РАЕ́ЎСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (25.9.1771, С.-Пецярбург — 28.9.1829),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1813). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 (гл. ў арт. Другі падзел Рэчы Паспалітай), задушэння паўстання 1794, Персідскага паходу 1796. У 1797—1805 у адстаўцы, з 1805 зноў у арміі. Удзельнік рус.-пруска-франц. 1806—07, рус.швед. 1808—09, рус.-тур. 1806—12 войнаў. У вайну 1812 камандаваў 7-м пях. корпусам, вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (23 ліп., каля Магілёва), Смаленскай бітве 1812, Барадзінскай бітве 1812, пад Малаяраслаўцам і Красным. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14 (бітвы пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Парыжам). У 1815—24 камандаваў 3-м і 4-м карпусамі. З 1824 у адстаўцы. Чл. Дзярж. Савета з 1826.

Літ.:

Почко Н.А. Генерал Н.​Н.​Раевский. М., 1971.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)