МЯША́НЫЯ АПА́ДКІ,
вадкія і цвёрдыя ападкі, якія на працягу сутак выпадаюць адначасова або паслядоўна, пераходзяць з аднаго віду ў другі. Пры тэарэт. разліках М.а. лічаць толькі тыя, якія складаюцца з сумесі снежных камякоў (або ледзяных круп) з дажджавымі кроплямі. На Беларусі адзначаюцца з канца вер. да мая (11—13% ад агульнай сумы ападкаў за год). За год бывае 15—30 сутак з М.а., колькасць іх павялічваецца з Пд на Пн.
т. 11, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКО́ЎСКІ (Уладзімір Канстанцінавіч) (н. 30.12.1942, г. Белябей, Башкірыя),
рускі праваабаронца, палітолаг, пісьменнік. Адзін з першых арганізатараў рас. дэмакр. апазіцыі. За сваю дысідэнцкую і праваабарончую дзейнасць быў выключаны з Маскоўскага ун-та (1961), неаднойчы арыштоўваўся. У 1976 высланы з СССР. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це (1981). У 1982—90 займаўся фундаментальнымі даследаваннямі ў галіне нефрафізіялогіі. Выступіў як адзін з арганізатараў т.зв. Інтэрнацыянала супраціўлення (1983), ініцыіраваў стварэнне ў Нью-Йорку арг-цыі «Цэнтр за дэмакратыю». Ганаровы чл. шэрагу праваабарончых арг-цый. Стварэнне рас. дэмакр. апазіцыі апісаў у аўтабіяграфіі «І вяртаецца вецер...» (выд. ў 1978 за мяжой, у 1990 у Расіі), аўтар артыкулаў пра СССР і інш.
т. 3, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНЫЯ СНЯГІ́,
шматгадовыя намнажэнні снегу і лёду ў палярных краінах і ў гарах вышэй за снегавую лінію. Уласцівы абласцям з дадатным гадавым балансам цвёрдых атм. ападкаў, частка якіх не паспявае растаць і выпарыцца за лета і назапашваецца з году ў год. На тэр. Беларусі былі ў час зледзяненняў.
т. 4, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О’КО́НЕЛ ((O’Connell) Даніэл) (6.8.1775, каля Карсівіна, Ірландыя — 15.5.1847),
дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Адвакат. У 1823 заснаваў ірл. «Каталіцкую асацыяцыю», якая дамаглася прыняцця брыт. парламентам (1829) біля аб «эмансіпацыі католікаў» (наданне ірл. католікам паліт. правоў, у т. л. пасіўнага выбарчага права). З 1828 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, дзе ўзначальваў «ірл. брыгаду» (фракцыю дэпутатаў-ірландцаў). З 1832 выступаў за «рыпіл» (разрыў) англа-ірландскай уніі 1801, для прапаганды чаго заснаваў Асацыяцыю рыпілераў (1840). З 1842 лорд-мэр Дубліна. У 1844 асуджаны брыт. ўладамі на 6 месяцаў турмы за ўдзел у змове «супраць англ. каралевы» і «за заклік да мяцяжу».
т. 11, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЯННІ́ЦА»,
грамадская і літ. газета. Выдавалася з 14.11.1916 да 13.1.1917 у Петраградзе штодзённа на бел. мове. Рэдактар-выдавец З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны). Асвятляла гіст. мінулае, культ. здабыткі Беларусі, эканам. і паліт. становішча ў 1-ю сусв. вайну. Выступала за права народаў нац. меншасцей Расіі на свабоду і самастойнасць, за развіццё нац. культуры, асветы, друку. Адстойвала правы бел. народа на нац. адраджэнне, навучанне на роднай мове, заснаванне нац. навуч. устаноў (арт. Ц.Гартнага «Аб беларускім універсітэце», «Яшчэ раз аб беларускім універсітэце»), выступала за ўнармаванне бел. правапісу (нарыс Э.Будзькі «Думкі да граматыкі»). Змяшчала маст. і публіцыстычныя творы Ц.Гартнага, К.Буйло, М.Гарэцкага, Я.Дылы, А.Паўловіча, Х.Чарнышэвіча, Ф.Шантыра і інш. Спыніла існаванне з-за фінансавых і цэнзурных цяжкасцей. Выйшла 7 нумароў.
С.В.Говін.
т. 6, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЮКО́ЎШЧЫНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 35 2, Лясны лагер) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў ліп. 1941 каля в. Масюкоўшчына Мінскага р-на для масавага знішчэння сав. ваеннапалонных і насельніцтва; пасля вер. 1943 (выхаду Італіі з гітлераўскай кааліцыі) сюды прывозілі італьян. салдат. Меў 22 філіялы і аддзяленні ў Мінску і больш за 90 на чыг. станцыях Беларусі. Лагер быў абгароджаны калючым дротам, вязні размяшчаліся ў летніх бараках і паўразбураных памяшканнях. За суткі вязень атрымліваў 100—200 г эрзацхлеба і 1/3 л баланды; існавала суровая сістэма катаванняў і масавых забойстваў. Да 3.7.1944 тут загублена больш за 80 тыс. чал. На месцы масавых пахаванняў вязняў помнік-манумент з вечным агнём і ратонда, у якой зберагаецца кніга з выяўленымі прозвішчамі ахвяр (больш за 9 тыс.).
т. 10, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГЛЯ́Д БА́НКАЎСКІ,
1) кантроль за дзейнасцю банкаў з боку рэзервовай сістэмы. Асн. яго мэта — падтрыманне стабільнасці банкаўскай сістэмы, ахова інтарэсаў укладчыкаў і крэдытораў.
2) Кантроль адпаведнай крэдытнай арг-цыі за расходаваннем банкаўскага крэдыту дэбіторам.
т. 11, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙДА,
герой укр. і бел. нар. песень-балад. Увасабляе ўяўленне народа пра мужнасць, адданасць радзіме, рыцарскую годнасць. За адмаўленне ажаніцца з турэцкай царэўнай павешаны за рабро на гак. Помсцячы за ганебнае для рыцара пакаранне, Байда забівае турэцкага цара, царыцу і царэўну.
Прататыпам Байды некаторыя даследчыкі лічаць чаркаскага і канеўскага старосту Дз.Вішнявецкага, які ў час вайны з туркамі трапіў у палон і быў такім чынам пакараны смерцю. Бел. варыянт балады пра Байду вядомы па кн. А.Рыпінскага «Беларусь» (Парыж, 1840).
т. 2, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБРА́КІС ((Lamprakēs) Грыгорыс) (3.4.1912, Керасіца, Грэцыя — 27.5.1963),
дзеяч грэч. і міжнар. руху прыхільнікаў міру. Па прафесіі ўрач. Удзельнік грэч. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. З 1961 дэп. парламента Грэцыі. Выступаў за мір і ўсеагульнае раззбраенне, супраць атамнага ўзбраення. З 1963 нам. старшыні Усягрэч. к-та барацьбы за аслабленне міжнар. напружанасці і за мір. 22.5.1963 смяротна паранены паліт. праціўнікамі ў час сходу грэч. прыхільнікаў міру ў г. Салонікі. Сусв. Савет Міру засн. у 1963 Міжнар. прэмію Міру імя Г. Ламбракіса.
т. 9, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ННА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на водападзеле рэк Лонніца (выцякае з возера) і Палата, за 18 км на ПнУ ад г. Полацк, за 1,8 км. на ПнЗ ад в. Узніцы, на тэр. біял. заказніка Лонна. Пл. 0,6 км², даўж. больш за 1 км, найб. глыб. 2,6 м, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі 2,83 км. Пл. вадазбору 1,12 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі тарфяністыя, сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Поўнасцю зарастае. З возера выцякае ручай у р. Палата.
т. 9, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)