ГРУ́ПА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

адносна ўстойлівая сукупнасць людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю і нормамі ўзаемаадносін. Асн. функцыі групы сацыяльнай: сумеснае дасягненне агульных мэт, сацыялізацыя людзей, задавальненне іх патрэб у эмацыянальным кантакце і падтрымцы. Групы падзяляюцца на малыя і вялікія. Малая група сацыяльная (пярвічная, нефармальная, фармальная, харызматычная, рэфератная) адрозніваецца непасрэднымі кантактамі паміж яе членамі, налічвае ад 2 да 20 і болей чал. Паняцце «пярвічная група» ўведзена для абазначэння сям’і, суседскіх і сяброўскіх кампаній, забяспечвае першасную сацыялізацыю індывідаў і характарызуецца высокай ступенню эмацыянальнасці ўзаемаадносін, салідарнасцю і развітой групавой самасвядомасцю. Нефармальная група ўтвараецца на аснове міжасобасных кантактаў, узаемных сімпатый і падабенства інтарэсаў яе членаў. Фармальная фарміруецца для дасягнення пэўных мэт і адрозніваецца развітой арганізацыйнай структурай. Харызматычная займае прамежкавае становішча паміж нефармальнай і фармальнай групамі. Асаблівую ролю ў ёй адыгрывае лідэр, які мае велізарную прыцягальную сілу і абаянне. Рэферэнтная група (уяўная і рэальная) — група, каштоўнасці і нормы якой служаць эталонам. Вялікая група сацыяльная — шматлікая супольнасць людзей, якія часта не ўступаюць у непасрэдны кантакт паміж сабой, але маюць падобнае сац. становішча і аб’ектыўную агульнасць інтарэсаў — класы, сац. слаі, праф. групы, этнічныя супольнасці (нацыя, народнасць, племя), узроставыя групы (моладзь, пенсіянеры) і інш.

Літ.:

Смелзер Н. Социология: Пер. с англ. М., 1994;

Щепаньский Я. Элементарные понятия социологии: Пер. с. пол. М., 1969.

А.​У.​Рубанаў.

т. 5, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАШНАСЦЬ,

своеасаблівае цяжкае адчуванне набліжэння рвоты. Часцей бывае пры хваробах страўніка, нырак, таксікозе цяжарных, парушэнні мазгавога кровазвароту, атручэннях алкаголем, чадным газам і інш.; зрэдку ў здаровых людзей пры непрыемных эмоцыях. Гл. таксама Ірвота.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬФ (Wolff) Крысціян (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),

нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЭ́РЫЙ (ад старажытнагрэч. kriterion сродак для суджэння),

адзнака, пакладзеная ў аснову класіфікацыі чаго-небудзь, або на падставе якой праводзіцца ацэнка, вызначэнне якой-небудзь з’явы, прадмета; мера для ацэнкі суджэння. Выступае як сродак праверкі ісціннасці ведаў, дзейнасці людзей і яе вынікаў, норм паводзін і дзеянняў чалавека, асобных сац. груп, этнасац. супольнасцей; іх ацэнка зыходзіць з прынятых у дадзеным грамадстве К. Функцыі асн. К. ісціны, стваральна-творчай дзейнасці людзей выконвае практыка. У навук. сферы К. апіраюцца на фундаментальныя палажэнні тэорыі пазнання і выступаюць як адзнакі ісціннасці або памылковасці тых ці інш. ідэй. У мастацтве К. звязаны з заканамернасцямі развіцця, разуменнем зместу эстэт. і мастацкіх каштоўнасцей і механізма праяўлення мастацка-ацэначнага працэсу. Гл. таксама Верыфікацыя, Дзеянне сацыяльнае, Крытэрый аптымальнасці.

В.​А.​Салееў.

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́КТЫКА (ад грэч. prakticos актыўны, дзейны),

матэрыяльная мэтазгодная дзейнасць людзей, накіраваная на засваенне і пераўтварэнне аб’ектыўнай рэчаіснасці; працэс пераходу набытага вопыту ва ўмовы жыцця людзей. Як сукупная дзейнасць чалавецтва ў гіст. развіцці з’яўляецца асновай грамадства і пазнання. Асн. віды П. — вытв-сць матэрыяльных даброт і П., накіраваная на сац. пераўтварэнне. Структура П. ўключае патрэбнасць, мэту, матыў, мэтазгодную дзейнасць, прадмет, сродкі і вынік. Разглядаецца ў кантэксце ўзаемаўплываў з тэорыяй. У філасофіі праблема тэорыі і П. становіцца актуальнай з 19 ст. Г.​Гегель разглядаў П. як «валявую дзейнасць ідэі». Суб’ектыўныя ідэалісты сцвярджалі другаснасць П. ў адносінах да тэорыі. Вял. ролю ў пазнанні адводзілі П. прыхільнікі марксізму, сцвярджаючы дыялект. адзінства тэорыі і П. Прагматысты разглядалі каштоўнасць вучэння толькі па яго практ. выніках.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́З Міхаіл Міхайлавіч (28.11.1959, в. Бярэжцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 7.9.1977),

юнак, які цаной свайго жыцця выратаваў людзей ад смерці. З 1974 вучыўся ў Аршанскім пед. вучылішчы. У вер. 1977 у час работы на ўборцы бульбы ў калгасе «Прагрэс» Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. заўважыў на транспарцёры бульбаўборачнага камбайна праржавелы артыл. снарад, які рухаўся ў барабан агрэгата. Спыніць машыну было позна. М. падхапіў смяротны груз на рукі і пабег далей ад людзей. Выратаваў іх, але выбухам быў смяротна паранены сам. За мужнасць і самаадданасць, выратаванне жыцця калгаснікаў і навучэнцаў М. ў кастр. 1977 пасмяротна ўзнаг. ордэнам Чырв. Зоркі. У г. Жыткавічы яму ўстаноўлены помнік (1981), яго імя насілі піянерскія дружыны, цеплаход. Подзвігу М. прысвечана п’еса М.​Саенкі «Спытай сябе».

т. 18, кн. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАСЫ́, абаасы,

у якуцкай міфалогіі злыя духі; маюць аблічча чалавека ростам з лістоўніцу або аднаногай, аднарукай, аднавокай пачвары. Усё шкоднае і агіднае створана абасамі. Яны спакушаюць і падбухторваюць людзей на злачынствы, насылаюць на іх бедствы і хваробы.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТУ́МН, Вартумн,

у рымскай міфалогіі бог розных перамен (у порах года, цячэнні рэк, настроях людзей і інш.). Паводле адной версіі, першапачаткова сабінскі бог, паводле другой — бог г.Вальсінія, гал. бажаство этрускаў. У Рыме Вертумну быў прысвечаны храм.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШЧЫ,

астанкі людзей, якія падвергліся натуральнай муміфікацыі і аб’яўлены духавенствам цудатворнымі, нятленнымі. Шанаванне М. — элемент культу святых, аб’ект рэліг. пакланення ў праваслаўных і католікаў. М. захоўваюцца і выстаўляюцца ў храмах у т. зв. раках — грабніцах або каўчэгах.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́Д,

1) перамяшчэнне якога-н. арганізаванага атрада людзей з пэўнымі мэтамі, заданнем, напр., турысцкі паход.

2) Ваенныя дзеянні, аперацыі супраць каго-, чаго-н.

3) У перан. сэнсе — арганізаваныя дзеянні, накіраваныя на барацьбу з кім-, чым-н.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)