньвалі як састаўную частку нацыянал-фашысцкага лагера пілсудчыкаў. Камуністы вылучалі максімалісцкія лозунгі і патрабаванні з разлікам на абвастрэнне барацьбы. Асабліва гэта выявілася ў перыяд сусв.эканам. крызісу 1929—33 і ў першыя гады пасля яго. Камуністы мелі дачыненне да арганізацыі забастовак рабочых, акцый беспрацоўных, антыўрадавых дэманстрацый, мітынгаў, сял. выступленняў у Асташыне (Навагрудскі павет) у 1932, Навасёлках (Кобрынскі павет), Ляплёўцы (Брэсцкі павет) у 1933, нарачанскіх рыбакоў у 1935 і інш.
Знішчальная хваля рэпрэсій польскіх улад, лявацка-сектанцкі падыход КПЗБ да нац. пытання адмоўна паўплывалі на становішча ТБШ. З 1928 па ліп. 1930 забаронена дзейнасць яго 6 акруговых упраў і больш за 300 гурткоў. Да восені 1932 колькасць гурткоў зменшылася да 150 (каля 4 тыс.чал.), засталася 1 акруговая ўправа ў Беластоку (забаронена ў 1934). У большасці паветаў дзейнасць гурткоў спынілася. У лют. 1933 у Вільні адбыўся суд над кіраўніцтвам ТБШ, якое абвінавачвалі ў падрыхтоўцы «камуністычнай змовы».
Негатыўны ўплыў на зах.-бел. рух зрабілі рэпрэсіі ў БССР у 1930-я г. У 1933 да справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» былі прыцягнуты М.Бурсевіч, П.Валошын, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Дварчанін, П.Мятла, С.Рак-Міхайлоўскі і інш. дзеячы Зах. Беларусі, якія на той час у выніку абмену зняволенымі знаходзіліся ў СССР. Яны атрымалі смяротныя прысуды і розныя тэрміны лагернага зняволення. Па той жа справе пазней расстраляны Б.Тарашкевіч.
У сувязі з аб’яўленымі польскімі ўладамі выбарамі ў сейм у 1930 створана правацэнтрысцкая грамадска-паліт.арг-цыя — Цэнтр. саюз культ. і гасп. арганізацый (Цэнтрасаюз). Лідэры арг-цыі Р.Астроўскі, А.Луцкевіч, Ф.Акінчыц, Я.Станкевіч прызнавалі заганнай тактыку канфрантацыі, лічылі адзіна магчымым шляхам пошук кампрамісаў з аўтарытарным рэжымам Ю.Пілсудскага. Яны падвяргаліся крытыцы з боку КПЗБ і БХД, за паланафільскі кірунак іх празвалі «беларускай санацыяй». У 1932 на аснове Цэнтрасаюза створана культ.-асветніцкая арг-цыяТ-вабел. асветы (ТБА). Паводле статута, ТБА ставіла за мэту «працу над развіццём беларускай культуры, пашырэнне школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове, уздым маральнага ўзроўню і вывучэнне польскай культуры, культурных адметнасцей іншых народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі». У 1933 пачалі ўтварацца гурткі ТБА, адкрыты 33 бібліятэкі-чытальні, арганізавана асветніцкая і выдавецкая дзейнасць. Пакінуўшы Цэнтрасаюз, восенню 1933 Ф.Акінчыц разам з У.Казлоўскім пачалі выданне газеты «Новы шлях», органа Бел. нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП), дзе шмат увагі аддавалася абгрунтаванню і апраўданню ідэалогіі нацыянал-фашызму. Раскол Цэнтрасаюза ў 1934 прывёў у заняпад нешматлікія гурткі ТБА. Паланафільскія ідэі не знайшлі шырокай падтрымкі з боку насельніцтва Зах. Беларусі.
Да сярэдзіны 1930-х г. з бел.нац. партый толькі БХД захавала і часткова павялічыла свой колькасны склад. БІГіК у 1934 меў 80 гурткоў, якія аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс.чал. Пад эгідай БХД у пач. 1930-х г. рэарганізаваны Бел. нацыянальны камітэт (БНК) у Вільні. З яго дапамогай БХД спрабавала кансалідаваць пад сваім кіраўніцтвам на нац.-дэмакр. аснове зах.-бел. партыі і арг-цыі, скіраваць іх паліт. дзейнасць супраць КПЗБ. БНК аб’ядноўваў шэраг культурна-асветных, грамадскіх і маладзёжных арганізацый — Бел. студэнцкі саюз, Бел.навук.т-ва, Бел. настаўніцкі саюз і інш.
У 5-й праграме БХД (1936) замацаваны свецкі характар партыі, зменена яе назва на Бел.нац. аб’яднанне (БНА). Кіраўнікі БНА асуджалі капіталізм, фашызм і камунізм, выступалі за 3-і шлях грамадскага развіцця, які не быў канкрэтызаваны ў праграмных дакументах. Прызнавалася прыватная ўласнасць, адмаўлялася эксплуатацыя, вылучалася патрабаванне перадачы зямлі малазямельным сялянам без выкупу, хутары аб’яўляліся «найбольш адпавядаючай формай прыватнай гаспадаркі». Дзеячы партыі выступалі супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, за абавязковае вывучэнне рэлігіі ў школах. Як і ў папярэдніх праграмах, вылучалася патрабаванне стварэння незалежнай бел. рэспублікі, дэмакр. правоў і свабод. У склад прэзідыума ЦК БНА у студз. 1936 былі выбраны Я.Пазняк (старшыня), С.Грынкевіч, М.Дварэцкі, А.Клімовіч.
Ва ўмовах наступу фашызму з сярэдзіны 1930-х г. была зменена стратэгія і тактыка міжнар.камуніст. руху. На II з’ездзе КПЗБ (май 1935) былі выпраўлены асобныя памылкі ў дзейнасці партыі, заяўлена пра неабходнасць стварэння шырокага антыфашысцкага нар. фронту. У выніку аўтарытэт КПЗБ вырас. Кампартыя ажыццявіла практычныя крокі для адзінства дзеянняў з арганізацыямі ППС, Бунда, «Стронніцтва людовэго», кіраўнікамі прафсаюзаў, БХД. У жн.—вер. 1935 адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў ЦККПЗБ і ЦК БХД. Хоць існавалі сур’ёзныя ідэйна-паліт. разыходжанні, была дасягнута дамоўленасць па школьным пытанні. ТБШ і БІГіК правялі ў 1936 сумесную школьную кампанію, якой кіраваў агульны Школьны сакратарыят, некаторы поспех дасягнуты ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Маладзечанскім і інш. паветах. Аднавілася дзейнасць гурткоў ТБШ. У склад Гал. управы Т-ва былі. выбраны Ф.Стацкевіч (старшыня), М.Кепель, В.Склубоўскі, Ф.Грышкевіч, Р.Шырма, М.Пяткевіч, М.Марцінчык, С.Паўловіч, М.Касцевіч і інш.
У ходзе сумеснай школьнай акцыі яшчэ захоўваліся ўзаемныя недаверлівыя адносіны. Не далучылася да супрацоўніцтва ТБА. У адрозненне ад дэмакр. часткі БНА яго кансерватыўныя элементы не прынялі ідэі супрацоўніцтва з камуністамі і стварылі ў чэрв. 1936 Бел.нац. фронт пад кіраўніцтвам В.Гадлеўскага, абвясціўшы гал. мэтай падтрымку вольнай ад чужых уплываў бел.паліт. лініі. Варожа ставілася да кансалідацыі зах.-бел. руху БНСП, якая займала выразныя антысавецкія і антыкамуніст. пазіцыі. У праграме 1936 яе лідэры дэкларавалі замену капіталіст. ладу сацыялістычным. Каб займець сімпатыі нацыянальна настроенай інтэлігенцыі, падкрэслівалася, што «палітычным ідэалам ёсць незалежная і аб’яднаная беларуская дзяржава ў яе этнічных межах». Да БНСП прымкнула група бел. незалежных радыкалаў на чале з К.Юхневічам. З-за малалікасці партыі так і не быў скліканы яе з’езд. БНСП не атрымала масавай падтрымкі ў заходнебеларускім грамадстве.
Актывізацыя нац.-вызв. барацьбы выклікала знішчальную хвалю рэпрэсій польскай адміністрацыі, паліцыі. У снеж. 1936 забаронены ТБШ і БІГіК, у 1937 — Бел. настаўніцкі саюз, ТБА, у 1938 — БНК. З-за ганенняў і ўціску з крас. 1937 спынілася выданне цэнтр. органа БХД—БНА «Беларускай крыніцы». Многія з кіраўнікоў партыі былі арыштаваны ці выселены на захад.
Паліт. рэпрэсіі ў СССР, у т. л. ў БССР, падрывалі сілы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У лют. 1936 органамі НКУСБССР арыштаваны і асуджаны «як агент польскай палітычнай паліцыі» паліт. сакратар ЦККПЗБ І.Лагіновіч (пазней прысуд зменены на смяротнае пакаранне). У 1937 рэпрэсіям падвергліся інш. кіраўнікі Кампартыі Польшчы і КПЗБ, якія знаходзіліся ў СССР. У жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачвання ў сувязях з польскай дэфензівай Выканком Камінтэрна прыняў рашэнне аб роспуску КПП і яе састаўных частак — КПЗБ і КПЗУ. Арганізаваны нац.-вызв. рух напярэдадні вер. 1939 быў фактычна спынены намаганнямі польскага ўрада, сталінскага рэжыму, што садзейнічала нац.-культ. асіміляцыі насельніцтва Зах. Беларусі.
Культура Заходняй Беларусі. Нягледзячы на жорсткі нац. прыгнёт і крайне абмежаваныя магчымасці для праяўлення і развіцця бел. культуры, культ. жыццё ў Зах. Беларусі не замірала. У рабоце нац.-вызв. і культ.-асв. арг-цый, у выданні падп. і легальных газет і часопісаў, у агульнадэмакр. выступленнях удзельнічалі прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі. Вял. ўплыў на развіццё нац.-вызв. руху мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, М.Машары, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, А.Стаповіча; публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, У.Самойлы, А.Станкевіча, В.Харужай; навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна і інш. З зах.-бел. л-рай звязана творчасць М.Гарэцкага, У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка. У 1930-я г. пачалі сваю літ. дзейнасць бел. пісьменнікі А.Іверс, Ф.Грышкевіч, А.Дубровіч, Я.Чабор, Н.Тарас, Г.Новік, П.Граніт, А.Клімовіч, С.Крывец, А.Мілюць, Я.Брыль; украінскі А.Гаўрылюк; польскія Г.Дэмбінскі, С.Ендрыхоўскі, Е.Путрамант і інш. Пісьменнікі, што групаваліся вакол «Беларускай газеты», у канцы 1933 распачалі дзейнасць па стварэнні арганізацыі, каб аб’яднаць пісьменнікаў Зах. Беларусі. Іх намаганнямі ў газеце была аформлена літ. старонка, надрукавана прынятая на нелегальным з’ездзе зах.-бел. пісьменнікаў (снеж. 1933) дэкларацыя, якая заклікала ўсіх літаратараў «ад станка і плуга» гуртавацца дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У студз. 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі найб. актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва Зах. Беларусі зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук; у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую работу па стварэнні нар. хароў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Г.Цітовіч, Р.Шырма і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый Зах. Беларусі размяшчаліся ў Вільні, у т. л.Бел. выдавецкае таварыства, выдавецтвы ТБШ, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, У.Знамяроўскага, Б.Клецкіна, Бел. навуковае т-ва, Бел. музей, Бел. драматычная майстроўня, Бел. дабрачыннае т-ва, Віленская бел. гімназія, школы, кнігарні і інш. У Вільні выдадзены «Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век—1905 г.» М.Гарэцкага (1922), «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І.Дварчаніна (1927), зб-кі вершаў Л.Родзевіча («На паняволеных гонях», 1928), М.Танка («На этапах», 1936; «Журавінавы цвет», 1937; «Пад мачтай», 1938; паэма «Нарач», 1937) і інш. Выдаваліся таксама падручнікі для бел. школ С.Рак-Міхайлоўскага, С.Паўловіча, «Беларускі каляндар», адозвы, адкрытыя лісты і прамовы дэпутатаў у сейме. Ствараліся гурткі маст. самадзейнасці, рыхтаваліся канцэрты. У рэпертуары хароў пераважалі бел.нар. песні. У драм. калектывах найб. папулярнасцю карысталіся спектаклі «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Атрута» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Суд» У.Галубка, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі, а таксама шматлікія інсцэніроўкі. Сродкі, сабраныя на спектаклях і канцэртах, ішлі пераважна на патрэбы развіцця бел. асветы і культуры. Паліцыя і ўлады часта забаранялі такія мерапрыемствы. Напр., з 36 спектакляў, падрыхтаваных у 1932 гурткамі маст. самадзейнасці Беласточчыны, 14 забаронены ўладамі.
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле распараджэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Большасць жыхароў сустракала армію як вызваліцельніцу, з энтузіязмам і радасцю. На занятай Чырв. Арміяй тэрыторыі ўтварыліся органы новай улады: у гарадах — Часовыя ўпраўленні, у мястэчках і вёсках — сялянскія камітэты. Яны займаліся вырашэннем пытанняў адм., гасп. і культ.-асв. дзейнасці. Адначасова для навядзення рэв. парадку ў гарадах сфарміраваліся ўзбр. атрады рабочых, у сельскай мясцовасці — атрады сял. міліцыі. Для ўсталявання новай сав. улады ў Зах. Беларусь было накіравана 700 камуністаў і 800 камсамольцаў з БССР. Народны сход Заходняй Беларусі (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне сав. улады і ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. 12—14.11.1939 нечарговая 3-я сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Гэтымі актамі юрыдычна замацоўвалася этнічна-тэр. кансалідацыя бел. нацыі ў адзінай дзяржаве. У кастр. 1939 паводле дамоўленасці паміж урадамі СССР і Літвы Віленскі край з г. Вільня быў перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены ў склад Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр.Зах. Беларусі былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Лочмель И.Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. М., 1940;
Stankievic A. Biełaruśki chryscijanski ruch. Vilnia, 1939;
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет Мн., 1946;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
У суровыя гады падполля: Успаміны былых членаў КПЗБ — актыўных удзельнікаў рэв. руху ў Заходняй Беларусі. Мн., 1958;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Мацко А.Н. Борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против фашизма (1933—1939 гг.). Мн., 1963;
Яго ж. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков, 1918—1939 гг.Мн., 1972;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая Грамада. Мн., 1967;
Яго ж. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
В авангарде революционной борьбы. Мн., 1974;
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977;
Яго ж. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Годы испытаний и мужества. Мн., 1973;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Яго ж. Цяжкі шлях выпрабаванняў // Бел.гіст.часоп. 1994. №1;
Яго ж. Іосіф Каэтанавіч Лагіновіч: нарыс жыцця і дзейнасці // Там жа. 1996. №3;
Яго ж. Выпрабаванне часам і жыццём: (Да 75-годдзя ўтварэння і дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі) // Там жа. 1998. №4;
Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938 гг.Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Полуян И.В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса, 1929—1933 гг.Мн., 1991;
Gomołka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993;
Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел.гіст.часоп. 1994. №2;
Яго ж. Таварыства беларускай школы (1921—1936 гг.) // Там жа. 1997. №1;
Яго ж. Таварыства беларускай школы: першыя гады існавання // Спадчына. 1996. №5;
Яго ж. Уз’яднанне // Полымя. 2000. №9;
Назаўсёды разам: (Да 60-годдзя ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР). Мн., 1999;
Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць. (Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф., 17—18 вер. 1999 г.). Мн., 2000;
Рыжскі мірны дагавор. Лёсы народаў Усходняй Еўропы: (Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф., 16—17 сак. 2001 г.). Мн., 2001;
Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытар. цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). Мн., 2003.
А.М.Вабішчэвіч, І.П.Хаўратовіч.
Цэнтральны сакратарыят Беларускай сялянска-работніцкай грамады. 1926.Дэлегаты 3-га з’езда Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Вільня. 1928Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў в. Жодзішкі (Смаргонскі раён).Вечар беларускай паэзіі і песні ў Віленскім універсітэце. Злева направа: сядзяць — С.Станкевіч, М.Машара, Р.Шырма, М.Васілёк, М.Шчорс; стаяць: — Х.Ільяшэвіч, М.Танк, А.Бярозка, В.Тумаш, П.Сергіевіч. Вільня. 15.3.1936.А.Трэпка, В.Багдановіч, К.Галкоўскі, М.Забэйда-Суміцкі, Р.Шырма, А.Луцкевіч, С.Паўловіч, М.Танк, С.Глякоўскі, Я.Станкевіч і інш. пасля канцэрта хору Р.Шырмы. Вільня. 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ І ПАЛІТЫЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСІ Ў 1950-х — СЯРЭДЗІНЕ 1980-х г.
Прамысловасць, транспарт, сувязь. У развіцці прамысловасці, транспарту і сувязі было шмат супярэчнасцей. З аднаго боку, назіраўся рост прамысл. вытворчасці на базе пашырэння капітальнага будаўніцтва, стварэння новых і расшырэння дзеючых прадпрыемстваў. Новы характар набывала сама вытворчасць, якая пераходзіла ад машынна-індустрыяльнага тыпу да навукова-індустрыяльнага. Навука станавілася непасрэдным удзельнікам комплексна-механізаванай і аўтаматызаванай вытворчасці. Уводзіліся ў дзеянне новыя буйныя прамысл. прадпрыемствы, у т. л.Бел. аўтамабільны з-д у Жодзіне, з-д аўтаматычных ліній у Мінску, 3 салігорскія калійныя камбінаты, Полацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя, Гомельскі суперфасфатны, Мінскі маторны з-ды, Васілевіцкая і Бярозаўская ДРЭС, Магілёўскі шынны камбінат, з-д сінтэтычнага валакна ў Гродне, 4-ы Салігорскі калійны камбінат, Бел. металургічны з-д у Жлобіне, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі і інш. Значныя вынікі дасягнуты ў павышэнні тэхн. ўзроўню вытворчасці — здаваліся ў эксплуатацыю паточныя лініі, спец. станкі і аўтаматы. Калі ў 1965 на прамысл. прадпрыемствах рэспублікі дзейнічала 2,7 тыс. паточных і механізаваных паточных і 189 аўтаматызаваных ліній, то ў 1985 іх колькасць вырасла адпаведна да 8131 і 1749. Новым кірункам у аўтаматызацыі вытворчасці з’явілася робататэхніка. У сярэдзіне 1980-х г.прамысл. робаты сталі выкарыстоўвацца на мінскіх заводах трактарным і «Тэрмапласт». Павышаная ўвага аддавалася развіццю тых галін прамысловасці, якія вызначалі навукова-тэхн. прагрэс (НТП). Адзначалася нарошчванне вытворчасці энергетычнай прамысловасці, машынабудавання, металаапрацоўкі. Паскоранымі тэмпамі ішло развіццё прыборабудаўніцтва, электронікі і радыёэлектронікі, вытворчасці ЭВМ і аўтам. ліній, хім. і нафтахім. прамысловасці. Істотныя змены адбываліся і ў развіцці тых галін прамысловасці, якія выпускалі тавары нар. спажывання — лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю дывановы камбінат у Брэсце, Гродзенская абутковая ф-ка, Бабруйскі гарбарны з-д, значна павялічаны магутнасці Мінскага камвольнага камбіната, Гродзенскай швейнай ф-кі, Магілёўскага з-да штучнага валакна і інш. У выніку да 1985 прадукцыя прамысловасці павялічылася ў параўнанні з 1970 больш чым у 3 разы, у т. л. вытворчасць сродкаў вытворчасці — у 3,3 раза, вытворчасць прадметаў спажывання — у 2,6 раза; валавы грамадскі прадукт вырас амаль у 2,5 раза, нац. даход — больш чым у 2,5 раза. Прыярытэтнымі ў рэспубліцы сталі энергетыка (вытворчасць электраэнергіі ў 1985 склала 33,2 млрд.кВт∙гадз), машынабудаванне (апераджальнымі тэмпамі развіваліся прыладабудаванне і радыёэлектроніка, выпуск прадукцыі якіх толькі ў 1985 павялічыўся больш чым у 1,9 раза), хімія і нафтахімія (яе прадукцыя павялічылася амаль у 3,5 раза), лёгкая, дрэваапрацоўчая, харчовая, мяса-малочная і інш. галіны.
Эфектыўнасць нар. гаспадаркі ў многім залежала ад зладжанай работы транспарту і дакладна наладжанай сувязі. Далейшае развіццё атрымалі чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны, рачны і паветраны транспарт. Гал. цяжар перавозак прыпадаў на чыгунку. У 1-й пал. 1980-х г. на яе долю прыпадала 52% усяго грузаабароту і 40% пасаж. абароту. Будаўніцтва новых чыг. ліній у рэспубліцы не вялося з 1950-х г. Іх даўжыня і ў 1985 амаль не змянілася і складала 5,5 тыс.км, у т. л. 830 км электрыфікаваных (першы электрыфікаваны ўчастак Мінск—Аляхновічы здадзены ў эксплуатацыю ў 1963). Рост перавозак забяспечваўся за кошт тэхн. ўдасканалення чыгункі і рухомага саставу, паляпшэння арганізацыі працы на транспарце, укаранення аўтаматызацыі вытв. і кіраўніцкіх працэсаў. У выніку аб’ём грузавых перавозак на чыг. транспарце ў 1985 перавысіў узровень 1960 амаль у 3 разы, у 4 разы выраслі перавозкі пасажыраў. Усё большае значэнне набываў аўтамабільны транспарт. Грузаабарот яго ў 1985 перавысіў узровень 1960 амаль у 6 разоў. Доля аўтамабільнага транспарту ў перавозках усіх відаў транспарту вырасла з 9,4% у 1960 да 18,5% у 1985. Удасканальваўся ўнутрыгарадскі транспарт. Побач з традыцыйнымі (трамвай, аўтобус, тралейбус) з’явіўся новы від сучаснага транспарту — метро. У 1984 у эксплуатацыю здадзена 1-я чарга Мінскага метрапалітэна. Для перавозкі грузаў і пасажыраў выкарыстоўваўся і рачны транспарт. У 1985 на яго долю прыпадала 2,4% грузаабароту ўсіх відаў транспарту. Паступова пашыраліся перавозкі пасажыраў і грузаў паветраным транспартам і выраслі ў 3 разы. У 1985 перавозкі пасажыраў авіятранспартам склалі больш за 1,8 млн. чалавек. Працягвалася будаўніцтва трубаправоднага транспарту. Уведзены ў дзеянне газаправоды Дашава—Мінск, Шчорс—Гомель, Таржок—Івацэвічы, адгалінаванне ад газаправода з Дашавы на Гродна; нафтаправод з Полацка на нафтабазы Віцебскай і Мінскай абл., па якім паступалі дызельнае паліва і бензін.
Пашыралася сетка тэлефоннай і радыёсувязі, тэлебачання. У 1985 у параўнанні з 1965 колькасць прадпрыемстваў пошты, тэлеграфа і тэлефона павялічылася на 37% і дасягнула амаль 4,5 тыс. З 130,6 тыс. да 1112 тыс. павялічылася колькасць устаноўленых тэлефонных апаратаў. З пач. 1970-х г. у рэспубліцы пачалі дзейнічаць міжнар. тэлефонныя аўтаматы. За гэтыя гады больш як у 3 разы павялічылася колькасць радыёпрыёмнікаў, а тэлевізараў — амаль у 8 разоў. Радыёсувязь і тэлебачанне ўсё шырэй выкарыстоўваліся ў кіраўніцтве ўнутрызаводскімі працэсамі, у вучэбным працэсе, укараняліся аўтаматызаваныя сістэмы (АСК). Калі ў 1970 у рэспубліцы функцыянавалі 6 АСК, то ў 1985—330. Крок наперад зроблены і па тэлефанізацыі вёскі. Да 1975 практычна па ўсёй тэр. Беларусі ажыццяўляўся прыём тэлевізійных перадач.
Такім чынам, у прамысловасці, сувязі, на транспарце Беларусі адбыліся колькасныя і якасныя змены. На карце рэспублікі з’явіліся новыя прадпрыемствы, аснашчаныя сучасным абсталяваннем, адбылося тэхн. перааснашчэнне шэрагу дзеючых прадпрыемстваў, павысілася якасць некаторых відаў прадукцыі. У 1960-я г. Беларусь удзельнічала больш чым у 200 міжнар. выстаўках і кірмашах, 30 вырабаў яе прамысл. прадпрыемстваў, н.-д. і канструктарскіх арг-цый былі адзначаны на іх 37 залатымі медалямі і ганаровымі дыпломамі. Залатымі прызамі, напр., былі адзначаны аўтасамазвалы БелАЗ-540 і БелАЗ-548, трактар «Беларусь-52», сіласаўборачныя камбайны з-да «Гомсельмаш», універсальная паўаўтаматычная прылада па мікразварцы і інш. вырабы, якія адпавядалі высокім патрабаванням сусв. стандартаў. Узаемнае азнаямленне на выстаўках з экспартна-імпартнымі партнёрамі садзейнічала расшырэнню колькасці прамысл. прадпрыемстваў і арг-цый Беларусі, што выраблялі экспартную прадукцыю. Калі ў 1964 іх было 140, то ў 1970 — больш за 300, пры гэтым больш за 100 з’яўляліся галаўнымі ў СССР па вытворчасці адпаведных відаў вырабаў.
Нягледзячы на значны рост аб’ёмаў прамысл. вытворчасці ў гэтыя гады, перавод прамысловасці на новы тэхн. ўзровень на базе навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі ажыццяўляўся марудна. У шэрагу галін індустрыяльныя працэсы вельмі зацягваліся, а пераважным ва ўсіх галінах прамысловасці заставалася экстэнсіўнае развіццё. Гэта азначала, што ў эканоміцы дзейнічалі сілы тармажэння, звязаныя з захаваннем адм.-каманднай сістэмы. Спробаў 1957 стварыць інш. сістэму кіравання нар. гаспадаркай і перайсці ад галіновага (праз міністэрствы) да тэр.-галіновага (праз саўнаргасы) метаду істотных змен не прынесла. На гэтай аснове адбылося некаторае аслабленне ўплыву цэнтра, што аблегчыла развіццё мясц. прамысловасці, але ўскладніла развіццё цяжкай, таму што саўнаргасная сістэма ўскладняла правядзенне адзінай тэхн. палітыкі ў прамысловасці і была прычынай парушэння гасп. сувязей паміж прадпрыемствамі асобных эканам. раёнаў. Камандныя метады кіраўніцтва перашкаджалі радыкальным пераўтварэнням у эканоміцы, а недастатковая ўвага да НТП з’яўлялася прычынай яе развіцця без уліку найноўшых дасягненняў навукі. У выніку сталі зніжацца сярэднегадавыя тэмпы прыросту прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, фонда- і капіталааддачы, рэнтабельнасці прадпрыемстваў, даходаў насельніцтва.
Нарастанне цяжкасцей у развіцці прамысловасці, бясконцыя перабудовы і непрадуманыя рэарганізацыі выклікалі неабходнасць гасп. рэформы 1965, якая ў прамысловасці змяняла сістэму планавання, пашырала гасп. самастойнасць прадпрыемстваў на аснове гасп. разліку; былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены міністэрствы па галінах прамысловасці. Першыя крокі гасп. рэформы падавалі надзеі. 8-я пяцігодка (1966—70) па шэрагу важных эканам. паказчыкаў была выканана. Валавая прадукцыя прамысловасці Беларусі ў параўнальных цэнах павялічылася за пяцігодку на 19% пры плане 10%. Агульны аб’ём капіталаўкладанняў у нар. гаспадарку рэспублікі ў 1966—70 склаў 10,8 млрд.руб., што было больш, чым за 2 папярэднія пяцігодкі, разам узятыя. За пяцігодку ў Беларусі ўведзена ў дзеянне 18 буйных прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. электралямпавы з-д у Брэсце, маторарамонтны з-д у Гомелі, ф-ка верхняга трыкатажу і панчошна-шкарпэтачны камбінат у Брэсце, бавоўнапрадзільная ф-ка ў Гродне, малочныя з-ды ў Бабруйску і Гродне, мясакамбінат у Барысаве і інш. Але поспех пачатковага этапа эканам. рэформы быў непрацяглы. Ужо ў першыя гады яе ажыццяўлення пачаліся шматлікія карэкціроўкі, папраўкі, дапаўненні, у выніку якіх яна з буйнамаштабнай ператварылася ў касметычную, а да пач. 1970-х г. фактычна перастала дзейнічаць. Рэформа была наборам супярэчлівых мер, бо немагчыма было, напр., спалучаць пашырэнне самастойнасці прадпрыемстваў і ўзмацненне паўнамоцтваў міністэрстваў і ведамстваў.
У 1970—80-я г. эканоміка Беларусі, як і ўсяго СССР, страціла былы дынамізм, нарасталі негатыўныя з’явы, якія сведчылі, што эканам. рэформа 1965 не дала жаданых вынікаў. Асабліва істотным у гэтых адносінах з’яўлялася адставанне тэмпаў паскарэння НТП і ўкаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі. НТП закранаў не ўсе, а толькі асобныя галіны вытворчасці. У прамысловасці Беларусі за кошт навукова-тэхн. мерапрыемстваў забяспечвалася толькі 50% прыросту прадукцыйнасці працы. Штогод 5—7% прадпрыемстваў і аб’яднанняў не спраўляліся з планамі па рэалізацыі прадукцыі і прадукцыйнасці працы, амаль кожнае 6-е парушала дагаворную дысцыпліну. Усё гэта стрымлівала пераход прамысл. вытворчасці на якасна новае, інтэнсіўнае развіццё ўсіх яе галін. Не адбылося радыкальных змен у прамысловасці і ў выніку рэформы 1979, паводле якой дэкларавалася імкненне пакончыць з «валам», увесці такі паказчык, як нарматыўна чыстая прадукцыя. Рэформа не дала станоўчых вынікаў, таму што ажыццяўлялася ў рамках адм.-каманднай сістэмы, пры якой ігнараваліся таварна-грашовыя адносіны, закон вартасці, рыначныя адносіны, панавалі суб’ектывізм і валюнтарызм у эканоміцы. Гэтыя негатыўныя з’явы прывялі да рэзкага зніжэння тэмпаў эканам. росту, эканоміка БССР апынулася ў перадкрызісным стане (гл. табліцу).
Сярэднегадавыя тэмпы прыросту, %
Паказчыкі
Гады
1970—75
1976—80
1981—85
Валавы грамадскі прадукт
8,3
5,5
5,0
Нацыянальны даход
8,3
5,2
5,6
Прадукцыя прамысловасці
10,4
7,2
5,4
Прадукцыйнасць грамадскай працы ў прамысловасці
7,4
4,6
4,0
Сельская гаспадарка. У выніку ажыццёўленых у пач. 1950-х г. мер удалося аслабіць вастрыню крызісу сельскай гаспадаркі, а пазней дамагчыся яе росту. Гэтаму садзейнічалі нармалізацыя цэнавых прапорцый і павышэнне матэрыяльнай зацікаўленасці калгаснікаў у выніках сваёй працы. З 1956 калгаснікі пачалі кожны месяц атрымліваць грашовыя авансы на працадні. У калгасах ствараліся грашовыя і прадуктовыя фонды з тым, каб у нейкай меры гарантаваць рэгулярную аплату працы. Але гал. ролю ў паспяховым развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі адыграла ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы калгасаў і саўгасаў. Калі ў 1950 у сельскай гаспадарцы Беларусі працавала 11,6 тыс. трактароў, то ў 1960—34 тыс., а ў 1965—55,4 тыс., збожжаўборачных камбайнаў адпаведна 1,7 тыс., 10,6 тыс. і 13,5 тыс. Грузавых аўтамабіляў у 1950 налічвалася 6,6 тыс., у 1965—43,1 тыс. З мэтай лепшага выкарыстання тэхнікі ў 1958 адбылася рэарганізацыя МТС і перадача с.-г. тэхнікі непасрэдна калгасам. Але гэта паставіла ў вельмі цяжкае фін. становішча бяднейшыя калгасы, якія былі вымушаны набываць за высокі кошт часам даволі зношаную тэхніку. ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы рэспублікі ўсё больш рыхтавалі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Калі ў 1950 яны выпусцілі 1550 такіх спецыялістаў, то ў 1965—7350. Новы курс у галіне сельскай гаспадаркі прывёў да таго, што з сярэдзіны 1950-х г. яна ўпершыню за пасляваен. гады стала рэнтабельнай. Пачаўся рост с.-г. вытворчасці. У 1958 валавая прадукцыя калгасаў і саўгасаў вырасла ў параўнанні з 1953 у 2,2 раза, у т. л. прадукцыя жывёлагадоўлі — у 3,1 раза. У 1960 валавы збор збожжа ў рэспубліцы перавысіў узровень 1953 на 36%; на 70% павялічылася вытворчасць мяса, малака, на 50% — яек. У наступныя гады рост працягваўся. У 1965 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі перасягнула ўзровень 1950 на 10%. У 1960-я г. разгарнулася шырокае будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, механізацыя работ у паляводстве і жывёлагадоўлі. З 1966 пачалася шырокая меліярацыя зямель. Да 1970 асушана больш за 900 тыс.га забалочаных зямель, а на сярэдзіну 1980-х г. агульная плошча асушаных зямель у рэспубліцы дасягнула 2,7 млн.га. Усё гэта спрыяла пашырэнню пасяўных плошчаў, а ў цэлым — росту вытворчасці с.-г. прадукцыі. Аднак работы па меліярацыі мелі нярэдка сур’ёзныя адступленні ад першапачатковых праектаў. У прыватнасці, створаныя меліярацыйныя сістэмы часта не прадугледжвалі двухбаковага воднага рэгулявання, многія з іх давялося дарабляць, а часам і перарабляць. Акрамя таго, як паказаў час, меліярацыя мела і адмоўныя экалагічныя вынікі. У 1960-я г. ў рэспубліцы зроблены крок і ў павышэнні ўраджайнасці збожжавых, якая доўгі час складала 7—8 ц з га. У сярэдзіне 1960-х г. яна перасягнула 10 ц, а ў 1970 у цэлым па рэспубліцы склала 17 ц з га.
Паспяховаму развіццю сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г. садзейнічалі дэмаграфічнае становішча ў вёсцы і ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы сельскай гаспадаркі. Нарошчванне с.-г. вытворчасці адбывалася ва ўмовах поўнай дастатковасці, а па шэрагу раёнаў і з лішкам рабочай сілы на сяле. У наступныя гады дэмаграфічнае становішча на вёсцы стала мяняцца. Хуткімі тэмпамі пачаўся адток сялян у горад, у інш. галіны гаспадаркі. Калі ў 1966 у БССР сельскае насельніцтва складала 61%, а гарадское 39%, то ў 1985 — адпаведна 38% і 62%. Новыя пакаленні сялян сфарміраваліся як простая рабочая сіла, якая поўнасцю была адлучана ад сродкаў вытворчасці і распараджэння прадметамі сваёй працы. Сельская гаспадарка, хоць і развівалася, але ў яе развіцці было шмат супярэчнасцей, якія не дазвалялі ёй стаць высокаэфектыўнай галіной вытворчасці.
Паскарэнне НТП у прамысловасці ў 1960—70-я г. адкрыла новыя магчымасці для пашырэння ў 1970—85 матэрыяльна-тэхн. базы сельскай гаспадаркі. Капіталаўкладанні дзяржавы і калгасаў выраслі з 5,7 млрд.руб. у гады 9-й пяцігодкі да 8,8 млрд.руб. у гады 11-й.
Павялічыліся пастаўкі вёсцы тэхнікі, мінеральных угнаенняў. Штогод калгасы і саўгасы атрымлівалі прыкладна 15 тыс. трактароў, 10 тыс. аўтамабіляў, 5 тыс. збожжаўборачных камбайнаў і інш. сельгасмашын. На гэты час па сутнасці ўсе калгасы і саўгасы былі электрыфікаваны. Усё гэта дазволіла механізаваць значную частку работ у паляводстве і жывёлагадоўлі. Паскорана развівалася хімізацыя. Калі ў 1970 сельскай гаспадарцы пастаўлена 925 тыс.т мінеральных угнаенняў, то ў 1985—1867 тыс.т. У развіцці сельскай гаспадаркі ўсё большую значнасць набывалі прамысловасць, інш. галіны, што абслугоўвалі і былі звязаны з ёю. У рэспубліцы быў створаны аграпрамысл. комплекс (АПК). Ён павінен быў звязаць у адзін вузел, у адну тэхнал. лінію як сельскую гаспадарку, так і адпаведныя галіны прамысловасці, транспарту, гандлю і накіраваць іх на дасягненне агульнай мэты — вытворчасць прадуктаў харчавання і інш. прадметаў спажывання. Аднак з-за ведамаснай раз’яднанасці і пераваг у нар. гаспадарцы ведамасных інтарэсаў так і не адбылося аб’яднання ў адзіны арганізм сельскай гаспадаркі і абслуговых яе структур, што адмоўна адбілася на павышэнні эфектыўнасці с.-г. вытворчасці. Нягледзячы на гэта, колькасныя паказчыкі развіцця сельскай гаспадаркі павялічваліся. У 1980 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі перавысіла ўзровень 1960 амаль у 1,5 раза, прадукцыйнасць працы вырасла ў 2,5 раза; амаль у 2 разы павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у 1,4 — свіней, больш чым у 2 разы — птушкі і г.д. Аднак дасягнуты ўзровень вытворчасці с.-г. прадукцыі не задавальняў попыт насельніцтва ў прадуктах харчавання. Найперш таму, што нязначным было павелічэнне прадукцыі сельскай гаспадаркі ў разліку на душу насельніцтва. Тэмпы росту прадукцыі сельскай гаспадаркі ні ў якое параўнанне не ішлі з тэмпамі развіцця прамысловасці і не адпавядалі патрэбам рэспублікі. Таму на пач. 1980-х г. харчовае забеспячэнне рэспублікі пагоршылася. Сельская гаспадарка апынулася ў перадкрызісным стане.
У 1-й пал. 1980-х г. стала відавочнай неабходнасць карэннай перабудовы с.-г. вытворчасці, якая ўжо не задавальняла ўзрастаючыя патрэбы ў прадуктах харчавання. Ураджайнасць збожжавых у Беларусі на працягу 1971—85 заставалася на адным узроўні (21 ц/га), а значыць пагаршалася забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання. Становішча ўскладнялася вялікімі стратамі ўжо вырабленай сельгаспрадукцыі ў час яе транспарціроўкі, перапрацоўкі і захоўвання. Але гал. прычыны, якія патрабавалі кардынальнай эканам. рэформы, былі ў тым, што сельская гаспадарка развівалася як сыравінны прыдатак горада, працягвалася ўшчамленне эканам. інтарэсаў сялянства, адлучэнне яго ад зямлі і вынікаў працы. Усё гэта ўзмацняла безгаспадарчасць на аснове росту апатыі і абыякавасці да вынікаў працы ў асн. масы работнікаў, што зводзіла на нішто затраты дзяржавы і грамадства на развіццё сельскай гаспадаркі.
Грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё. З сярэдзіны 1950-х г. пачаўся новы этап развіцця сав. грамадства, які быў складаны і супярэчлівы. 5.3.1953 памёр І.В.Сталін. Сумеснае пасяджэнне ЦККПСС, Савета Міністраў і Прэзідыума Вярх. Савета СССР 6.3.1953 зацвердзіла на пасадзе Старшыні Савета Міністраў краіны Г.М.Малянкова; сакратарыят ЦК, апарат ЦККПСС узначаліў М.С.Хрушчоў. Але гэтыя прызначэнні не задавальнялі 1-га нам. Старшыні Савета Міністраў Л.П.Берыю, які дамагаўся ажыццяўлення кантролю над партыяй, рыхтаваўся да захопу ўлады. Каб апярэдзіць сваіх канкурэнтаў, ён нават выступаў за «неабходнасць дэмакратызацыі жыцця, аднаўленне ленінскіх прынцыпаў нацыянальнай палітыкі, аб’яднанне Германіі» і інш. У чэрв. 1953 Берыя зрабіў спробу змясціць з пасады 1-га сакратара ЦККПБ М.С.Патолічава. Аднак на пленуме ЦККПБ (25—27.6.1953) бел. камуністы не далі згоды на такую кадравую змену. Па ініцыятыве Хрушчова 26.6.1953 у час пасяджэння Прэзідыума ЦККПСС Берыя быў арыштаваны. 2—7.7.1953 пленум ЦК разгледзеў пытанне аб «злачынных антыпартыйных і антыдзяржаўных» дзеяннях Берыі. Ён быў выключаны з партыі, зняты з усіх пасад і паводле прыгавору суда расстраляны ў снеж. 1953.
Пасля смерці Сталіна пачаўся некаторы паварот да калектыўнага вырашэння парт., дзярж. і нар.-гасп. пытанняў. У вер. 1953 1-м сакратаром ЦККПСС абраны Хрушчоў. Адносная дэмакратызацыя назіралася ў дзейнасці кампартыі і дзярж. органаў Беларусі, прымаліся меры па ўмацаванні законнасці і правапарадку. Гэтаму садзейнічала скасаванне ў вер. 1953 Асобай нарады пры МУССССР, якая фактычна без суда выносіла ў масавым парадку такія пакаранні, як высылка, зняволенне, расстрэл. Былі скасаваны вайсковыя пракуратуры і трыбуналы войск МДБ.
Аднаўляўся парадак, паводле якога грамадзяне пазбаўляліся волі толькі ў адпаведнасці з прыгаворам суда. У сувязі з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб амністыі» (27.3.1953) разам з крымінальнымі элементамі пачалася кампанія па вызваленні вязняў, асуджаных па паліт. матывах тэрмінам да 5 гадоў. Іх працаўладкаваннем займаліся мясц.парт. і сав. органы.
Новым крокам у спробах дэмакратызацыі грамадска-паліт. жыцця з’явіўся XX з’езд КПСС (14—25.2.1956). Разам з разглядам пытанняў, скіраваных на паляпшэнне спраў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры, навуцы, з пашырэннем дэмакратыі, абгрунтаваннем прынцыпаў мірнага суіснавання дзяржаў з розным грамадска-паліт. ладам з’езд вымушаны быў звярнуць увагу на нечуваныя парушэнні законнасці ў гады сталінскага праўлення. У канцы работы з’езда на яго закрытым пасяджэнні дэлегаты заслухалі даклад «Аб кульце асобы і яго выніках», з якім выступіў Хрушчоў. Гэта прамова стала для іх вялікай нечаканасцю. 1 хоць даклад не быў апублікаваны да пач. 1990-х г., яго агульная скіраванасць паступова стала вядома грамадству. Тым больш што 30.6.1956 ЦККПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў», у якой была зроблена спроба выявіць прычыны гэтай заганнай з’явы, паказаны яе сутнасць і наступствы. Хаця гэта рабілася на ўзроўні таго часу, сам факт вынясення пытання на парт. форум, а потым прыняцце ЦК адпаведнай пастановы мелі надзвычай вялікае значэнне для паляпшэння грамадска-паліт. сітуацыі ў краіне.
Пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. На працягу 1956—62 у БССР было рэабілітавана больш за 29 тыс.чал., а ў парт. парадку — каля 200. I хоць гэта з’яўлялася зусім нязначнай часткай ад шматлікай колькасці неабгрунтавана асуджаных і бязвінна закатаваных людзей, для далейшага грамадска-паліт. развіцця такі зрух быў вельмі важным. Але нават спроба крыху прыўзняць заслону патаемнасці над паліт. рэпрэсіямі сустрэла моцнае супрацьдзеянне ў вышэйшых эшалонах улады. У чэрв. 1957 на пасяджэнні Прэзідыума ЦККПСС, якое працягвалася 3 дні, была зроблена спроба зняць з пасады Хрушчова за тое, што ён нібыта вельмі далёка зайшоў у справе крытыкі культу асобы, чым нанёс моцны ўрон прэстыжу камуніст. партыі і СССР як у вачах сав. народа, так і сусв. супольнасці. Аднак. гэта спроба правалілася, і чэрвеньскі пленум ЦККПСС пацвердзіў курс XX з’езда партыі, асудзіў дзеянні антыпарт. групы Малянкова, Молатава, Кагановіча і Шапілава, які прымкнуў да іх. Адметнасцю першай паліт. «адлігі» з’яўлялася тое, што гэтыя дзеячы не былі рэпрэсіраваны. Адначасова зроблены крокі па дэмакратызацыі партыі. Наладжана рэгулярнае скліканне парт. з’ездаў і пленумаў ЦККПСС і саюзных рэспублік. Стала шырока практыкавацца абмеркаванне парт. і дзярж. дакументаў у друку і на сходах працоўных калектываў. Па найважнейшых пытаннях развіцця розных галін нар. гаспадаркі пачалі склікацца нарады з залучэннем шырокага кола спецыялістаў.
У дзейнасці Кампартыі Беларусі, Саветаў, прафсаюзаў, камсамола паглыблялася калегіяльнасць і рабіліся пэўныя захады па пашырэнні ўдзелу насельніцтва ў іх рабоце. У 1957—58 Вярх. Савета БССР зацвердзіў палажэнне аб сельскіх, пасялковых, раённых, гар. Саветах дэпутатаў, скіраванае на паляпшэнне дзейнасці Саветаў у эканоміцы і грамадска-паліт. жыцці. У выніку Саветы атрымалі больш шырокія правы. Але істотных змен у іх дзейнасці не адбылося, яны па-ранейшаму рэальнай уладай не валодалі. Пашыраліся гасп. правы саюзных рэспублік шляхам перадачы ім пытанняў, якія раней вырашаліся ў саюзным цэнтры. Толькі ў 1956 у распараджэнне ўрада БССР перададзена 356 прадпрыемстваў, а ў 1957 — больш за 500. 11.3.1957 Вярх. СаветСССР прыняў закон, паводле якога рэспублікі самі маглі вырашаць пытанні абл. і краявога адм.-тэр. будаўніцтва. Пашыраліся заканадаўчыя правы саюзных рэспублік. У іх кампетэнцыю ўвайшло прыняцце грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў. У 1962 праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў Кампартыі Беларусі. Яны падзяляліся на прамысл. і сельскія. Былі створаны Прэзідыум ЦККПБ, Бюро ЦК па кіраўніцтве прамысловасцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, а таксама адзіны кантрольны орган — К-тпарт.-дзярж. кантролю ЦККПБ і Савета Міністраў БССР. Сельскія райкомы партыі былі скасаваны, а замест іх утвораны парт. к-ты калгасна-саўгасных упраўленняў. Аднак такая структура не апраўдала сябе і ў 1964 была ліквідавана.
Адм.-камандная сістэма, нягледзячы на некаторыя змены, заставалася непахіснай. Але яна не магла функцыянаваць без штодзённых рэгулярных мабілізацый сваіх грамадзян для дасягнення розных мэт. Вось чаму на XXII з’ездзе КПСС (17—31.10.1961) была прынята новая парт. праграма, якая паставіла мэту за 20 гадоў пабудаваць камуніст. грамадства і «забяспечыць самы высокі жыццёвы ўзровень у параўнанні з любой іншай краінай капіталізму». Пастаноўка непрадуманых, ілюзорных, навукова не абгрунтаваных задач прыводзіла да расчаравання ў грамадстве. Нарастанне цяжкасцей у развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі, бясконцыя перабудовы, непрадуманыя рэарганізацыі і, як вынік, — абвастрэнне сац. напружанасці ў сав. грамадстве сталі гал. прычынамі змены паліт. кіраўніцтва СССР. У кастр. 1964 на пленуме ЦККПСС Хрушчоў быў вызвалены ад займаемых пасад. 1-м сакратаром ЦККПСС абраны Л.І.Брэжнеў, Старшынёй Савета Міністраў СССР назначаны А.М.Касыгін.
Аднак змена кіраўніцтва не прынесла істотных вынікаў. Універсальным сродкам вырашэння ўсіх сац.-эканам. праблем абвешчана павышэнне кіруючай ролі партыі. XXIV з’езд КПСС (30.3—9.4.1971) унёс у статут палажэнне аб праве кантролю парт. арг-цыямі дзейнасці адміністрацыі. Парт. органы дубліравалі органы гасп. кіраўніцтва. Вянчала гэту палітыку замацаванне ў арт. 6 Канстытуцыі СССР (1977) палажэння аб кіруючай ролі партыі ў грамадстве. У 1978 прынята Канстытуцыя Беларускай ССР, якая была пабудавана ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР. Абвешчаны курс на стабільнасць набываў рысы палітыкі стагнацыі. У паліт. лексікон тых часоў увайшло паняцце «развіты сацыялізм», афіц. выснову аб якім зрабіў Брэжнеў у юбілейным дакладзе да 50-годдзя Кастр. рэвалюцыі (1967) і вызначэнне якому дадзена ў Канстытуцыі СССР (1977). Новая канцэпцыя павінна была вырашыць супярэчнасці паміж дэкларацыяй аб блізкай перамозе камунізму і нерэалізаваным яго ўвасабленнем у жыццё. У грамадстве складваўся кантраст паміж лозунгамі і рэальнымі справамі.
У пач. 1980-х г. крызісныя з’явы набылі канкрэтныя рысы. Гал. іх прычына заключалася ў абвастрэнні супярэчнасцей «дзяржаўнага сацыялізму», найперш паміж сав. бюракратыяй і працоўным народам. Узнік своеасаблівы механізм тармажэння, які ўяўляў сабой сукупнасць антыдэмакр. уладкаванняў і застылых эканам. адносін, пры якіх не ўлічваліся інтарэсы канкрэтнага вытворцы — чалавека працы. Праблема заключалася яшчэ і ў тым, што кіраўніцтва вялікай шматнац. краіны не здолела аб’ектыўна ацаніць узніклыя праблемы і своечасова прымаць адпаведныя захады.
4-ы пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР (1945—50) прадугледжваў шэраг сац. мерапрыемстваў па разгортванні тавараабароту, павышэнні расходаў на жыллёвае і культ.-быт. абслугоўванне насельніцтва, павелічэнні заработнай платы і інш. Аднак рэалізацыя гэтых задач стрымлівалася шматлікімі складанасцямі. У першыя пасляваен. гады матэрыяльнае становішча насельніцтва Беларусі было цяжкім. На аднаўленне нар. гаспадаркі ішла большая частка сродкаў, фонд тавараў нар. спажывання значна скараціўся. З 1946 урад краіны праводзіў палітыку збліжэння цэн на тавары, якія прадаваліся па картках (пайкавыя цэны) і праз камерцыйны гандаль, шляхам павышэння першых і зніжэння другіх. У снеж. 1947 у краіне адменена картачная сістэма на харчовыя і прамысл. тавары і ажыццёўлены пераход да продажу іх у парадку гандлю без картак па адзіных дзярж. цэнах. Разам з адменай картачнай сістэмы праведзена грашовая рэформа. Замена старых грошай на новыя праводзілася ў разліку 10 руб. старых на 1 руб. новых.
Характэрнай рысай першых пасляваен. гадоў было тое, што павышэнне рэальных даходаў насельніцтва ажыццяўлялася як за кошт павышэння зарплаты рабочых і служачых, так і шляхам пэўнага зніжэння цэн. У 1950 фонд заработнай платы ў нар. гаспадарцы рэспублікі ў 2,5 раза перавысіў яго ў 1945, а ў параўнанні з 1940 заработная плата рабочых і служачых у гэты час была павялічана амаль у 2 разы. У выніку трох паслядоўных паніжэнняў цэн у сак. 1950 яны сталі на 43% ніжэйшыя за сярэдні ўзровень цэн 4-га квартала 1947. Разам з тым узровень рэальнай заработнай платы так і не дасягнуў даваен. ўзроўню. Гэта тлумачылася тым, што, нягледзячы на неаднаразовыя паніжэнні цэн у 2-й пал. 1940-х г., яны па-ранейшаму былі значна вышэйшыя за даваенныя. Да таго ж у тыя гады адбыўся рост падаткаў, якія збіраліся непасрэдна з зарплаты. Яшчэ ў гады вайны былі ўведзены падаткі на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян. Цяжарам на плечы людзей клаліся штогадовыя дзярж. пазыкі, якія праводзіліся пад націскам парт. і адм. органаў. Так званая падпіска на аблігацыі вызначалася на суму, не меншую за месячны аклад работніка ў год. І без таго невялікая заработная плата яшчэ памяншалася, а пры ўзроўні існуючых цэн не забяспечвала неабходных сродкаў для сапраўднага матэрыяльнага дастатку. Больш цяжкім было жыццё вясковага насельніцтва. Аднаўленне сельскай гаспадаркі Беларусі некалькі палепшыла матэрыяльнае становішча сялянства. Але ў сярэднім на адзін працадзень выдавалася збожжавых і інш. прадуктаў яшчэ менш, чым да вайны. Да таго ж асабістая гаспадарка селяніна знаходзілася пад магутным падатковым прэсам. На ўсё, што ён меў на сваім падворку, накладаўся такі вялікі падатак, што трымаць жывёлу, вырошчваць садавіну і агародніну было нявыгадна.
У пасляваен. гады ў рэспубліцы ў значных памерах ажыццяўлялася жыллёвае будаўніцтва. У выніку ням.-фаш. акупацыі жыллёва-камунальны фонд гарадоў Беларусі быў знішчаны на 80—90%. Найб. інтэнсіўна будаўніцтва вялося ў буйных гарадах рэспублікі, дзе адноўлены разбураныя і ўведзена нямала новых шматпавярховых дамоў. Аднак жыллёвы фонд за гады 4-й пяцігодкі ўдалося аднавіць толькі на 74,5% і патрэбы насельніцтва ў жыллі яшчэ далёка не былі забяспечаны. Цяжкасць сац. праблем была абумоўлена і тым, што на першы план ставіліся задачы прамысловасці. Сац. праблемы адсоўваліся на задні план. На іх вырашэнне вылучаліся толькі тыя рэсурсы, якія заставаліся пасля вытв. затрат. На жаль, такі тэхн. склад думак кіруючых органаў захаваўся да канца 20 ст.
Тым не менш, 1950—60-я г. былі адметныя павышэннем матэрыяльнага і культ. ўзроўню жыцця бел. народа і значнымі тэмпамі развіцця сац. сферы. Пэўныя змены адбыліся ў падатковай сферы. Сістэматычна змяншаліся падаткі з рабочых і служачых, якія атрымлівалі мінімальную зарплату, і з калгаснікаў; адменены падаткі на халасцякоў і маласямейных, уведзеныя ў Вял.Айч. вайну. З 1957 была адменена абавязковая падпіска на дзярж. пазыкі. На працягу 1953—64 зарплата рабочых павялічылася на 44,5%, служачых — на 32,9%. У 1967 у краіне ўведзены 5-дзённы працоўны дзень з двума выхаднымі днямі пры захаванні існаваўшага ўзроўню зарплаты. Рэальнае павышэнне даходаў насельніцтва адбывалася і за кошт грамадскіх фондаў спажывання. З іх дзяржава аплачвала 2/3 расходаў на жыллё, пенсіі, адукацыю, мед. абслугоўванне, утрыманне дзіцячых дашкольных устаноў, бібліятэк, клубаў, дамоў адпачынку, санаторыяў і інш. У 1967 выплаты з гэтых фондаў працоўным Беларусі ў параўнанні з 1958 падвоіліся. Павялічваліся і рэальныя даходы калгаснікаў. Неаднаразова павышаліся стаўкі аплаты працы механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Выраслі і рэальныя даходы пенсіянераў. У 1965 прыняты закон аб пенсіях калгаснікам. 500 тыс. калгаснікаў Беларусі сталі атрымліваць пенсію, у той час як у 1963 яе атрымлівалі толькі 60 тыс.чал. У галіне жыллёва-камунальнага будаўніцтва задача будаваць больш, хутчэй і танней вырашалася за кошт шырокага выкарыстання тыпавых праектаў дамоў з жалезабетону і панэльных блочных канструкцый, укаранення індустрыяльных метадаў будаўніцтва. У выніку тэмпы здачы ў эксплуатацыю жылой плошчы значна выраслі. За 1959—65 пабудавана ў 2,2 раза больш, чым за папярэднія 7 гадоў. Гэта дазволіла палепшыць жыллёвыя ўмовы 2675 тыс.чал. У 1958 на ахову здароўя людзей расходавана сродкаў амаль удвая больш, чым у 1950.
Экстэнсіўны характар развіцця сав. эканомікі ў 1970—80-я г., нарастанне эканам. цяжкасцей, далейшая канцэнтрацыя сродкаў у цяжкай і ваен. прамысловасці абмяжоўвалі магчымасці вырашэння сац. задач. У 1970-я г. ў вытв. галінах нар. гаспадаркі ўстаноўлены новыя стаўкі і аклады. У выніку заработная плата рабочых і служачых Беларусі павысілася на 63% і склала 173 руб. за месяц (па СССР — 190 руб.), аплата працы калгаснікаў — больш чым у 2,7 раза і склала 154 руб. (па СССР — 153 руб.). У 1970-я г. ўведзены дадатковыя льготы інвалідам Вял.Айч. вайны і сем’ям ваеннаслужачых, што загінулі; устаноўлена 100-працэнтная аплата па цяжарнасці і родах працуючым жанчынам незалежна ад іх працоўнага стажу; павялічана колькасць аплачваемых дзён па доглядзе за хворым дзіцем; павялічана дапамога інвалідам з маленства I і II групы, палепшаны матэрыяльна-быт. ўмовы ўдзельнікаў Вял.Айч. вайны і інш. Аднак рост агульных намінальных даходаў не адлюстроўваў сапраўднае становішча спраў, бо рэальная (фактычная) зарплата не павышалася, а зніжалася. Памяншалася і доля фонду зарплаты ў нац. даходзе. Так, у 1985 доля фонду зарплаты ў нац. даходзе СССР, які быў створаны ў прамысловасці, склала толькі 36,5%, у той час як у ЗША — 64%, а ў краінах Зах. Еўропы — 60—80%.
Разам з тым на мяжы 1980-х г. у эканоміцы актыўна выявіліся інфляцыйныя тэндэнцыі. На працягу 10-й (1976—80) і 11-й (1981—85) пяцігодак істотна павышаны рознічныя цэны не толькі на прэстыжныя тавары (ювелірныя вырабы, хрусталь, дываны і інш.), але і на многія тавары масавага попыту (мэбля, некаторыя швейныя вырабы, шарсцяныя хусткі, бензін, буд. матэрыялы, многія гасп. тавары, кандытарскія вырабы і інш.). Акрамя таго, павялічыліся тарыфы на паслугі сувязі, быт. і інш. камунальныя паслугі. Нягледзячы на павышэнне цэн на шэраг тавараў і паслуг, у канцы 1970 — пач. 1980-х г. узрос агульны дэфіцыт прадметаў спажывання. Павелічэнне грашовых даходаў ва ўмовах зніжэння тэмпаў эканам. развіцця прывяло да павелічэння грашовай масы, рост якой стаў апярэджваць вытворчасць тавараў. Гэтаму садзейнічала падцягванне акладаў нізкааплатных слаёў насельніцтва да акладаў сярэднеаплатных. Нарастала незбалансаванасць рынку. А па ўзроўні спажывання СССР у 1985 займаў 77-е месца ў свеце. Вострай заставалася жыллёвая праблема. Тэмпы ўводу жылля ў карыстанне зніжаліся. У выніку на пач. 1989 амаль 30% сем’яў і адзінокіх грамадзян чакалі вырашэння кватэрнага пытання. З-за недахопу кватэр на многіх прадпрыемствах не хапала рабочых, захоўвалася высокая цякучасць кадраў, вытв. магутнасці прадпрыемстваў поўнасцю не выкарыстоўваліся. Не адпавядала сучаснаму стану ахова здароўя. Устарэла яе матэрыяльна-тэхн. база. З 1970 пачала расці дзіцячая смяротнасць. Да пач. 1980-х г.сав. грамадства апынулася на 35-м месцы ў свеце па працягласці жыцця. Амаль 50 краін мелі больш нізкую дзіцячую смяротнасць.
Вялікай трагедыяй у жыцці бел. народа стала аварыя на Чарнобыльскай АЭС (крас. 1986). Пад уздзеянне радыяцыі на Беларусі трапілі 54 раёны? Эканоміка рэспублікі панесла велізарныя матэрыяльныя страты: з абароту выведзена больш за 20% с.-г. угоддзяў, амаль 15% лясоў. Агульныя выдаткі склалі больш за 100 млрд.руб., або 16 нац. гадавых бюджэтаў Беларусі. Ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы стала надзённай праблемай для Беларусі. Вярх. СаветБССР прыняў шэраг законаў па сац. падтрымцы людзей, што пацярпелі ад аварыі. У ходзе іх выканання толькі ў 1991 было асвоена капіталаўкладанняў на 500 млн.руб. больш, чым за папярэднія 4 гады.
У канцы 1980-х матэрыяльнае становішча народа пачало яшчэ больш пагаршацца, эканам. крызіс ахапіў сац. сферу, абвастрыўся дэфіцыт прадуктаў і спажывецкіх тавараў. Гэта садзейнічала ўзнікненню сац. напружанасці ў грамадстве.
Адукацыя, навука. Распачатая ў 1959 школьная рэформа прадугледжвала ўвядзенне ўсеаг. 8-гадовага навучання, рэарганізацыю 10-класных сярэдніх школ у 11-класныя працоўныя політэхн.навуч. ўстановы з абавязковай прафесійнай падрыхтоўкай вучняў. Пашыралася сетка завочнага і вячэрняга навучання. Узяты курс на масавае стварэнне школ-інтэрнатаў (у 1970 іх было 115). У той жа час у айч. сістэме асветы вывучэнне бел. мовы пераведзена на добраахвотную аснову. У сярэдзіне 1960-х г. школьная рэформа адкарэкціравана — вырашана вярнуцца да 10-гадовага тэрміну навучання. Неабавязковым стала і вытв. навучанне — у далейшым яно ажыццяўлялася ў вучэбна-вытв. камбінатах (да 1981 іх адкрыта 191). Паступова скарачалася колькасць 3-класных пач. школ. Да 1980 у рэспубліцы дасягнута ўсеаг. сярэдняя адукацыя ў дзённых агульнаадук. і спецыялізаваных школах. Колькасць сярэднеспецыяльных тэхнікумаў і вучылішчаў пры гэтым вырасла за 1960—85 са 102 да 139. У 1978/79 навуч.г. ў Беларусі працавала каля 7,7 тыс. школ усіх тыпаў (больш за 1,7 млн. навучэнцаў), 23,1% з іх мелі бел. мову выкладання (пераважна ў сельскай мясцовасці).
З улікам далейшага развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі адбывалася эвалюцыя вышэйшай школы. За 1960—85 колькасць ВНУ у рэспубліцы вырасла з 24 да 33. Адметнымі падзеямі сталі арганізацыя новых універсітэтаў у Гомелі (1969) і Гродне (1977), адкрыццё ў Мінску радыётэхнічнага (1964) і культуры (1975) ін-таў, у Брэсце — інж.-будаўнічага ін-та (1966), у Віцебску — тэхнал. ін-та лёгкай прамысловасці (1965), у Магілёве — машынабудаўнічага (1961) і тэхнал. (1973) ін-таў, у Наваполацку — політэхн. ін-та (1974). Колькасць студэнтаў у ВНУ на канец 1970-х г. дасягнула 171 тыс. чал.
Цэнтрам айч. вышэйшай адукацыі заставаўся Мінск, дзе працавала 17 ВНУ (100 тыс. студэнтаў). Разам з тым хуткі колькасны рост ВНУ абвастрыў праблему падрыхтоўкі выкладчыцкіх кадраў — нават у Мінску ступені дактароў навук мелі каля 3% выкладчыкаў, а кандыдатаў навук — 34%.
Новая хваля НТР патрабавала навуковых даследаванняў і абумовіла нарастаючую ролю навукі. За 1956—85 колькасць навук. устаноў у Беларусі павялічылася з 76 да 167. Да таго ж на прамысл. аб’ектах дзейнічала больш за 1 тыс. праектна-тэхнал. арг-цый і канструктарскіх бюро. Апрача фундаментальных даследаванняў, што вяліся ў ВНУ, у 1970-я г. пры іх дзейнічалі 12 н.-д. сектараў, 12 праблемных і 20 галіновых лабараторый, шэраг НДІ (пры БДУ і Бел.політэхн. ін-це). Вядучую ролю ў навук. даследаваннях па-ранейшаму адыгрываў Мінск, дзе працавала больш за 40 НДІ. Акрамя Акадэміі навук буйныя даследчыя цэнтры былі створаны пры Дзяржплане БССР, мін-вах сельскай гаспадаркі, аховы здароўя. Для каардынацыі дзейнасці навук. устаноў у с.-г. галіне ў 1971 у Мінску арганізавана Зах. аддзяленне Усесаюзнай акадэміі с.-г.навук. У 1960-я г. пры Ін-це ядзернай энергетыкі пабудаваны першы ў рэспубліцы атамны рэактар (пад Мінскам). З Расіі ў Беларусь на працу запрошаны вядучыя вучоныя: фізікі М.А.Ельяшэвіч, Б.І.Сцяпанаў; матэматыкі М.П.Яругін, А.К.Красін, А.В.Лыкаў. Сусв. вядомасць атрымалі даследаванні айч. навукоўцаў А.А.Ахрэма, М.А.Барысевіча, Я.Р.Канавалава, М.Я.Мацапуры, У.П.Платонава, А.Н.Сеўчанкі, Ф.І.Фёдарава, Б.Л.Шапашніка і інш. У 1985 на Беларусі працавала 1011 дактароў навук і 13,1 тыс. кандыдатаў навук. На працягу 1956—85 бел. вучоныя атрымалі 26 Дзярж. прэмій СССР і 57 Дзярж. прэмій Беларусі.
Літ.:
Сельское хозяйство СССР: Стат. сб. М., 1971;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1977;
Белорусская Советская Социалистическая Республика. Мн., 1978;
Гиоргиадзе З.И., Геращенко Л.Ф. Белоруссия за десять пятилеток. Мн., 1982;
Короткевич А.Т. Наука в Белоруссии на современном этапе. Мн., 1986;
Матэрыялы XXX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1986;
Народное хозяйство Белорусской ССР: Стат. ежегодник. Мн., 1987;
На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. М., 1990;
Грыгор’ева В.В., Марчанка І.Я. Сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР (сярэдзіна 50-х — сярэдзіна 80-х гг.) // Актуальныя пытанні гісторыі БССРМн., 1991;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1999;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. веска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб Зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999;
БССР в цифрах, 1986 г.Мн., 1987;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии Мн., 2001;
Нонканфармізм у Беларусі: 1953—1985: Давед.Т. 1. Мн., 2004.
І.І.Гвардзееў (прамысловасць, транспарт, сувязь, сельская гаспадарка), У.Я.Казлякоў (грамадска-палітычнае і сацыяльнае развіццё), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. 13—18 ст.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 13—1-й пал. 16 ст. Да сярэдзіны 13 ст. ў Панямонні ўтварылася новая дзяржава са сталіцай у Новагародку (Навагрудку) — Вялікае княства Літоўскае і Рускае (з сярэдзіны 15 ст. — і Жамойцкае). Па запрашэнні мясцовага баярства тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У склад гэтай дзяржавы ўвайшлі бел. землі Панямоння (асноўнае ядро — Наваградскае княства), землі па верхнім цячэнні Віліі і бліжэйшыя землі Аўкштайціі. Па паліт. матывах, каб спыніць вайну з Лівонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, Міндоўг прыняў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду і 6.7.1253 у Новагародку каранаваны каралеўскай каронай ад імя папы рымскага біскупам хелмінскім Генрыкам. Аднак у 1260 ён вярнуўся ў язычніцтва. Наступныя ўладары дзяржавы насілі тытул вял. князя. У 2-й пал. 13—1-й пал. 14 ст. ішоў працэс мірнага аб’яднання бел. і літ. зямель (без Жамойці) шляхам пагадненняў вял. князя з мясц. князямі і баярамі ў адзіную феад. дзяржаву «рускіх» (беларусаў) і літоўцаў паводле прынцыпу «мы старыны не рухаем і навіны не ўводзім». Тэр.ВКЛ значна пашырылася ў перыяд панавання вял.кн.Гедзіміна [1316—41], які называў сябе ў граматах вял. князем «літоўцаў і рускіх». У 1320 у склад ВКЛ увайшла Віцебская зямля, у 1220—30-я г. — Берасцейская зямля, Менскае княства і Турава-Пінская зямля. Сталіцай дзяржавы з 1323 стала Вільня. У час панавання Альгерда [1345—77] у склад ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская і Падольская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. На захадзе барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд намагаўся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі б. Кіеўскай Русі і праводзіў актыўную палітыку на ўсходзе. У 13—14 ст. сыны і браты вял. князя атрымлівалі ў сваё кіраванне ўдзелы, і дзяржава ўяўляла сабой федэрацыю зямель, а мясц. князі знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вял. князя. Аднак паступова ўлада гаспадара (вял. князя) умацавалася ў цэнтр. раёнах дзяржавы, а аўтаномныя княствы і землі засталіся на перыферыі.
Пасля смерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж яго сынам Кейстутам і братам Ягайлам; апошні стаў вял. князем [1377—92], Гэта скарысталі крыжакі, каб распаліць у ВКЛ міжусобную вайну, якая скончылася перамогай Ягайлы. З мэтай процідзеяння знешняй небяспецы з боку Тэўтонскага ордэна, што пагражала не толькі ВКЛ, але і Польшчы, і для ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў з Польшчай Крэўскую унію 1385, паводле якой ён перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём; ён абяцаў правесці хрышчэнне язычнікаў-літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. У 1387 створана Віленскае біскупства і пачалося хрышчэнне літоўцаў. Касцёлы пачалі будаваць і на бел. землях. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем [1392—1430]; ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай, а Ягайла захоўваў намінальны тытул вярхоўнага князя ВКЛ. У канцы 14 ст.вял. князь Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. ўдзельныя княствы (Пінскае, Гарадзецкае, Клецкае і інш.) захаваліся да 1520-х г. Слуцкае княства як удзел існавала да пач. 17 ст., потым захавала пэўныя формы ўдзельнага княства да 1791.
Нямецкая агрэсія на землі ВКЛ была спынена з разгромам войска Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410. Паліт. саюз Польшчы і ВКЛ замацавала Гарадзельская унія 1413, якой уведзены прывілеяваныя правы для баяр-католікаў. Пасля смерці Вітаўта вял. князем выбраны на сойме (з’ездзе) баяр малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт з-за Валыні. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты з велікакняжацкага пасада ў вер. 1432 і ўцёк у Полацк. Вялікім князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40], прыхільнік саюзу з Польшчай. Пачалася феад. вайна 1432—39. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна звязаныя з ёю прынёманскія воласці, Берасцейская і Менская землі, Падляшша. Свідрыгайлу падтрымалі Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле. Вайна суправаджалася знішчэннем гарадоў і сёл, рабаваннем насельніцтва. Так, у 1433 Свідрыгайла ў час паходу загадаў спаліць Заслаўе і Менск, а Жыгімонт знішчаў гарады ва ўсх. Беларусі. Жыгімонт Кейстутавіч аднавіў дзярж. унію з Польшчай і выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. Улетку 1436 Полацкая і Віцебская землі перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям іх ранейшыя прывілеі. У канчатковай фазе вайны Свідрыгайла страціў і ўкр. землі і эмігрыраваў. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Супраць Жыгімонта выступіла апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У выніку змовы Жыгімонт 20.3.1440 забіты, вял. князем выбраны малодшы брат польскага караля Уладзіслава III Казімір IV [1440—92]. У 1447 ён выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў ранейшыя натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. З таго часу пачаўся рост уплыву і значэння баяр у жыцці краіны. Пазней Казімір выдаў Судзебнік 1468, у якім змешчаны юрыд. нормы пераважна крымінальнага права. Большую частку свайго жыцця Казімір Ягайлавіч правёў у Польшчы. У ВКЛ у час яго адсутнасці вял. значэнне ў кіраванні дзяржавай набыў вышэйшы кіруючы орган — паны-рада, які складаўся з вышэйшых асоб цэнтр. і мясц. адміністрацыі. У гэты ж час феад. апазіцыя спрабавала зрабіць дзярж. перавароты, выстаўляючы кандыдатамі на велікакняжацкі пасад нашчадкаў старэйшага сына Альгерда Уладзіміра — слуцкіх князёў Алелькавічаў. Апошняя змова апазіцыйных правасл. князёў, сваякоў Казіміра, Міхаіла Алелькавіча, Фёдара Бельскага, а таксама кн. Івана Гальшанскага скончылася няўдачай, бо іх не падтрымалі сярэднія і дробныя феадалы.
Пасля смерці Казіміра вял. князем на сойме абраны яго сын Аляксандр [1492—1506]. Пры яго абранні паны-рада паставілі ўмовы пра абмежаванне велікакняжацкай улады: усе найважнейшыя дзярж. справы — абарона краіны, міжнар. адносіны, выданне законаў, разгляд найважнейшых судовых спраў — вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай паноў. Паны-рада дамагліся ад вял. князя Аляксандра выдання прывілея 1492, у якім былі замацаваныя гэтыя абмежаванні правоў вял. князя. Рэзка нарастаў уплыў вышэйшай групоўкі феад. саслоўя — магнатаў.
З канца 15 ст. пачалася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам (1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37), у выніку якіх Маскоўскае вял. княства паступова пашырала сваю тэрыторыю на захад. У 1494 ВКЛ страціла Вязьму і Казельск, у 1503 — Таропец, Дарагабуж, Бранск, Курск, Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў, у 1514 — Смаленск, у 1537 — Себеж. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары ўчынялі напады на Украіну і Беларусь; асабліва моцныя набегі адбыліся ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506.
Пасля смерці Аляксандра на велікакняжацкі трон выбраны яго малодшы брат Жыгімонт I Стары [1506—48]. Каб захаваць персанальную унію паміж дзвюма дзяржавамі, польская шляхта праз 3 месяцы выбрала Жыгімонта і сваім каралём. У час панавання Жыгімонта адбылася Аршанская бітва 1514, у ходзе якой войска ВКЛ на чале з К.І.Астрожскім (30 тыс.чал.) разграмілі 80-тысячную маскоўскую армію І.А.Чалядніна і М.І.Булгакава-Голіцы (паводле рус. летапісаў). Перамога ў Аршанскай бітве дазволіла стабілізаваць усх. граніцу ВКЛ, аднак Смаленск вернуты не быў. У гэты ж час быў прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529.
Яшчэ пры жыцці Жыгімонта Старога на сойме ў Вільні ў 1529 вял. князем літоўскім быў абраны яго 9-гадовы сын Жыгімонт II Аўгуст. Праз 2 месяцы і польскі сойм выбраў яго польскім каралём. Гэтыя двайныя выбары мелі на мэце стварыць умовы для спадчыннай манархіі ў абедзвюх дзяржавах і забяспечыць умацаванне уніі паміж імі. Далейшым развіццём гэтай палітыкі была перадача ўлады ў ВКЛ Жыгімонту Аўгусту на Берасцейскім сойме ў кастр. 1544. Жыгімонт Стары захаваў тытул вярхоўнага князя, а сын атрымаў усю паўнату ўлады ў ВКЛ на перыяд адсутнасці бацькі. Пры Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 у складзе новых і старых ваяводстваў былі ўтвораны паветы. На павятовых сойміках вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) ад павета на агульнадзярж. сойм, а таксама павятовыя суды — гродскія (замкавыя), земскія і падкаморскія (суддзяў выбірала мясц. шляхта). У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай.
Сацыяльна-эканамічны лад. Асновай сац.-эканам. ладу ВКЛ была сельская гаспадарка. Вярхоўным уласнікам зямлі лічыўся вял. князь (гаспадар), яму належалі гаспадарскія землі (велікакняжацкі дамен), якія ў 16 ст. мелі статус дзяржаўных. Вял. князь раздаваў гаспадарскія землі шляхце і магнатам у часовае трыманне і ва ўласнасць. Большасць прыватных уладанняў знаходзілася ў больш населеных зах. і цэнтр. раёнах Беларусі. Там былі і больш урадлівыя глебы і развітая сетка дарог. Меліся таксама і царкоўныя маёнткі. Пасля перамогі войск Польшчы і ВКЛ пад Грунвальдам, адкрыцця гандлёвых шляхоў па Нёмане і Зах. Дзвіне да Балтыйскага мора, росту попыту на с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. адбыўся значны ўздым сельскай гаспадаркі ў ВКЛ. З сярэдзіны 16 ст. двары (цэнтры для вытворчасці прадукцыі для асабістых патрэб феадалаў і ўтрымання адміністрацыі), што існавалі ў некат. прыватных і царкоўных маёнтках і ў многіх дзярж. уладаннях, ператвараліся ў фальваркі, дзе значная частка прадукцыі была прызначана для гандлю, гал. чынам знешняга. Першай аграрную рэформу ў сваіх маёнтках (Клецкае і Пінскае староствы) правяла ў 1552—55 каралева польская і вял. княгіня літоўская Бона, жонка Жыгімонта Старога. Былі асвоены і заселены новыя землі, уведзены новыя формы землекарыстання сялян і новыя павіннасці з мэтай павелічэння прыбыткаў. Вопыт гэтай рэформы быў выкарыстаны пры правядзенні валочнай памеры і выданні «Уставы на валокі» 1557 у гаспадарскіх маёнтках (рэформа Жыгімонта Аўгуста). У фальварках, якія ствараліся ў дзярж. уладаннях і сял. гаспадарках з надзелам у 1 валоку (21,36 га), зямля падзялялася на 3 роўныя палі. Такім чынам замацоўвалася трохполле з прымусовым севазваротам, ліквідоўваліся цераспалосіца, далёказямелле і стракатасць у памерах сялянскіх надзелаў. Акрамя падворнага надзелу сялянам адводзіліся землі агульнага карыстання: сенажаці, выганы, дубровы і інш. «Устава на валокі» 1557 была накіравана на максімальнае пашырэнне збожжавай гаспадаркі, а там, дзе яна адсутнічала, — на яе арганізацыю. Пад фальваркі адводзіліся лепшыя землі, адабраныя ў сялян. Для апрацоўкі ворнай зямлі да панскіх фальваркаў прымацоўваліся сяляне з разліку на адну фальварачную зямлю «по семи волок оседлых... з волы и с клячами... которые по 2 дни в тыдень служити мають с чим уряд расскажет». Акрамя таго, сяляне абавязаны былі выходзіць на талокі і гвалты згодна з нормамі, прадугледжанымі ўставай. Паводле ўставы сялянскі надзел лічыўся патомным, спадчынным дзяржаннем. Акрамя цяглых сялян, якія адбывалі паншчыну ў фальварках, існавала і вял. катэгорыя асадных (аброчных, чыншавых) сялян. Замест 2-дзённай паншчыны ў тыдзень і 4 цяглых талок у год яны давалі 30 грошаў чыншу і працавалі 12 талок і гвалтаў у год. Асадныя сяляне былі менш залежныя ў сваёй гаспадарчай дзейнасці, чым цяглыя. Невял. група агароднікаў, з былой чэлядзі нявольнай і збяднелых сялян, атрымала надзелы ў 9—15 маргоў ворнай зямлі, за якія працавалі ў двары па 3 дні на тыдзень. Вышэйшай групай сельскага насельніцтва былі сяляне-слугі, якія выконвалі розныя спец. работы і неслі службу за надзелы зямлі па 2 валокі. Найб. прывілеяванай катэгорыяй сялян-слуг былі вайсковыя — панцырныя і путныя баяры, якія выконвалі кур’ерскую службу, а ў час вайны ішлі на службу з поўным узбраеннем за ўласны кошт. Аграрная рэформа ў дзярж. маёнтках Беларусі была праведзена неадначасова. Ва ўсх. Беларусі і на Палессі яе правядзенне расцягнулася да сярэдзіны 17 ст. На працягу 2-й пал. 16 ст. аграрная рэформа праведзена і ў прыватнаўладальніцкіх маёнтках на захадзе і ў цэнтры Беларусі. Такім чынам, фальваркова-паншчынная сістэма гаспадаркі стала асноўнай. У гаспадарскіх маёнтках даходы ад новай сістэмы гаспадарання павялічыліся ў 3 разы.
Гарады, культура, рэлігія. У 15—16 ст. у эканам. і грамадскім жыцці Беларусі вял. ролю адыгрывалі гарады. У 15 ст. станавіліся гандлёвымі і рамеснымі цэнтрамі былыя крэпасці, замкі, некат. гаспадарскія і панскія двары. Яны ўсё болей адыгрывалі ролю і фінансавых асяродкаў. Вярх. ўлада была зацікаўлена ў развіцці гарадоў, бо яны прыносілі ў дзярж. скарб больш грашовых прыбыткаў, чым скарб атрымліваў ад жыхароў сельскай мясцовасці. У 15—16 ст. ствараліся і мястэчкі — невял. паселішчы гар. тыпу, дзе таксама развіваліся гандаль і рамёствы, але ў меншай ступені, чым у гарадах. Гараджане, асабліва ў мястэчках, займаліся і сельскай гаспадаркай. Жыхары гарадоў і мястэчак вылучаліся з навакольнага насельніцтва сваім юрыд. становішчам — яны былі вольнымі людзьмі, мелі правы мяшчан. Мяшчане дамагаліся выхаду з-пад юрысдыкцыі велікакняжацкай адміністрацыі і стварэння сваёй сістэмы самакіравання і суда. Гэта было замацавана ўвядзеннем у большасці гарадоў і мястэчак самакіравання паводле магдэбургскага права. Значная частка гарадоў і мястэчак утварылася ў прыватнаўладальніцкіх латыфундыях і маёнтках. Вышэйшай уладай у такіх гарадах быў уладальнік горада. Значная частка прыватнаўладальніцкіх гарадоў таксама атрымала самакіраванне паводле магдэбургскага права. Нягледзячы на асабістую свабоду, мяшчане знаходзіліся ў сістэме феад. грамадства, феад. дзяржавы, выконвалі дзярж. павіннасці, а ў прыватнаўладальніцкіх гарадах — павіннасці і падаткі на карысць уладальніка горада. Гарадам і мястэчкам перадаваліся ў «вечнае» карыстанне і с.-г. землі. Гарады былі і асяродкамі культуры.
З-за больш высокага ўзроўню эканам. і паліт. фактараў у развіцці бел. зямель у першыя стагоддзі існавання ВКЛ вядучую ролю тут адыгрывала бел. («руская») культура. На рэліг. жыццё і на культуру ў гэты перыяд мела пэўны ўплыў візантыйская культура. З канца 14 ст. разам з увядзеннем каталіцтва ў літ. землях пачынаецца і заходнееўрапейскі ўплыў на развіццё бел. культуры. На бел. мове ў ВКЛ вялося дзярж. справаводства і судаводства, выдаваліся граматы, прывілеі, статуты, пастановы соймаў і паноў-рады, ствараліся летапісы, хронікі і маст. творы. Сярод пісараў велікакняжацкай канцылярыі і павятовых органаў улады і судоў пераважалі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва, што спрыяла развіццю бел. мовы і ў літ. землях; паўсюдна пратаколы гар. рад пісаліся па-беларуску (нават у Жамойці). Пры буйных манастырах дзейнічалі рукапісныя майстэрні (скрыпторыі), цэнтры кніжнай пісьменнасці. Такімі ж асяродкамі пісьменства былі двары магнатаў. Пры манастырах існавалі бібліятэкі. Моладзь з ВКЛ з канца 15 ст. накіроўвалася на вучобу ў Кракаўскі і інш. ун-ты ў Еўропе.
У час агульнага ўздыму культуры ў Зах. Еўропе — Рэнесансу — значны рост попыту ў ведах абумовіў і бел.Адраджэнне 16 ст. Заснавальнікам бел. кнігадрукавання быў выдатны гуманіст і асветнік Ф.Скарына. У 1517—19 ён выдаў у Празе Псалтыр і 22 кнігі Старога запавету Бібліі. У 1522 Скарына заснаваў першую ва Усх. Еўропе друкарню ў Вільні і выдаў «Малую падарожную кніжку», а ў 1525 — «Апостал». Яго традыцыі развіў С.Будны, дзеяч Рэфармацыі, адзін з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, які ў 1560-х г. выдаў на бел. мове першыя навучальныя і палемічныя творы. Дзеячы Рэфармацыі заснавалі друкарні ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні і інш. гарадах, выдалі дзесяткі кніг, у т. л. «Брэсцкую Біблію» (1563).
У гэты час узніклі лацінамоўная паэма Яна Вісліцкага «Пруская вайна» з апісаннем перамогі пад Грунвальдам (1516), паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523). Неўзабаве пасля Аршанскай бітвы 1514 узнікла летапісная «Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму».
У 14—1-й пал. 16 ст.асн. тыпам манументальных збудаванняў на Беларусі былі замкі. Іх размяшчалі на натуральных узвышшах (Навагрудскі замак, Гродзенскі Стары замак). Напачатку замкі былі драўляныя, з 15 ст. драўляныя сцены замяняліся мураванымі. Некат. замкі адразу будавалі мураванымі (Крэўскі замак, Лідскі замак). У 15—16 ст. пашырылася будаўніцтва драўляных і мураваных прыватнаўладальніцкіх замкаў. Найвышэйшым дасягненнем абарончага дойлідства Беларусі стаў Мірскі замак магнатаў Іллінічаў. У выяўленчым мастацтве пераважаў іканапіс, а з 16 ст. пашырыўся партрэтны жанр. У 1520-х г. намалявана першая батальная карціна «Бітва пад Оршай». Развіваліся драўляная разьба і скульптура.
Рэліг. жыццё ў ВКЛ у 13 — сярэдзіне 16 ст. ўскладнілася. Бел. насельніцтва ВКЛ было праваслаўным з пэўнымі традыцыямі. Літоўцы былі язычнікамі да 1387, калі ў раёне Вільні яны былі ахрышчаны паводле каталіцкага абраду; іх хрышчэнне ў Жамойці працягвалася і ў 1-й пал. 15 ст. У 13—14 ст. шмат хто з князёў літ. паходжання прыняў праваслаўе. Правасл. царква на Беларусі захоўвала прывілеяванае становішча да канца 14 ст. Пасля Крэўскай уніі 1385 прывілеяванае становішча ў ВКЛ пачаў займаць каталіцкі касцёл. Паступова каталіцтва пашырала свой уплыў на зах. раёны Беларусі. Аднак і правасл. царква захоўвала свае пазіцыі ў гэтым рэгіёне. Так, імператарскі пасол З.Герберштэйн у 1517 адзначаў, што ў сталіцы ВКЛ Вільні «храмаў рускіх значна больш, чым рымскай канфесіі». На працягу 1387—1550 на тэр. Віленскай дыяцэзіі (біскупства) было заснавана 259 парафій, у т. л. 93 — на бел. землях. Размяшчаліся яны пераважна на захадзе Беларусі, да лініі Браслаў—Паставы—Будслаў—Менск—Нясвіж—Пінск. На ўсход ад гэтай лініі да сярэдзіны 16 ст. існавалі адзінкавыя касцёлы (Полацк, Віцебск, Абольцы, Гайна, Слуцк). Правасл. царква працягвала панаваць у цэнтры і на ўсходзе Беларусі. Ва ўсх. раёнах (Магілёў, Мсціслаў, Орша) касцёлаў увогуле не было да пач. 17 ст. У 1550—60-х г. на Беларусі пачала пашырацца Рэфармацыя, у асноўным кальвінізм.
Лівонская вайна 1558—83. Люблінская унія 1569. Вял. ўплыў на далейшы лёс Беларусі зрабіла Лівонская вайна 1558—83. Рас. цар Іван IV намагаўся далучыць да Расіі Лівонію, атрымаць новых прыгонных сялян і гарады на Балтыйскім моры для гандлю з Еўропай. Паводле дагавора з магістрам ад 31.8.1559 Лівонскі ордэн пераходзіў пад пратэктарат Жыгімонта Аўгуста, да дагавора далучаўся і рыжскі арцыбіскуп. Паколькі пазіцыя Польшчы ў лівонскім пытанні была асцярожнай, ВКЛ уступіла ў вайну з Іванам IV без саюзніка. У 1562 ваенныя дзеянні адбываліся ўжо на тэр. Беларусі. У пач. 1563 цар з гал. сіламі рас. войска асадзіў Полацк. Невял. гарнізон 2 тыдні адбіваў атакі, але вымушаны быў капітуляваць. Далейшыя ваен. дзеянні на Беларусі адбываліся на поўдзень ад Полацка, аднак вял. гарадоў царскаму войску захапіць не ўдалося. 26.1.1564 10-тысячнае (паводле інш. звестак 4-тысячнае) войска вял. гетмана ВКЛ М.Радзівіла Рудога разбіла 30-тысячнае войска князя І.Шуйскага на Чашніцкіх палях на р. Ула. Праз некалькі дзён атрымана перамога каля Оршы. Улетку 1564 войскі Івана IV мелі поспехі ў раёне Мсціслава, Крычава і Магілёва. У адказ войска ВКЛ зрабіла ў 1565 рэйды пад Вялікія Лукі і Смаленск. На заваяванай тэрыторыі паводле загаду Івана IV пабудаваны замкі Усвят, Ула, Сокал, Суша і інш. У 1567 ваен. дзеянні аднавіліся, у ліпені 2-тысячны конны атрад польнага гетмана ВКЛ Р.Ф.Сангушкі разграміў лагер маскоўскіх войск пад Чашнікамі (9 тыс.чал.), у верасні ён разбіў 9-тысячнае маскоўскае войска на маршы, у верасні 1568 штурмам узяў замак Ула, а віцебскія казакі на чале з С.Бірулем спалілі замкі Усвят і Веліж. У адказ рас. войскі спрабавалі ўзяць Віцебск, але толькі спалілі гар. прадмесці. Ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы такую моцную дзяржаву, як Расія. Шляхта, ратуючы сваю краіну і свае маёнткі, на палявым сойме каля Віцебска 13.9.1952 прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую дзярж. унію з Польшчай. Яна намагалася мець агульныя соймы з Польшчай, сумесна з польскай шляхтай выбіраць караля (ён жа вял. князь літоўскі), а галоўнае — карыстацца аднолькавымі правамі і разам змагацца з ворагам. Супраць уніі з Польшчай выступіла асн. частка магнатаў на чале з віленскім ваяводам, канцлерам і маршалкам земскім М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт. пазіцыі і свае грамадскія прывілеі. Пытанне аб уніі разглядалася на соймах Віленскім 1563, Варшаўскім 1563—64, Бельскім 1564, Берасцейскім 1566, на палявым сойме ў Лебедзеве. У час падрыхтоўкі да уніі быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў новы адм.-тэр. падзел дзяржавы, новую сістэму судоў, пашырыў правы шляхты.
1.7.1569 на сумесным сойме ў Любліне асобна дэпутатамі Польскага сойма і сойма ВКЛ быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якога ўрачыста абвяшчалася аб’яднанне на аснове роўнасці Польшчы (Кароны) і ВКЛ (Літвы, або Княства) у федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. На чале дзяржавы быў кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі), якога выбірала пажыццёва шляхта «абодвух народаў». Ствараўся агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм з 2 палат: Сената (магнаты, прадстаўнікі цэнтр. і мясц. адміністрацыі, вярхі каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся па 2 паслы ад кожнага павета. Сойм прымаў асобныя законы для Польшчы і ВКЛ. Абедзве дзяржавы захоўвалі аўтаномію ва ўнутр. справах, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, адм. і судовы апарат, свае законы і мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую, ВКЛ — беларускую (у крыніцах — «рускую»). Асобным актам 3.8.1569 Курляндыя была абвешчана васалам Польшчы і ВКЛ, Ліфляндыя — іх сумесным уладаннем (кандамініумам). У час Люблінскага сойма 1569 шляхта ўкр. ваяводстваў і Падляшскага ваяв. добраахвотна прыняла акты аб далучэнні сваіх ваяводстваў да Польшчы. Калі шляхта Кіеўскага ваяв. вырашала пытанне аб выхадзе са складу ВКЛ і далучэнні да Польшчы, соймік Мазырскага пав. не згадзіўся на гэта і пакінуў павет у складзе ВКЛ, далучыўшы яго да Менскага ваяв. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стваралася больш моцная федэратыўная дзяржава. Адной з гал. прычын паліт. збліжэння ВКЛ і Польшчы была ўсё больш небяспечная для ВКЛ палітыка ўсх. суседа, пастаянны націск з яго боку, серыя войнаў канца 15—16 ст. Усё гэта скіроўвала інтарэсы Польшчы на ўсход, каб абараніць свайго пастаяннага саюзніка. Люблінская унія ўмацоўвала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, узмацніла ўплыў еўрапейскай культуры на бел. землі.
Органы ўлады, гаспадарка і культура ў 2-й пал. 16—18 ст. Вышэйшым органам улады ў Рэчы Паспалітай быў сойм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі), які выбіраўся соймам пажыццёва, лічыўся таксама ў складзе сойма як асобная юрыд. персона. Соймы звычайныя і надзвычайныя склікаліся каралём. Для выбрання новага караля прымас — галава каталіцкай царквы — склікаў соймы: канвакацыйны, на якім вызначаліся час і месца выбараў караля, мяркуемыя кандыдаты на каралеўскі пасад, выпрацоўваліся ўмовы дагавору з кандыдатам; элекцыйны (выбарчы), на якім заключалася пагадненне аб умовах выбрання і праводзіліся выбары; каранацыйны, у час якога кароль каранаваўся і прыносіў прысягу захоўваць права і ўмовы пагаднення. Пры абранні на каралеўскі пасад у 1573 Генрыка Валезы былі прыняты агульнадзярж. акты — Пакта канвента і Генрыкавы артыкулы. Пакта канвента заключаліся паміж шляхтай і новаабраным каралём пры кожным канкрэтным выбары. Генрыкавы артыкулы былі агульнадзярж. актам з 18 пунктаў, якія абмяжоўвалі ўладу караля ўвогуле. Кароль абавязваўся кіраваць дзяржавай без спадчыннага замацавання трона, склікаць кожныя 2 гады сойм, правіць разам з радай з 18 сенатараў, без згоды сойма не абвяшчаць вайну і не заключаць мір, не ўводзіць новых падаткаў і інш. Пры парушэнні каралём гэтых артыкулаў шляхта мела права адмаўляцца ад паслушэнства яму, склікаць канфедэрацыі і са зброяй у руках адстойваць свае правы. 28.1.1573 на канвакацыйным сойме быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыі, паводле якога абвяшчалася рэлігійная талерантнасць у дзяржаве ў адносінах да ўсіх веравызнанняў. З сярэдзіны 17 ст. на соймах уведзена правіла аднагалоснага прыняцця законаў і пастаноў («ліберум вета»), Заява хоць аднаго дэпутата аб яго нязгодзе з праектам закона была ўмовай непрыняцця яго, а сойм распускаўся. Толькі ў час канфедэрацый ці соймаў, якія абвяшчалі сябе канфедэрацыйнымі, законы і пастановы прымаліся большасцю галасоў. У паветах дзейнічалі павятовыя соймікі, на якіх шляхта прымала рашэнні як адносна спраў свайго павета, так і агульнадзяржаўных. Соймік выбіраў па 2 паслы (дэпутаты) на соймы. Аднак шляхце не забаранялася прымаць удзел і ў пасяджэннях сойма. Рашэнні на сойміках спачатку таксама прымаліся аднагалосна, аднак ужо з 1613 па некат. пытаннях прымаліся большасцю галасоў, а ў 18 ст. прымаліся і аднагалосна, і большасцю галасоў. Падчас бескаралеўя і адсутнасці соймаў (гал. чынам з-за іх зрыву) соймікі вырашалі дзярж. пытанні, у т. л. фінансавыя. У 2-й пал. 17—18 ст. усё большае значэнне ў кіраванні вайсковымі і фінансавымі справамі дзяржавы набывалі павятовыя соймікі, якім было перададзена права збіраць некат. падаткі і распараджацца імі, а таксама назначаць новыя падаткі. Соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканадаўчай і судовай улады, давалі сваім дэпутатам на сойм інструкцыі, якіх трэба было прытрымлівацца, а потым даваць справаздачу. Кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт III Ваза, абраны на трон 29.1.1588, каб атрымаць падтрымку магнатаў і шляхты ВКЛ, выдаў у Кракаве прывілей, якім зацвярджаў трэці Статут ВКЛ. Статут 1588 захаваў усе юрыд. нормы, якія падкрэслівалі самастойнасць ВКЛ. У артыкуле 12 забаранялася даваць пасады ў дзяржаве і маёнткі чужаземцам, у т. л. польскай шляхце, якая не мела права атрымліваць зямлю нават у якасці падарунка. Статут ВКЛ быў надрукаваны на бел. мове. Ён меў 14 раздзелаў і 487 артыкулаў, у якіх выкладзены нормы дзярж., грамадзянскага, сямейна-шлюбнага, зямельнага, саслоўнага і крымінальнага права, а таксама судаводства. Дзейнічаў Статут ВКЛ 1588 і пасля таго, як Беларусь і Літва былі ўключаны ў склад Рас. імперыі. Толькі ў 1831 дзейнасць Статута была спынена ў Віцебскай і Магілёўскай губ., указам Мікалая I ад 25.6.1840 ён скасаваны ў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ., Беластоцкай вобл. і губернях Правабярэжнай Украіны.
У 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася Рэфармацыя ў яе розных плынях. Да Рэфармацыі далучыліся магнацкія і шляхецкія сем’і, частка гараджан. Пераважная большасць прыхільнікаў Рэфармацыі належала да кальвіністаў. Узначальвалі Рэфармацыю ў 16 і 17 ст. прадстаўнікі роду Радзівілаў (у 2-й пал. 16 ст. М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, а ў 17 ст. — Я. і Б. Радзівілы). У сувязі з наступам контррэфармацыі ў канцы 16 — пач. 17 ст. большасць магнатаў, шляхты і мяшчан, пакінула рэфармацкія суполкі і перайшла ў каталіцтва (і былыя католікі, і былыя праваслаўныя). У 17—18 ст. прыхільнікі Рэфармацыі складалі нязначную меншасць вернікаў. Рэлігійную сітуацыю на Беларусі рэзка змяніла абвяшчэнне 9.10.1596 Брэсцкай уніі — акта пра арганізацыйнае аб’яднанне на тэр. Рэчы Паспалітай правасл. царквы з каталіцкай. Брэсцкая унія была праведзена на аснове ўзаемных уступак: прызнавалася вяршэнства папы рымскага, у царк. догматах зыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына (каталіцкі догмат), у той жа час захоўваліся ўсе правасл. абрады, богаслужэнне і казанні на царкоўнаслав. (потым на бел.) мове. Унію прыняла значная частка правасл. насельніцтва Беларусі, але ў некат. раёнах яна не замацавалася (Слуцкае княства, наваколле Пінска і Магілёва). Супраціўленне царкоўнай уніі часта прымала актыўныя формы (забойства полацкага архіепіскапа І.Кунцэвіча ў 1623). Рэліг. канфлікты мелі месца і ў інш. гарадах Беларусі. Паступова уніяцкая царква на Беларусі ахапіла сваёй дзейнасцю шырокія масы гар. і асабліва сельскага насельніцтва. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва. Каталіцкая царква займала прывілеяванае становішча.
У сельскай гаспадарцы Беларусі адбыліся значныя змены. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. аграрная рэформа (валочная памера) была праведзена ва ўладаннях магнатаў і шляхты Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў. Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Сяляне паводле павіннасцей падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглых і асадных сялян. У час ваенных дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка Беларусі была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асноўным захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст.сял. гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе свойскай жывёлы. Пашырыўся ўнутраны рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформа А.Тызенгаўза).
Зрухі адбыліся і ў гар. жыцці. Замацавалася сістэма гар. самакіравання паводле магдэбургскага права, цэхавая сістэма, кірмашы і гандл. традыцыі. Гарады і ў пэўнай ступені буйныя мястэчкі выконвалі эканам., адм. і вайсковую функцыі, былі культ. і рэліг. цэнтрамі. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі было 42 гарады і 425 мястэчак. У 18 ст. — 50 гарадоў, з іх 25 прыватнаўладальніцкіх. У час войнаў сярэдзіны 17 і пач. 18 ст. большасць гарадоў і мястэчак разбурана і прыйшла ў заняпад. У 18 ст. гарады і мястэчкі аднаўляліся. Уздым гаспадаркі гарадоў Беларусі прыпадае на 2-ю пал. 18 ст.
Бел. культурнае адраджэнне ў 16 ст. абумоўлена бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, гуманістычным светапоглядам дзеячаў культуры Беларусі. Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармацыйным рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, П.Зізаній, Мамонічы, М.Сматрыцкі, Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. На Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў езуітаў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Развівалася музычнае мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі тэатральныя спектаклі, балі, рэліг. службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўладальніцкіх гарадах існавалі прыдворныя тэатры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя тэатры. Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, вырабы са шкла (Урэцкая і Налібоцкая мануфактуры) і інш.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 16—1-й пал.17 ст. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел. землі амаль цалкам засталіся ў складзе ВКЛ і падзялялі лёс гэтай дзяржавы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 і Люблінскай уніі ў складзе ВКЛ на бел. землях засталіся: Віленскае ваяв. з паветамі Ашмянскім, Браслаўскім, Лідскім і часткай Віленскага; Гродзенскі пав. Троцкага ваяв.; Полацкае ваяв., Навагрудскае ваяв. з паветамі Ваўкавыскім, Слонімскім і Навагрудскім, у склад якога ўваходзіла і Слуцкае княства (у 1791 пераўтворана ў Случарэцкі пав.); Віцебскае ваяв. з Віцебскім і Аршанскім пав.; Брэсцкае ваяв. з Брэсцкім і Пінскім пав.; Мсціслаўскае ваяв.; Мінскае ваяв. з Мінскім, Мазырскім і Рэчыцкім пав. У 1611—67 існавала Смаленскае ваяв. са Смаленскім і Старадубскім пав., але паводле перамір’я 1667 яно адышло да Расіі. (Шляхце, што выехала са Смаленскага ваяв., на бел.-літ. памежжы былі дадзены маёнткі; Смаленскае ваяв. і 2 яго паветы фармальна існавалі на тэр. Віленскага, 2 яго павятовыя соймікі выбіралі ў сойм па 2 дэпутаты.).
Пасля нядоўгага панавання караля польскага і вял. князя літоўскага Генрыка Валезы [1574] новым каралём і вял. князем выбраны князь Трансільваніі Стафан Баторый [1576—86]. Выкарыстаўшы нестабільнасць паліт. становішча ў Рэчы Паспалітай, цар Іван IV пачаў наступленне ў Лівоніі, і яго войскі занялі тэр. ад Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс) да Рыгі. У ліп. 1579 40-тысячнае польскае і бел.-літ. войска Стафана Баторыя разам з венгерскімі і нямецкімі наёмнікамі рушыла да Полацка. Перадавыя бел.-літ. атрады пад камандаваннем вял. гетмана М.Радзівіла Рудога занялі замкі Казяны, Сітна і Краснае; пасля 26-дзённай аблогі 30.8.1579 вызвалены Полацк, 4 вер. ўзята крэпасць Сокал, праз месяц — Суша. У наступную кампанію 1580 войскі Стафана Баторыя занялі Усвят, Веліж, Вялікія Лукі, Невель, Завалочча, Езярышча, Холм і Старую Русу. У 1581 у адказ рас. войскі спустошылі ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава. 26.8.1581 войскі Стафана Баторыя асадзілі Пскоў, але аблога не дала вынікаў. 15.1.1582 Рэч Паспалітая і Расія падпісалі Ям-Запольскае перамір’е на 10 гадоў, паводле якога Расія адмаўлялася ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала ёй заваяваныя гарады на рас. тэрыторыі.
Пасля смерці Стафана Баторыя польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны шведскі каралевіч Жыгімонт Ш Ваза [1587—1632], які імкнуўся атрымаць падтрымку літ.-бел. магнатаў і шляхты. 28.1.1588 ён выдаў прывілей, якім зацвярджаўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці свайго бацькі (1592) Жыгімонт заняў і шведскі трон. У сваёй палітыцы ён намагаўся знішчыць у Рэчы Паспалітай Рэфармацыю і вярнуць былыя пазіцыі каталіцкаму касцёлу пры падтрымцы ордэна езуітаў. У час абвяшчэння Брэсцкай уніі 1596 Жыгімонт падтрымаў іерархію і царкоўны сабор уніяцкай царквы. Як шчыры католік, Жыгімонт усяляк падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі і дапамагаў ажыццяўляць яе, але як палітык і кіраўнік дзяржавы вымушаны быў лічыцца з рэальным становішчам у краіне і за яе межамі, таму ён далучыўся да пастаноў соймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Выступаючы супраць абсалютысцкіх планаў караля-католіка, шведскія дваране-пратэстанты на сойме пазбавілі Жыгімонта трона і каралём Швецыі абвясцілі яго дзядзьку Карла. З-за намаганняў Жыгімонта Вазы вярнуць шведскі трон у 1600 пачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй, якая цягнулася да 1629.
У пач. 17 ст. кароль захапіўся новым планам, прапанаваным групай магнатаў і шляхты, — далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць саюз з царом, якім меў быць каралевіч польскі. З гэтай мэтай кароль разам з магнатамі і шляхтай падтрымалі Лжэдзмітрыя I і Лжэдзмітрыя II, але калі апошняму не ўдалося захапіць Маскву, Жыгімонт пачаў рыхтавацца да вайны. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 польскае і літ. войска, разбіўшы 4.7.1610 каля Клушына рас.-шведскае войска, падышло да Масквы, дзе адбыўся пераварот, і сын Жыгімонта каралевіч Уладзіслаў быў абвешчаны рас. царом. Польскае і літ. войска заняло Маскву. Жыгімонт не адпусціў сына ў Расію, бо схіляўся да дзярж. уніі Рэчы Паспалітай з Расіяй. 22—26.10.1612 другое апалчэнне пад кіраўніцтвам К.Мініна і Дз.Пажарскага вызваліла Маскву, а ў лют. 1613 земскі сабор выбраў на царскі трон Міхаіла Фёдаравіча Раманава. У 1617—18 каралевіч Уладзіслаў, які меў тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі, сам узначаліў паход на Маскву, рас. ваяводы здавалі яму гарады «на імя царскае», але вычарпаныя баявыя рэсурсы і вял. страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адышлі землі Смаленшчыны з гарадамі Смаленск, Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаўль, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Северская Украіна. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул рас. цара, але і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.
Пасля смерці Жыгімонта Вазы польскім каралём і вял.кн. літоўскім выбраны яго сын Уладзіслаў IV Ваза [1632—48]. Яшчэ да абрання караля, выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, рас. цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Рас. войска было акружана польскім і бел.-літ. войскамі, якія ўзначальваў кароль Уладзіслаў, і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я пра пераход Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. Кароль Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад тытула рас. цара і вярнуў крыжацалавальную грамату масквічоў 1610 аб выбранні яго царом.
У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Інкарпарацыя ўкр. ваяводстваў Польшчай стварыла магчымасць для пранікнення на Украіну польскай шляхты і каталіцкага духавенства, што прывяло да запрыгоньвання дзесяткаў і соцень тысяч укр. сялян, узмацнення нац. прыгнёту і рэліг. супярэчнасцей. Няўстойлівая пазіцыя іерархаў правасл. царквы садзейнічала канфрантацыі, асабліва з боку казацтва, якое было абмежавана ў правах і хацела пазбавіцца кантролю з боку польскіх улад. У канцы 16 ст. адбыўся шэраг казацкіх выступленняў і паўстанняў, да якіх далучаліся найб. актыўныя і вольналюбівыя сяляне. Казакі выступалі як абаронцы «простага народу» («людзей паспалітых») — сялян і гараджан. Адным з найбольшых антыфеад. казацка-сял. выступленняў на Украіне і на паўд.-ўсх. Беларусі было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы пад націскам 7-тысячнага войска рэестравых (запісаных на каралеўскую службу) казакоў, паўстанцы адышлі на Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў і Слуцк. Пасля паражэння пад Капылём 2-тысячны атрад казакоў і сялян заняў Магілёў, але пасля Буйніцкай бітвы 1595 паўстанцы зноў адступілі на Палессе і праз Тураў і Пінск адышлі на Валынь.
У апошнія гады жыцця Уладзіслаў Ваза распрацоўваў планы вял. вайны супраць Турцыі і Крымскага ханства, войскі якіх рабілі набегі на ўкр. і польскія землі. Ён разлічваў на саюз з Расіяй і на ўкр. казацтва, але гэта выклікала незадавальненне магнатаў і заможнай шляхты. Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад планаў вайны з Турцыяй. Казакі тым часам працягвалі рыхтавацца да вайны, толькі супраць польскай шляхты. У студз. 1648 гетманам запарожскага войска быў выбраны Б.Хмяльніцкі, які заключыў саюзны дагавор з крымскім ханам і на чале казацкага войска і 4-тысячнага атрада крымскіх татараў разграміў польскія войскі каля Жоўтых Водаў і Корсуня, што стала сігналам для нар. паўстання ва ўсх. і цэнтр. частках Украіны. Пачалася антыфеадальная вайна 1648—51. 20.5.1648 памёр кароль Уладзіслаў. Скарыстаўшы перыяд міжуладдзя, казацкія войскі занялі ўсю Левабярэжную Украіну і Кіеў. 20.11.1648 каралём і вял. князем літоўскім быў выбраны малодшы брат Уладзіслава Ян II Казімір [1648—68], які заключыў з Хмяльніцкім перамір’е.
У дачыненні да Беларусі ў Хмяльніцкага былі асобныя планы. Ён хацеў адцягнуць ад наступлення на Украіну войскі Рэчы Паспалітай і звязаць іх ваен. дзеяннямі на тэр. Беларусі, а пры спрыяльнай сітуацыі далучыць частку Беларусі (асабліва Палессе і Падняпроўе) да Украіны. Улетку 1648 на поўдні Беларусі з’явіліся казацкія загоны (атрады) Галавацкага, А.Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Міхненкі, Паддубскага і інш., якія рабавалі панскія маёнткі, касцёлы і кляштары, знішчалі фінансавыя дакументы, забівалі каталіцкіх святароў і манахаў. Да казакоў далучаліся сяляне і частка гараджан. Паўстанцы захапілі Гомель, Лоеў, Брагін, Мазыр, Тураў, Пінск, Бабруйск. У канцы 1648 у раёне Брэста сабралася войска пад камандаваннем гетмана польнага Я.Радзівіла, якое, рухаючыся ўздоўж Прыпяці на ўсход, авалодала Туравам, Мазыром, Бабруйскам, Рэчыцай. Вясной 1649 на Беларусь былі накіраваны новыя казацкія атрады Галоты, Падбайлы, Гаркушы, цераз Дняпро пераправіўся вял. казацкі атрад М.Крычэўскага, да якога далучыліся сяляне. З 1.7.1649 аб’яднанае казацка-сял. войска Крычэўскага было акружана, але з вял. стратамі (загінуў сам Крычэўскі) часткова выйшла з аблогі. У 1651 адбыліся паўстанні ў раёнах Мсціслава, Прапойска, Чачэрска і Горваля, якія былі падаўлены ўрадавым войскам, бо на дапамогу ім казацкія атрады ўжо не прыйшлі: Хмяльніцкі ў выніку паражэння заключыў з Польшчай Белацаркоўскі мірны дагавор. У ліп. 1651 войска Я.Радзівіла накіравалася на Украіну, па дарозе каля лоеўскіх перапраў разбіла 15-тысячнае казацкае войска М.Нябабы (сам Нябаба загінуў) і заняло Кіеў.
Вайна 1654—67. У кастр. 1653 земскі сабор у Маскве прыняў пастанову аб далучэнні Левабярэжнай Украіны да Расіі, а ў студз. 1654 Пераяслаўская рада зацвердзіла гэту пастанову. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Цар Аляксей Міхайлавіч выставіў 80—83 тыс.чал. супраць 10-тысячнага войска ВКЛ. З поўдня на Беларусь наступала 20-тысячнае казацкае войска. У кампанію 1654 рас. войскі занялі Смаленск, Мсціслаў, Шклоў, Оршу, Дуброўну; казакі І.Залатарэнкі занялі Гомель, Чачэрск, Новы Быхаў і аблажылі Стары Быхаў, 24 жн. здаўся Магілёў. На поўначы Беларусі армія В.П.Шарамецева заняла Невель, Полацк, Дзісну, Друю, Усвят, у ліст. 1654 Віцебск. Рас. войскі наступалі таксама ў Інфлянтах і разам з укр. казакамі — на Украіне. У канцы 1654 — пач. 1655 войскі Я.Радзівіла, А.Гансеўскага, П.Сапегі, Е.Глябовіча, С.Аскеркі перайшлі ў наступленне: у снежні 1654 знята аблога Старога Быхава, вызвалены Копысь, Дуброўна і Орша, зроблена спроба заняць Магілёў. Аднак улетку 1655 рас. войска і ўкр. казакі правялі паспяховае наступленне: занялі ўсю цэнтр. і значную частку зах. Беларусі; зноў захапілі Дуброўну, Оршу, Копысь, у ліпені — Свіслач, Барысаў, Мінск, у жніўні — Вільню, Гродна і Коўна, казацкія атрады занялі Прынямонне. Не здолеўшы авалодаць Старым Быхавам і Слуцкам, армія А.М.Трубяцкога рэйдам прайшла па Беларусі, заняла і спаліла Клецк, Ляхавічы, Мыш, Сталовічы, Слонім, Навагрудак, дзе злучылася з казацкім атрадам В.Залатарэнкі і на зваротным шляху спаліла Нясвіж, Капыль, зноў безвынікова імкнулася авалодаць Слуцкам. На поўдні атрад Валконскага захапіў і спаліў Тураў, Давыд-Гарадок, Столін і Пінск.
Улетку 1655 армія шведскага караля Карла X Густава напала на Польшчу і заняла амаль усю яе тэр. (за выключэннем усх. і ўкр. ваяводстваў). Шведскі кароль прапанаваў Аляксею Міхайлавічу план падзелу Рэчы Паспалітай, аддаючы цару тэр. на ўсход ад лініі Слуцк—Мінск—Докшыцы—Дзісна, але цар адмовіўся, бо рас. войскі і без таго займалі бел. і літ. землі. Частка феад. знаці вырашыла захаваць дзяржаўнасць ВКЛ у саюзе са Швецыяй. 20.10.1655 Я.Радзівіл, яго стрыечны брат Б.Радзівіл з вял. групай шляхты (пераважна з Жамойці) заключылі Кейданскі дагавор 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй, прызнаючы Карла X Густава вял. князем літоўскім. Шляхце і каталіцкаму касцёлу пакідаліся ранейшыя прывілеі. Частка шляхты выказалася за Аляксея Міхайлавіча ў якасці вял. князя літоўскага, частка шляхты працягвала барацьбу з рас. і шведскімі войскамі, выступаючы за захаванне дзярж. уніі з Польшчай. Рыхтуючыся да вайны супраць Швецыі за Прыбалтыку, рас. цар заключыў з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656.
На захопленай тэр. Беларусі была ўстаноўлена рас. адміністрацыя, у буйныя гарады былі прызначаны рас. ваяводы. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Тыя шляхціцы, што аказвалі супраціўленне ці былі ўзяты ў палон, пазбаўляліся маёнткаў. За правасл. царквой захоўваліся ўсе ўладанні і правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкага касцёла і уніяцкай царквы, зачынены касцёлы і кляштары, каталіцкія навуч. ўстановы. Гарады Беларусі, разрабаваныя і абязлюджаныя, атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. У гарадах з магдэбургскім правам на час вайны дазвалялася самакіраванне, але пад кантролем рас. ваявод. Асабліва пагоршылася становішча сялян, бо дваране з рас. войска вывозілі іх у свае маёнткі ў Расіі. Укр. казацкая старшына намагалася далучыць усх. частку Беларусі да Украіны. Казацкія войскі на Беларусі ўзначальваў І.Нячай. Пасля Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай з казакамі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і заняў значную частку ўсх. Беларусі (Быхаў, Чавусы, Мсціслаў, Рослаўль і інш.) і некат. паўд. раёны. 14.2.1659 рас. войскі штурмам узялі Стары Быхаў, дзе знаходзіўся апорны пункт казакоў Нячая, і жорстка расправіліся з кіраўнікамі казацкіх атрадаў. Толькі па просьбе новага гетмана Украіны Ю.Хмяльніцкага Нячай быў памілаваны і высланы ў Табольск.
Увосень 1659 на Беларусь была кінута моцная рас. армія пад камандаваннем І.А.Хаванскага, якая ў снежні авалодала Гроднам, 15.1.1660 заняла Брэст, у сак. 1660 аблажыла ўмацаваную крэпасць П.Я.Сапегі — Ляхавічы. Аб’яднанае войска ВКЛ пад камандаваннем Сапегі і польскае войска пад камандаваннем С.Чарнецкага ў бітве 28.6.1660 каля Палонкі (Слонімскі пав.) перамаглі армію Хаванскага. 3.7.1660 войскі Сапегі і Чарнецкага занялі Мінск і вызвалілі тэр. на захад ад Бярэзіны. Хаванскі з рэшткамі войска пацярпеў паражэнне каля Чарэі і адступіў у Полацк. 8.10.1660 аб’яднаныя войскі Рэчы Паспалітай сустрэлі каля Чавус рас. войска Ю.А.Далгарукага і не дапусцілі аб’яднання яго з войскамі Хаванскага. 12.2.1661 гараджане Магілёва за адну ноч знішчылі 3-тысячны гарнізон стральцоў, такія ж паўстанні адбыліся ў Дзісне, Себежы, Гомелі і інш. гарадах. 2.12.1661 вызвалена Вільня. Ваен. дзеянні прыпыніліся на 2 гады, бо больш чым палове войска ВКЛ не выплацілі жалавання. Але Расія ўжо не магла скарыстаць сітуацыю. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Вайна 1654—67 была нац. трагедыяй бел. народа. Большасць гарадоў, вёсак і мястэчак была разрабавана і зруйнавана, сельская гаспадарка, рамёствы і гандаль прыйшлі ў заняпад. Колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася напалову (у 1650 на Беларусі жыло 2,9 млн.чал., у 1667—73—1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяводствах на 60—70%, у Навагрудскім, Брэсцкім і Віленскім ваяводствах на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 17 — сярэдзіне 18 ст. Расчараваны ў выніках войнаў у час яго панавання і ў марнасці рэфармавання дзярж. ладу Рэчы Паспалітай, кароль Ян II Казімір Ваза ў 1668 адрокся ад трона. Новым польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сойма 1673, кожны трэці сойм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польскім і вял. князем літоўскім быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
У асяроддзі магнатаў усё больш разгаралася барацьба за вярхоўную ўладу ў ВКЛ. Каралеўская ўлада намагалася супрацьпаставіць адну групоўку магнатаў другой. У 1660—1-й пал. 1670-х г. найбольшага паліт. ўплыву на Беларусі дамагліся Пацы — кіраўнікі шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі. Пасля выбрання каралём Яна III Сабескага Пацы ўзначалілі апазіцыю каралю. Яны атрымлівалі грашовыя субсідыі ад Аўстрыі і Брандэнбурга, наладзілі сувязі з Расіяй. Кароль жа падтрымаў сем’і Сапегаў і Агінскіх, якія выступалі супраць Пацаў. Гэтае саперніцтва скончылася перамогай Сапегаў (1-я пал. 1680-х г.), якія атрымалі ад Яна III Сабескага высокія пасады ў дзяржаве. Умацаваўшы сваё становішча, Сапегі выступілі супраць караля, маючы намер стаць на чале самастойнай ВКЛ. Аднак у асяроддзі бел. і літ. шляхты расла незадаволенасць усеўладдзем і злоўжываннямі Сапегаў. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты. Канфедэрацыйны сойм 29.8.1697 канчаткова ўраўнаваў правы шляхты ВКЛ з правамі шляхты Польшчы. На элекцыйным сойме 1697 ураўнаванне правоў было зацверджана з узмацненнем кантролю шляхты над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб у ВКЛ. Адным з пунктаў гэтай пастановы была замена бел. мовы як афіцыйнай у ВКЛ на польскую, але з захаваннем юрыдычнай моцы ранейшых дзярж. актаў на бел. мове. На практыцы кандыдаты на ўсе судовыя пасады павінны былі валодаць бел. мовай, каб дакладна ведаць і тлумачыць ранейшыя дзярж. акты, а таксама розныя дакументы. Аднак увядзенне польскай мовы як афіцыйнай садзейнічала паланізацыі мясцовай шляхты і вярхоў мяшчанства.
Выбраны пры падтрымцы Аўстрыі і Расіі каралём і вял. князем літоўскім Аўгуст II [1697—1706, 1709—33], курфюрст саксонскі, імкнуўся прымірыць варагуючыя бакі. Аднак канфлікт паміж Сапегамі і большай часткай шляхты Беларусі і Літвы на чале з Р.А.Агінскім і Вішнявецкімі набыў характар вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (паблізу Вільні) адбылася вырашальная бітва паміж атрадамі Сапегаў і шляхты; войска Сапегаў было разбіта. Аўгуст II скарыстаў гэта, каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ. Яго прыхільнікі на чале з Агінскім, а таксама праціўнікі Сапегаў — Радзівілы, Пацы і Вішнявецкія, выступілі з праектам выхаду ВКЛ са складу Рэчы Паспалітай і стварэння спадчыннай манархіі для Аўгуста II і яго нашчадкаў. У Беларусь і Літву былі ўведзены саксонскія войскі для «прымірэння бакоў», быццам бы для аховы гэтай тэр. ад шведскіх войск.
У Паўночную вайну 1700—21 Аўгуст II уступіў як курфюрст Саксоніі і як саюзнік Пятра I. Напачатку Рэч Паспалітая не ўдзельнічала ў вайне. У пач. 1702 войскі шведскага караля Карла XII праз Гродна прайшлі ў Польшчу. А ў Беларусі і Літве працягвалася барацьба паміж большай часткай шляхты і Сапегамі, якія перайшлі на бок шведаў. Сапегі арганізавалі казацка-сялянскія атрады, што дзейнічалі ва ўсх. частцы Беларусі (Дуброўна, Галоўчын, Быхаў), пакуль не былі разбіты ў лютым 1702. Прадстаўнікі шляхты ’падпісалі дагавор з Расіяй, паводле якога Пётр I абяцаў ваен. і грашовую дапамогу ВКЛ. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Карл XII арганізаваў канфедэрацыю, якая 13.7.1704 выбрала каралём польскім і вял. князем літоўскім пазнанскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. Увосень 1704 60-тысячная рас. армія пад камандаваннем А.І.Рапніна ўвайшла ў Беларусь, да лета 1705 частка арміі заняла Гродна, другая частка — раёны Мінска і Слуцка. Карл XII вярнуўся з Польшчы на Беларусь і аблажыў Гродна, але рас. войску ў сак. 1706 удалося вырвацца і праз Брэст адысці ў Кіеў. Шведскае войска разам з атрадамі К.Я.П.Сапегі прайшло па цэнтр. Беларусі, руйнуючы маёнткі шляхты. Пацярпеўшы паражэнне, Аўгуст II паводле ўмоў Альтранштацкага дагавора 1706 адмовіўся ад кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага, на бок якога перайшлі Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія і частка шляхты. Аднак Сандамірская канфедэрацыя ў Польшчы і генеральная канфедэрацыя ВКЛ не прызналі гэтага дагавора, іх падтрымліваў Пётр I. У студз. 1708 шведскія войскі зноў увайшлі ў Беларусь, занялі Гродна і рушылі на ўсход. 15.7.1708 каля мяст. Галоўчын адбылася бітва паміж рас. і шведскімі войскамі, у ходзе якой корпус Рапніна быў разбіты. Шведы занялі Магілёў і рушылі на ўсход. У баях каля вёсак Добрае і Раеўка (Мсціслаўскае ваяв.) у вер. 1708 авангард шведскай арміі панёс страты. Карл XII накіраваў сваё войска на Украіну. 9.10.1708 каля в. Лясная армія Пятра I разбіла шведскі корпус графа А.Левенгаўпта, які ішоў на дапамогу Карлу XII. Пасля перамогі рас. войск у бітве пад Палтавай 8.7.1709 на тэр. Беларусі адбываліся ваен. дзеянні паміж рас. войскамі і канфедэратамі, з аднаго боку, і прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага, з другога. Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Паўн. вайна прычыніла вял. страты Беларусі, шмат якія гарады былі спалены, колькасць насельніцтва зменшылася (з 2,2 млн.чал. да вайны да 1,5 млн.чал.). Неўзабаве пасля вяртання Аўгуста II на Беларусі пачалася барацьба паміж прыхільнікамі гетмана вялікага ВКЛ Л.К.Пацея, які пры падтрымцы Пятра I яшчэ раней фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў ВКЛ, і прыхільнікамі караля на чале з гетманам польным ВКЛ С.Э.Дэнгафам. Віленская канфедэрацыя 1716 выступіла супраць абсалютысцкіх планаў караля. «Нямы» сойм 1717 пад дыктоўку Пятра I абмежаваў уладу караля і гетманаў, пацвердзіў права «ліберум вета», польскае войска скарачалася да 18 тыс.чал., войска ВКЛ — да 6 тыс.чал., аднак замест войск часовага набору стваралася пастаяннае войска. З таго часу ўплыў Расіі на паліт. жыццё ў Рэчы Паспалітай стаў пастаянным. Пасля смерці караля Аўгуста II, шляхта выбрала 12.9.1733 каралём польскім і вял. князем літоўскім Станіслава Ляшчынскага, стаўленіка Францыі, што не адпавядала інтарэсам Расіі. Маршам праз Беларусь на тэр. Польшчы ўвайшлі рас. войскі. Рас. камандаванне і дыпламаты арганізавалі новыя выбары. 5.10.1733 новым каралём польскім і вял. князем літоўскім выбраны Аўгуст III [1733—63], курфюрст Саксоніі, сын Аўгуста II. У час яго кіравання ішло далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай, соймы пастаянна зрываліся, што паралізавала дзейнасць цэнтр. улады. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове Кацярыны II на выбарчым сойме выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформ дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць урадаў Расіі і Прусіі, інтарэсам якіх адпавядала слабая Рэч Паспалітая.
Падзелы Рэчы Паспалітай. Карыстаючыся правам абароны правоў праваслаўных у Рэчы Паспалітай, Кацярына II, а таксама прускі кароль Фрыдрых II, які да яе далучыўся, прапанавалі праект ураўнавання ў паліт. правах шляхты-дысідэнтаў (некатолікаў) з каталіцкай шляхтай. Калі сойм адхіліў гэты праект, у Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі. Пры падтрымцы рас. пасла М.В.Рапніна шляхта-дысідэнты ў 1767 стварылі пратэстанцкую канфедэрацыю ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўную Слуцкую канфедэрацыю 1767, якія пры падтрымцы Расіі і Прусіі імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. Абедзве канфедэрацыі былі прыняты пад «найвысачэйшую пратэкцыю» Кацярыны II, якая прыслала ім на дапамогу 40-тысячную армію. Сойм пад націскам Расіі ў 1768 згадзіўся прыняць пастанову аб ураўнаванні правоў некаталіцкай шляхты з каталіцкай. Патрыятычна настроеная шляхта і праціўнікі ўраўнавання правоў арганізавалі Барскую канфедэрацыю 1768, якая выступала за цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Атрады канфедэратаў дзейнічалі ў Брэсцкім і Мсціслаўскім ваяводствах, Ашмянскім, Аршанскім, Браслаўскім і Ваўкавыскім паветах. У кастр. 1768 рас. войскі разграмілі канфедэратаў пад Дзярэчынам (Слонімскі пав.) і занялі Нясвіжскую і Слуцкую крэпасці. У 1769 атрад канфедэратаў перамог рас. войскі ў баях пад Бераставіцай, Слонімам, Мышшу. У чэрв. 1770 з Літвы на Беларусь перайшоў атрад Ш.Касакоўскага, які складаўся пераважна з дробнай шляхты, а таксама сялян. Ён дзейнічаў у раёнах Мядзела, Радашковіч, Мінска. Зноў узнялася на барацьбу шляхта ў Ашмянскім і Браслаўскім паветах, у Мсціслаўскім і Полацкім ваяводствах. Неўзабаве атрад Касакоўскага быў разбіты пад Навагрудкам. У вер. 1771 на бок канфедэратаў перайшоў гетман вялікі ВКЛ М.К.Агінскі, але яго 3-тысячны атрад быў разбіты войскам А.В.Суворава пад Сталовічамі. Вынікам разгрому барскіх канфедэратаў была дамоўленасць паміж урадамі Расіі і Прусіі (сакрэтная канвенцыя ад 5.8.1772; пазней далучылася і Аўстрыя) пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Паводле канвенцыі Прусія атрымала паўн.-зах. частку Польшчы, Аўстрыя — паўд. частку Польшчы і большую частку зах. Украіны са Львовам (Галіцыю). Да Расіі былі далучаны землі ўсх. і паўн. Беларусі на поўнач ад Зах. Дзвіны, на ўсход ад Друці і Дняпра, а таксама Інфлянцкае ваяводства.
У 1770—80-я г. ўрад Рэчы Паспалітай правёў некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча мяшчан, развіццё прамысловасці. Была створана Адукацыйная камісія, рэарганізавана сістэма адукацыі. Патрыятычныя колы на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правялі некалькі наспелых рэформ, хоць і палавінчатых. У 1791 сойм змяніў адміністрацыйны падзел у дзяржаве (з 34 паветаў у ВКЛ 20 было на тэр. Беларусі). Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791, якая захавала правы і прывілеі шляхты, аднак падкрэслівала неабходнасць збліжэння яе з мяшчанствам. Сял. саслоўе абвяшчалася пад заступніцтвам закона, але пры існаванні дагавора сялян з панам прыгоннае права не адмянялася. Права «ліберум вета» і канфедэрацыі скасоўваліся, усе рашэнні на сойме павінны былі прымацца большасцю галасоў. Канстытуцыя абвяшчала ўтварэнне унітарнай дзяржавы, аднак у Беларусі і Літве захоўваліся асобныя дзярж. пасады, працягвала існаваць войска ВКЛ. Канстытуцыя мела прагрэсіўны характар, яна ліквідавала феад. анархію і стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталіст. адносін. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, якіх падтрымала беззямельная шляхта, што знаходзілася пад уплывам магнатаў і была пазбаўлена выбарчых правоў, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе ў барацьбе супраць Канстытуцыі. 27.4.1792 у Пецярбургу складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. У памежным мяст. Таргавіца (Украіна) быў апублікаваны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з групай канфедэратаў пачалі прасоўвацца на тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Пасля некалькіх бітваў войскі ВКЛ і Польшчы адступілі ў ліп. 1792 за Зах. Буг. Кароль далучыўся да канфедэрацыі. Канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы аб’ядналіся. Канстытуцыя і іншыя рэформы Чатырохгадовага сойма адмяняліся. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай. 23.1.1793 у Пецярбургу падпісана новая канвенцыя паміж Расіяй і Прусіяй. Апошняя атрымала зах. частку польскіх зямель з г. Познань; Расія — цэнтр. частку Беларусі з гарадамі Барысаў, Мінск, Бабруйск, Слуцк, Мазыр, Пінск, а таксама Правабярэжную Украіну. У складзе Рэчы Паспалітай засталася частка польскіх зямель, зах. Беларусь, Валынь, Падляшша, Літва, Жамойць і Курляндыя. Гродзенскі сойм 1793 маўкліва прыняў рашэнне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Асн. маса магнатаў, шляхты і духавенства прысягнулі Кацярыне II, аднак патрыятычныя колы шляхты і мяшчан, шматлікая дробная шляхта, прагрэсіўнае афіцэрства і духавенства зрабілі спробу захаваць незалежнасць дзяржавы, вярнуць страчаныя тэрыторыі і працягваць рэформы.
24.3.1794 на кракаўскім рынку быў абвешчаны акт паўстання 1794, начальнікам якога прызначаны ген. У.Касцюшка, па паходжанні шляхціц з Брэсцкага пав. У красавіку да паўстання далучыліся Літва і Беларусь. 23.4.1794 утворана Найвышэйшая Літоўская рада — часовы рэв. ўрад Літвы і зах. Беларусі. Спачатку паўстанне мела некаторы поспех. У гарадах і паветах Беларусі і Літвы былі створаны органы паўстанцкай улады. Сяляне верылі Найвышэйшай радзе, якая абяцала скасаваць прыгоннае права, і таксама прынялі ўдзел у паўстанні або дапамагалі паўстанцам. 7.5.1794 Паланецкім універсалам Касцюшка абвясціў сялян свабоднымі, але зямлю пакідаў панам, ператвараючы сялян у арандатараў. Асн. маса заможнай шляхты сабатавала гэты універсал, што адштурхнула сялян ад паўстання. Каб адцягнуць сялян ад паўстання, рас. генералы абвясцілі амністыю сялянам-паўстанцам. Акрамя таго, узніклі супярэчнасці паміж Касцюшкам і Найвышэйшай Літоўскай радай. Абвінаваціўшы раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў», Касцюшка распусціў яе і ўтварыў Цэнтральную дэпутацыю Вялікага княства Літоўскага, якая складалася з больш памяркоўных элементаў (са жніўня да кастр. знаходзілася ў Гродне). У чэрвені—жніўні найб. актыўныя ваенныя дзеянні адбываліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. У жніўні атрад С.Грабоўскага прабіўся ў Мінскую губ., але ў Любанскім баі быў разбіты і капітуляваў. Разгром паўстання на Беларусі давяршыў корпус Суворава (12 тыс.чал.), які нанёс паражэнне 17 вер. корпусу К.Серакоўскага і атраду К.Князевіча (5 тыс.чал.) у час Крупчыцкага бою. І.Е.Ферзен нанёс паражэнне паўстанцам у Мацяёвіцкай бітве (10.10.1794), дзе паранены Касцюшка трапіў у палон. Паўстанне скончылася паражэннем. Рэч Паспалітая была акупіравана рас., прускімі і аўстрыйскімі войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай. Расія далучыла да сваіх уладанняў землі зах. Беларусі, большую частку Літвы (на поўнач і ўсход ад Нёмана), Курляндыю і Валынь. Мазовія з Варшавай, Падляшша з Беластокам і Бельскам, Занёманская Літва (на поўдзень ад Коўна) аддадзены Прусіі. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу з Кракавам і Люблінам і паўд. частку Падляшша, а таксама зах. частку Брэсцкага ваяв. (за Зах. Бугам). Кароль і вял. князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25.11.1795 адмовіўся ад трона і перавезены ў Гродна. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Літ.:
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Яго ж. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. 2 изд. М., 1915;
Довнар Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Яго ж. История Белоруссии. Мн., 2003;
Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). Т. 1. СПб., 1901;
Максимейко Н.А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902;
Sierzputowski T. Pierwsza próba reformy polityczny w Polsce. Warszawa, 1905;
Малиновский И. Рада Великого Княжества Литовского в связи с боярской думой древней России. Ч. 2, вып. 2. Томск, 1912;
Halecki O. Dzieje unii Jagiellońskiej. T. 1—2. Kraków, 1919—20;
Feldman J. Polska w dobie wielkiej wojny północnej, 1704—1709. Kraków, 1925;
Kolankowski L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiellonów. T. l.Warszawa, 1930;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории: (читанные автором в 1908—1910 гг.). Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Яго ж. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства М., 1959;
Bardach J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księsiwa Litewskiego XIV—XVII w. Warszawa, 1970;
Яго ж. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988;
Morzy J Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983;
Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд.Мн., 1991;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. 2 выд. Rzeszów, 2000;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Яго ж. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. 2 выд.Мн., 2003;
Дзмітрачкоў П.Ф. Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага: (Другая палова XIII — першая палова XVII стст.). Магілёў, 2003.
А.П.Грыцкевіч.
Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.Матэйкі.Статут ВКЛ 1529.Люблінская унія 1569. Карціна Я.Матэйкі.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.Матэйкі.Статут ВКЛ 1529.Люблінская унія 1569. Карціна Я.Матэйкі.Аблога Брэста шведамі ў 1657. Гравюра Э.Дальберга.Карыкатура на 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. 1772.