МЯСЯ́ЦІЦКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Мясяцічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1794. Царква трохзрубная, з прамавугольнымі ў плане асн. зрубам і бабінцам і 5-граннай апсідай. Асн. зруб накрыты шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане, бабінец і апсіда — вальмавым. Пры ўваходзе тамбур пад 2-схільным дахам. Сцены гарызантальна ашаляваны. На Пд ад царквы 2-ярусная зрубна-каркасная званіца пад шатровым дахам.

Ю.​Л.​Якімовіч.

Мясяціцкая царква Параскевы Пятніцы.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ»,

штодзённая грамадска-палітычная газета. Выдаецца з 1917 на рус. мове, з 1918 у Маскве. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Расіі, міжнар. падзеі.

Першы нумар выдадзены 28.2(13.3). 1917 у Петраградзе пад назваю «Известия Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 1(14).8.1917 наз. «Известия Центрального Исполнительного комитета и Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов», з 12.3.1918 выдаецца ў Маскве пад назваю «Известия Всероссийского Центрального Исполнительного комитета Советов крестьянских, рабочих, солдатских и казачьих депутатов», з 26.1.1938 — «Известия Советов депутатов трудящихся СССР», з 8.10.1977 — «Известия Советов народных депутатов СССР». З 1985 — сучасная назва. Штотыднёвы дадатак «Неделя» (1960—1-я пал. 1995 і з 1997).

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́РДЖТАЎН (Georgetown),

горад, сталіца Гаяны. Размешчаны пры ўпадзенні р. Дэмерара ў Атлантычны ак. Каля 250 тыс. ж. з прыгарадамі (1994). Марскі порт. Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: цукр., мукамольная, тытунёвая, маргарынавая, піваварная, дрэваапрацоўчая. Ун-т. Музей Гаяны. Бат. сад. Самы вял. ў свеце драўляны сабор (1889—92).

Засн. ў 1781 галандцамі пад назвай Табрак (ці Стабрук), з 1812 сучасная назва. З 1784 цэнтр галандскіх калоній у Паўн. Амерыцы. З пач. 19 ст. пад уладай англічан. У 1831—1966 цэнтр Брытанскай Гвіяны. У 1945 і 1951 знішчаны пажарамі. З 1966 сталіца Гаяны.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧЫ́Н,

старажытны горад, які ўпершыню згадваецца пад 1138 у Статуце Смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча, потым пад 1173 у Іпацьеўскім летапісе як месца нараджэння ў кн. Рамана Расціславіча сына, у гонар якога ў Л. быў пабудаваны храм св. Міхаіла, у грамаце «Аб пагароддзі і пачэсці» пад 1211—18 згадваецца ў ліку гарадоў, што плацілі даніну смаленскаму епіскапу. Месцазнаходжанне горада дакладна не вызначана. Адзіным месцам магчымай лакалізацыі летапіснага Л., дзе тапанімічныя і археал. звесткі супадаюць з пісьмовым сведчаннем Іпацьеўскага летапісу, з’яўляецца гарадзішча каля в. Лучын ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адно з імён бога падземнага царства Аіда (Гадэса). Пад гэтым імем яго шанавалі ў Стараж. Рыме.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНАЕ ЛІЦЦЁ,

атрыманне адлівак ліццём вадкага металу ў ліцейную форму пад вакуумам (40—0,3 Па). Ажыццяўляецца вакуумным усмоктваннем металу ў форму, вакуумна-цэнтрабежнай заліўкай, ліццём у вакууме пад ціскам, заліўкай формы свабодна падаючым струменем у вакуумнай камеры і інш. Пры вакуумным ліцці з формы выдаляюцца газы, што дае магчымасць атрымаць шчыльныя, з гладкай паверхняй высакаякасныя адліўкі. Вакуумнае ліццё выкарыстоўваецца ў вытв-сці нікелю, тытану, цырконію, урану, берылію, іншых каляровых металаў і іх сплаваў. У спалучэнні з вакуумнай плаўкай пашыраны пры вырабе фасонных адлівак са спец. сплаваў і сталяў.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТЭ́І, Платэя (Plataiai, Plataia),

старажытнагрэчаскі горад у Паўд. Беотыі на мяжы з Атыкай. Каля П. ў час грэка-персідскіх войнаў 26.9.479 да н.э. адбылася бітва паміж войскамі 24 грэч. гарадоў-дзяржаў на чале з Афінамі і Спартай пад камандаваннем спартанскага палкаводца Паўсанія і перс. арміяй пад камандаваннем Мардонія. Персы пацярпелі паражэнне і адышлі з Грэцыі да Гелеспонта. У 431 да н.э. фіванцы, саюзныя спартанцам, раптоўным нападам на П. пачалі Пелапанескую вайну 431—404 да н.э., у 427 да н.э. пасля працяглай аблогі яны разбурылі горад.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Бярвенка (выцякае з возера), за 34 км на ПнЗ ад г. Шчучын. Пл. 0,5 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 680 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Схілы катлавіны выш. да 10 м, пад лесам, на ПнУ і ПнЗ месцамі разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, месцамі сплавінныя. Дно выслана сапрапелем.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛО́ГІЯ (ад ды... + ...логія),

два самастойныя паводле будовы творы, звязаныя агульнасцю задумы, сюжэта, дзейных асоб. Найчасцей сустракаецца ў прозе (раманы А.​Кулакоўскага «Расстаёмся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях»; раманы А.​Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», аб’яднаныя пад агульнай назвай «Партызаны»), рэдка — у паэзіі (Д. «Грозная пушча» А.​Куляшова складаецца з паэм «Стрэчны агонь» і «Грозная пушча») і драматургіі.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЫЛЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА.

На Пн Гомельскага, З Веткаўскага і Пд Буда-Кашалёўскага р-наў Гомельскай вобл., у вадазборы р. Сож. Нізіннага тыпу. Пл. 6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,5 тыс. га. Глыб. торфу да 5,4 м, сярэдняя 2 м. На асушаных участках вырошчваюць пераважна шматгадовыя травы. Неасушаныя ўчасткі пад хмызнякамі і асокамі выкарыстоўваюцца пад сенажаць. Трапляюцца пясчаныя астравы і грады.

т. 7, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)