«МЕ́НСКАЕ БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІЦТВА»,
«Беларускае народнае прадстаўніцтва», палітычнае аб’яднанне бел. партый і груп ліберальнай і правасацыялістычнай арыентацыі ў 1918 — пач. 1919. Створана 25.2.1918 з прадстаўнікоў Беларускай народнай партыі сацыялістаў, партыі сацыялістаў-аўтанамістаў, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Бел. праваслаўнага аб’яднання, Бел. саюза зямельных уласнікаў і інш. У выканаўчы к-т «М.б.п.» ўваходзілі протаіерэй П.Кульчыцкі, К.А.Кандратовіч, Р.А.Скірмунт, В.Гадлеўскі, У.М.Уласаў, П.П.Аляксюк, В.І.Чавусаў, Р.А.Зямкевіч, А.Русецкі. Друкаваны орган — газ. «Беларускі шлях». Аб’ядноўвала паліт. сілы, якія супрацьстаялі Беларускай сацыялістычнай грамадзе ў барацьбе за ўладу ва ўмовах ням. акупацыі. У праграмным дакуменце заявіла, што «прадстаўляе інтарэсы беларускага народа і з’яўляецца палітычным цэнтрам», які абараняе незалежнасць Беларусі, культуру і самабытнасць бел. народа. Выступала за стварэнне адзінага нац. цэнтра, цесны саюз з Германіяй, захаванне буйнога землеўладання. 12.4.1918 выканаўчы к-т «М.б.п.» кааптаваны ў склад Рады БНР. З нарастаннем вызв. барацьбы бел. народа супраць ням. акупантаў паліт. ўплыў «М.б.п.» зніжаўся, паступова яно распалася.
М.С.Сташкевіч.
т. 10, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНА́ЎСКАС ((Baranauskas) Антанас) (17.1.1835, г. Анікшчай, Літва — 26.11.1902),
літоўскі паэт, мовазнавец, царк. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1862). У 1866—84 праф. Каўнаскай духоўнай семінарыі. З 1897 епіскап у г. Сейны (Польшча). Гал. тэматыка твораў Баранаўскаса — гіст. лёс Літвы і літоўскага народа. У паэме «Падарожжа ў Пецярбург» (1859) асуджаў каланізатарскую палітыку царызму. Паэма «Анікшчайскі бор» (1860—61) — першы рамант. твор у літ. паэзіі 19 ст., у якім апаэтызаваны прырода роднага краю і духоўная прыгажосць народа. Заснавальнік літ. дыялекталогіі: зрабіў першую класіфікацыю літоўскіх дыялектаў, сабраў багаты дыялектны матэрыял (выд. 1882, 1920—21); аўтар граматыкі літ. мовы (1899).
А.Лапінскене.
т. 2, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВАШ ((Darvas) Іожэф) (8.2.1912, г. Орашхаза, Венгрыя — 3.12.1973),
венгерскі пісьменнік. Належаў да дэмакр. плыні літ.-грамадскага руху «народных пісьменнікаў». У раманах «Чорны хлеб» (1934), «Ад хрышчэння да св. Сільвестра» (1935) адлюстраваў сац. барацьбу венг. сялянства. У гіст. рамане пра палкаводца Янаша Хуньядзі «Пераможца турак» (1938) падкрэсліў ролю народа ў супраціўленні іншаземным захопнікам.
Раман «У верасні ён выйшаў у дарогу» (1940) і п’еса «Бездань» (1941) пра ўзаемаадносіны народа і інтэлігенцыі, драма «Неба ў куродыме» (1959) і раман «П’яны дождж» (1963; бел. пер. К.Кірэенкі, 1975) пра адказнасць чалавека за будучае сваёй краіны. Прэмія імя Кошута 1956 і 1960.
т. 6, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́СКАЯ ПРА́ЎДА» Песцеля, «Руская праўда, ці Запаветная дзяржаўная грамата вялікага народа расійскага, якая з’яўляецца запаветам для ўдасканалення Расіі і змяшчае верны наказ як для народа, так і для часовага вярхоўнага праўлення»,
праграмны дакумент Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Распрацавана П.І.Песцелем да 1824. Прадугледжвала ліквідацыю прыгону, надзяленне сялян зямлёй пры частковым захаванні памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, роўнасць усіх грамадзян перад законам, ліквідацыю саслоўяў, гарантыю грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Р.п.», уся паўната заканадаўчай улады ў краіне павінна належаць аднапалатнаму народнаму вечу, выканаўчая ўлада — Дзярж. думе. Упершыню надрукавана ў 1906 П.Е.Шчогалевым.
т. 13, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 5.6 да 25.10.1923 у Вільні на бел. мове. З мэтаю канспірацыі і з прычыны цэнзурных забарон выходзіла пад рознымі назвамі: «Наш сцяг» (5.6—12.8), «Падняты сцяг» (16.8), «Сцяг» (19.8), «Сцяг народа» (23.8) і інш. Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа, найперш сялянства, заклікала да еднасці паміж сялянамі і рабочымі, да больш актыўнай работы паслоў-беларусаў у сейме, паведамляла пра забастоўкі, выступала ў абарону паліт. вязняў. Шмат увагі аддавала бел. нац.-вызв. руху. Пісала пра паліт., эканам. і культ. пераўтварэнні ў БССР. Выйшаў 21 нумар. Закрыта польскімі ўладамі.
С.В.Говін.
т. 4, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Міхненка (удзельнік вызв. вайны бел. народа 1648—51) 3/185; 5/224; 6/538
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
тайная рэв. арг-цыя, якая дзейнічала ў 1836—38 у Віленскай мед. акадэміі. Заснавальнік і арганізатар Ф.А.Савіч. Складалася са студэнтаў і дробнай шляхты. Уваходзілі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: беларусы, украінцы, палякі і інш. Мела статут «Прынцыпы дэмакратызму». У 1837 устанавіла сувязі з Ш.Канарскім, які ўзначальваў тайную арг-цыю «Садружнасць польскага народа», што дзейнічала на тэр. Беларусі, Літвы і Украіны. Д.т. пад назвай «Маладая Польшча» ўвайшло ў склад «Садружнасці» як яе радыкальнае крыло. Члены т-ва імкнуліся наладзіць сувязі з сялянамі, прапагандавалі сярод іх ідэі свабоды і роўнасці, выступалі за асвету народа, за права кожнага народа на нац. самастойнасць, адстойвалі ідэю рэв. саюзу братніх народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, лічылі сябе прадаўжальнікамі справы дзекабрыстаў. Найлепшай формай дзярж. кіравання абвяшчалі рэспубліку. Ідэалогія Д.т. адлюстроўвала працэс пераходу ад шляхецкай рэвалюцыйнасці да рэв. дэмакратызму. У чэрв. 1838 частка членаў Д.т. арыштавана. Савіч і яго памочнікі Я.Загорскі і К.Рабчынскі прыгавораны да ссылкі на Каўказ, астатнія аддадзены ў салдаты.
Літ.:
Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е г. XIX в. Мн., 1971;
Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши, 30—60 гг. XIX в. М., 1962.
Н.Н.Махнач.
т. 6, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАСА́ЗІ,
археал. культура амерыканскіх індзейцаў, якія з 1—2 ст. н.э. жывуць на сумежжы штатаў Арызона, Юта, Нью-Мексіка і Каларада (ЗША). Назва ад імя стараж. народа, продкаў сучаснага народа пуэбла. У час росквіту (перыяд класічнага Пуэбла, 1050—1300) асаназі займаліся земляробствам (асн. культура кукуруза), выраблялі характэрную паліхромную кераміку, будавалі т.зв. пуэбла (вял. колькасць прамавугольных жытлаў, якія цесна прыціснуты адно да аднаго і ўтвараюць некалькі паверхаў ці тэрас) і ківа (падземныя камеры ў пуэбла, выкарыстоўваліся як мужчынскія дамы і памяшканні для рэлігійных цырымоній). Іх найбольшыя гарады Пуэбла-Баніта, Меса-Вердэ і інш. З 1300 пачаўся перыяд заняпаду, які працягваўся да заваявання іх іспанцамі (канец 17 ст.). Некат. пуэбла заселеныя і цяпер.
т. 1, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНО́ВІЧ (Уладзімір Баніфатавіч) (30.1.1834, с. Камсамольскае Вінніцкай вобл., Украіна — 21.3.1908),
украінскі гісторык, археолаг, этнограф, археограф; адзін з заснавальнікаў укр. нац. гістарыяграфіі. Праф. Кіеўскага ун-та (з 1878). У 1863—80 гал. рэд. Часовай камісіі для разбору стараж. актаў у Кіеве, з 1881 старшыня гіст. т-ва Нестара-летапісца. Апублікаваў шэраг мемуарных і эпісталярных крыніц, у т. л. «Дыярыуш» Ф.Еўлашоўскага, «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з М.П.Драгаманавым). Працы па гісторыі Украіны, Беларусі і Літвы склалі зб. «Манаграфіі па гісторыі Заходняй і Паўднёва-Заходняй Расіі» (т. 1, 1885). Аўтар прац па археалогіі Украіны. Падкрэсліваў бяскласавасць і дэмакратызм укр. народа, ідэалізаваў казацтва.
Дз.У.Караў.
т. 1, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНАЯ РУ́СКАЯ РА́ДА,
украінская нац.-культ. і паліт. арг-цыя ў Аўстр. імперыі ў 1848—51. Створана ў Львове прадстаўнікамі ўкр. інтэлігенцыі і уніяцкага духавенства ў час рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі. Мела філіялы. Паводле праграмнага дакумента рады — адозвы да ўкр. народа ад 10.5.1848 — галіцыйскія ўкраінцы ўпершыню афіцыйна абвешчаны часткай укр. народа. Дамагалася нац.-культ. аўтаноміі ўкраінцаў у складзе Аўстр. імперыі, выкладання ў нар. школах на ўкр. мове і інш. Стварыла культ.-асв. т-ва, адкрыла Нар. дом у Львове, правяла з’езд дзеячаў укр. культуры, выдавала першую ў Галіцыі ўкр. газ. «Зоря галицька». Распушчана аўстр. ўладамі.
Літ.:
Косачевская Е.М. Восточная Галиция накануне и в период революции 1848 г. Львов, 1965.
т. 4, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)