РАКА́ЙЛЬ (франц. rocaille літар. драблёны камень, ракавіны),

матыў арнаменту — стылізаваная ракавіна, С- і S-падобныя завіткі, хвалістыя грабяні, языкі полымя і інш., характэрны для ракако. Кампазіцыйныя вырашэнні Р. разнастайныя (хвалісты веер, гірлянда, мудрагеліста выгнуты картуш, расл. матывы), элементы звычайна не паўтараюцца, вылучаюцца экспрэсіяй. Пашырэнню Р. ў еўрап. мастацтве садзейнічала кніга франц. мастака Я.​Мандона «Першая кніга арнаментальных форм ракайляў і картушаў» (Парыж, 1736). Матыў Р. шырока выкарыстоўваўся ў бел. архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, кніжнай графіцы. Тэрмін «Р.» часам ужываюць для абазначэння стылю ракако.

А.​М.​Кулагін.

Ракайль.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛО́НІЙ (Apollōnios) з Афін, старажытнагрэчаскі скульптар 1 ст. да н.э. Паслядоўнік Лісіпа. Прадстаўнік натуралістычнага кірунку ў элінскім мастацтве. Аўтар скульптур «Бельведэрскі торс» і «Кулачны баец».

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІМБ (ад лац. nimbus воблака, туман),

ззянне ў выглядзе круга вакол галавы як сімвал святасці на абразах. карцінах рэліг. зместу (у хрысціянскім і будыйскім мастацтве).

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЫНЬ І КІРУ́НАК у літаратуры і мастацтве,

эстэтычныя гісторыка-маст. катэгорыі, якія абазначаюць светапогляднае або творчае адзінства літ.-маст. з’яў, характэрных для асобных творцаў ці літ.-маст. аб’яднанняў. Суадносяцца з паняццямі метаду мастацкага і стылю, на практыцы нярэдка атаясамліваюцца з імі, што вядзе да метадалагічнай невыразнасці. Плынь узнікае і развіваецца звычайна ўнуры складаных маст.-творчых з’яў (стыль, кірунак), дзе існуюць розныя магчымасці вырашэння агульных задач (напр., плыні «рубенсістаў» і «пусэністаў» у мастацтве франц. класіцызму канца 17 ст.: неакласічная і неарус. ў рус. архітэктуры мадэрна 1910-х г.; рэліг.-маралістычная і грамадз. плыні ў л-ры еўрап. рамантызму канца 18—1-й трэці 19 ст.; «сумарокаўская» і «ламаносаўская» плыні ў л-ры рус. класіцызму 18 ст. і інш.). Плынь існуе адносна непрацяглы час, часта перарастае ў больш сістэматызаваную і складаную форму — кірунак. Кірунак абазначае прынцыповую агульнасць літ.-маст. з’яў на працягу значнага адрэзка часу. У адрозненне ад стылю, які бярэ за аснову класіфікацыі агульнасць вобразнай сістэмы і сродкаў маст. выразнасці, крытэрыі кірунку маюць духоўны, сацыяльны характар, адносяцца да свету ідэй, эстэт. поглядаў і прынцыповых адносін мастацтва да рэчаіснасці. Разыходжанні паміж стылем і кірункам вызначыліся з 2-й пал. 18 ст. (кірункі сентыменталізму і перадрамантызму ў межах стылю класіцызму і інш.). Пачынальнікамі новых плыней і кірункаў з’яўляюцца, як правіла, арыгінальныя творцы, вакол якіх ствараюцца аб’яднанні на аснове дэкларацый, статутаў, маст. школ, літ. выданняў (напр., кірункі сімвалізму, імажынізму, футурызму ў л-ры і мастацтве мадэрнізму, супрэматызму ў абстрактным мастацтве пач. 20 ст., плыні этнаграфізму, міфалагізму, рэтраспектывізму, неасімвалізму ў бел. выяўл. мастацтве 2-й пал. 20 ст. і інш.). Сучасная маст. культура характарызуецца разнастайнасцю П. і К. — ад традыц. да мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх.

Літ.:

Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.

У.​М.​Конан, Я.​Ф.​Шунейка.

т. 12, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІХРО́МІЯ (ад палі... + грэч. chrōma колер) у мастацтве, шматколернасць (не менш як 2 колеры) твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры, архітэктуры. Дасягаецца шляхам афарбоўкі або выкарыстання каляровых матэрыялаў.

т. 12, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАХРО́МІЯ (ад мана... + грэч. chrōma колер) у выяўленчым мастацтве, аднаколернасць; твор, выкананы ў адным тоне якога-н. колеру або яго танальных градацыях (афарбаваны ў адзін колер), напр., грызайль.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАЛІТАГРА́ФІЯ (ад аўта... + літаграфія),

від літаграфіі, пры якой выяву на камень наносіць мастак-аўтар, у адрозненне ад рэпрадукцыйнай літаграфіі, дзе арыгінал перамалёўвае на камень майстар-літограф. У бел. мастацтве аўталітаграфію выкарыстоўваюць з пач. 19 ст. ў літаграфскіх майстэрнях пры Віленскім ун-це. У 1920—30-я г. ў тэхніцы аўталітаграфіі працавалі Я.​Горыд, А.​Малярэвіч, Н.​Сасноўская, Ф.​Фогт. У сучасным бел. мастацтве амаль усе творы ў гэтай тэхніцы выконваюцца пры ўдзеле аўтараў (У.​Басалыга, А.​Паслядовіч, А.​Кашкурэвіч, С.​Герус, В.​Шаранговіч, В.​Александровіч, І.​Немагай, С.​Раманаў).

В.​Ф.​Шматаў.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКА́С (ад грэч. leukos белы),

від грунту. Вядомы са старажытнасці ў мастацтве еўрап. народаў. У станковым жывапісе робіцца з мелавога ці гіпсавага (алебастравага) парашку на жывёльным або рыбіным клеі. Наносіцца на цвёрдую аснову (пераважна з дошак), часта для трываласці выкарыстоўваюць павалаку (наклеенае на аснову палатно). Найб. пашыраны ў іканапісе, дзе для павышэння дэкаратыўнасці часам спалучаюць жывапіс з аграфленнем і разьбой па Л. У насценных размалёўках вырабляецца з гашанай вапны з напаўняльнікамі (пясок, тоўчаная цэгла, дробна насечаныя льняныя валокны і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве — грунт на драўляных вырабах пад афарбоўку ці пазалоту.

І.​Л.​Чэбан.

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Рэнтгенаўскі стыль» (у выяўл. мастацтве) 1/576—577 (укл.), 579

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЗЬ у мастацтве,

раслінны арнамент у форме спіральна ці плаўна выгнутых галінак з лісцем, часам з кветкамі. Вядома ў мастацтве розных краін і эпох, часта ў геаметрызаваным выглядзе. У спалучэнні з інш. дэкар. матывамі выкарыстоўваецца ў фрызавых кампазіцыях у архітэктуры, а таксама ў скульптуры, графіцы, дэкар.-прыкладным мастацтве (разьба па дрэве, залачэнне, ткацтва, коўка, чаканка, гравіроўка па шкле і метале). На Беларусі маст. дасканаласцю вылучаецца разная вязь па дрэве алтароў касцёла езуітаў у Гродне, царскіх варот з царквы ў в. Дружылавічы (Іванаўскі р-н), рашоткі касцёла ў в. Вішнева (Валожынскі р-н), стукавая вязь касцёлаў у вёсках Міхалішкі (Астравецкі р-н) і Воўпа (Ваўкавыскі р-н).

Да арт. Вязь. Царскія вароты Мікалаеўскай царквы ў в. Дружылавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 3-я чвэрць 18 ст.
Да арт. Вязь. Рашотка касцёла Марыі ў в. Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобл Пач. 17 ст.
Да арт. Вязь. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Каля 1677.
Да арт. Вязь. Фрагмент галоўнага алтара касцёла Іаана Хрысціцеля ў в. Воўпа Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобл. Каля 1634.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)