КАЛІ́МЫ,

матылі-ліставідкі (Kallima), род матылёў сям. німфалід. Некалькі відаў. Пашыраны ў тропіках Азіі і Афрыкі.

Крылы ў размаху да 8 см. Верхні бок крылаў ярка афарбаваны, ніжні — з малюнкам у выглядае ліставых жылак; формаю і афарбоўкай складзеныя крылы матыля нагадваюць пажухлы ліст (прыклад мімікрыі).

Каліма.

т. 7, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОБАТАТЭХНІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць апрацоўчых і інш. машын, прамысловых робатаў, транспартнага і дапаможнага абсталявання, прызначаных для аўтам. выканання тэхнал. аперацый. Звычайна мае сістэму праграмнага кіравання на базе ЭВМ ці мікрапрацэсара, што дае магчымасць яго хуткай пераналадкі на апрацоўку інш. вырабу заменай інструменту або праграмы.

У склад найпрасцейшага Р.к. ўваходзяць адзінка вытв. абсталявання (тэхнал., кантрольна-вымяральнага, выпрабавальнага і інш.), прамысл. робат (робіць загрузку-выгрузку вырабаў) і кіроўная сістэма. Адзін робат звычайна абслугоўвае 2—3 і больш адзінак вытв. абсталявання. Складаныя Р.к. ўключаюць некалькі простых, аўтаматыз. склад загатовак і трансп. сістэму сувязі паміж комплексамі і складам. Яны могуць адначасова апрацоўваць некалькі розных вырабаў або выконваць некалькі розных аперацый на адным вырабе. Кампаноўка Р.к. ў залежнасці ад размяшчэння тэхнал. абсталявання бывае лінейная, кругавая, лінейна-кругавая; кіраванне — цэнтралізаванае (ад ЭВМ або спец. прыстасавання), дэцэнтралізаванае (ад мясц. прыстасаванняў кіравання, звязаных паміж сабой для ўзаемнай каардынацыі) і камбінаванае. Р.к. з’яўляецца першаснай ячэйкай гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, апрацоўчым або зборачным гібкім вытворчым модулем. Дазваляе значна павысіць каэф. загрузкі і зменнасці абсталявання. Гл. таксама Рабатызаваны тэхналагічны комплекс.

Літ.:

Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;

Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;

Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987.

Г.​І.​Хуцкі.

Робататэхнічны комплекс для свідравання і фасоннага фрэзеравання вырабаў: 1 — гідрафікаваны механізм; 2 — паваротнае прыстасаванне; 3 — панэль, якая апрацоўваецца; 4 — прамысловы робат; 5 — сістэма кіравання; 6 — гідрастанцыя.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛО́МБ (франц. aplomb літар. раўнавага) у харэаграфіі, упэўненая, свабодная манера выканання; уменне захоўваць у раўнавазе ўсе часткі цела. Тэрмін «апломб» ідзе ад прыёмаў віртуознай тэхнікі танца 18 ст. — «рабіць апломб» значыла заставацца ў раўнавазе на паўпальцах некалькі тактаў; у 1-й трэці 19 ст. — устойлівасць на кончыках пальцаў.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЕГАЛО́ЎКА ракеты,

галаўная частка ракеты, прызначаная для непасрэднага паражэння цэляў. Складаецца з корпуса, баявога зараду, падрыўнога прыстасавання і засцерагальна-выканаўчага механізма. Баявы зарад у залежнасці ад прызначэння можа быць ядзерным або звычайным. У стратэгічных ракет бывае адна або некалькі боегаловак, якія аддзяляюцца ў пэўных пунктах траекторыі яе палёту.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. deletio знішчэнне),

тып храмасомнай перабудовы, у выніку якой выпадае ўнутр. ўчастак генет. матэрыялу. Плячо храмасомы з вял. Д. становіцца карацейшым, а сегмент, што выпаў, можа ўтварыць ацэнтрычнае кальцо, якое пры дзяленні клеткі знішчаецца (элімінуецца). Памеры Д. ад некалькіх нуклеатыдных пар да фрагментаў, што маюць некалькі генаў.

т. 6, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЖ,

лінейна выцягнутае ўзгоркавае ўзвышша з мяккімі акруглымі абрысамі грэбеня і вяршынь. Звычайна гэта рэшткі стараж., моцна разбураных, а затым крыху прыўзнятых горных хрыбтоў. Адносныя вышыні К. — дзесяткі, радзей некалькі сотняў метраў, якія ўзвышаюцца над навакольнымі раўнінамі ў выглядзе грады або горнага ланцуга (напр., Данецкі К., Ціманскі К.).

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.

Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл. Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.​Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр I накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.

т. 3, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДА́Й-АСА́ХІ,

нацыянальны парк у Японіі на в-ве Хонсю. Засн. ў 1950. Пл. каля 190 тыс. га (уключае некалькі запаведнікаў). Размешчаны ў раёнах актыўнай вулканічнай дзейнасці (вулканы Бандай і Адзума): горы ўкрытыя шыракалістымі і хваёвымі лясамі, на вяршынях — лугі і хмызнякі. Шматлікія азёры. Своеасаблівая фауна (чорны мядзведзь, сернаказа, японская макака).

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАЦУ́КРЫ,

вытворныя простых монацукрыдаў (гексоз), у якіх адна або некалькі гідраксільных груп (OH) заменены амінагрупамі (NH2). Найб. пашыраны ў прыродзе d-глюкозамін (гал. кампанент хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет насякомых і ракападобных) і d-галактазамін (уваходзіць у састаў глікаліпідаў, гал. поліцукрыду храсткоў — хондраітынсульфату). Выкарыстоўваюцца ў хім., хім.-фармацэўтычнай, тэкст. прам-сці.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАМІ́ТАВЫЯ А́ЛЬПЫ (Alpi Dolomiti),

горны масіў ва Усх. Альпах, на ПнУ Італіі. Даўж. 120 км. Выш. да 3342 м (г. Мармалада). Характэрны зубчастыя грабяні і стромкія схілы. Складзены з даламітаў і вапнякоў. Ліставыя і хваёвыя лясы. Снежнікі і ледавікі. Некалькі рэзерватаў. Курорты (Корціна-д’Ампеца і інш.). Турызм, зімовыя віды спорту.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)