ПІ́НСКАЯ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧА-ФАНЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1880—1916. Вырабляла дошкі і фанеру. Мела лакамабіль, 2 паравыя рухавікі, паравы кацёл. У 1909 працавала 620 чал. У 1900 выпушчана прадукцыі ка 350,1 тыс. руб. Закрыта ў сувязі з ням. акупацыяй.

т. 12, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ВУЧО́НАЯ АРХІ́ЎНАЯ КАМІ́СІЯ,

гістарычнае т-ва Віцебскай губ. ў 1909—19. Створана 13.6.1909 па ініцыятыве Е.Р.Раманава, А.П.Сапунова, В.​С.​Арсеньева. Мела на мэце ахову помнікаў гісторыі і культуры, вывучэнне і папулярызацыю гісторыі роднага краю, збор прадметаў старажытнасці, старадаўніх рукапісаў і дакументаў, правядзенне археал. раскопак, выданне навук. і папулярных прац. У канцы 1910 налічвала 28 членаў-заснавальнікаў, 99 ганаровых і 325 правадз. членаў, 15 членаў-супрацоўнікаў. Старшыні камісіі: Арсеньеў, У.​А.​Кадыгробаў, К.​І.​Ціхаміраў. Мела праўленне, савет, гіст. Архіў, музей, б-ку. Існавала на субсідыі ўрада, членскія ўзносы, грашовыя ахвяраванні, зборы з лекцый. У 1910 па яе ініцыятыве адкрыты Віцебскі настаўніцкі інстытут, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. Выдавала перыядычны зб. «Полацка-Віцебская даўніна». Скасавана ў сувязі з утварэннем Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення.

т. 4, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1809—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай і Бел. навуч. акругам. Магілёўская мужчынская гімназія адкрыта 15.19.1809 на базе 4-класнага гал. нар. вучылішча (з 15.3.1789). Спачатку мела 3 класы, пазней — 4. Пры ёй дзейнічалі 2-класнае павятовае і 1-класнае прыходскае вучылішчы. У 1830 атрымала агульнарас. статус, пазней адкрыты 5—7-ы класы. З 1836 забаронена выкладанне на польск. мове. З 1838 дзейнічаў шляхетны пансіён, у 1860 адкрыты таксатарскія класы. У 1863 пераўтворана ў няпоўную класічную гімназію. З 1873 — поўная класічная гімназія. У 1870-я г. тут дзейнічаў народніцкі гурток (сярод яго членаў Р.П.Ісаеў, С.П.Кавалік, М.К.Судзілоўскі). У 1915 гімназія ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і на працэнты з уласных капіталаў. Штогод вучылася 450—550 юнакоў. Сярод выхаванцаў — М.А.Грамыка, О.Ю.Шміт. Магілёўская жаночая гімназія засн. 1.1.1865. Пры гімназіі існавала пед. аддзяленне і пансіён на 30 дзяўчынак. Штогод вучылася 400—500 вучаніц. Выпускніцы атрымлівалі званне хатняй настаўніцы. Закрыта ў пач. 20 ст. Прыватная жаночая гімназія В.​Н.​Касовіч засн. ў 1859 як 2-класнае жаночае вучылішча. У 1872 пераўтворана ў 4-класнае, з 1904—7-класнае 1-га разраду; з 1906 прыватная гімназія, з 1911 мела правы дзярж. Утрымлівалася за кошт збораў за навучанне і невял. дзярж. субсідыі. У 1912 адкрыты 8-ы пед. клас. Створана дадатковае 3-класнае прафес. аддзяленне, дзе выкладаліся рукадзелле, кройка і шыццё. У 1915—259 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія А.​С.​Раманоўскай адкрыта 25.8.1907 як 4-класнае прыватнае жаночае вучылішча. З 1913—8-класная гімназія з правамі дзярж. У 1915—159 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія С.​Л.​Залескай адкрыта ў 1907; з 1911 мела правы дзярж. гімназіі. У 1915—8 класаў, 394 вучаніцы; 8-ы клас меў пед. арыентацыю, падзяляўся на матэм. і славеснае аддзяленні. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Э.​П.​Хейфіц засн. ў 1865 як жаночы пансіён. У 1906—07 рэарганізавана ў прагімназію. Мела 4 класы. У 1915—94 вучаніцы. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Б.​Д.​Каплан адкрыта ў вер. 1905. Мела 4 класы. У 1907—150 вучаніц. Закрыта ў 1911. Прыватныя гімназіі ўтрымліваліся за кошт збораў за навучанне.

Літ.:

Киприанович Г.Я. К истории женского образования в Западной России. Вильна, 1910;

Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;

Созонов М.П. Историческая записка о Могилевской мужской гимназии, 1809—1909. Могилев, 1909;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́НАЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1881—1905 ва ўрочышчы Асінаўка, непадалёку ад в. Дамамерычы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобласці. У 1884 мела шклаварную печ, у 1895 — 2 конныя рухавікі. У 1890 працавалі 40 рабочых, выпушчана 240 тыс. лістоў аконнага шкла. У 1905 працавалі 125 рабочых.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў Беларусі ў 1827—84 у г. Ваўкавыск. Вырабляла розныя сукны, таксама трыко. У 1870 пушчана паравая машына. Мела 40 ткацкіх станкоў, 4 часальныя апараты, 6 прадзільных машын па 600 верацён (1879). Працавалі ад 32 (1828) да 97 (1880) рабочых.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БІНСКАЯ КАРДО́ННА-ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1896 — 1914 у маёнтку Губіна (цяпер вёска ў Лепельскім р-не). З 1900 мела паравую машыну, з 1908 — паравы рухавік (150 к.с.). У 1910 працавала паравая машына (200 к.с.), 50 рабочых; выраблена кардону і паперы на 38 тыс. руб.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫВІ́ЦКІ ВЯЗО́К»,

бел асветнае т-ва ў Пецярбургу ў 1868—70. Стваральнік і кіраўнік («галава») — паэт В.Савіч-Заблоцкі. Мела на мэце дасканала вывучаць бел. мову, выдаваць папулярныя кнігі і падручнікі для «чарналюду»; збірала матэрыялы па гісторыі Беларусі. Распалася з-за рэпрэсій з боку рас. улад.

т. 8, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДСКАЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1890—1914 у в. Мілавіды Слонімскага пав. (цяпер вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Вырабляла дошкі. Мела паравую машыну (20 к.с.), з 1913 лакамабіль (17 к.с.). У 1900—02 працавала 89 чал., выраблена дошак на 6,5 тыс. руб.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІЯ КО́РКАВЫЯ ФА́БРЫКІ.

Засн. ў канцы 19 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл.: 1-я дзейнічала з 1893 (уладальнікі дваране), мела паравы рухавік і паравы кацёл, у 1901 працавала 200 рабочых; 2-я дзейнічала ў 1898—1905 (уладальнікі купцы), у 1902 працавала 50 чал.

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РНА-НАВУКО́ВАЯ ГРАМАДА́ ў Барысаве,

грамадская арг-цыя ў 1922. Мела на мэце вывучаць і пашыраць веды па гісторыі, краязнаўстве і культуры Беларусі, чытаць лекцыі, адкрываць музеі, лекцыйныя курсы, выстаўкі і інш. У сак. 1922 налічвала 16 членаў, старшыня А.​Іваноў-Казельскі, сакратар В.​Гайдук.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)