МІ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
першая сярэдняя беларускамоўная навуч. ўстанова ў Мінску ў 1919—20. Створана 5.9.1919 на базе 3-га Мінскага пач. вучылішча. Дзейнічалі 4 класы. Выкладаліся бел. мова і л-ра, лац., рус., франц., ням. і польск. мовы, гісторыя Беларусі, прыродазнаўства, матэматыка, геаграфія, спевы, маляванне, ручная праца і інш. Існавалі фіз. кабінет, хім. лабараторыя; працавалі гурткі тэатр., прыгожага мастацтва. Многія навучэнцы былі чл. Мінскай бел. вучнёўскай грамады. Навучанне платнае. Дзеці бедных бацькоў і сіроты вызваляліся ад платы. Фінансавую дапамогу аказваў Часовы бел. нац. к-т. Дзейнасць гімназіі праходзіла пад наглядам польск. адміністрацыі. Сярод навучэнцаў паэты А.Александровіч, К.І.Жылка, матэматык Б.П.Дземідовіч, тэатр. дзеяч Я.Рамановіч. У 1920 пераўтворана ў 13-ю Мінскую сярэднюю школу 2-й ступені.
У.В.Ляхоўскі.
т. 10, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРДО́ВІЧ Анатоль Майсеевіч (н. 3.1.1928, в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Канд. філал. н. (1958), праф. (1992). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951), з 1953 выкладае ў ім (з 1965 заг. кафедры, з 1974 нам. дэкана, у 1978—2001 дэкан). Даследуе пытанні марфемікі і словаўтварэння. Адзін з аўтараў навук. і навуч.-метадычных комплексаў для студэнтаў і навучэнцаў: «Марфемны слоўнік беларускай мовы» (1989, з Л.М.Шакуном), «Сучасная руская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (1993), «Супастаўляльны курс рускай і беларускай моў» (1999, з А.А.Гіруцкім і Л.В.Чарнышовай), «Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы» (2003, з М.М.Круталевічам і А.А.Лукашанцам) і інш.
Г.А.Гваздовіч.
т. 18, кн. 1, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́З Міхаіл Міхайлавіч (28.11.1959, в. Бярэжцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 7.9.1977),
юнак, які цаной свайго жыцця выратаваў людзей ад смерці. З 1974 вучыўся ў Аршанскім пед. вучылішчы. У вер. 1977 у час работы на ўборцы бульбы ў калгасе «Прагрэс» Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. заўважыў на транспарцёры бульбаўборачнага камбайна праржавелы артыл. снарад, які рухаўся ў барабан агрэгата. Спыніць машыну было позна. М. падхапіў смяротны груз на рукі і пабег далей ад людзей. Выратаваў іх, але выбухам быў смяротна паранены сам. За мужнасць і самаадданасць, выратаванне жыцця калгаснікаў і навучэнцаў М. ў кастр. 1977 пасмяротна ўзнаг. ордэнам Чырв. Зоркі. У г. Жыткавічы яму ўстаноўлены помнік (1981), яго імя насілі піянерскія дружыны, цеплаход. Подзвігу М. прысвечана п’еса М.Саенкі «Спытай сябе».
т. 18, кн. 1, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІЯ́ДА [грэч. Olympias (Olumpiados)],
1) у старажытных грэкаў 4-гадовы прамежак паміж Алімпійскімі гульнямі. Годам 1-й алімпіяды лічыцца 776 да н.э., з якога пачалі весці спісы пераможцаў гульняў. Каля 264 да н.э. гісторык Тымей упершыню выкарыстаў алімпіяду для летазлічэння. Гэтым метадам карысталіся таксама стараж. гісторыкі Палібій, Дыядор Сіцылійскі і інш. Летазлічэнне па алімпіядзе вялося да адмены Алімпійскіх гульняў (394 н.э.).
2) Тое, што Алімпійскія гульні.
3) Каманднае першынство свету па шахматах ці міжнар. шашках. Сусв. шахматныя алімпіяды праводзяцца з 1927 Міжнар. федэрацыяй шахмат (ФІДЭ), па міжнар. шашках — з 1986 Сусв. федэрацыяй шашак (ФМЖД).
4) У СССР у 1920—40-я г. назва аглядаў, конкурсаў маст. самадзейнасці, нар. творчасці.
5) Спаборніцтвы навучэнцаў у выкананні пэўных заданняў у вызначаных галінах ведаў — алімпіяда па фізіцы, матэматыцы, мове і г.д.
т. 1, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ,
сярэднія агульнаадук. навуч. ўстановы ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Клімавіцкая мужчынская гімназія. Існавала ў 1911—17. Утрымлівалася за кошт дзярж. казны і спец. сродкаў. Тэрмін навучання 5, з 1914—8 гадоў. У 1916 было 305 навучэнцаў. Прымаліся дзеці розных саслоўяў і веравызнанняў. Пры гімназіі дзейнічалі балалаечны аркестр, гіст. музей; вучнёўская (2476 кніг) і фундаментальная (3380 кніг) б-кі. Клімавіцкая жаночая гімназія. Існавала ў 1912—18. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. Тэрмін навучання 6 гадоў. У 1915 адкрыты дадатковы пед. клас. У 1916 было 311 навучэнак розных саслоўяў і веравызнанняў. У гімназіях вывучаліся закон Божы, рус., ням., франц. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, уводзіны ў філасофію, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства і інш. Наладжваліся літ. і муз. вечары, дабрачынныя спектаклі, канцэрты і інш.
А.Л.Еўдакімава.
т. 8, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРЧА́К Мікалай Цімафеевіч (н. 3.3.1945, в. Гошчава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1994), праф. (1995). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1970). Настаўнічаў. З 1973 у Мінскім лінгвістычным ун-це (з 1997 заг. кафедры псіхалогіі). Навук. працы ў галіне псіхалогіі мовы і мыслення, маўлення на роднай і замежных мовах, псіхалогіі навук. творчасці.
Тв.:
Псіхалагічны аналіз мовы настаўніка на ўроку // Нар. асвета. 1988. № 5;
К проблеме внутренней речи // Вопр. психологии. 1991. № 5;
Психологические основы профессиональной речи учителя. Мн., 1992;
Особенности понимания художественного текста детьми и взрослыми // Вопр. психологии. 1994 № 3;
Энергетычны патэнцыял навучэнцаў у працэсе засваення замежнай мовы // Адукацыя і выхаванне. 2001. № 9;
Ці існуе эмацыянальнае мысленне // Там жа. 2002. № 7;
Памяць: энергетычны падыход // Псіхалогія. 2002. № 3.
т. 18, кн. 1, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕТМІ́НЬ [поўная назва В’етнам док-лап донг-мінь — Ліга (фронт) барацьбы за незалежнасць В’етнама],
адзіны нац. фронт В’етнама ў 1941—51. Створаны ў маі 1941 пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі Індакітая ва ўмовах яп. акупацыі краіны. Аб’ядноўваў сялян, рабочых, дробную і сярэднюю нац. буржуазію, патрыятычна настроеных памешчыкаў, прагрэс. інтэлігенцыю, навучэнцаў, жаночыя і рэліг. арг-цыі. Кіраваў партыз. вайной супраць японцаў (1941—45) і франц. каланізатараў (з 1946), пасля абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (1945) паводле вынікаў усеагульных выбараў атрымаў 230 з 300 месцаў у Нац. сходзе (1946). Паліт. праграма В’етміня, распрацаваная і прынятая пад кіраўніцтвам Хо Шы Міна, прадугледжвала заваяванне нац. незалежнасці і стварэнне рэв. ўрада Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, канфіскацыю зямель франц. каланізатараў і в’етн. памешчыкаў, перадачу ўсёй зямлі ў прыватную ўласнасць сялян, свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці для нац. буржуазіі і інш. У сак. 1951 зліўся з Льен-В’етам.
т. 4, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВУЧНЁЎСКІ ГУРТО́К «АСВЕ́ТА».
Існаваў у 1918—23 у Магілёве. Пачаў дзейнічаць пры Магілёўскай настаўніцкай семінарыі, аб’ядноўваў навучэнцаў і студэнтаў Магілёва. Асн. задачы: усебаковае вывучэнне Магілёўшчыны, навук. і культ.-асв. праца. Пры гуртку існавалі бел. хор (каля 80 чал.), бел. драм. трупа М.А.Выдрыцкага (інсцэніравала бел. вяселле, ставіла п’есы Я.Купалы, Ф.Аляхновіча, У.Галубка), гіст.-этнагр., прыродазнаўчая, літ., драматычная секцыі, якія прапагандавалі бел. нац. культуру. У 1923 атрымаў назву Бел. культ.-навук. асацыяцыя студэнтаў Магілёўскага пед. ін-та. Асацыяцыя мела філіялы ў Гомельскай губ., працавала ў кантакце з Магілёўскім пав. аддзелам нар. адукацыі, Беларускай секцыяй пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР і Беларускай культурна-навуковай асацыяцыяй пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Спыніў існаванне ў сувязі з ліквідацыяй Магілёўскага пед. ін-та.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УРАДЖА́Й»,
прафсаюзнае сельскае спартыўнае таварыства. На Беларусі арганізавана ў 1956 на базе спарт. т-ваў «Калгаснік» і «Ураджай». Аб’ядноўвала фізкультурнікаў і спартсменаў вёскі, навучэнцаў с.-г. сярэдніх і вышэйшых навуч. устаноў, сельскую інтэлігенцыю. Праводзіла летнія і зімовыя сельскія спарт. гульні, спартакіяды па мнагабор’і, спаборніцтвы па асобных відах спорту і інш. Т-ва аб’ядноўвала (1981) больш за 4 тыс. калектываў фізкультуры, мела 57 стадыёнаў, 167 спарт. залаў, больш за 4 тыс. футбольных палёў, каля 15 тыс. спарт. пляцовак, 6 плавальных басейнаў (з іх 5 крытых), 297 стралковых ціраў, 76 лыжных баз і інш. Сярод выхаванцаў т-ва: чэмпіёны Алімп. гульняў Л.Тараненка, В.Угрумаў, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1978), уладальнік Кубка Еўропы (1977) у кіданні кап’я М.Грэбнеў, чэмпіён СССР (1976, 1977) па веславанні на байдарках і каноэ З.Сарока і інш. У 1993 т-ва падзелена на шэраг спарт. клубаў.
т. 16, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВІНІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы, якія ствараліся прыхільнікамі кальвінізму. На Беларусі існавалі ў 16—19 ст. У 1570-х г. — пач. 17 ст. існавалі ў Вільні, Віцебску, Глыбокім, Заслаўі, Магілёве, Мінску, Навагрудку, Оршы, Свіслачы, Смаргоні, Шклове і інш. Мелі розны ўзровень: ад ніжэйшых (пачатковыя, 6 гадоў навучання) да 5-класных вучылішчаў (10 гадоў навучання), якія давалі адукацыю, дастатковую каб паступіць ва ун-т; лепшыя выхаванцы атрымлівалі стыпендыі ва ун-тах Англіі і Германіі. Асаблівая ўвага аддавалася рэліг. навучанню і выхаванню, фіз. выхаванню; акрамя багаслоўя вывучаліся старагрэч., лац., бел., польская мовы, рыторыка, гісторыя, матэматыка, логіка і інш. У К.ш. выкарыстоўваліся элементы класна-ўрочнай сістэмы, гуманіст. падыходы ў арганізацыі навучання, ставілася мэта сфарміраваць у навучэнцаў крытычнае мысленне. Пасля паражэння Рэфармацыі ў сярэдзіне 17 ст. пратэстанцкія школы скарачаліся. К.ш. ў Слуцку (з 1617) толькі ў 1868 перайшла ў разрад урадавых навуч. устаноў.
В.С.Балбас.
т. 7, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)