ВЕРСА́ЛЬ, Версай (Versailles),

горад у Францыі, паўд.-зах. прыгарад Парыжа. Адм. ц. дэпартамента Івелін. 91 тыс. ж. (1990). Харч. і маш.-буд. прам-сць. Версаль — былая каралеўская рэзідэнцыя. Палацава-паркавы ансамбль. Турызм. Месца заключэння шэрагу міжнар. пагадненняў, у т. л. Версальскага мірнага дагавора 1919.

Палацава-паркавы ансамбль Версаля ўзнік з паляўнічага замка Людовіка XIII (1624, перабудаваны ў 1631—34, арх. Ф.Леруа), які ў выніку некалькіх перабудоў (1661—68, арх. Л.Лево; 1670—74, арх. Ф. д’Арбэ; 1678—89, арх. Ж.Ардуэн-Мансар) ператварыўся ў вял палац (даўж. фасада 576,2 м) з багата аздобленымі параднымі і жылымі інтэр’ерамі і паркам. У аснове планіроўкі 3 дарогі, якія веерам ідуць ад палаца да Парыжа, каралеўскіх палацаў Сен-Клу і Со. Гал. алея з басейнамі Латоны і Апалона і з Вял. каналам (даўж. 1520 м) утварае вось сіметрыі рэгулярнага парку (1660-я г., арх. А.Ленотр) з багатымі павільёнамі, фантанамі, дэкар. скульптурай (Ф.Жырардон, А.Куазевокс і інш.). Фасад палаца, звернуты да Парыжа, утвараюць Мармуровы двор (1662, арх. Лево), Двор прынцаў (правае крыло, пазней наз. «Крыло Габрыэля», 1734—74; каралеўская капэла, 1689—1710, арх. Ардуэн-Мансар; левае крыло — «Крыло Дзюфура», 1814—29) і Двор міністраў (1671—81, арх. Ардуэн-Мансар). Фасад палаца з боку парку складаюць карпусы: цэнтральны (з 1668. арх. Лево, завершаны арх. Ардуэн-Мансарам), паўд. (1682) і паўн. (1685, абодва арх. Ардуэн-Мансар); Оперны т-р (1748—70, арх. Ж.А.Габрыэль, скульптар А.Пажу). Інтэр’еры аформлены ў 17—18 ст. (арх. Ардуэн-Мансар, Лево, жывапіс Ш.Лебрэна і інш.). На Пн ад Вял. канала палацы Вял. Трыянон (1670—72, арх. д’Арбэ па планах арх. Лево, 1687, арх. Ардуэн-Мансар) і Малы Трыянон (1762—64, арх. Габрыэль), да якога прылягае пейзажны парк (1774, арх. А.Рышар) з Бельведэрам (1777), храмам Кахання (1778), Малым т-рам (1780, усе арх. Р.Мік) і «вёскай» Марыі Антуанеты (1783—86, арх. Мік, маст. Ю.Рабер). У 1830 ансамблі ператвораны ў Нац. музей Версаля і Трыянонаў. Версаль уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Алпатов М.В. Архитектура ансамбля Версаля. М., 1940;

Benoist L. Histoire de Versaille. Paris, 1973.

т. 4, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́Я (араб. Аль-Іскандарыя),

горад на Пн Егіпта. Адм. ц. мухафазы Александрыя. Размешчаны паміж Міжземным м. і воз. Мар’ют. Другі па насельніцтве (3,2 млн. ж., 1987) і эканам. значэнні (пасля Каіра) горад краіны. Гал. марскі порт Егіпта (даступны для акіянскіх суднаў), звязаны суднаходным каналам з Нілам. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цераз Александрыю ажыццяўляюцца ​4/5 знешніх перавозак Егіпта. Буйны гандл.-прамысл. цэнтр. Нафтаперапр., хім., металургічная, маш.-буд., металаапр., радыёэлектронная, цэментная, тэкст., харч., гарбарна-абутковая, папяровая прам-сць; вытв-сць аўтапакрышак; суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайныя рамёствы. Гандаль бавоўнай, збожжам і інш. Ун-т. У прыгарадах Александрыі — летні марскі курорт.

Засн. ў 332—331 да н.э. Аляксандрам Македонскім, які назваў горад сваім імем і зрабіў яго марской базай для далейшага заваявання Усходу. Пры Пталамеях сталіца Егіпта. Цэнтр эліністычнай культуры. Тут знаходзіліся Александрыйскі мусеян, Александрыйская бібліятэка. З 30 да н.э. Александрыя ў складзе Рым. імперыі, з канца 4 ст. н.э. — Візантыі. Адзін з гал. цэнтраў ранняга хрысціянства. З 7 ст. н.э. пад уладай арабаў. У 1517 заваявана туркамі і разбурана. Адноўлена ў 1-й пал. 19 ст. У 1882 захоплена англічанамі і ператворана ў каланіяльны порт. У 1-й пал. 20 ст. адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху ў Егіпце.

Антычная Александрыя мела рэгулярную планіроўку (грэч. арх. Дэйнакрат, 4 ст. да н.э.). Са старажытнасці захавалася т.зв. калона Пампея (або Дыяклетыяна), некропалі, катакомбы. На в-ве Фарос, які злучаўся дамбай з Александрыяй, стаяў славуты маяк вышынёй больш за 120 м (арх. Састрат, 3 ст. да н.э.), прылічаны да «сямі цудаў свету» (на яго месцы цяпер крэпасць Кайт-Бей — частка араб. умацаванняў).

Сучасная Александрыя складаецца са старой ч. з вузкімі вулачкамі і новай — з шырокімі праспектамі, набярэжнай, камфартабельнымі асабнякамі і шматпавярховымі будынкамі (у т. л. марскі вакзал, аздоблены мазаікай і рэльефамі). Мячэці 17—19 ст., палацы (цяпер музеі) Рас-эт-Цін (пач. 19 ст.), Мунтаза з вял. паркам (пач. 20 ст.), Мухамеда Алі (20 ст.). Цэнтр. плошча — Ат Тахрыр з коннай статуяй Мухамеда Алі (2-я пал. 19 ст., франц. скульпт. А.Жакмар). Ун-т, 5 музеяў, у т. л. грэка-рым. старажытнасцяў, прыгожых мастацтваў; Нац. б-ка.

Набярэжная ў Александрыі.
Александрыя. Мячэць Аль-Каід Ібрагім Машэ.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНСКІ БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у паўночнай частцы Беларусі, на тэр. Докшыцкага і Лепельскага р-наў Віцебскай і Барысаўскага р-на Мінскай абласцей. Засн. ў 1925 для аховы і развядзення каштоўных, рэдкіх і тых, што знікаюць, птушак і звяроў, асабліва баброў (на час стварэння тут была адзіная на З Беларусі калонія). З 1979 запаведнік набыў статус біясфернага паводле Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». У 1993 уключаны Саветам Еўропы ў сетку біягенетычных запаведнікаў. Пл. 90,6 тыс. га, у т. л. абсалютна запаведнай зоны 81 тыс. га, ахоўная зона вакол запаведніка 33 тыс. га. Займае ч. Верхнебярэзінскай ніз. ўздоўж верхняга цячэння р. Бярэзіна (бас. Дняпра) з 30 прытокамі. Адм.-гасп. цэнтр у в. Домжарыцы Лепельскага р-на.

Рэльеф пераважна раўнінны, з невял. ўзвышшамі і ўзгоркамі ў паўн.-ўсх. і зах. частках і нізінамі на Пд. Клімат умерана цёплы, вільготны. У межах запаведніка больш за 50 невял. забалочаных рэк і ручаёў, перагароджаных бабровымі плацінамі. Р. Сергуч (Бузянка) — найб. левы прыток р. Бярэзіна — ч. пабудаванай з дапамогай ням. інжынераў у канцы 18 — пач. 19 ст. Бярэзінскай воднай сістэмы, якая дазволіла звязаць рэкі бас. Балтыйскага і Чорнага м. і аднавіць т.зв. гіст. шлях «з варагаў у грэкі». Яе рэчышча ў розных месцах расшырана, выраўнавана і канчаецца Сергуцкім каналам, працягласць якога 9 км. З канца 19 ст. гасп. значэння гэта сістэма не мае. Шмат азёр, найб. Палік, Вольшыца, Плаўна, Домжарыцкае, Манец. Рэкі і азёры займаюць 2,3% тэр. запаведніка, адкрытыя балоты — 10,3%. Есць вял. балотныя масівы (Домжарыцкае каля 10 тыс. га, Каралінскае 7 тыс. га, Жары 4,8 тыс. га і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя, ва ўпадзінах і катлавінах тарфянабалотныя. Забалочаных і балотных глеб каля 60% глебавага покрыва Частыя выхады на паверхню марэнных адкладаў з валунамі і пясчана-галечных утварэнняў. Расліннасць разнастайная, пераважна лясная, лугавая і балотная, спалучае рысы цемнахвойных паўд.-таежных і шыракалістых лясоў. Пад лесам 83,3% тэр., пераважаюць хваёвыя (45,4% лесаўкрытай пл.) і бярозавыя (24,4%) лясы, трапляюцца чорнаальховыя (16,4%), яловыя (10,8%), асінавыя (1,1%), дубовыя (0,5%). У паўд. ч. запаведніка зберагліся унікальныя ясянёвыя і чорнаальхова-ясянёвыя дрэвастоі (0,4%), некаторыя маюць узрост да 160—170 гадоў. Пад лугамі 1,4% тэр. У флоры 780 відаў сасудзістых раслін, больш за 200 відаў мохападобных, шмат відаў грыбоў, лішайнікаў і водарасцяў. У фауне каля 52 відаў млекакормячых, 217 птушак, 8 земнаводных, 5 паўзуноў, 34 віды рыб. Больш за 200 паселішчаў баброў. Каля 1 тыс. баброў вывезена з запаведніка для рассялення ў інш. рэгіёны. Водзяцца лось, воўк, высакародны алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, ліс, барсук, выдра, лясная куніца, тхор, еўрап. і амер. норкі, гарнастай, ласка і інш., з Белавежскай пушчы завезены зубры. Гняздуюцца рэдкія драпежныя птушкі (арол-беркут, малы падворлік, скапа, барадатая няясыць, філін і інш.), а таксама чорны бусел і шэры журавель. Трапляюцца чорны каршун і белая курапатка. Шмат баравой дзічыны.

Бярэзінскі біясферны запаведнік — адзінае месца ў паўн. і цэнтр. ч. Беларусі, дзе прыродныя раслінныя комплексы захаваліся амаль у некранутым стане, каля 30 відаў раслін і 10 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу. Дзейнічае ў сістэме глабальнага маніторынгу, мае станцыю па назіранні і кантролі за станам навакольнага асяроддзя. З’яўляецца н.-д. і прыродаахоўнай установай, базай для стажыроўкі спецыялістаў у галіне аховы прыроды і запаведнай справы. Працуе музей прыроды, школа экалагічнага выхавання, станцыя фонавага маніторынгу.

Літ.:

Заповедники Прибалтики и Белоруссии. М., 1989;

Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993.

Г.У.Вынаеў.

т. 3, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,

міжмацерыковае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай, Азіяй і Афрыкай. На З Гібралтарскім пралівам злучана з Атлантычным ак., на ПнУ пралівам Дарданелы, Мармуровым м. і пралівам Басфор — з Чорным м., на У Суэцкім каналам — з Чырвоным м. У М.м. вылучаюць моры: Альбаран, Балеарскае, Лігурыйскае, Тырэнскае, Адрыятычнае, Іанічнае, Эгейскае. М.м. абмывае берагі 21 краіны: Іспаніі, Францыі, Манака, Італіі, Мальты, Славеніі, Харватыі, Югаславіі, Босніі і Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі, Турцыі, Кіпра, Сірыі, Лівана, Ізраіля, Егіпта, Лівіі, Туніса, Алжыра, Марока. Пл. 2505 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1541 м, найб. глыб. 5121 м. М.м. канчаткова ўтварылася ў эпоху альпійскага арагенезу ў выніку апускання часткі альпійскіх структур Паўд. Еўропы, Пярэдняй Азіі і платформенных утварэнняў Паўн. Афрыкі. Паўн. берагі гарыстыя, берагавая лінія складаная, паўд. афр. бераг мала парэзаны. Шэльф М.м. вузкі, за выключэннем Адрыятычнага і Эгейскага мораў, берагоў Туніса, Лівіі, Егіпта. Прыбярэжная зона глыбокая, меляў і рыфаў мала. Рэльеф дна складаецца з Алжыра-Праванскай, Тырэнскай, Цэнтр. і Левантыйскай катлавін. Найб. залівы: Валенсійскі, Ліёнскі, Генуэзскі, Таранта, Сідра, Габес. Найб. паўастравы: Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі, М.Азія; астравы: Балеарскія, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт, Кіпр. Частыя землетрасенні, вывяржэнні вулканаў (в-аў Стромбалі). У М.м. ўпадаюць буйныя рэкі: Эбра, Рона, Тыбр, По, Ніл. Адна з асн. рыс воднага балансу М.м. — выпарэнне (3130 км³/год) — перавышае над ападкамі (1000 км³/год) і рачным сцёкам (430 км³/год). Водны дэфіцыт кампенсуецца паступленнем вады з Атлантычнага ак. (40 тыс. км³/год) і Чорнага м. (170 км³/год) у паверхневыя слаі. Існуе адток з прыдонных слаёў больш салёнай і шчыльнай вады М.м. ў Атлантычны ак. (38,5 тыс. км³/год) і Чорнае м. (170 км³/год). М.м. размешчана ў субтрапічных шыротах у зоне міжземнаморскага клімату з кароткай цёплай і дажджлівай зімой (т-ра студз. 5—10 °C, ападкаў да 600 мм) і працяглым сухім гарачым летам (т-ра ліп. каля 28 °C, сума ападкаў за чэрв.—жнівень каля 50 мм). Зімой дзьмуць моцныя паўн. вятры — містраль (у раёне Ліёнскага зал.) і бара (на У Адрыятычнага м.). Летам частыя сухія вятры з Афрыкі — сірока. Сярэдняя т-ра вады ў М.м. на паверхні вады ў лютым ад 10—12 °C на Пн да 15—16 °C на Пд, жн. ад 21—23 °C да 27—28 °C адпаведна. Салёнасць вады (ад 36%° да 39,5%°) павялічваецца з 3 на У і дасягае макс. ў Левантыйскім басейне. Прылівы паўсутачныя да 1 м, найб. да 4 м. Цячэнні ў М.м. ў паўд. паласе з 3 на У, у паўн. — з У на 3, з цыкланальнымі кругаваротамі ў морах паўн. часткі, з антыцыкланальнымі ў залівах Габес і Сідра. Біял. і рыбапрамысл. прадукцыйнасць М.м. невялікая, што звязана са слабым развіццём фіта- і зоапланктону. Аднак адзначаецца вял. відавая разнастайнасць арганізмаў. Водзіцца 540 відаў рыб паўд.-барэальнага і трапічнага комплексаў (анчоўс, сардзіна, скумбрыя, стаўрыда, тунец). Каля 70 відаў рыб — эндэмікі, у т. л. скаты, віды хамсы, бычкоў, губана, марскіх сабачак. Ёсць марскія чарапахі, дэльфіны. Шмат розных беспазваночных (галаваногія малюскі, ракападобныя, губкі, чырвоны карал). Улоў рыбы штогод каля 600 тыс. т. Каля Туніса здабываюць губкі і каралы. Штучнае развядзенне ў рыбніках вустрыц і мідый. На шэльфе здабываюць нафту і газ, магнійртутныя руды, солі. На берагах М.м. сканцэнтравана каля ​1/з часткі ўсіх населеных пунктаў прыбярэжных краін, у т. л. больш за 300 партоў. Па М.м. ажыццяўляецца каля 20% сусв. знешнегандл. перавозак. Буйныя парты: Барселона (Іспанія), Марсель (Францыя), Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест (Італія), Бейрут (Ліван), Александрыя, Порт-Саід (Егіпет), Пірэй (Грэцыя), Ізмір (Турцыя), Хайфа (Ізраіль), Бенгазі, Трыпалі (Лівія), Туніс, Бізерта (Туніс) і інш. Міжземнамор’е — буйны раён адпачынку і турызму. Курорты: Лазурнага берага (Рыўера) у Францыі, Італіі і Манака, Левантыйскага ўзбярэжжа, Балеарскіх а-воў у Іспаніі. Буйной праблемай М.м. з’яўляецца забруджванне вод.

А.А.Матужа.

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)