БАРАНА́ЎСКАС

(Baranauskas) Антанас (17.1.1835, г. Анікшчай, Літва — 26.11.1902),

літоўскі паэт, мовазнавец, царк. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1862). У 1866—84 праф. Каўнаскай духоўнай семінарыі. З 1897 епіскап у г. Сейны (Польшча). Гал. тэматыка твораў Баранаўскаса — гіст. лёс Літвы і літоўскага народа. У паэме «Падарожжа ў Пецярбург» (1859) асуджаў каланізатарскую палітыку царызму. Паэма «Анікшчайскі бор» (1860—61) — першы рамант. твор у літ. паэзіі 19 ст., у якім апаэтызаваны прырода роднага краю і духоўная прыгажосць народа. Заснавальнік літ. дыялекталогіі: зрабіў першую класіфікацыю літоўскіх дыялектаў, сабраў багаты дыялектны матэрыял (выд. 1882, 1920—21); аўтар граматыкі літ. мовы (1899).

А.Лапінскене.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)