МАКЕДО́НСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); афіц. мова Македоніі. Асн. дыялектныя групы: зах., усх., паўночная. У фанетыцы — 5 галосных і 26 зычных фанем, складовае «р», зычныя ј, ќ, ѓ, љ, њ мяккія, астатнія зычныя цвёрдыя; націск сілавы, фанетычна рухомы, не далей за 3-і склад ад канца слова. Грамат. ладу ўласцівы т.зв. балканізмы — шэраг структурных рыс, якія аб’ядноўваюць яе з інш. мовамі балканскага моўнага саюза (балг., алб., рум., навагрэч. і арамунскай): адсутнасць інфінітыва і іменных склонавых форм, аналітычны спосаб утварэння форм будучага часу і ступеняў параўнання. У М.м. ўжываецца трайны постпазіцыйны артыкль («човекот — човеков — човекон»), падваенне займеннікаў («го видов него» — «я бачыў яго»), рэпрыза імя («го видов човеков» — «я бачыў гэтага чалавека»). Зараджэнне слав. пісьменнасці ў Македоніі звязана з асветніцкай дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія, якія палажылі македонскі дыялект г. Салуні ў аснову стараслав. кніжнай мовы. У 10 ст. г. Охрыд стаў адным з цэнтраў пісьменнасці на стараслав. мове (т.зв. Охрыдская школа). З 16 ст. ў яе пранікаюць элементы нар. мовы. Літ. М.м. сфарміравалася ў сярэдзіне 1940-х г. на базе цэнтр. гаворак зах. дыялекту, блізкая да размоўнай. Графіка на аснове кірыліцы.

Літ.:

Ковалев Н.С. Македонский язык. Иваново, 1977.

Г.​А.​Цыхун.

т. 9, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,

час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск Арфаэпія. Мн., 1991.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ СТЫЛЬ,

адзін з функцыянальных стыляў мовы, які абслугоўвае сферу нязмушаных зносін людзей у побыце, сям’і, а таксама сферу неафіц. вытв. зносін. Асн. форма рэалізацыі Р.с. — вуснае дыялагічнае маўленне. Размоўнае выказванне заўсёды непасрэднае, натуральнае, непадрыхтаванае, часта яму ўласцівы экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, ацэначная рэакцыя. На яго структуру ўплываюць абставіны маўленчых зносін, сітуацыя, а таксама невербальныя сродкі камунікацыі (жэсты, міміка, характар узаемаадносін субяседнікаў і г.д.).

Р.с. мае своеасаблівасці на ўсіх моўных узроўнях: у фанетыцы — рэдукцыя ненаціскных галосных, аслабленае вымаўленне ці выпадзенне зычных («тышча», «Іван Іваныч»), выкарыстанне розных тыпаў інтанацыі; у лексіцы — стылістычна зніжаная, прастамоўная лексіка і фразеалогія, дыялектныя і жаргонныя словы («жмінда», «забягалаўка», «валтузіцца»); у словаўтварэнні — асобныя словаўтваральныя афіксы і спосабы ўтварэння слоў («гульбішча». «кампашка», «жытуха»); у сінтаксісе — спрошчанасць, перарывістасць, экспрэсіўнасць, частае ўжыванне няпоўных, эліптычных сказаў, сказаў-слоў, усечаных словазлучэнняў. У Р.с. найб. частотныя займеннікі і дзеясловы, вельмі мала дзеепрыметных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў, часта ўжываюцца часціцы, выклічнікі. Уласціва выкарыстанне выяўл. сродкаў, якія маюць яркую эмацыянальна-экспрэсіўную накіраванасць (гіпербалы, літоты, параўнанні, метаніміі).

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІМІ́Я (ад грэч. homōnymia аднайменнасць),

гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем. Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя (маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы, напр., «нота» — ‘дыпламатычны дакумент’ і «нота» — ‘муз. знак’), фанетычныяамафоны, марфалагічныяамаформы. Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.

Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах («заранка» — ‘зорка’ і «заранка» — ‘птушка’), пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай формаў інш. слова ці з адной яго формай («вечарам» — прыслоўе і «вечарам» — назоўнік мужч. роду адз. л. творнага склону). Да частковай адносяць прыставачную аманімію («дапісаць» — ‘поўнасцю скончыць пісаць’ і «дапісаць» — ‘запоўніць старонку’), супадзенне формаў аднаго з трыванняў розных дзеясловаў («прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць») і г.д. Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў («каса» — ‘прылада працы’, «каса» — ‘заплеценыя валасы’, «каса» — ‘вузкая пясчаная паласа’), у выніку дзеяння фанет. законаў мовы (аглушэння зычных на канцы слова: «мох» — ‘расліна’ і «мог» — ад дзеяслова «магчы»), гукавога супадзення розных слоў («міна» — ‘выраз твару’ і «міна» — ‘снарад з выбуховым рэчывам’) і інш. Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.

Л.​П.​Кунцэвіч, А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лад. articulo расчляняю),

1) у мовазнаўстве — работа органаў мовы (губ, языка, мяккага паднябення, галасавых звязак), з дапамогай якіх утвараюцца гукі мовы. Сукупнасць артыкуляцыі складае артыкуляцыйную базу мовы. Правільнае (без акцэнту) вымаўленне слоў чужой мовы патрабуе засваення яе артыкуляцыйнай базы. Паводле ступені выразнасці маўлення ацэньваюць якасць вымаўлення асобных людзей (пры адборы дыктараў, чытальнікаў, акцёраў і інш.) і каналаў сувязі.

У бел. артыкуляцыйнай базе пераважаюць артыкуляцыі з высокім становішчам языка, апусканнем да ніжніх зубоў кончыка языка пры вымаўленні мяккіх зычных «дз’», «ц’» (дзеканне-цеканне), а таксама «з’», «с’», «н’», «л’», ад чаго яны робяцца мякчэйшыя за, напр., адпаведныя рус. гукі. Спецыфічна бел. асаблівасці: губна-губная артыкуляцыя пры вымаўленні «в» пасля галосных і перад «у», «о»; працяжнае вымаўленне «г»; наяўнасць значнай колькасці змычна-шчыліннай артыкуляцыі («дж», «дз», «ч», «ц», «ц’», «дз’»). Артыкуляцыя суседніх гукаў накладваюцца і прыстасоўваюцца адна да адной (акамадацыя).

2) У музыцы — спосаб выканання паслядоўнасці гукаў голасам або на муз. інструменце. Вызначаецца злітнасцю або расчлянёнасцю. Асн. віды артыкуляцыі — легата і стаката. Іх разнавіднасці адрозніваюцца ступенню выразнасці і характарам выканання. Існуюць блізкія паміж сабою партамента і глісанда (лёгкае слізганне ад аднаго гуку да другога) і інш. Тэхнічна артыкуляцыя звязана з рознымі прыёмамі руху рукі, націску пальцаў, вядзення смычка або плектра, у спевах — са спосабам карыстання галасавым апаратам.

А.​І.​Падлужны (мовазнаўства).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Афіц. мова Партугаліі, Бразіліі, Анголы, Мазамбіка, Гвінеі-Бісау, Каба-Вердэ, Сан-Таме і Прынсіпі. Склалася ў 12—14 ст. у выніку змяшэння партугала-галійскіх гаворак поўначы і поўдня. У пач. 16 ст. ў сувязі з геагр. адкрыццямі адбылася экспансія -П.м. ў Бразілію, а таксама на тэр. Афрыкі і Азіі. Сучасная П.м. мае 2 асн. тэр. варыянты: партуг. і браз., якія адрозніваюцца пераважна ў фанетыцы і лексіцы. У працэсе фарміравання знаходзяцца афр. варыянты П.м., у першую чаргу ў Анголе і Мазамбіку. На тэр. Партугаліі 3 дыялектныя групы: паўд., цэнтр. і паўночная. Для П.м. ў Бразіліі характэрна адноснае адзінства. На базе П.м. развіўся шэраг крэольскіх моў (у Гвінеі-Бісау, Каба-Вердэ, Аамыні і інш.). П.м. ўласцівы; у фанетыцы — назалізацыя і рэдукцыя галосных, насавыя дыфтонгі, адрозненне зычных па вымаўленні ў залежнасці ад пазіцыі і акружэння; у марфалогіі — наяўнасць т.зв. асабовага інфінітыва, абмежаванае ўжыванне складаных дзеяслоўных часоў; у лексіцы — шмат запазычанняў з ісп., франц., араб. моў. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца прыкладна 12 ст. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Вольф Е.М., Никонов Б.А. Португальский язык: Граммат. очерк, лит. тексты с комментариями и словарем. М., 1965;

Вольф Е.М. История португальского языка. М., 1988.

т. 12, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́ЧНЫЯ ГУ́КІ,

гукі чалавечай мовы, пры вымаўленні якіх на шляху паветра, што выдыхаецца з лёгкіх, узнікае перашкода. У бел. мове якасці З.г. залежаць ад характару перашкоды і яе месца ў галасавым тракце.

Пры ўтварэнні шумных зычных асн. з’яўляецца шумавая або імпульсна-шумавая крыніца гуку, што ўзнікае ў раёне перашкоды для паветр. плыні. Калі дзейнічае толькі шумавая крыніца, узнікаюць глухія фрыкатыўныя зычныя «ф», «с», «ш», «х», пры адначасовым дзеянні галасавых звязак — звонкія фрыкатыўныя тыпу «з», «ж», «г»; калі дзейнічае імпульсна-шумавая крыніца, узнікаюць глухія выбухныя «п», «т», «к», пры папярэднім уключэнні галасавых звязак — адпаведныя ім звонкія «б», «д», «г» (выбухны). Афрыкаты «дз», «ц», «дж», «ч» характарызуюцца рэзкім пачаткам (як выбухныя) і больш працяглым шумам (як фрыкатыўныя). Пры ўтварэнні санорных «р», «л», «й», «м», «н», «в», «ў» гукавая хваля галасавой крыніцы як у галосных гукаў сустракае перашкоду (як у шумных) з адначасовым узнікненнем пабочнага свабоднага праходу для яе. Санорныя ніколі не аглушаюцца. У залежнасці ад месца перашкоды гукавой хвалі З.г. падзяляюцца на губныя «п», «б», «ф», «в», «ў», «м», зубныя «т», «д», «с», «з», «ц», «дз», «н», «л», «р», пярэдне-сярэднепаднябенныя «ш», «ж», «ч», «дж», сярэднепаднябенны «й», заднепаднябенныя «к», «г» (выбухны і фрыкатыўны), «х». З.г. акрамя «дж», «ж», «р», «ц», «ч», «ш» маюць адпаведныя парныя мяккія. Гук «й» не мае адпаведнага парнага цвёрдага.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

А.​І.​Падлужны.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт. Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст. н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.

У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем ў 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грузінскае пісьмо. Грузінскі алфавіт.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎНЫ АПАРА́Т,

сукупнасць органаў цела чалавека з рознай фізіял. функцыяй, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні гукаў мовы. Складаецца з 2 груп органаў: органы дыхання (лёгкія з бронхамі і трахеяй), якія ствараюць неабходны для ўтварэння гукаў струмень паветра; органы, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у гукаўтварэнні, — актыўныя (рухомыя), здольныя змяняць аб’ём і форму маўленчага тракту і ствараць у ім перашкоды для выдыхаемага паветра, і пасіўныя (нерухомыя) — зубы, цвёрдае паднябенне, поласць носа. Актыўныя органы мовы: гартань — верхняя расшыраная частка трахеі, утвораная шэрагам рухомых храсткоў; галасавыя звязкі ў ёй — мускульныя тканкі, якія могуць мяняць сваю напружанасць, — крыніца голасу, іх ваганні ад выдыхнутага з лёгкіх паветра вызначаюць таксама мелодыку мовы; глотка, якая можа звужацца і расшырацца; язык, здольны выконваць разнастайныя рухі (дзякуючы рухомасці языка і ніжняй сківіцы ўтвараюцца рэзанатарныя поласці рознай формы і аб’ёму, якія вызначаюць фармантную структуру гукаў); губы, здольныя выконваць розныя артыкуляцыі; паднябенная занавеска з т.зв. маленькім язычком, ці увулай, якая пры падняцці закрывае ход у нос і адасабляе такім чынам поласць носа ад глоткі; пры апусканні яна пакідае праход у гэту поласць адкрытым. Усе актыўныя органы пры збліжэнні ці сутыкненні з пасіўнымі (або паміж сабою) утвараюць перашкоду для выдыхнутага паветра. У месцы перашкоды ўзнікае крыніца шуму, патрэбнага для вымаўлення зычных гукаў. Зубы і цвёрдае паднябенне з’яўляюцца толькі месцам дзеяння актыўных органаў. Поласць носа — рэзанатар пры ўтварэнні насавых гукаў.

Літ.:

Зиндер Л.Р. Обшая фонетика. Л., 1960;

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЦКАЕ ПІСЬМО́, крыта-мікенскае пісьмо,

сістэма пісьменства эпохі бронзы, выяўленая на в-ве Крыт і ў мацерыковай Грэцыі; адно з сведчанняў крыта-мікенскай культуры, якая папярэднічала класічнай культуры Грэцыі. Вылучаюць 2 ступені яго развіцця: малюнкавае (іерагліфічнае) і лінейнае пісьмо.

Малюнкавае (2100—1900 да н.э.; каля 150 ідэаграм — выяў чалавека, жывёл, раслін, прадметаў) 2 тыпаў: ранняе (на пячатках) і больш позняе (1900—1700 да н.э., на пячатках і гліняных таблічках). Кірунак пісьма злева направа, справа налева і бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.). Выкарыстоўвалася для гасп запісаў. Падобнае да егіпецкага пісьма. Лінейнае пісьмо падзяляюць на лінейнае пісьмо А і лінейнае пісьмо Б. Лінейнае пісьмо А (1700—1550 да н.э.; 77—100 знакаў) зафіксавана на пячатках, прыладах. гліняных таблічках. Мяркуецца, што яно насіла складовы характар, мова, якая выкарыстоўвала яго, умоўна можа быць аднесена да міжземнаморскіх моў. На яго аснове склалася лінейнае пісьмо Б (каля 1450—1200 да н.э.), засведчанае на некалькіх тысячах гліняных таблічак рознага прызначэння, для яго ўстаноўлена 88 складовых знакаў і шэраг лагаграм (слоўных знакаў). Яно дэшыфравана М.​Вентрысам і Дж.​Чэдвікам і даказана яго выкарыстанне для архаічнай грэч. мовы. У лінейнае пісьмо абодвух тыпаў уваходзяць складовыя знакі для абазначэння паслядоўнасці «галосны + зычны» і лагаграмы. Характэрна адсутнасць адрозненняў пры перадачы доўгіх і кароткіх, звонкіх і глухіх, падвоеных зычных, плаўных г, 1; у канцы склада не абазначаюцца l, m, n, r, s. Адзін з варыянтаў К.п. — недэшыфраванае кіпра-мінойскае пісьмо, папярэднік кіпрскага пісьма.

Літ.:

Лурье С.Я. Язык и культура микенской Греции. М.; Л., 1957;

Чэдуик Дж. Дешифровка линейного письма Б: Пер. с англ. // Тайны древних письмен: Сб. ст. М., 1976;

Молчанов А.А., Нерознак В.П., Шарыпкин С.Я. Памятники древнейшей греческой письменности. М., 1988.

Знакі крыцкага пісьма.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)