род кветкавых раслін сям. макавых. 1 від — П. вялікі, або бародаўнік (Ch. majus). Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і як заноснае на ПнУПаўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца па сырых ярах, у хмызняках, на пустках, каля жылля, у садах і парках. Нар. назвы жоўты малачай, цалідонія, цанцалея.
Шматгадовая травяністая расліна выш. да 80 см. Сцябло прамастойнае, галінастае з ярка-аранжавым млечным сокам. Лісце глыбока перыстарассечанае, зверху зялёнае, знізу шызае, як і сцёблы, укрыта валаскамі. Кветкі жоўтыя, у парасонападобных суквеццях. Плод — стручкападобная каробачка. Ядавіты. Інсектыцыдная, лек., тэхн. расліна (з каранёў атрымліваюць жоўтую фарбу, з насення — тлусты алей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬЧАТАКАРЭ́ННІК (Dactylorhiza),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Больш за 150 (па інш. звестках каля 30) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: майскі (D. majalis), мяса-чырвоны (D. incarnata), плямісты (D. maculata), Фукса (D fuchsii). Трапляюцца ў вільготных лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Клубні сціснутыя, пальчатараздзельныя (адсюль назва). Сцёблы прамыя, шчыльныя. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, зялёнае або з цёмнымі буравата-чырв. плямамі. Кветкі няправільныя, жоўтыя, пурпуровыя, ружовыя, фіялетава-чырв. ў коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІШЧА́НКІ,
1) надсямейства адзіночных вос (Chrysidoidea). Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны ўсюды.
Даўж. 5—15 мм, цела яркае, з метал. бляскам, зялёнае, сіняе або часткова фіялетавае, пурпурова-чырвонае. Брушка з 3 членікаў, астатнія ў самак ператвораны ў доўгі трубчасты яйцаклад. Паразітуюць на лічынках інш. вос і пчол. Напр., блішчанка двухколерная (Ch. dichroa) адкладае яйцы ў ячэйкі гнязда пчалы осміі (Osmia).
2) Сямейства жукоў (Nitidulidae). Каля 2 тыс. відаў, на Беларусі больш за 50.
Даўж. 1—6 мм, цела выпуклае з метал. бляскам. Кормяцца кветкавым пылком, спорамі грыбоў, сокам дрэў. Ёсць шкоднікі — блішчанка рапсавая (Meligethes aeneu), аб’ядае бутоны і кветкі крыжакветных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУША́НКА (Pyrola),
род кветкавых раслін сям. грушанкавых. Каля 40 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: грушанка зеленаватая (P. chlorantha), круглалістая (P. Rotundifolia), малая (P. minor) і сярэдняя (P. media). Растуць у лясах (пераважна хвойных і мяшаных) і хмызняках.
Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім галінастым карэнішчам. Лісце сабрана ў прыкаранёвую разетку, на доўгіх чаранках, скурыстае, цёмна-зялёнае, зімуе. Кветкі белыя, ружовыя, чырванаватыя або зеленаватыя, у гронкападобных канцавых суквеццях на доўгіх кветаносах. Плод — шарападобная 5-гнездавая каробачка. Лек. (выкарыстоўваюць ў афіцыйнай і нар. медыцыне як мачагонны і процізапаленчы сродак) і дэкар. расліны. Надземная частка мае шмат дубільных рэчываў. Сухое лісце ўжываюць як сурагат чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ (Юрка) (Юрый Уладзіміравіч; н. 20.10.1947, в. Горны Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1970). З 1970 на Гродзенскай абл. студыі тэлебачання, з 1979 заг. аддзела маст. вяшчання Гродзенскага аблтэлерадыё. Вядзе на абл. студыі тэлебачання штомесячную перадачу «Гродзеншчына літаратурная». Друкуецца з 1963. Першы зб. вершаў «Гром на зялёнае голле» (1969). У вершах Голуба — свет маладога сучасніка, які абвострана адчувае праявы жыцця. Шчодрасць лірычнага самавыяўлення, лаканічнасць выказвання, яркая метафарычнасць вобразаў, багатая інструментоўка радка — асаблівасці яго творчай манеры. Для дзяцей зб. «У бары грыбы бяры» (1986). Выступае як празаік, перакладчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРГА́ (Amelanchier),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: І. каласістая (A. spicata), І. канадская (A. canadensis), І. альховалістая (A. alnifolia). У дэндрарыях і парках Беларусі трапляюцца яшчэ 5 відаў І. (круглалістая, пышнаквітучая, гладкая, малаплодная, крывава-чырвоная).
Аднадомныя, лістападныя дрэвы і кусты выш. да 8 м. Лісце простае, суцэльнае, цёмна-зялёнае, восенню аранжава-чырвонае. Кветкі белыя або крэмавыя ў шчыткападобных гронках. Цвітуць у маі, пладаносяць у ліп. — жніўні. Плод — сакавіты, ягадападобны, сінявата-чорны яблык дыяметрам да 1 см, ядомы. мае цукар, вітамін С, карацін і інш Пладовыя, меданосныя, лек. (плады, кара, лісце), дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́К (Іван Юліянавіч) (26.1.1897, г. Шпола Чаркаскай вобл., Украіна — 10.10.1937),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. З 1914 у эміграцыі. З 1917 на Украіне. Уваходзіў у склад першага сав. ўрада Украіны. Ў 1924—26 сав. консул у Канадзе. У 1935—37 дырэктар Палітвыда Украіны. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1918. Паэт. дэбют — зб. вершаў «Мае каламыйкі» (1921). Аўтар зб-каў востраграмадз. лірыкі «Зялёнае сэрца» (1923), «У акружэнні» (1927), «Пасталелая маладосць» (1935), празаічных твораў «Прыгоды Васіля Раленкі», «Чатырнаццатая люлька» (абодва 1932), «Запіскі консула» (1934). Пісаў публіцыстычныя, літ.-крытычныя артыкулы. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Р.Родчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́РНІК (Elytrigia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя тропікаў. На Беларусі 2 віды П.: паўзучы (E. repens) і сярэдні (E. intermedia). Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, палях і агародах.
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя травы выш. 30—150 см. Сцёблы ўзыходныя, унутры полыя. Лісце чаргаванае, пляскатае або ўздоўж згорнутае, вузкалінейнае, шурпатае, шыза-зялёнае ці шараватае. Кветкі дробныя, сабраныя ў агульнае суквецце рыхлы колас. Плод — зярняўка. Некат. віды культывуюцца як кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца ў селекцыі мароза- і холадаўстойлівых пшанічна-пырнікавых гібрыдаў. Шкоднае пустазелле П. паўзучы мае лек. ўласцівасці, ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы), выкарыстоўваецца як пашавая і сенакосная культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎНАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Holotricha),
падклас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 атр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. На Беларусі найб. трапляюцца адны з класічных аб’ектаў інфузорый — туфелькі, галафрыя чарнаватая (Holophrya nigricans), дыдыніум насаты (Didinium nasutum), колепс шчаціністы (Coleps hirtus), прарадон яйцападобны (Prorodon ovum) і інш. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — паразіты (балантыдый колі, іхтыяфтырыус і інш.), узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека.
Даўж. да 0,6 мм. Цела бясколернае, зрэдку зялёнае, сіняе або інш. афарбоўкі. Раснічкі (пераважна органы руху) размешчаны раўнамерна або развіты пераважна на брушным баку, у некат. утвараюць венчыкі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажаюцца простым дзяленнем і шляхам кан’югацыі. Іл.гл. да арт.Інфузорыі.