БУДЗІ́ШЫНСКІ МІР 1018,

паміж Польскім княствам і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Завяршыў герм.-польскія войны 1003—18 (з перапынкамі), у ходзе якіх Польшча адстаяла сваю незалежнасць. Заключаны ў лужыцкім г. Будзішын польскім князем Баляславам I Храбрым і герм. каралём і імператарам Генрыхам II. Паводле Будзішынскага міру да Польшчы адышлі Лужыца, частка Мішанскай (Мейсенскай) маркі і Маравія.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТФА́ЛЬСКІ МІР 1648.

Заключаны адначасова ў вестфальскіх гарадах Мюнстэр (паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і Францыяй і яе саюзнікамі) і Оснабрук (паміж імперыяй і Швецыяй і яе саюзнікамі) 24.10.1648. Завяршыў Трыццацігадовую вайну 1618—48. Вырашаў паліт., тэр. і рэліг.-царк. пытанні.

Імператар прызнаў за князямі права ўступаць у саюз паміж сабой і з замежнымі дзяржавамі. Былі амнісціраваны ўсе апальныя князі і гарады, прызнана незалежнасць ад імперыі Швейц. саюза і Рэспублікі Злучаных правінцый. Францыя атрымала Эльзас, Швецыя — Зах. Памеранію, г. Вісмар, секулярызаваныя Брэменскае і Вердэнскае епіскапствы, курфюрст Брандэнбургскі — Усх. Памеранію з Камінскім епіскапствам, Магдэбургскае архіепіскапства і Гальберштацкае і Міндэнскае епіскапствы, нашчадкі Фрыдрыха Пфальцкага — ранейшы курфюрсцкі тытул і частку б. уладанняў (Ніжні, ці Рэйнскі, Пфальц), Баварыя — Верхні Пфальц, яе герцаг Максімілян захаваў сан курфюрста. Кальвінісцкія князі былі ўраўнаваны ў правах з лютэранамі і католікамі, правіцелі па-ранейшаму маглі выганяць падданых, якія не жадалі спавядаць рэлігію дзяржавы. Царк. маёмасць, прысвоеная пратэстанцкімі князямі да 1624, засталася за імі. Вестфальскі мір замацаваў паліт. раздробленасць Германіі, змяніў напрамак экспансіі аўстр. Габсбургаў (на ПдУ).

Літ.:

Dickmann F. Der Westfälische Frieden. 2 ed. Münster, 1965.

т. 4, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́НАЎСКІ МІР 1634,

мірны дагавор паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, падпісаны ў чэрвені ў в. Сямлёва на р. Палянаўка паміж Вязьмай і Дарагабужам. Завяршыў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Паводле міру Расія атрымала г. Сярпейск, крэпасці Трубчэўск, Ахтырку і Лебядзін. Уладзіслаў IV афіцыйна адмовіўся ад прэтэнзій на рас. трон. Бакі дамовіліся вывесці войскі з захопленых тэрыторый і абмяняцца палоннымі без выкупу і затрымкі.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́ЎСКІ МІР 1660,

мірны дагавор паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай з яе саюзнікамі Аўстрыяй і Брандэнбургам. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім манастыры паблізу Гданьска пры пасрэдніцтве Францыі. Завяршыў (разам з Капенгагенскім мірам 1660) Паўночную вайну 1655—60. Паводле Аліўскага міру кароль Рэчы Паспалітай Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на швед. карону. Швецыя замацавала за сабой Эстляндыю з в-вам Эзель і амаль усю Ліфляндыю, захопленыя ёй у 16 — пач. 17 ст.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭНСКІ МІР 1745.

Заключаны 25.12.1745 y Дрэздэне паміж Прусіяй (кароль Фрыдрых П) з аднаго боку, Аўстрыяй (эрцгерцагіня Марыя Тэрэзія) і Саксоніяй (курфюрст Аўгуст III) — з другога. Завяршыў 2-ю Сілезскую вайну (гл. Сілезскія войны) — частку вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740—48. Паводле яго Аўстрыя ўступіла Прусіі амаль усю Сілезію, а Фрыдрых II пагадзіўся прызнаць герм. імператарам мужа Марыі Тэрэзіі Франца Стафана Латарынгскага. Умовы Д.м. пацвердзіў Ахенскі мірны дагавор 1748.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́СВІКСКІ МІР 1697.

Завяршыў вайну 1688—97 (гл. Пфальцкая спадчына) паміж Францыяй і Аўсбургскай лігай (саюз паміж Галандыяй, імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», Іспаніяй, Швецыяй, Баварыяй, Пфальцам, Саксоніяй, Вялікабрытаніяй), заключаны ў в. Рысвік (Рэйсвейк, каля Гаагі). Складаўся з серыі дагавораў Францыі з Вялікабрытаніяй, Галандыяй, Іспаніяй (усе 20 вер.), імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» і асобнымі герм. княствамі (30 кастр.). Паводле Р.м. Францыя адмаўлялася ад большасці тэрыторый, захопленых ёю пасля Німвегенскага міру 1678—79, але захавала за сабой Страсбург і інш. землі ў Эльзасе. Умовы Р.м. парушаны ў 1701 вайной за Іспанскую спадчыну.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЖСКІ МІР 1866,

мірны дагавор паміж Аўстрыяй і Прусіяй, які завяршыў аўстра-прускую вайну 1866. Падпісаны 23 жн. ў занятай прускімі войскамі Празе. П.м. пацвердзіў асн. ўмовы папярэдняга Нікальсбургскага дагавора (26.7.1866). Аўстрыя прызнавала роспуск Герм. саюза, пагаджалася на «новае ўпарадкаванне Германіі» без удзелу Аўстрыі, абяцала прызнаць новы саюз на Пн ад р. Майн на чале з Прусіяй, а таксама будучыя анексіі Прусіі на Пн Германіі; адмаўлялася на карысць Прусіі ад сваіх правоў на Шлезвіг і Гольштэйн, прызнавала перадачу Венецыянскай вобл. Італіі, выплачвала Прусіі кантрыбуцыю ў 20 млн. прускіх талераў. Прусія заняла пануючае становішча сярод герм. дзяржаў.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШТА́ЦКІ МІР 1714,

мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч. ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Парк у гар. пас. Мір 8/512—513 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Міжнародная сустрэча барацьбітоў за мір (1972, Мінск) 9/196

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)