А́ДАМС ((Adams) Джон) (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),

дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАТЫ́ДЫ, Багратуні,

царская дынастыя ў Арменіі ў 885—1045. Паходзілі з аднайм. княжацкага роду (вядомы з 1 ст. да нашай эры), уладаннем якога з 4 ст. нашай эры была вобласць Кагавіт. У 8—9 ст. Багратыды ўзначальвалі барацьбу за незалежнасць краіны, аднавілі яе ў 861 і дамагліся прызнання ад Арабскага халіфата і Візантыі (гл. Анійскае царства). Буйнымі прадстаўнікамі дынастыі былі Ашот I, Ашот II, Ашот III, Гагік I [990—1020]. Дынастыя спыніла існаванне пасля заваявання краіны Візантыяй (1045).

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЖАНГА́Р»,

калмыцкі шматварыянтны гераічны эпас, створаны ў 15 ст. Часткова (урыўкі) упершыню апублікаваны ў 1804—05. Поўны запіс 10 песень «Дж.» зроблены ў 1910. Выдаваўся ў 1922, 1935, 1936, 1940. Асн. змест твора — услаўленне казачнай краіны Бумба і легендарных подзвігаў хана Джангара і 12 волатаў — змагароў за нац. незалежнасць калм. народа, носьбітаў яго найлепшых якасцей, адвечных спадзяванняў. Паасобныя раздзелы на бел. мову пераклалі Э.​Агняцвет, М.​Клімковіч.

Публ.: Рус. пер. — Джангар: Калмыцкий нар. эпос. М., 1958.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́БРЭЦЭН (Debrecen),

горад на У Венгрыі. Адм. ц. медзье Хайду-Біхар. Вядомы з 10 ст. 217,7 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны эканам. і культ. цэнтр. Прам-сць; маш.буд. (вагонабудаванне, вытв-сць падшыпнікаў, мед. абсталявання, с.-г. машын), хіміка-фармацэўтычная, швейная, мэблевая, гарбарна-абутковая, тытунёвая, харчасмакавая. 3 ун-ты. Ін-ты атамных даследаванняў і фізікі Сонца АН Венгрыі. Музеі. Арх. помнікі 18—19 ст. Бальнеалагічны курорт. У Д. ў 1849 Л.Кошут абвясціў незалежнасць Венгрыі.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЕРО́Н II (грэч. Hierōn) Малодшы

(каля 306 — каля 215 да н.э.),

тыран у Сіракузах (Сіцылія) каля 268 — каля 215 да н.э., насіў тытул цара. У 265 вёў паспяховую барацьбу з мамертынцамі (італьян. наёмнікі). У пач. 1-й Пунічнай вайны (264—241) падтрымліваў карфагенян, пасля асады Рымам Месаны і Сіракузаў заключыў у 263 мірны дагавор з Рымам, чым забяспечыў незалежнасць Сіракузаў. У 2-й Пунічнай вайне (218—201) выступаў на баку Рыма. Заахвочваў развіццё земляробства, рамёстваў, будаўніцтва.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДА́ЛЬГА, Ідальга-і-Кастылья (Hidalgo y Costilla) Мігель (8.5.1753, Каралеха, Мексіка — 27.11.1811), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, пазней яе выкладчык, рэктар. За распаўсюджванне ідэй франц. энцыклапедыстаў разжалаваны ў прыходскія святары. У 1810—11 кіраўнік нар. паўстання, якое перарасло ў вайну за незалежнасць Мексікі ад Іспаніі. У ліст. 1810 стварыў у Гвадалахары рэв. ўрад, які адмяніў рабства, выдаў закон, паводле якога індзейцам вярталіся абшчынныя землі, зніжаліся падаткі. У 1811 пасля паражэння рэв. арміі трапіў у палон, расстраляны.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯЙ А́ФРЫКІ (South West Africa People’s Organization; СВАПО),

палітычная партыя ў Намібіі. Створана ў 1960 на базе Арг-цыі народа Авамбаленда (засн. ў 1957, да 1959 наз. Кангрэс народаў Авамбаленда). Выступала за незалежнасць Намібіі, з 1966 вяла ўзбр. барацьбу супраць акупац. рэжыму Паўд.-Афр. Рэспублікі. У 1973 прызнана ААН адзіным законным прадстаўніком народа Намібіі. На выбарах у 1989 атрымала большасць месцаў ва Устаноўчым сходзе Намібіі. Прэзідэнт СВАПО С.Ч.Нуёма (з 1960) у 1990 выбраны прэзідэнтам Намібіі.

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЕ БАЛГА́РСКАЕ ЦА́РСТВА,

раннефеадальная дзяржава на Балканскім п-ве ў 680—1018. Сталіцы — гарады Пліска (да 893) і Прэслаў. Засн. ў 680 ханам цюркскіх протабалгараў Аспарухам на слав. землях Візантыі, якая ў 681 прызнала яго незалежнасць. Найб. магутнасці дасягнула пры цару Сімяоне [893—927], У 969 з яго вылучылася асобнае Зах.-Балг. царства з цэнтрам у сучаснай Македоніі. У 971 астатнюю тэр. П.Б.ц. з г. Прэслаў захапіла Візантыя, якая ў 1018 заваявала і Зах.-Балг. царства. Гл. таксама Балгарыя.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-МАЙСУ́РСКІЯ ВО́ЙНЫ,

вяліся англ. Ост-Індскай кампаніяй дзеля захопу інд. княства Майсур. У выніку першай (1767—69) і другой (1780—84) англа-майсурскіх войнаў Майсур захаваў сваю незалежнасць. У трэцяй англа-майсурскай вайне (1790—92) англічанам удалося перацягнуць на свой бок войскі маратхаў і княства Хайдарабад. Паводле Серынгапатамскага міру 1792 майсурцы аддалі саюзнікам амаль палавіну сваёй тэр., заплацілі кантрыбуцыю. У чацвёртай англа-майсурскай вайне (1799) англічане штурмам узялі сталіцу майсурцаў Серынгапатам і ператварылі Майсур у васальнае княства англ. кампаніі.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й (Васіла, Вісіла, Андрэй Паляк; ? — 1398),

рэлігійны дзеяч, першы віленскі біскуп у ВКЛ (1388—98). Вучыўся ў Гнезне, служыў у Кракаве. З 1374 сакратар і казначэй пры двары польскага караля. Садзейнічаў шлюбу каралевы Ядвігі з вял. кн. ВКЛ Ягайлам, пасля заключэння яго (1386) апошні даў згоду на ўтварэнне Віленскага біскупства і прызначэнне Андрэя біскупам. У 1392 Андрэй каранаваў Вітаўта на ВКЛ, заручыўшыся яго падтрымкай у правядзенні палітыкі пашырэння каталіцызму на тэр. ВКЛ. Быў вымушаны прызнаваць праваслаўе, бел. мову, паліт. незалежнасць ВКЛ ад Польшчы.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)