ГА́НГА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі нябесная рака, якая спусцілася на зямлю, увасабленне інд. р. Ганг. Калі Ганга падала з неба, яе прыняў на сваю галаву Шыва (каб не разбурала цяжарам зямлю), а з яго галавы рака сцякала ўніз ужо сямю патокамі. Шануецца індусамі як свяшчэнная, яе воды быццам бы ачышчаюць ад грахоў, збаўляюць ад хвароб. Гал. цэнтры паломніцтва — Хардвар, Алахабад, Варанасі, Сагар і інш.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМЕНЕ́Й,

у грэчаскай і рымскай міфалогіі бог шлюбу, сын Дыяніса і Афрадыты (ці Апалона і адной з муз). Яго ўяўлялі прыгожым юнаком з гірляндамі кветак і факелам у руцэ. Гіменей — спявак і музыкант, раптоўна памёр (ці страціў голас) на вяселлі Дыяніса. Каб увекавечыць Гіменея, яго імя абвяшчалі на вяселлях, а ўрачыстую песню ў гонар маладых наз. гіменей. У пераносным сэнсе вузы Гіменея — шлюб.

т. 5, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭАЗО́Т (ад грэч. kreas мяса + sozo выратоўваю, захоўваю),

смалістая вадкасць з едкім пахам, якую атрымліваюць сухой перагонкай драўніны (звычайна бука) або вылучаюць з фракцый разгонкі кам.-вуг. смалы. Складаецца з фенолаў і іх эфіраў, а таксама нафталіну і антрацэну. Выкарыстоўваецца для прапіткі драўніны (каб прадухіліць гніенне), як флотарэагент (пры абагачэнні руд), дэзінфектант (пры дэзінфекцыі); ачышчаны драўняны К. — як антысептык у медыцыне.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЖЭ́ННЕ,

пакрыццё волавам металічных (пераважна стальных і медных) вырабаў і паўфабрыкатаў (стужкі, ліста, дроту) для аховы іх ад карозіі або каб аблегчыць працэс паяння. Робіцца апусканнем прадмета ў расплаўленае волава, у раствор, у якім ёсць волава, або ў электраліт (пры Л. электролізам) з наступным аплаўленнем у масляных ваннах, пячах ці індуктарах. Перад Л. выраб ачышчаюць, а паверхню, якая апрацоўваецца, пратраўліваюць кіслатой.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЯ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі 7 сясцёр, дачок Атланта і акіяніды Плеёны (дачкі Акіяна): Алкіёна, Меропа, Келена, Электра, Стэропа, Тайгета, Мая. Усе былі ў шлюбе з багамі, акрамя Меропы — жонкі Сізіфа. Паводле пашыранага міфа, П., каб выратавацца ад праследаванняў закаханага ў іх паляўнічага Арыёна, папрасілі дапамогі ў багоў. Багі ператварылі П. і Арыёна ў аднайм. сузор’і. Пераноснае значэнне слова «плеяда» — група выдатных людзей.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,

мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку індукцыйнага току ў правадніку, які рухаецца ў магн. полі. Вынікае з Ленца правіла.

Паводле П.р.п. правую руку трэба размясціць так, каб сілавыя лініі магн. поля ўваходзілі ў далонь, а адагнуты вялікі палец быў накіраваны ўздоўж вектара скорасці руху правадніка, тады выцягнутыя пальцы будуць супадаць з напрамкам індукцыйнага току ў правадніку. Гл. таксама Электрамагнітная індукцыя.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́ЛКА,

выдаленне пустазелля з пасеваў с.-г. і лясных культур. Бывае мех., хім. і ручная. Механічная П. — падразанне, вырыванне ці інш. пашкоджванні пустазелля пры баранаванні ці культывацыі. Хімічная П. — знішчэнне пустазелля гербіцыдамі. Ручную П. праводзяць на невял. плошчах, напр., на насенняводчых дзялянках, пасевах каштоўных культур. Каб пазбегнуць прыгнечання культ. раслін, зніжэння ўраджаю, П. праводзяць у найб. раннія фазы развіцця пустазелля.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́НДА ў оптыцы,

прыстасаванне для засцярогі аб’ектываў фота- і кіназдымачных апаратаў ад бакавых прамянёў святла. Мае выгляд ссечаных конуса або піраміды, надзяваецца вузкім канцом на аб’ектыў. Бленда ахоўвае святлоадчувальны матэрыял ад непажаданага засвечвання, якое змяншае кантраст відарыса і ўтварае блікі. Памеры бленды выбіраюць так, каб праз яе без перашкод праходзілі прамяні святла, што ўтвараюць відарыс; унутр. паверхню бленды фарбуюць чорнай матавай фарбай.

Бленда святлоахоўная.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКАЯ СЦЯНА́,

сістэма ўмацаванняў і загародаў у 1961—89, якая аддзяляла ўсх. частку Берліна ад зах. (гл. Берлін, Заходні Берлін). Пабудавана паводле рашэння ўлад ГДР, каб стрымліваць уцекачоў з краіны. Берлінская сцяна — бетонны мур даўж. 45,1 км, абнесены калючым дротам, вакол якога выкапаны акопы і ўстаноўлены мінныя прыстасаванні, самастрэлы і інш. Пры шматлікіх спробах пераадолець Берлінскую сцяну загінула каля 80 чал. Дэманціравана ў 1989.

т. 3, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДАКТАГЕНІ́Я,

негатыўны псіхічны стан вучня, выкліканы парушэннем пед. такту з боку выхавальніка (настаўніка, трэнера). Выяўляецца ў фрустрацыі, страху, прыгнечаным настроі і інш. Адмоўна ўплывае на дзейнасць вучня, ускладняе міжасобасныя адносіны. У аснове ўзнікнення Д. — псіхічная траўма, атрыманая вучнем па віне педагога. Д. можа стаць прычынай неўрозаў. Каб прадухіліць узнікненне Д., педагог павінен імкнуцца да макс. тактоўнасці ў абыходжанні, улічваць узроставыя і індывідуальна-псіхал. асаблівасці вучняў.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)