РУДЧУ́К (Пётр Лукіч) (20.5.1893, г. Высокае Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 6.5.1969),
генерал-маёр (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). Ў арміі з 1912, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну на Зах. і Паўд. франтах нам. камандзіра кав. палка 1-й коннай арміі, з 1921 камандзір кав. брыгады, дывізіі. У Вял.Айч. вайну на Калінінскім, 1-м Прыбалт. франтах: камандзір палка, брыгады, дывізіі, інспектар кавалерыі фронту. Да 1946 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЯ́НІКАЎ (Анатоль Данілавіч) (н. 19.7.1919, в. Чурылава Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Энгельскую ваен. авіяшколу пілотаў (1941). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Бранскім, 2-м Прыбалт. франтах. Камандзір эскадрыллі штурмавікоў маёр С. зрабіў 115 баявых вылетаў, знішчыў 12 самалётаў, 10 танкаў, 120 аўтамашын, 6 мінамётаў, 18 гармат, 44 павозкі з грузам, шмат жывой сілы ворага. Да 1947 у Сав. Арміі, да 1981 на адм.-гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ТА (Канстанцін Мікалаевіч) (11.11.1896, в. Сёмкава Слабада Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 24.12.1981),
генерал-маёр (1944). Скончыў ваен. вучылішча (1917), вышэйшыя стралк.-тактычныя курсы (1931). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, разгрому антыбальшавіцкага кранштацкага паўстання 1921. Да 1941 у штабе БВА. У Вял.Айч. вайну на Паўд.-Зах., Карэльскім і 1-м Укр. франтах: нач. тылу арміі; удзельнік Старарускай, Свірска-Петразаводскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай і Пражскай аперацый. Да 1955 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРАВЫ,
рускія кампазітары і харавыя дырыжоры, бацька і сын. Аляксандр Васілевіч (13.4.1883, с. Плахіна Захараўскага р-на Разанскай вобл. — 8.7.1946), нар.арт.СССР (1937). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Ген.-маёр (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1913), з 1918 выкладаў у ёй (праф. з 1922). Арганізатар (1928) і кіраўнік Ансамбля песні і танца Сав. Арміі (цяпер яго імя). Прызнанне атрымалі яго песня «Свяшчэнная вайна» і апрацоўка далёкаўсх. партыз. песні «Па далінах і па ўзгорках». Аўтар музыкі былога Дзярж. гімна СССР (1943). Пісаў оперы, вак.-сімф., інстр. творы. Дзярж. прэмія СССР 1942 і 1946. У 1971 устаноўлены залаты і 3 сярэбраныя медалі імя Аляксандравых за лепшыя творы на ваен.-патрыят. тэму. Барыс Аляксандравіч (4.8.1905, г. Балагое — 18.6.1994), нар.арт.СССР (1958). Герой Сац. Працы (1975). Ген.-маёр (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929), у 1933—41 выкладаў у ёй. З 1929 дырыжор, у 1946—86 нач. і маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Сав. Арміі. Аўтар шматлікіх песень, аперэт, у т. л. «Вяселле ў Малінаўцы» (1937), балета «Ляўша» (1954), араторый і інш. Ленінская прэмія 1978, Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэмія РСФСР 1985. Залаты медаль імя А.В.Аляксандрава (1971). Памяці бацькі прысвяціў кн. «Песня кліча» (1982).
Літ.:
Поляновский Г. А.В.Александров. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́БЫ, Давойна-Салагубы,
шляхецкі род герба «Праўдзіц» у ВКЛ Родапачынальнік Андрэй жыў у 2-й.пал. 15 ст. З 17 ст. ўжывалі прыдомак Давойна, з 18 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя:
Юрый Андрэевіч (?—1514), намеснік смаленскі ў 1503—07. Я н Міхал (? —5.5.1748), сын Гераніма, чашнік жамойцкі ў 1713, падкаморы гастынскі ў 1722—24, лоўчы ВКЛ у 1724—31, вял. падскарбі ВКЛ у 1731—46, ваявода брэсцкі з 1746; брыгадзір войска ВКЛ (1724), маршалак Трыбунала ВКЛ у 1729 і 1747, староста рэчыцкі, езярышчанскі, стралецкі і санніцкі. Валодаў Горы-Горкамі, Чарэяй, Туравам. Юзаф Антоній (26.7.1709—81), сын Яна Міхала, кашталян жамойцкі ў 1742—48 і віцебскі ў 1748—52, ваявода віцебскі з 1752; палкоўнік, староста эйшышкскі і санніцкі. Ён і брат тытулаваліся графамі на Ільі, Івянцы, Тураве і Горы-Горках. Антоній (? — вер. 1759), сын Яна Міхала, палкоўнік, генерал артылерыі ВКЛ з 1746; староста езярышчанскі. Ян (? — 1812), сын Антонія, маёр артылерыі, з 1774 генерал-ад’ютант караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З’ехаў у Расію, палкоўнік рас. арміі, камандзір Славянскага гусарскага палка з 1777, Бел. гусарскага палка з 1779, ген.-маёр (1785); у 1794—98 шлісельбургскі павятовы прадвадзіцель дваранства. Яго нашчадкі (у т. л. ўнук — рус. пісьменнік У.А.Салагуб) атрымалі ў Расіі 11.3.1861 пацвярджэнне традыцыйна ўжыванага графскага тытула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЗЕ́ЕЎ (Міхаіл Васілевіч) (22.11.1913, в. Гарадзецк Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобласці — 22.6.1979),
Герой Сав. Саюза (1942), ген.-маёр авіяцыі (1957). У Чырв. Арміі з 1932. Скончыў школу ваен. пілотаў (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Вял.Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, удзельнік абароны Перакопа, вызвалення Каўказа, Новарасійска, Румыніі і Балгарыі. Вызначыўся пры абароне Севастопаля, дзе ў паветр. баях збіў 6 самалётаў праціўніка. За час вайны зрабіў 498 баявых вылетаў, правёў 141 паветр. бой, збіў 17 самалётаў праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Мікіта Рыгоравіч) (20.12.1909, в. Майскае Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 10.5.1978),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ульянаўскае бранятанк. вучылішча (1937), Ленінградскую вышэйшую бранятанк. школу (1953). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял.Айч. вайну з ліст. 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Варонежскім, 1-м і 2-м Укр., Забайкальскім франтах. Камандзір танк. батальёна маёр К. вызначыўся пры вызваленні Кіева: 6.11.1943 яго батальён у ліку першых уварваўся ў горад. Удзельнік сав.-японскай вайны 1945. Да 1969 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯРО́ (Ігнат Вікенцьевіч) (11.1.1897, г. Віцебск — 13.7.1944),
генерал-маёр (1943). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце. З 1932 выкладчык у ваен. акадэміях, на курсах «Выстрал». У Вял.Айч. вайну на Зах., Калінінскім, Бранскім, Цэнтр. і 1-м Прыбалт. франтах: нач. штаба дывізіі, аператыўнага аддзела арміі, нам. камандзіра і камандзір дывізіі, нам. камандзіра 13-га гвардз.стралк. корпуса. Загінуў у баі ў г. Паставы Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛО́ЎСКІ (Дзмітрый Фёдаравіч) (2.10.1848, г. Омск, Расія — 15.11.1894),
расійскі ваен. гісторык. Праф. (1889). Ген.-маёр (1891). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1866), Акадэмію Генштаба (1873). З 1873 у войсках на штабных пасадах. З 1885 выкладчык, з 1890 нач. кафедры гісторыі рас.ваен. майстэрства Акадэміі Генштаба. Заснавальнік т.зв.рас.ваен.-гіст. школы, падкрэсліваў самабытнасць рас.ваен. майстэрства. Аўтар прац «Руская армія ў Сямігадовую вайну» (вып. 1—3, 1886—91), «Запіскі па гісторыі ваеннага майстэрства ў Расіі (1683—1794)» (вып. 1—2, 1891—94) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧТАРО́Ў (Цімафей Аляксеевіч) (3.11. 1913, в. Каласы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 18.2.1992),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Севастопальскае ваенна-марское вучылішча берагавой абароны (1938), Ваенна-марскую акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну ўдзельнік абароны Ленінграда, вайны з Японіяй. Аператар берагавой артылерыі штаба Петрапаўлаўскай ваенна-марской базы Ціхаакіянскага флоту маёр П. вызначыўся 18.8.1945 у час высадкі дэсанта на в-аў Шумшу. Да 1957 у ВМФ, потым у нар. гаспадарцы.