антыфеадальнае казацка-сял. паўстанне на Украіне і Беларусі пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Восенню 1595 Налівайка ўзначаліў антыфеад. рух на Правабярэжнай Украіне. Пры падтрымцы гар. нізоў казакі захапілі г. Луцк, разграмілі шмат магнацкіх і шляхецкіх маёнткаў на Падоллі і Валыні. Супраць Налівайкі быў пасланы 7-тысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Р.Лабадой. Каб пазбегнуць сутыкнення, Налівайка накіраваў паўстанцаў у Беларусь. Казакі занялі г. Петрыкаў, 6.11.1595 — г. Слуцк. Адзін з раз’ездаў Налівайкі быў разбіты 25 ліст. каля г. Капыль войскамі К.Радзівіла. 27 ліст. казакі пакінулі Слуцк і рушылі ў напрамку на Бабруйск, але, не дайшоўшы да яго, павярнулі на Магілёў і 13 снеж. штурмам авалодалі ім. 25 снеж. да Магілёва падышло ўрадавае 18-тысячнае войска на чале з рэчыцкім старостам М.Буйвідам. Налівайка і 2 тыс. яго казакоў занялі пазіцыю за горадам, на Ільінскай гары каля Буйніцкага поля, агарадзіўшыся вазамі. Бітва на працягу дня не прынесла поспеху ні аднаму з бакоў. З прыцемкамі казакі пачалі адыход у напрамку Быхаў—Рагачоў—Рэчыца—Петрыкаў. Рухаючыся ўздоўж Прыпяці, яны захапілі Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск. На ПдУ Беларусі дзейнічала частка рэестравых казакоў пад кіраўніцтвам М.Шавулы, якая падтрымала Налівайку. Да вясны 1596 Налівайка з атрадам адышоў на Валынь, Шавула — ад Прапойска праз Быхаў на Чарнігаўшчыну. 2.4.1596 каля Белай Царквы атрады Шавулы і Налівайкі злучыліся і рушылі ўніз па Дняпры з мэтай перайсці расійскую мяжу. Урадавае войска на чале з гетманам С.Жалкеўскім адрэзала шляхі адыходу. Казакі ўмацаваліся на р. Саланіца каля мяст. Лубны. Аблога іх табара працягвалася амаль 2 тыдні. У лагеры абвастрыліся супярэчнасці паміж рэестравымі і нерэестравымі казакамі. Частка казацкай старшыны, спадзеючыся на каралеўскую амністыю, 7.7.1596 захапіла Налівайку, Шавулу і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх Жалкеўскаму. Паўстанне было задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́Т (франц. cornette),
малодшы афіцэрскі чын (воінскае званне) у кавалерыі шэрагу краін Еўропы і Расіі ў 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова К. выконвалі ролю сцяганосцаў. У рас. арміі ўведзены у 1801 (акрамя драгунскай і казацкай кавалерыі, з 1882 уведзены і ў драгунаў), потым у жандармерыі і пагран. варце, адпавядаў чыну прапаршчыка (з 1884 падпаручніка) у пяхоце, артылерыі і інш. часцях, харунжага ў казакоў. Скасаваны ў еўрап. арміях да канца 19 ст., у Расіі — у 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУПА́Н,
старадаўняе верхняе мужчынскае і жаночае адзенне ў палякаў, беларусаў і інш.слав. народаў. У 16—19 ст. быў абавязковай часткай адзення шляхты, мяшчан, укр.казакоў. Шылі пераважна з белага або шэрага сукна (радзей атласу. аксаміту). Крой двухбортны з вузкімі рукавамі і стаячым каўняром, спінка прыталеная, з бакоў устаўляліся кліны. Пярэднія гладкія полкі зашпільвалі на гузікі і падпяразвалі поясам. Паверх Ж. насілі кунтуш.
Да арт.Жупан. Партрэт К.Весялоўскага ў жупане з кунтушом. Невядомы мастак. 1636.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРДЗЮКІ́,
казакі наёмных пяхотных (сярдзюцкіх) палкоў на Левабярэжнай Украіне ў канцы 17—пач. 18 ст. Набіраліся з добраахвотнікаў: з сялян і збеглых казакоў Правабярэжнай Украіны, валахаў, сербаў, выхадцаў з Беларусі і інш. Утрымліваліся за кошт гетманскай казны і знаходзіліся на поўным яе забеспячэнні. Сярдзюцкія палкі падпарадкоўваліся непасрэдна гетманскаму кіраўніцтву і неслі ваен. і паліцэйскую службу (ахоўвалі гетманскую рэзідэнцыю, ваен. склады, вайск. артылерыю і інш.). Паводле царскага ўказа ад 25.7.1726 сярдзюцкія палкі ліквідаваны з мэтай абмежавання гетманскай улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДАМА́КІ (ад тур. haydamak нападаць),
удзельнікі вызв. руху на Правабярэжнай Украіне супраць польскай шляхты. Рух гайдамакаў узнік у 1720-я г. на Валыні і ў Зах. Падоліі, пазней распаўсюдзіўся на інш. раёны Украіны. Атрады гайдамакаў складаліся з сялян, бяднейшых запарожскіх казакоў, батракоў, рамеснікаў. У 1734, 1750, 1768 рух гайдамакаў перарастаў у буйныя паўстанні, найб. значнае ў 1768 («Калііўшчына»). У грамадз. Вайну 1918 — 20 на Украіне нац. фарміраванні, што змагаліся супраць сав. улады, выкарыстоўвалі папулярныя ў народзе гіст. традыцыі і называлі сябе гайдамакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАЎ (Іван Ісаевіч) (? — 1608),
кіраўнік Балотнікава паўстання 1606—07 у Расіі. З халопаў, у маладосці ўцёк да казакоў. Быў у тат. палоне, рабом на тур. галерах. Вызваліўшыся з няволі, апынуўся ў Венецыі. Вярнуўшыся ў Расію, назваўся ваяводам царэвіча Дзмітрыя Іванавіча і ўзначаліў паход на Маскву, маючы на мэце скінуць з прастола В.І.Шуйскага і аднавіць ўладу «цара Дзмітрыя». Дзякуючы таленту палкаводца і храбрасці нанёс шэраг паражэнняў царскім войскам. Пасля здачы Тулы царскім войскам (10.10.1607) захоплены і сасланы ў Каргапаль, дзе яму выкалалі вочы і ўтапілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬЦАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (14.10. 1921, г. Цвер, Расія — 21.4.1964),
рускі гісторык. Канд.гіст.н. (1949). Скончыў Маскоўскі ун-т (1944). З 1946 выкладчык у ВНУ Масквы, у т. л. ў Маскоўскім ун-це. У манаграфіі «Расія і Беларусь у сярэдзіне XVII ст.» (1974), прысвечанай вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, даследаваў ход ваен. дзеянняў, палітыку рус. улад адносна шляхты, духавенства, мяшчанства, сялянства, узаемаадносіны рус. ўрада і ўкр.казакоў у дачыненні да Беларусі. Апублікаваў Баркулабаўскі летапіс («Археаграфічны штогоднік за 1960 г.», 1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАЦАРКО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1651.
Падпісаны гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і камісарам польск. ўрада каронным гетманам М.Патоцкім 28 вер. пад Белай Царквой у час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54. Паводле Белацаркоўскага дагавора колькасць рэестравых казакоў змяншалася з 40 да 20 тыс.чал.; ім дазвалялася жыць толькі ў Кіеўскім ваяводстве, укр. гетман падпарадкоўваўся польск. кароннаму гетману; польскай шляхце вярталіся б. маёнткі і прыгонныя. Стаў вынікам ваенных няўдач казацка-тат. войска пад камандаваннем Хмяльніцкага, яго паражэння пад Берастэчкам (1651). Белацаркоўскі дагавор скасаваны ў 1652 пасля перамогі Хмяльніцкага над польск. войскамі пад Батогам на Брацлаўшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БЗА,
1) украінскі шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Мае грушападобны корпус, шыйку з 4—10 ладамі ці без ладоў, 4 адзінарныя ці парныя струны. Была найб. пашырана ў 16—18 ст. сярод запарожскіх казакоў. У 1960—70-я г. мадэрнізавана, створана сям’я К. — малая, сярэдняя (рытм-К.) і вял. басовая. Пашырана ў аркестрах нар. інструментаў.
2) Малдаўскі, рум., польскі струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Мае кароткую шыйку. Строй асн. жыльных струн — C, G, d, g, строй 4 парных металічных — на актаву вышэй. Гук здабываюць з дапамогай плектра.
Літ.:
Лисенко-Дністровський М. Українська кобза // Жовтень. 1980. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСУНЬСКАЯ БІ́ТВА 1648.
Адбылася 15—16 мая каля г. Корсунь (цяпер г. Корсунь-Шаўчэнкаўскі, Украіна) паміж укр. казакамі пад камандаваннем Б.Хмяльніцкага (15—17 тыс.казакоў і 4 тыс. крымскіх татар) і польск. войскамі пад камандаваннем гетманаў М.Патоцкага і М.Каліноўскага (20 тыс.чал.). Пасля паражэння польск. авангарда каля г. Жоўтыя Воды гал. сілы польск. войск занялі абарону пад Корсунем. 15 мая татары беспаспяхова атакавалі польск. абарончыя пазіцыі паміж Корсунем і Сцяблёвам. Хуткім і ўмелым манеўраваннем Хмяльніцкі прымусіў Патоцкага пакінуць пазіцыі і ісці праз лес, дзе яго чакаў у засадзе 6-тысячны атрад М.Крываноса. Польскія войскі былі акружаны і разгромлены.