ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ ((Wasilewska) Ванда Львоўна) (21.1.1905, Кракаў — 29.7.1964),
польская і савецкая пісьменніца, грамадскі дзеяч. Жонка А.Карнейчука. Скончыла Ягелонскі ун-т (1927). У 1934—37 у складзе Гал. рады Польскай сацыяліст. сацыяліст. партыі; удзельнічала ў дзейнасці Лігі аховы правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з арганізатараў антыфаш. Кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. З 1939 у СССР. Заснавала і ўзначальвала ў 1943—46 Саюз польскіх патрыётаў; нам. старшыні Польскага К-та нац. вызвалення (1944). Пісала на польскай мове. Дэбютавала вершамі (1921). Аўтар публіцыстычна-рэпартажных аповесцей «Аблічча дня» (1934), «Зямля ў ярме» (1938), рамана «Радзіма» (1935) аб жыцці рабочых і сялян у Польшчы ў міжваенны перыяд. Трылогія «Песня над водамі» (1940—51, Дзярж. прэмія СССР 1952) пра нац.-вызв. рух на Валыні. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвяціла аповесць «Радуга» (1942, Дзярж. прэмія СССР 1943). Сярод інш. твораў аповесць «Проста каханне» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), кнігі для дзяцей, зб-кі публіцыстыкі.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1954—55.
Н.К.Мазоўка.
т. 4, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСКО́ (Восіп Восіпавіч) (Хлашко Юзаф; 1856, маёнтак Пераселянцы Полацкага пав. — 14.7.1934),
дзеяч народніцкага і польск. грамадска-паліт. руху, журналіст. Стрыечны брат І.А.Гласко. З 1876 вучыўся ў мед.-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. У 1878 і 1879 за ўдзел у студэнцкіх выступленнях і паездкі да рэвалюцыянераў быў арыштаваны. Удзельнічаў у стварэнні польск. сацыяліст. гміны ў Пецярбургу, прадстаўнік яе ў «Народнай волі». Паступова адышоў ад народніцтва ў бок нац. сацыялізму. У 1881 арыштаваны і высланы на 5 гадоў у г. Енісейск. У 1888—93 у Варшаве, супрацоўнік штотыднёвіка «Glós» («Голас»), Далучыўся да нац. дэмакратаў (эндэкаў). У 1894 асуджаны па справе «Лігі Нарадовай» (арг-цыі эндэкаў), высланы на 5 гадоў у Валагодскую губ. З 1897 у Смаленску, Пераселянцах, Львове. З 1906 у Вільні рэдагаваў час. «Дзённік Віленьскі». З 1915 у Пецярбургу разам з лідэрамі эндэцыі выдаваў штотыднёвік «Sprawa polska» («Польская справа»), пазней у Маскве заснаваў штотыднёвік «Gazeta polska» («Польская газета»). З 1918 у Варшаве.
В.М.Чарапіца.
т. 5, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛАВІ́ЦКІ КАНГРЭ́С 1698—99,
перагаворы аб міры паміж краінамі — удзельніцамі «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Венецыя, Рэч Паспалітая, Расія) і Атаманскай Портай (Турцыя) пры пасрэдніцтве Англіі і Нідэрландаў у мяст. Карлавіцы (цяпер г. Срэмскі-Карлаўцы, Сербія). Адбыўся ва ўмовах шэрагу ваен. паражэнняў Турцыі ў аўстра-турэцкіх войнах 16—18 ст. і польска-турэцкіх войнах 17 ст. У выніку перагавораў падпісаны 3 асобныя двухбаковыя мірныя дагаворы. Паводле дагавора ад 16.1.1699 Рэч Паспалітая атрымала ч. Правабярэжнай Украіны і Падолію з крэпасцю Камянец, вярнула Турцыі 6 раней занятых малд. гарадоў (Сарокі, Сачава і інш.). Паводле дагавораў ад 26.1.1699 Аўстрыя атрымала Цэнтр. Венгрыю, Сяміграддзе (Трансільванію), Бачку (вобласць паміж рэкамі Ціса і Дунай), б.ч. Славоніі і вярнула Турцыі прав. Тэмешвар на р. Ціса; да Венецыі адышлі п-аў Марэя, 6 крэпасцей у Далмацыі і шэраг Іанічных а-воў. 24.1.1699 заключана таксама рас.-тур. перамір’е на 2 гады з захаваннем за бакамі таго, што яны мелі (у т. л. Азоў застаўся пад уладай Расіі).
т. 8, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФАНТЭ́Н ((La Fontaine) Анры Мары) (22.1.1854, Брусель — 14.5.1943),
дзеяч бельг. і міжнар. руху прыхільнікаў міру, юрыст, бібліёграф. Скончыў Свабодны ун-т у Бруселі са ступенню д-ра права (1877). З 1889 ген. сакратар бельг. аддз. Асацыяцыі міру і міжнар. арбітражу. Адзін з заснавальнікаў Новага ун-та (аддз. Свабоднага), дзе загадваў кафедрай міжнар. права (1893—1940). У 1895 разам з П.Атле заснаваў Міжнар. бібліягр. ін-т у Бруселі (з 1938 Міжнародная федэрацыя інфармацыі і дакументацыі). З 1895 чл., з 1907 сакратар, у 1919—32 віцэ-прэзідэнт сената Бельгіі. Выступаў за раззбраенне і вырашэнне міжнар. спрэчак шляхам арбітражу. У 1907—43 старшыня Міжнароднага бюро міру. У 1-ю сусв. вайну жыў у Вялікабрытаніі і ЗША. Член бельг. дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Падтрымаў стварэнне Лігі Нацый, дэлегат яе першай Асамблеі (1920—21). Аўтар прац «Бібліяграфія міру і міжнароднага арбітражу» (1902—05), «Ключавое рашэнне: найвялікшая Хартыя» (1916). Нобелеўская прэмія міру 1913.
т. 9, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ ВІН, У Не Він,
Шу Маўн (24.5.1911, Паўнгда, М’янма),
ваенны і дзярж. дзеяч М’янмы. Вучыўся ў Янгонскім ун-це. Чл. патрыят. арг-цыі Дабама асіаён. Паплечнік Аун Сана, у 1940—41 разам з ім прайшоў ваен. падрыхтоўку ў яп. арміі і служыў у створаных японцамі Арміі незалежнасці М’янмы і Арміі абароны М’янмы. З 1944 у кіраўніцтве Антыфашысцкай лігі народнай свабоды, у 1945 адзін з кіраўнікоў антыяп. паўстання. У 1950—72 нач. Ген. штаба і галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі М’янмы, у 1958—72 міністр абароны. У 1958—60 прэм’ер-міністр М’янмы. 2.3.1962 здзейсніў дзярж. пераварот, у 1962—74 кіраўнік Рэв. савета, у 1974—81 прэзідэнт краіны. У 1971—88 старшыня Выканкома Партыі Бірманскай сацыяліст. праграмы. Курс Н.В. на сацыяліст. пераўтварэнні і эканам. аўтаркію аказаўся беспаспяховым. Пад націскам масавых нар. выступленняў у ліп. 1988 падаў у адстаўку з усіх пасад.
Літ.:
Листопадов Н.А. У Не Вин // Вопр. истории. 1997. №11.
т. 11, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЕВІ́НА ((Possevino) Антоніо) (12.7.1533, г. Мантуя, Італія —26.2.1611),
дыпламат, тэолаг, педагог. З 1559 чл. ордэна езуітаў. У 1581 у якасці папскага легата накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558—83. З яго актыўным удзелам заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны П. стаў дарадцам караля Стафана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў (у т. л. на землях ВКЛ), пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрап. дзяржаў, накіраванай супраць Турцыі. Адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596, спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці гал. апекуна праваслаўя ў ВКЛ К.В.Астрожскага. Па даручэнні караля ў 1586 ездзіў у Рым да папы Сікста V. Пасля абрання ў 1587 каралём Жыгімонта III вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе пед. і літ. дзейнасці. Аўтар кнігі «Масковія» (Вільня, 1586, на лац. мове), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэліг. сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гіст. крыніцай.
Tв.: Рус. пер. — Исторические сочинения о России XVI в. М., 1983.
В.Ф.Шалькевіч.
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-РЭ́МА КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1920,
пасяджэнне Вярх. савета дзяржаў Антанты 19—26.4.1920 у г. Сан-Рэма (Італія), дзе быў абмеркаваны шэраг пытанняў мірнага ўрэгулявання пасля 1-й сусв. вайны. Удзельнічалі прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі (Д.Лойд-Джордж), Францыі (А.Мільеран), Італіі (Ф.Ніці), а таксама пасол Японіі (Мацуі), назіральнік ад ЗША і інш. Разгледжаны пытанні: аб мірным дагаворы з Турцыяй і размеркаванні мандатаў (гл. Мандатныя тэрыторыі) Лігі Нацый на араб. краіны; аб выкананні Германіяй ваен. артыкулаў Версальскага мірнага дагавора 1919, аб пазіцыі дзяржаў Антанты адносна Сав. Расіі («рус. пытанне»), Паводле рашэнняў канферэнцыі Вялікабрытанія атрымала мандат на Палесціну і Ірак (уключаючы г. Масул), Францыя — на Сірыю і Ліван. Быў зацверджаны папярэдні праект дагавора аб міры з Турцыяй, які пазней склаў аснову Сеўрскага мірнага дагавора 1920. Германія атрымала адмову на сваю просьбу аб павелічэнні ўдвая колькасці ўласных узбр. сіл (спроба рэвізіі ўмоў Версальскага міру), канферэнцыя запатрабавала ад герм. боку выконваць ваен. і рэпарацыйныя ўмовы Версальскага мірнага дагавора. Вырашана аднавіць гандл. сувязі з Сав. Расіяй, узяты курс на прызнанне яе дэ-факта.
т. 14, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМО́ЎСКІ ((Dmowski) Раман Станіслаў) (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-й Дзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац. к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел. нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).
Літ.:
Wapiński R. Roman Dmowski. Lublin, 1988.
т. 6, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНТ (Nantes),
горад на З Францыі. Адм. ц. дэпартамента Атлантычная Луара. Каля 250 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 400 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Порт у вусці р. Луара (штогадовы грузаабарот з аванпортам Сен-Назер больш за 20 млн. т), для сувязі пераважна з краінамі Афрыкі. Прам-сць: металургія, авія- і суднабудаванне, хім., папяровая, нафтаперапр., харчовая. Ун-т. Музеі: выяўл.
мастацтваў, нар. дэкар. мастацтва Брэтані і інш. Арх. помнікі 12—19 ст.
У старажытнасці сталіца галійскага племя намнетаў (адсюль назва). У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, у 497 — франкамі. З 4 ст. сядзіба біскупства. З 9 ст. сталіца Нанцкага графства (часова быў і рэзідэнцыяй каралёў), разам з ім у 12 ст. ўвайшоў у склад Брэтані, якая ў 1532 далучана да Францыі. У час рэлігійных войнаў выступаў на баку Каталіцкай лігі. Месца падпісання Нанцкага эдыкта 1598. У 16—18 ст. адзін з цэнтраў гандлю таварамі з амер. калоній і рабамі. У 17—18 ст. на каланіяльнай сыравіне працавалі мануфактуры. У 1793 Н. — адзін з цэнтраў контррэв. вандэйскага мяцяжу (гл. Вандэйскія войны), а потым змовы жырандыстаў. У 2-ю сусв. вайну горад моцна разбураны ў выніку бамбардзіровак саюзнікаў.
т. 11, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ПАЛЕСЦІ́НЫ (АВП),
галоўная арг-цыя палесцінскага нац.-выз. руху. Створана ў 1964. Уключае большасць арг-цый Палесцінскага руху супраціўлення і грамадска-паліт. аб’яднанняў, якія актыўна змагаюцца за правы араб. народа Палесціны. Мае ўзбр. сілы, прадстаўніцтвы больш як у 100 краінах, чл. Лігі араб. краін, Арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», з 1974 — адзіны законны прадстаўнік араб. народа Палесціны ў ААН. Вышэйшы орган — Нац. савет Палесціны (НСП, склікаецца раз у год, лічыцца палесцінскім парламентам у выгнанні), які ў 1988 прыняў рашэнне пра стварэнне Дзяржавы Палесціна на тэр. зах. берага р. Іардан і сектара Газа. Паліт. і арганізац. кіраўніцтва АВП ажыццяўляе яе Выканком (надзелены НСП паўнамоцтвамі часовага палесцінскага ўрада); з 1969 старшыня Выканкома АВП Я.Арафат. Гал. інфарм. агенцтва АВП выдае штотыднёвік «Філастын ас-Саура» («Рэвалюцыйная Палесціна»).
Палітыка АВП доўгі час будавалася на ўзбр. барацьбе супраць Ізраіля за вызваленне акупіраваных ім тэрыторый і непрыняцці рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 пра стварэнне на тэр. Палесціны яўр. і араб. дзяржаў. З канца 1980 — пач. 1990-х г. стала на шлях перагавораў і пошуку мірнага ўрэгулявання палесцінскай праблемы: прызнала рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 і Савета Бяспекі ад 22.11.1967 і 22.10.1973; паводле Вашынгтонскай дэкларацыі 1993 прадугледжана часовае палесцінскае самакіраванне на тэр. зах. берага р. Іардан сектара Газа. АВП і Ізраіль заявілі пра ўзаемнае прызнанне.
т. 1, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)