МАНГО́ЛЬД, лісцевы бурак (Beta cicla, B. vulgaris cicla),
падвід бурака звычайнага, агароднінная культура з сям. лебядовых. Вядомы з 8 ст. да н.э., продак звычайнага караняплоднага бурака. Культывуецца пераважна ў Зах. і Паўд. Еўропе.
Двухгадовая травяністая расліна. У 1-ы год утварае разетку лісця і моцна разгалінаваны корань, на 2-і дае кветаносы і насенне. Лісце буйное, кучаравае, маршчыністае з чаранкамі і жылкамі рознага колеру (дэкар. сарты) або гладкае, хвалістае. Кветкі дробныя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца ў суплоддзе (клубочак). У лісцевых сартоў М. ядомае лісце, у чаранковых — і чаранкі. Харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАНЯЕ́Д БУРАКО́Ў,
хвароба праросткаў і ўсходаў буракоў, якая выклікаецца пераважна паразітычнымі грыбамі. Яго ўзбуджальнікі — грыбы з родаў Pythium, Aphanomyces, Phoma, Rhizoctonia, розныя віды Fusarium, а таксама бактэрыі. Пашкоджваюць цукр., кармавыя і сталовыя сарты, зрэджваюць усходы, змяншаюць ураджайнасць на 10—40%. Хвароба праяўляецца завяданнем і пажаўценнем раслін у фазе семядолей і 1-й пары лісцікаў; на карэньчыках маладых праросткаў паяўляюцца бурыя плямы, падоўжаныя палосы, на падсемядольным калене — кальцавая перацяжка загнілых і пачарнелых тканак. Пры інтэнсіўным развіцці хваробы корань гніе і расл ша гіне. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках у глебе, на каляплодніках насення.
Да арт.Караняед буракоў: 1 — узбуджальнік хваробы ў культуры; 2 — здаровая расліна; 3 — пашкоджаны праростак; 4 — пашкоджаная расліна (перацяжка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭ́ЦКЭ скульптурная мініяцюра з дрэва, каменю, косці, рогу, металу ў Японіі ў 15—19 ст. З’явілася з увядзеннем у яп. гарнітур пояса для ўмацавання на ім кашалька, кісета, люлькі, скрыначкі для лекаў. Тэрмін «Н.» (складаецца са слоў «корань» і «прымацоўваць») пачаў ужывацца ў 17 ст., калі мініяцюрныя разныя фігуркі з навылётнай дзіркай для шнурка набылі пластычна завершаную форму адначасова утылітарнага прадмета і ўпрыгожання. У 18—19 ст. дасягнула росквіту. Сярод вядомых майстроў Н. — Судзан (18 ст.), Руса (2-я пал. 18 ст.), Таматада (канец 18 — пач. 19 ст.).
Нэцкэ: 1 — Чароўны кацялок для чаю; 2 — Бог шчасця Дзюрадзін; 3 — Малпа, якая разглядвае нэцкэ ў выглядзе малпы з персікам. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНІ́КНІЦА (Geum),
кветкавая расліна сям. ружавых. Больш за 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах і ў Арктыцы. На Беларусі 3 віды П.: алепская (G. aleppicum), гарадская (G. urbanum), рачная (G. rivale). Трапляюцца ў лясах, садах, на ўзлесках, уздоўж дарог. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны П. чылійская (G. chiloense) і чырвоная (G. coccineum).
Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 80 см з прамастойнымі малагалінастымі сцёбламі. Прыкаранёвае лісце лірападобна-перыстае, сцябловае трайчастае або трохраздзельнае. Кветкі жоўтыя ці чырванаватыя, адзіночныя або ў шчытковых ці мяцёлчатых суквеццях. Плод — шматарэшак. Карэнішчы П. гарадской («гваздзіковы корань») ужываюць як прыправу, дабаўляюць у піва, квас. Эфіраалейныя, меданосныя, харч., лек., дубільныя, інсектыцыдныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЧ (Іван Фёдаравіч) (н. 17.10.1936, с. Цялежынцы Таціеўскага р-на Кіеўскай вобл.),
украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1962), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (Масква, 1964). Філасафічнасць, асацыятыўна-ўмоўная вобразнасць, метафарычнасць — рысы паэзіі Д. (зб-кі «Сланечнік», 1962, «Балады будняў», 1967; «Корань і крона», 1974, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976; «Зялёныя вароты», 1980, Дзярж. прэмія СССР 1983; «Пісьмо да каліны», 1990, і інш.). Пераклаў на ўкр. мову вершы Р.Барадуліна, А.Бачылы, Г.Бураўкіна, Н.Гілевіча, А.Звонака, М.Танка. На бел. мову вершы Д. перакладалі Барадулін, Бураўкін, А.Вярцінскі, Гілевіч, А.Грачанікаў, У.Караткевіч, Я.Сіпакоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПСУ́ЕЎ (Уладзімір Нічыпаравіч) (10.10.1924, в. Бабовічы Гомельскага р-на — 10.12.1995),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Аўтар станковых кампазіцый «Механізатары» (1957), «Маладагвардзейцы Гомеля. Клятва» (1960), «Садружнасць» (1963), «Рэйкавая вайна» (1964), «1905 год» (1970), партрэтаў Героя Сав. Саюза І.К.Захарава (1975), нар. пісьменніка Беларусі П.Броўкі (1976), В.І.Давыдоўскай (1982) і інш.; помнікаў ахвярам фашызму ў в. Загалле Любанскага р-на (1964), у г. Докшыцы (1968), воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, у в. Лучнікі Слуцкага р-на (1970), в.Корань Лагойскага р-на (1980) Мінскай вобл., г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. (1983) і інш. Творы адметныя лаканізмам, абагульненасцю, выразнасцю сілуэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ МО́ВА,
адна з семіцкіх моў. Афіц. мова ўсіх араб. краін. Адна з афіц. і рабочых моў ААН. Мае 5 груп дыялектаў (іракская, сірыйская, аравійская, егіпецкая, магрыбская). Фанетыка багатая сістэмай зычных (28 фанем). Носьбітамі лексічнага значэння ў слове з’яўляюцца 3 зычныя, з якіх складаецца корань. 3 галосныя ў розных камбінацыях афармляюць граматычную характарыстыку слова: час, лад, трыванне і інш. Назоўнік і прыметнік адрозніваюцца ў залежнасці ад іх пазіцыі ў сказе. Дзеяслоў багаты формамі. У ролі службовых слоў — назоўнікі. Літ. арабская мова пачала складвацца ў 4—6 ст. у даісламскай паэзіі і ў 7 ст. ў мове Карана. Росквіту дасягнула ў эпоху арабскага халіфата (9—11 ст.). З 6 ст. арабская мова карыстаецца арабскім пісьмом.
Літ.:
Юшманов Н.В. Грамматика литературного арабского языка. 3 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙМАРЫ́Т, верхнясківічны сінусіт,
запаленне слізістай абалонкі і сценак верхнясківічнай (гаймаравай) пазухі. Адрозніваюць гаймарыт рынагенны і адантагенны, востры і хранічны, адна- і двухбаковы. Востры рынагенны гаймарыт бывае пасля грыпу, рэспіраторных захворванняў і вірусных інфекцый, можа пераходзіць у хранічны (пры пераахаладжэнні на фоне зніжанай рэактыўнасці арганізма, скрыўленых насавых перагародках, гіпертрафіі насавых ракавін). Пры адантагенным гаймарыце ў запаленчы працэс уцягваецца ніжняя сценка гаймаравай пазухі. Клінічныя праяўленні вострага рынагеннага гаймарыту — боль у месцы лакалізацыі гаймарыту, галаўны боль, закладзенасць носа, серозна-гнойныя выдзяленні з яго, часам святлабоязь, ірадыяцыя болю на верхнюю сківіцу, зубы, корань носа, слёзацячэнне. Адзначаюцца павышэнне т-ры цела, слабасць, галаўныя болі. Пры хранічным гаймарыце звычайны насмарк з гнойнымі ці серозна-гнойнымі выдзяленнямі, галаўныя болі пры абвастрэннях. Лячэнне: медыкаментознае, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛАБАРО́Д (Tragopogon),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Паўн. Афрыцы, на Каўказе. На Беларусі трапляюцца К.: беларускі (T. bjelorussicus), усходні (T. orientalis), лугавы (T. pratensis, нар. назва казялок), няпэўны (T. dubium). Растуць на лугах, у хмызняках, каля дарог. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны К. Кемулярыі (T. kemulariae); К. парэялісты (T. porrifolus) зрэдку культывуецца аматарамі як агародніна (белы аўсяны корань).
Шмат- ці двухгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і млечным сокам. Сцябло разгалінаванае ці простае выш. 25—80 см. Лісце суцэльнакрайняе, лінейнае або ланцэтнае. Кветкі пераважна жоўтыя, двухполыя, язычковыя з 5-зубчастым вяночкам, сабраныя ў буйныя кошыкі. Плод — сямянка з чубком. Лек., карм., меданосныя і дэкар. расліны. Ядомыя, карані маюць інулін; сурагат кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХО́РКА (Nicotiana rustica),
кветкавая расліна сям. паслёнавых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы. У пач. 16 ст. завезена ў Еўропу. Культывуюць як тэхн. культуру ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.
Аднагадовая травяністая расліна выш. 50—150 см з цяжкім непрыемным пахам. Корань стрыжнёвы, даўж. да 1,5 м. Сцёблы прамыя, галінастыя з залозістымі валаскамі. Лісце чаранковае, цёмна-зялёнае, з сінім адлівам, маршчыністае, круглаватае. Кветкі двухполыя, жоўта-зялёныя, у мяцёлчатай гронцы. Плод — шматнасенная каробачка. Сухое лісце М. мае да 10 % нікаціну, да 10 % лімоннай к-ты. З іх гатуюць крупку для курэння, нюхальны тытунь, тытунёвы пыл — інсектыцыд, атрымліваюць нікацінавыя мед. прэпараты (напр., вітамін РР, нікацін-сульфат), нікацін, лімонную к-ту, прэпараты для барацьбы са шкоднікамі с.-г. раслін, з узбуджальнікамі хвароб жывёл. Лек., тэхн. расліна.