ГА́БРУСЁЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (н. 1.1.1922, в. Гарошкава Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1945). З ліст. 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах, удзельнік абароны Масквы, вызвалення Польшчы, Чэхаславакіі. Старшы сяржант Габрусёў вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра каля г. Вышгарад (Украіна): пераправіўся з групай разведчыкаў цераз раку, пасля гібелі камандзіра ўзначаліў узвод, які адбіў 10 контратак праціўніка, утрымліваў плацдарм да падыходу падмацавання. Да 1964 у Сав. Арміі.

А.К.Габрусеў.

т. 4, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНЬКО́Ў (Міхаіл Ягоравіч) (6.2.1926, в. Дубінка Магілёўскага р-на — 9.7.1966),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху, з ліп. 1944 на 2-м і 3-м Бел. франтах. Камандзір кулямётнага разліку мал. сяржант Р. вызначыўся ў сак. і маі 1945 у баях на тэр. Усх. Прусіі; пры авалоданні нас. пунктам Радаў, у час высадкі сав. дэсанта цераз заліў Фрышэс-Хаф, цяжка паранены працягваў бой. Пасля вайны на гасп. рабоце.

М.Я.Раманькоў.

т. 13, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́Н,

мышачны бялок. Мал. м. 42 000. Складаецца з 374 астаткаў амінакіслот і небялковай часткі (АТФ ці АДФ). Існуе ў глабулярнай (манамернай) і фібрылярнай (палімернай, дамінуе ў мышцах) формах. Утварае аснову тонкіх філаментаў мышачных міяфібрыл і мікрафіламентаў у нямышачных клетках. У папярочна-паласатых і гладкіх мышцах з міязінам утварае іх асн. структурны скарачальны комплекс — актаміязін. Зваротныя пераходы паміж манамернай і палімернай формамі ў нямышачных структурах фарміруюць рухомасць клетак, рух цытаплазмы, арыентацыю рэцэптараў на цытаплазматычнай мембране і інш.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

аднаасноўная ненасычаная карбонавая кіслата, CH3(CH2)7CH = CH(CH2)7COOH. Мал. м. 282. Бясколерная вязкая вадкасць, (tкіп 232 °C (15 мм рт. сл.), шчыльн. 0,89∙10​3кг/м³, нерастваральная ў вадзе, раствараецца ў арган. растваральніках. Уваходзіць у састаў алеяў і жывёльных тлушчаў, у аліўкавым алеі 70—85%. Эфіры алеінавай кіслаты выкарыстоўваюцца ў вытв-сці алейных фарбаў, касметычных прэпаратаў, флатарэагентаў, пластыфікатараў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў. Этылавы эфір алеінавай кіслаты (лінетол) — лек. сродак для зніжэння халестэрыну. Здольная выклікаць экзэму.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЕЎ (Іван Цімафеевіч) (16.8.1910, в. Вялюнь Брэсцкага р-на — 12.2.1976),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1938), «Выстрал» (1942). У Чырв. Арміі з 1928. З 1943 на 2-м Укр. фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі. Капітан М. вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні р. Ціса на тэр. Венгрыі: 6 ліст. батальён на чале з М. пад варожым агнём пераправіўся цераз раку, выбіў праціўніка з траншэй, прайшоў з баямі 18 км, захапіў у палон 180 гітлераўцаў.

І.Ц.Майсееў.

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАКРЫЛАНІТРЫ́Л,

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі акрыланітрылу. Агульная ф-ла [—CH2—CH(CN)—]n, мал. м. (30—100) 10​3. Цвёрдае рэчыва белага колеру, шчыльн. 1140—1170 кг/м³, т-ра шклавання 85—90 °C. Раствараецца ў палярных растваральніках (напр., дыметылфармамідзе, дыметылсульфаксідзе) і к-тах. У прам-сці вырабляюць у асн. мадыфікаваны П. — двайныя ці трайныя супалімеры, што маюць больш як 85% (па масе) акрыланітрылу (супалімерызацыя дазваляе павысіць растваральнасць і знізіць вязкасць раствораў П.). Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці валокнаў (гл. Поліакрыланітрыльныя валокны).

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІВІНІЛАЦЭТА́Т,

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілацэтату, [—CH3—CH(OCOCH3)—]n, мал. м. (5—16)∙10​5. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, шчыльн. 1190 кг/м³. Тэрмапласт. Святлоўстойлівы. Характэрна халоднацякучасць, добрая адгезія да паперы, скуры, драўніны, тканін. Пры 180 °C раскладаецца. Лёгка гідралізуецца растворамі шчолачаў ці кіслот з утварэннем полівінілавага спірту. Выкарыстоўваюць як плёнкаўтваральнае рэчыва ў вытв-сці эмульсійных фарбаў, кляёў і лакаў, сыравіну для атрымання полівінілавага спірту, як сувязнае ў палімербетоне.

Літ.:

Розенберг М.Э. Полимеры на основе винилацетата. Л., 1983.

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫГАДЗІ́Р (ням. Brigadier),

1) ва ўзбр. сілах Францыі ў 1667—1788 афіцэрскі чын камандзіра пяхотных ці конных брыгад, пазней чын мал. унтэр-афіцэра ў кавалерыі, артылерыі, жандарскіх, інж. часцях; у Германіі да 1674 назва (па пасадзе) камандзіра артыл. брыгады; у Расіі ў 1722—99 афіцэрскі чын, прамежкавы паміж палкоўнікам і генерал-маёрам; у ВКЛ да 1794 назва камандзіра артыл. ці кав. брыгады. У сучасных умовах званне брыгадзір прысвойваецца афіцэрам сухап. войск Вялікабрытаніі, Індыі, Егіпта і некаторых інш. дзяржаў.

2) Кіраўнік брыгады вытворчай.

т. 3, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПАРАГІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, α-амінаянтарная кіслата, монаамінадыкарбонавая кіслата,

HOOCCH2CH(NH2)COOH, заменная амінакіслата. Мал. м. 133,1. Слаба раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў спірце і эфіры. У арганізме знаходзіцца ў свабодным стане, уваходзіць у састаў бялкоў (акрамя пратамінаў). Удзельнічае ў рэакцыях цыкла мачавіны і пераамінавання, біясінтэзе пурынаў і пірамідзінаў, папярэднік у біясінтэзе незаменных амінакіслот — метыяніну, трэаніну і лізіну ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. Дэкарбаксіліраваннем аспарагінавай кіслаты могуць утварацца α- і β-аланіны. У абмене рэчываў аспарагінавая кіслата папярэднік і першая ступень распаду аспарагіну.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЗАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (22.6.1914, г. Віцебск — 10.9.1977),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1939). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Сцяпным і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Львоўска-Сандамірскай, Пражскай і Берлінскай аперацый. Камандзір роты аўтаматчыкаў ст. лейтэнант П. вызначыўся ў жн. 1944 у баях за г. Самбар (Украіна), дзе рота на чале з ім уварвалася ў горад і вяла бой з ворагам да падыходу асн. сіл брыгады. Да 1969 працаваў у калгасе.

т. 12, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)