англійская залатая манета. Упершыню выпушчана пры Эдуардзе III у 1344. Агульная маса 8,97 г (1344), 8,33 г (1346), 7,97 г (1351—77). На аверсе пагрудны партрэт караля з мячом і шчытом на караблі ў моры, на рэверсе ініцыялы караля і назва манетнага двара. Выпускаліся таксама манеты 1/2 і 1/4 Н. У 1465 уведзена разнавіднасць Н. — разенобль, або рыял. На Беларусі ў канцы 14—16 ст. Н. вядомы як «карабельнік» або «карабельны». Тут ён выкарыстоўваўся пераважна як грашовы падарунак, у шэрагу выпадкаў як спосаб узнагароджання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛО́ННАЯ МАНЕ́ТА (ад франц. billon нізкапробнае серабро),
разменная непаўнацэнная метал.манета, намінальная вартасць якой перавышае вартасць металу і затрат на яе выраб; заменнік золата. Як знак вартасці абслугоўвае пераважна рознічны тавараабарот, выконваючы функцыі сродку абарачэння і абмежаванага сродку плацяжу. З 1933 ва ўсіх краінах свету ў абарачэнне ўведзены толькі білонныя манеты, якія вырабляюць з серабра невысокай пробы, медзі, нікелю, алюмінію і інш. металаў. Колькасць білонных манет абумоўлена патрэбамі грашовага абароту, а гранічны тэрмін іх зносу вызначаецца на аснове практычнага вопыту. У наменклатуры дзярж. разліковых білетаў Нац. банка Беларусі (з 1992) білонная манета адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́ХМА (ад грэч. drachmē жменя, кісць),
1) старажытнагрэчаская вагавая і грашовая адзінка. Як манета пачала чаканіцца ў 6 ст. да н.э. Была пераважна сярэбранай, радзей залатой ці меднай, мела розную масу (атычная Д. 4,17 г; карынфская Д. 2,8 г). Чаканіліся манеты вартасцю 72, 1, 2 (дыдрахма), 3, 4 (тэтрадрахма), 5, 6, 8, 10 (дэкадрахма) і 12 Д.; раўнялася 6 аболам, 100 Д. складалі міну, 6 тыс. Д. — талант.
2) У сярэдневякоўі сярэбраная манета масай 2,7 г. Чаканілася ў сярэдзіне 13 ст. ў лац. дзяржавах Б. Усходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКО́ЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў в. Лікоўка Гродзенскага р-на ў 1953. Ухаваны ў канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. Адзін з буйнейшых скарбаў медных солідаў Яна II Казіміра Вазы. Захавалася 190 сярэбраных, 2 нізкапробнага серабра, 6636 медных (з іх 544 фальшывыя) манет. Гал. частку скарбу складаюць медныя соліды Рэчы Паспалітай: манетыВКЛ 1660 (26 экз.), 1661 (299), 1663 (141), 1664 (314), 1665 (718), 1666 (1325), 166X (767), Каралеўства Польскага 1660 (137), 1661 (169), 1663 (382), 1664 (706), 1665 (432), 166X (651), з зацёртымі гербамі 166X (24). Захоўваецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1915 у г. Мсціслаў Магілёўскай губ. пры духоўным вучылішчы. У 1923 меў 1157 экспанатаў; аддзелы: археал., нумізматычны, этнагр., царк. старажытнасцей, 100-годдзя вучылішча. Сярод экспанатаў косці маманта з кар’ера мясц. цагельні, каменныя сякеры і кераміка з гарадзішча, манетыВКЛ, Рус. дзяржавы 17—18 ст., старадрукі і рукапісныя царк. кнігі, узоры нар. адзення, с.-г. прылады працы, вырабы з лазы, лыка, дрэва. У 1924 створаны аддзелы: прыродна-гіст., мастацка-прамысловы, бібліяграфічны. Пры музеі дзейнічалі гурткі краязнаўцаў і аховы гіст. помнікаў, быў выпрацаваны статут музея. Экспанаты загінулі ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ПАЛЬ, Нікопаліс (грэч. Nikopolis горад перамогі),
назва шэрагу гарадоў, заснаваных рымлянамі. Найбольшыя: Н. у Кападокіі, створаны Гнеем Пампеем у 6 ст. да н.э.; Н. у Эпіры. засн. імператарам Аўгустам у 31 да н.э.; Н. у Ніжняй Мёзіі (Балгарыя), закладзены імператарам Траянам у 102 н.э. на р. Істра (за 20 км на У ад сучаснага г. Вяліка-Тырнава). Росквіт апошняга Н. адносіцца да 2—3 ст., у пач. 7 ст. разбураны аварамі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі абарончых сцен, форума, булеўтэрыя, адэона, лазняў, крам, а таксама скульптуры, надпісы, манеты і прадметы побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХЕАЛО́ГІЯ І НУМІЗМА́ТЫКА БЕЛАРУ́СІ»,
аднатомная галіновая энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. У сістэматызаваным выглядзе і алфавітным парадку ў ёй падаюцца звесткі па гісторыі бел.археал. і нумізматычнай навукі. Аб’екты апісання — выяўленыя на працягу апошніх 250 гадоў археолагамі розных краін помнікі матэрыяльнай культуры далёкіх продкаў беларусаў, усе манеты і боны, што хадзілі на тэр. Беларусі. Уключае аглядныя нарысы па бел. археалогіі і нумізматыцы і больш за 2,3 тыс. энцыклапедычных артыкулаў; спіс л-ры (1756 назваў) на бел., рус., англ., польскай, ням., італьян., літ., чэшскай, швед. і інш. мовах. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, картамі, планамі, схемамі.
В.К.Шчэрбін.
Энцыклапедыя «Археалогія і нумізматыка Беларусі». Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
асноўны цэнтр манетнай вытв-сці ВКЛ. Існаваў з канца 15 ст. да 30.12.1667. Выпускаў аболы, дэнарыі, двайныя дэнарыі, соліды (сярэбраныя), паўгрошы, грошы, 1,5-грашовікі, траякі, 4-грашовікі, шастакі, талеры, орты, злотыя, тымфы, паўдукаты, дукаты, партугалы. Да выпуску двара адносяць і сярэбраныя дэнарыі Вітаўта [1392—1430]. Да Люблінскай уніі 1569 на манетах была выява «Пагоні», у часы Стафана Баторыя — гербы ВКЛ і Каралеўства Польскага, пры Яне II Казіміру аднавілі «Пагоню». Манеты Віленскага манетнага двара вылучаюць па гербах падскарбіяў вял. літоўскіх або па знаках арандатараў двара. Вядомы лічыльныя жэтоны сярэдзіны 16 — пач. 17 ст. Віленскага манетнага двара са знакамі падскарбіяў літоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РША (ад санскр. karscha адзінка вагі ў 9,33 г),
самая дробная манета Індыі, якой ішло 80 на 1 фанам, 3360 на 1 пагаду. У 16 ст. распаўсюдзілася па ўсёй Усх. Азіі. У сярэдзіне 19 ст. ў Кітаі ўсе тыпы мясц.бронз. манет з адтулінай называліся К. 1 рупія роўная 533 К., 1 долар — 1200 К. Пасля 1-й сусв. вайны ў Кітаі спыніўся выраб літых К. Ост-Індская кампанія выпускала для Індыі, Малаі, Барнео, Суматры і каланіяльных уладанняў у паўд.-ўсх. Азіі манеты ў 40, 20, 15, 10, 5, 2½ і 1 К. з гербам кампаніі на адным і шалямі — на другім баку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСКА́Л, міскаль, міткаль, мітсаль,
вагавая, грашова-лікавая і грашовая адзінка араб. краін Паўн. Афрыкі, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі і мангола-татарскіх краін. У розных краінах М. меў розную масу. Як вагавая адзінка М. выкарыстоўваўся пры ўзважванні высакародных металаў (золата, серабро), каштоўных камянёў, ружовага масла і інш. Грашова-лікавы М. раўняўся залатому дынарыю. Як грашовая адзінка М. з’явіўся ў 7 ст. ў араб. краінах, у сваёй аснове меў рымска-візант. солід. У Паволжы манеты на аснове М.-дынарыя чаканіліся ў 2-й пал. 12 ст. У Марока ў 17—19 ст. выкарыстоўваўся як грашовая адзінка, у 1881—1918 — як манета.