ЗА́СКАР,

горны хрыбет на ПнЗ Гімалаяў, у Індыі і Кітаі. Даўж. каля 600 км. Складзены з вапнякоў, пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. На выш. каля 6400 м — шырокая, расчлянёная цяснінамі платопадобная паверхня, над якой узвышаюцца асобныя пікі (выш. да 7816 м, г. Нандадэві). Рэльеф альпійскі. Снежнікі, ледавікі. На паўд.-зах. схілах — лясы з гімалайскага кедру (да выш. 4000 м), лугі, на ПнУ — горныя стэпы.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКШАА́Л-ТО́О, Какшалтау,

хрыбет на Пд Цянь-Шаня, на мяжы Кыргызстана і Кітая. Даўж. каля 400 км. Выш. да 7439 м (пік Перамогі). Складзены з гліністых сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў, прарваных гранітамі. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі (агульная пл. 983 км²). Рэкі Сары-Джаз, Какшаал, Узенгегуш перасякаюць хрыбет у вузкіх цяснінах. На паўд. схіле стэпы, на паўн. — высакагорныя лугі і лугавыя стэпы.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НІЯ (Kenya),

патухлы вулкан у Кеніі, на У ад Усх.-Афр. рыфтавай сістэмы. Выш. 5199 м (другая па выш. пасля Кіліманджары вяршыня ў Афрыцы). Усечаны конус над лававым плато. Горныя лясы, лугі, на вяршыні — шматгадовыя снягі і ледавікі (каля 15, даўж. да 1,5 км). На выш. 1200—2000 м плантацыі кавы, сізалю, бананаў. Уваходзіць у склад нац. парку Маўнт-Кенія.

т. 8, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВЫ́ ХРЫБЕ́Т (Coast Range),

горны хрыбет у сістэме Кардыльер Паўн. Амерыкі, у Канадзе і ЗША. Даўж. каля 1700 км. Выш. да 4042 м (г. Уодынгтан). Складзены пераважна з гранітаў. Моцна расчлянёны глыбокімі папярочнымі далінамі і фіёрдамі. Да выш. 1000—1800 м хвойныя лясы (дугласія, зах. хемлак, туя, сітхінская елка), вышэй — альпійскія лугі і горныя тундры. Вечныя снягі і ледавікі, якія месцамі апускаюцца да ўзроўню мора.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМПІЯ́НСКІЯ ГО́РЫ (Grampians),

самыя высокія горы в-ва Вялікабрытанія. Размешчаны на Пн, у Шатландыі: частка Паўночна-Шатландскага нагор’я. Працягнуліся з З на У амаль на 250 км. Выш. да 1343 м (г. Бен-Невіс). Складзены з гнейсаў, сланцаў, гранітаў. Характэрны згладжаныя вяршыні, старажытналедавіковыя формы рэльефу. Клімат умераны марскі. Ападкаў да 1000 мм за год. Тарфянікі, зараснікі верасу, лугі. Рэзерваты: Глен-Рой, Карнгарм, М’юір-оф-Дынет.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕРУ́Н (Cameroon, Cameroun),

вулканічны масіў у Афрыцы, каля берагоў Гвінейскага заліва. Тэр. дзяржавы Камерун. Выш. 4070 м. Трахібазальтавы стратавулкан са шматлікімі бакавымі конусамі і кратэрамі. Гал. вяршыня — дзеючы конус Фака (апошняе вывяржэнне ў 1959). На зах. і паўд.-зах. схілах выпадае найб. ў Афрыцы колькасць ападкаў (каля 10 000 мм за год). Ніжняя ч. схілаў занята экватарыяльнымі лясамі, часткова плантацыямі, вышэй — горныя лясы і лугі.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ШАТЛА́НДСКАЕ НАГО́Р’Е.

На Пн Вялікабрытаніі, у Шатландыі. Даўж. з Пн на Пд каля 300 км, шыр. больш за 200 км. Выш. да 1343 м (г. Бен-Невіс у Грампіянскіх гарах). Складзена з гнейсаў, гранітаў, крыштал. сланцаў, пясчанікаў. Пласкагор’і і масівы, расчлянёныя тэктанічнымі ўпадзінамі (найб. Глен-Мор) са старажытналедавіковымі формамі рэльефу, цяснінамі, на З — фіёрдамі. Шмат азёр (Лох-Ломанд, Лох-Нес), балот. Верасоўнікі, лугі, участкі лясоў. Жывёлагадоўля.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСКІ́ДЫ,

раз’яднаныя хрыбты ў паўн. ч. Карпат, у Польшчы, Чэхіі, Славакіі і на Украіне. Падзяляюцца на Зах. і Усх. Бяскіды. Даўж. каля 300 м. Выш. да 1725 (г. Бабіна). Складзены пераважна з флішаў. Ад восевай зоны Карпат аддзелены падоўжнымі далінамі і ўтвараюць асобныя плоскавяршынныя масівы з невысокімі пераваламі паміж імі. Букавыя і хвойныя лясы, на вяршынях — лугі (паланіны). Нац. паркі Бабінагорскі і Гарчанскі (Польшча), рэзерват Катліна пад Бабінай Гарой (Славакія).

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКТЫ́ЧНАЯ НІЗІ́НА,

на Пн Аляскі, у ЗША. Даўж. каля 1000 км, шыр. да 150 км. Выш. каля 200 м. Складзена з марскіх алювіяльных адкладаў. Паверхня плоская, слаба расчлянёная далінамі. Характэрны поліганальныя грунты, маразабойнатрэшчынаватая шматгадовая мерзлата, гідралакаліты (узгоркі-пінга). Шматлікія лагунныя і тэрмакарставыя азёры і непраходныя балоты. Клімат субарктычны. Расліннасць мохава-лішайнікавая, па далінах рэк вярбовыя хмызнякі і асакова-разнатраўныя лугі. Радовішчы нафты і прыроднага газу (зал. Прадха). Рэдкія паселішчы эскімосаў.

т. 1, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮНГЁЙ-АЛА́О́О, Кунгей-Алатау,

хрыбет на Пн Цянь-Шаня, які абмяжоўвае з Пн Ісык-Кульскую катлавіну ў Казахстане і Кыргызстане. Даўж. каля 280 км. Выш. да 4771 (г. Чок-Тал). Складзены з гранітаў, сланцаў, пясчанікаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі агульнай пл. 237 км². На паўн. схілах і ў цяснінах — лясы з цянь-шаньскай елкі, на паўд. — горныя стэпы, вышэй — горныя лугі і лугастэпы. Ва ўсх. ч. перавал Сан-Таш.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)