Створана ў 1970 у Мінску на базе галаўнога прадпрыемства Мінскага гарбарнага з-да «Бальшавік» (засн. ў 1895 як гарбарныя майстэрні), Мінскага скурсыравіннага і Смілавіцкага гарбарнага з-даў. У 1927—70 гарбарны з-д «Бальшавік». У 1962 уведзены ў дзеянне клеяварны цэх, у 1963—3-я хромавая вытв-сць, у 1970 рэканструяваны і перааснашчаны. З 1992 арэнднае прадпрыемства, з 1994 адкрытае акц.т-ва «М.в.г.а.». У 1988 прадпрыемства пераведзена ў пас. Гатава Мінскага р-на на новыя вытв. пляцоўкі; складаецца з вытв-сці першаснай апрацоўкі скурсыравіны, цэхаў: зольна-дубільнага, фарбавальна-апрацоўчага, перапрацоўкі адходаў вытв-сці і дапаможных. Асн. прадукцыя (1999): хромавы скуртавар для верху абутку, галантарэі, мэблі і лёгкадрапіравальны (для адзення); з адходаў вытв-сці: клей мяздровы, малярны, мыла гаспадарчае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСАЧЫ́, дрывасекі (Cerambycidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс. відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ У́СЦЮГ,
горад у Расіі, цэнтр раёна ў Валагодскай вобл., на р. Сухана. Вядомы з 1212. 47,5 тыс.ж. (1994). Чыг. станцыя. Рачны порт. Аэрапорт. Суднабудаванне і суднарамонт (грузавыя цеплаходы, баржы, краны, буксірныя лябёдкі і інш.), металаапр., лёгкая (шчацінна-шчотачная, швейная, гарбарна-галантарэйная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць фанеры, мэблі, буд. матэрыялаў), харч.прам-сць. Краязнаўчы музей.
Шматлікія помнікі архітэктуры надаюць гораду маляўнічасць і непаўторнасць (цэрквы Ушэсця і Спаса-Праабражэнская, саборы Міхаіла-Архангельскага і Троіца-Гледзенскага манастыроў, усе 17 ст., царква Дзмітрыя Салунскага, 1700—08, і інш., будынкі ў стылі барока і класіцызму). З 17 ст. Вялікі Усцюг — цэнтр маст. рамёстваў: прасечанае жалеза, рознакаляровая эмаль, сярэбраная філігрань, акоўка бляхай з малюнкам («мароз на блясе»), чаканка. З 18 ст. развіваецца велікаусцюжскае чарненне па серабры.
Да арт.Вялікі Усцюг. Царква Ушэсця. 1648.Да арт.Вялікі Усцюг. Спаса-Праабражэнская царква. 1689—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЗДО́ВІЧ (Францішак) (1861, в. Бродніца, Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 1912),
жывапісец. Вучыўся ў Варшаве (1880—83), у Кракаўскай школе мастацтваў у Я.Матэйкі (1883—87). Працаваў у галіне манум.-дэкар. і станковага жывапісу. Зазнаў моцны ўплыў бел.нар. творчасці. У 1898 удзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах (Польшча). Пераможца конкурсу на праект размалёўкі кафедральнага сабора ў Полацку (1900). Выканаў шэраг насценных размалёвак у касцёлах Нясвіжа і в. Цімкавічы (Капыльскі р-н, 1906—08), Мінска (1911), у якіх выкарыстоўваў нар. матывы ўзорыстага ткацтва, вышыўкі, маст. размалёўкі сял.мэблі. Сярод інш. работ: 7 сюжэтных кампазіцый на біблейскія тэмы (касцёл св. Міхала ў Цімкавічах, не захаваўся), «Касцёл у Карнкове», «Копія партрэта мужчыны» (1883), «Інтэр’ер вясковага касцёла» (усе ў Нац. музеі ў Варшаве). Удзельнік маст. выставак у Мінску (1898, 1911), Львове, Варшаве, Кракаве, Дзюсельдорфе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБРЭ́Н, Ле Брэн (Lebrun, Le Brun) Шарль (24.2.1619, Парыж — 12.2.1690), французскі жывапісец, дэкаратар і рысавальшчык. Вучыўся ў Ф.Пер’е (з 1632) і С.Вуэ (1634—37). У 1642—46 пад кіраўніцтвам Н.Пусэна ў Італіі вывучаў творчасць Рафаэля, балонскіх акадэмістаў, ант. скульптуру. Стварыў шэраг карцін пад уплывам Пусэна («Муцый Сцэвала», «Смерць Катона» і інш.). Адзін з заснавальнікаў (1648), з 1668 рэктар Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы. У 1660-я г. «першы жывапісец караля» і дырэктар каралеўскай мануфактуры габеленаў. Кіраваў дэкар. афармленнем інтэр’ераў Луўра, Версаля і інш., выконваў плафоны (Люстраная галерэя ў Версалі, 1678—84, і інш.), кардоны для габеленаў, эскізы для садовай скульптуры, мэблі. У жывапісных работах спалучаў нарматыўнасць класіцысцкай кампазіцыі, прасякнутай тэатралізаванай патэтыкай, з дэкар. пышнасцю барока: «Магдаліна каецца» (1656—57), серыя карцін «Гісторыя Аляксандра Македонскага» (1660—68) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́ЎСКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
від бел.нар. творчасці; традыц. аздабленне алейнымі фарбамі мэблі, дываноў, шкляных пано — «карцінак», рамак для фотаздымкаў, тканін для ўпрыгожання інтэр’ера хаты і інш. Была пашырана ў вёсках Агова, Опаль Іванаўскага, Здзітава, Жорнаўка, Спорава Бярозаўскага, Крамно Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. ў канцы 19 ст. — 1960-х г. Выконвалася на дрэве, шкле, палатне, цыраце, паперы.
Асаблівай жывапіснасцю і хараством паліхромнай размалёўкі, гармоніяй дэкору і формы вылучаюцца агоўскія куфры. Матывы агоўскай размалёўкі — раслінныя (букеты, вазоны), зааморфныя (ластаўкі, галубы, зязюлі), антрапаморфныя («паненка», «кавалер»), геаметрычныя; часам уключаюць надпісы (добрае пажаданне, прозвішча майстра, год стварэння вырабу). Агоўская размалёўка мае шмат агульнага з паліхромнай аб’ёмнай вышыўкай гладдзю на адзенні, ручніках і інш. Сувеніры, рэчы хатняга ўжытку, мэбля, аздобленыя па матывах агоўскай размалёўкі, вырабляюцца на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў, Пінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, майстрамі-надомнікамі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Агоўская размалёўка. Пано. Размалёўка па шкле. 1960-я г. Вёска Крамно Драгічынскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАЎКА́РЫЯ (Araucaria),
род голанасенных раслін сям. араўкарыевых. Каля 18 відаў. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, Аўстраліі, на астравах Ціхага ак.Найб. вядомыя араўкарыя высокая, чылійская і бразільская (культывуюцца як дэкар. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і Крыма). На Беларусі араўкарыю высокую вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Хвойныя, пераважна двухдомныя дрэвы, звычайна з плоскай парасонападобнай кронай, выш. да 60—75 м і дыям. ствала да 2,5 м. Галінкі кальчакаватыя, гарызантальна распасцёртыя. Кара тоўстая, баразнаватая, смалістая. Лісце размешчана спіральна, плоскае, скурыстае, ад ланцэта- да шырокаяйцападобнага, часам іголкападобнае, даўж. 4—10 см. Мікрастробілы («мужчынскія шышкі») цыліндрычныя, буйныя — даўж. да 20—25 см і дыям. да 4—5 см. Жаночыя шышкі авальныя, дыям. 7—35 см. Насенне арэхападобнае, з крыльчатай лускавінкай, у некаторых відаў ядомае. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, на выраб мэблі, муз. інструментаў, паперы і інш., смала — як лекавы сродак.
Араўкарыя даўгалістая: галінка з мікрастробілам (мужчынская шышка) і жаночая шышка (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАЎПІ́ЛС (Daugavpils),
горад, цэнтр раёна ў Латвіі. 127 тыс.ж. (1992). Прыстань на р. Даўгава. Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая, харч.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў, мэблі і інш.Пед.ін-т. Краязнаўчы і маст. музеі. Тэатр.
Засн. ў 1275 рыцарамі-мечаносцамі як крэпасць Дынабург. З 1559 пад уладай ВКЛ і Польшчы. У 1569 разам з Інфлянтамі далучаны да Польшчы. У 1656 заняты рус. войскамі і перайменаваны ў Барысаглебск. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У 17 ст. дасягнуў эканам. росквіту, тут знаходзіліся рэзідэнцыя біскупа інфлянцкага і ваяводы; з 1677 сталіца інфлянцкага княства. З 1772 у складзе Расіі, з 1777 цэнтр павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1810—32 пабудавана крэпасць. З 1893 наз. Дзвінскам. З 1920 у складзе Латвіі, перайменаваны ў Д. У 1922—38 у Д. існавала Дзвінская дзярж.бел. гімназія. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням фашыстамі (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПА (Tilia),
род кветкавых раслін сям. ліпавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. драбналістая, або сэрцалістая (T. cordata), і каля 30 інтрадукаваных відаў і форм: Л. амерыканская (T. americana), лямцавая, або венгерская, ці серабрыстая (T. tomentosa), еўрапейская (T. europaea), крымская (T. euchlora) і інш. Расце ў шыракалістых, часам хвойна-лісцевых лясах, утварае ліпавыя лясы.
Лістападныя дрэвы з шырокай раскідзістай кронай выш. да 40 м. Жывуць 300—400 гадоў. Кара гладкая, на старых дрэвах патрэсканая. Лісце круглавата-яйцападобнае, чаранковае, зубчастае. Кветкі двухполыя, жаўтаватыя, духмяныя, у шчыткападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак, ядомы. Мяккая драўніна ідзе на выраб муз. інструментаў, фанеры, мэблі, тары. З лубу вырабляюць вяроўкі, рагожы. З насення атрымліваюць харч. алей (нагадвае міндальны або персікавы). Высушаныя кветкі (ліпавы цвет) патагонны і гарачкапаніжальны сродак. Ліпавы мёд (ліпіца) — адзін з лепшых. Лясныя, лесамеліярац., глебаахоўныя, глебапаляпшальныя, дэкар., лубяныя, меданосныя, перганосныя, лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННІЦА,
горад на Украіне, цэнтр Вінніцкай вобл., на р.Паўд. Буг. 380 тыс.ж. (1995). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (трактарныя агрэгаты, электратэхн. і радыётэхн. апаратура, падшыпнікі, інструменты і інш.), харч. (алейна-тлушчавая, плодакансервавая, мясная, спіртавая і інш.), лёгкая (абутковая, швейная, галантарэйная і інш.), дрэваапр. (лесаматэрыялы, дзелавая драўніна, паркет; вытв-сцьмэблі) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, керамзіт, жалезабетонныя канструкцыі). Картаграфічная фабрыка. 3 ВНУ. 2 т-ры. 3 музеі (у т. л. краязнаўчы). Шматлікія аб’екты турызму.
Засн. ў 2-й пал. 14 ст. князямі ВКЛ Карыятавічамі. У 1395 уключана ў ВКЛ, пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Кароны. У 15—16 ст. неаднаразова спусташалася татарамі. У 1640 атрымала магдэбургскае права. З 1793 у Расіі, цэнтр павета Брацлаўскага намесніцтва, з 1798 — Падольскай губ. Была значным гандл. цэнтрам Падоліі. З 1917 у складзе Украіны. У 1918—20 акупіравана ням.-аўстр. войскамі, белагвардзейцамі. З 1932 цэнтр вобласці. У Вял.Айч. вайну ў 1941—44 акупіравана ням. фашыстамі.