БЮДЖЭ́Т СПАЖЫВЕ́ЦКІ,
баланс грашовых даходаў і расходаў сям’і, які характарызуе фактычны ўзровень жыцця розных груп насельніцтва. Адлюстроўвае даходы сем’яў і крыніцы іх паступлення, а таксама выкарыстанне гэтых даходаў (расходаў) па прызначэнні. Вызначаецца на аснове балансу даходаў і расходаў насельніцтва, бюджэтных абследаванняў і разам са спажывецкім кошыкам служыць для ацэнкі колькасных і якасных паказчыкаў спажывання.
т. 3, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ПАСЕ́ЛІШЧАЎ,
геаграфія населеных пунктаў, раздзел геаграфіі насельніцтва, які вывучае рассяленне насельніцтва па першасных адзінках (населеных пунктах) і па асобных тэр. сукупнасцях паселішчаў. Вывучае тыпалогію паселішчаў, геагр. асаблівасці іх развіцця, групавыя формы рассялення, разглядае сістэмна-структурныя сукупнасці паселішчаў асобных краін і раёнаў. У складзе геаграфіі паселішчаў вылучаюць геаграфію гарадоў і геаграфію сельскіх населеных пунктаў.
т. 5, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙЦЫ (саманазва хань, ханьжэнь),
народ, асн. насельніцтва Кітая (больш за 1,093 млрд. чал.). Агульная колькасць каля 1,125 млрд. чал. (1992). Жывуць таксама ў Тайландзе (6,3 млн. чал.), Малайзіі (6,1 млн. чал.), Інданезіі (6,13 млн. чал.) і інш. Гавораць на кітайскай мове. Вернікі будысты, даасісты, канфуцыянцы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама раздзел Насельніцтва ў арт. Кітай.
т. 8, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХВО́РВАННЕ,
медыка-статыстычны паказчык здароўя насельніцтва, які характарызуе распаўсюджанасць, структуру і дынаміку хвароб у цэлым, зарэгістраваных за год, а таксама ў асобных узроставых, палавых, сац., прафес., тэр. яго групах. Вылічваецца колькасцю хвароб на 100, 1000, 10 000, 100 000 насельніцтва. Адрозніваюць першасныя З. — сукупнасць хвароб, упершыню зарэгістраваных на працягу года, і хваравітасць (распаўсюджанасць) — сукупнасць усіх хвароб сярод насельніцтва і частата паталогіі, выяўленая пры мед. аглядзе (вызначаецца частата новых хвароб і распаўсюджанасць усіх хвароб, што працякалі доўгі час). Сістэма аховы здароўя ажыццяўляе спец. ўлік інфекц. (эпідэміял.), неэпідэміял. і прафес. З., улічвае і вывучае З. з часовай стратай працаздольнасці ці часовай непрацаздольнасцю.
Э.А.Вальчук.
т. 7, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПІСНЫ́Я КНІ́ГІ,
1) зводныя дакументы пра колькасць насельніцтва Рас. дзяржавы ў сярэдзіне 17—1-й пал. 18 ст. З’явіліся ў сувязі з заменай пасошнага падаткаабкладання падворным. У сярэдзіне 17 — пач. 18 ст. падворныя П.к. складаліся пры правядзенні як усеагульных перапісаў цяглага (абкладзенага падаткамі) насельніцтва (1646—48, 1676—78, 1710 і 1716), так і перапісаў насельніцтва асобных раёнаў або катэгорый. П.к. 1720-х і 1740-х г. адлюстроўвалі вынікі падушнага перапісу (гл. Падушны падатак).
2) У канцы 16 — пач. 17 ст. назва «апісных кніг» (апісанні гарадоў, сёл, манастыроў) і «глядзенных кніг» (звесткі пра месцазнаходжанне населеных пунктаў, адлегласці і дарогі паміж імі) Рас. дзяржавы.
т. 12, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНТУСТА́Н, хоўмленд,
псеўдадзяржаўнае ўтварэнне ў перыяд расісцкага праўлення на тэр. Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Дыскрымінацыйная форма ажыццяўлення палітыкі апартэіду з мэтай сегрэгацыі афр. насельніцтва па племянных, тэр., прац. адзнаках і аслаблення фронту нац.-вызв. барацьбы. На 1981 у ПАР існавала 10 бантустанаў, якія фактычна былі яе ўнутр. калоніямі і займалі 13% тэрыторыі, дзе пражывала 75% насельніцтва краіны.
т. 2, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ (лац. migratio ад migro пераходжу, перасяляюся),
1) перамяшчэнне насельніцтва, звязанае з пераменай месца жыхарства (гл. Міграцыя насельніцтва).
2) Перамяшчэнне жывых арганізмаў, выкліканае зменамі ўмоў існавання або ў сувязі з праходжаннем цыкла развіцця (гл. Міграцыі жывёл).
3) Перамяшчэнне, пераразмеркаванне хім. элементаў у зямной кары і на яе паверхні (гл. Міграцыя элементаў).
4) М. капіталу, гл. Вываз капіталу.
т. 10, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАШЧА́НЕ, валашане,
сяляне, жыхары пэўнай воласці. У сярэднявеччы на Беларусі — сяляне-абшчыннікі пэўнай акругі з цэнтрам у пагосце (пастаялым двары) ці воласці (княжацкі ўдзел або дзярж. землі, што былі ў прыватным уладанні). У 14—16 ст. тэрмін «валашчане» ўжываўся для вызначэння насельніцтва воласці (у процілегласць гарадскому — мяшчанам). У 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. валашчане — сельскае насельніцтва адм.-тэр. адзінак — валасцей.
т. 3, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ДЫ, гудай,
гудасы (літ. gudai, gudas),
старажытная назва (экзаэтнонім) беларускамоўнага насельніцтва ўсх. Літвы і беларусаў сумежных з Літвой тэрыторый. У гіст. крыніцах назва гуды і вытворныя тапанімічныя формы Гудзелі, Гудзішкі, Гудаўшчына, Гудалаўка, Гудоніс, Гудагай, Гудзенай і інш. вядомы з 15 ст. На думку некат. даследчыкаў, геагр. арэал тапонімаў з коранем «гуд» акрэслівае стараж. кантактную зону бел. і літ. насельніцтва.
І.У.Чаквін.
т. 5, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЖНІКІ,
асобы, проціпраўна затрыманыя сілай з мэтай прымусіць дзяржаву, арганізацыю ці інш. асоб выканаць пэўныя дзеянні ці абавязкі. У міжнар. праве — грамадзяне захопленай ворагам краіны, якія неправамерна ўтрымліваюцца акупац. ўладамі пад пагрозай іх знішчэння, калі насельніцтва акупіраванай тэрыторыі не выканае патрабаванняў акупац. улад. Жэнеўская канвенцыя 1949 аб ахове грамадз. насельніцтва ў час вайны забараняе захоп З. і разглядае такія дзеянні як міжнар. злачынствы.
т. 6, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)