КО́ЛЬКАСЦЬ,

катэгорыя, якая выражае знешнюю акрэсленасць аб’екта: яго велічыню, лік, аб’ём, інтэнсіўнасць і ступень праяўлення той або інш. уласцівасці. Спробы спец. аналізу праблемы К. ўзыходзяць да піфагарэйцаў, якія вывучалі прыроду лікаў. Арыстоцель звязваў К. з магчымасцю падзелу аб’екта на складаныя часткі і адрозніваў К. раздзельную і непарыўную (мноства і велічыню), а гал. уласцівасцю К. лічыў роўнасць (няроўнасць). Р.​Дэкарт разглядаў К. як рэальную прасторавую і часавую вызначанасць, якая выражаецца праз лік, меру, велічыню. Паводле Г.​Гегеля, К. дыялектычна звязана з якасцю. Адзінства К. з якаснай акрэсленасцю з’яў, рэчаў і працэсаў рэчаіснасці складае іх меру. Змяненне колькаснай характарыстыкі аб’екта, якое дасягнула пэўнай меры, вядзе да змянення якасці (гл. Пераход колькасных змяненняў у якасныя). Вывучэнне колькасных адносін рэчаў прывяло ла распрацоўкі матэм. тэорый і дае магчымасць ужываць матэм. метады даследавання ў розных галінах ведаў.

В.​В.​Краснова.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЯТВАРЭ́ННЕ, гемапаэз,

размнажэнне, развіццё і выспяванне клетак крыві ў арганізме жывёл і чалавека; генетычна абумоўлены шматстадыйны працэс, які забяспечвае колькасны і якасны склад клетак крыві. На працягу эвалюцыі ўтварыліся спецыялізаваныя крывятворныя органы (напр., у млекакормячых — чырв. касцявы мозг, селязёнка, вілачкавая залоза і інш.), якія характарызуюцца інтэнсіўным аднаўленнем за кошт збалансавання працэсаў новаўтварэння і разбурэння іх клетачных форм. Зыходная форма ўсіх клетак крыві — поліпатэнтная ствалавая крывятворная клетка, здольная да дыферэнцыроўкі ў міэлоідныя (эрытрацыты, гранулацыты, манацыты, трамбацыты) і лімфоідныя (T- і B-лімфацыты) форменныя элементы крыві. Інтэнсіўнасць К. залежыць ад патрэбнасцей арганізма (напр., кровастрата, змяненне колькасці кіслароду ў паветры і інш.). Рэгулюецца гармонамі, вітамінамі, фактарамі росту і інш. Пры некат. хваробах, атручэннях адбываюцца парушэнні К., якія прыводзяць да змены суадносін клетак у цыркулюючай крыві.

Літ.:

Нормальное кроветворение и его регуляция. М., 1976;

Моничев А.Я. Динамика кроветворения. М., 1984.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

спецыфічна чалавечая форма адносін да навакольнага свету, змест якой складае яго мэтазгоднае змяненне і пераўтварэнне ў інтарэсах людзей; умова існавання грамадства. Усякая дзейнасць уключае мэту, сродак, вынік і сам працэс. Гісторыя грамадства, матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва — гэта працэс рэалізацыі дзейнатворчых адносін чалавека да навакольнага свету, які выражаецца ў пабудове новых спосабаў і праграм дзейнасці (пераход ад палявання і рыбалоўства да земляробства і жывёлагадоўлі, ад рамёстваў і мануфактуры да буйной машыннай вытв-сці, ад індустр. грамадства да постіндустрыяльнага, да навук.-тэхн. рэвалюцыі). Існуюць разнастайныя класіфікацыі тыпаў і форм Дз.: духоўная, матэрыяльная, вытворчая, працоўная, пазнавальная, прадпрымальніцкая, палітычная і г.д. Асаблівай формай прадукцыйнай Дз. з’яўляецца творчасць. Пытанне аб адносінах Дз. і асобы вырашаецца як частка больш шырокай праблемы чалавека (гл. таксама Дзеянне, Дзеянне сацыяльнае, Практыка).

Літ.:

Суходольский Г.В. Основы психологической теории деятельности. Л., 1988;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн.. 1992.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА,

сістэма агульнаабавязковых сацыяльных норм, якія ўстаноўлены або санкцыяніраваны дзяржавай і рэгулююць дзеянні, паводзіны і адносіны людзей, іх груповак, дзярж. і грамадскіх органаў, арг-цый і ўстаноў. Найважнейшыя рысы П.: нарматыўны характар; агульнаабавязковасць і ўсеагульнасць; дакладнасць, пэўнасць і абязлічанасць норм; прымяненне роўнага маштабу да розных людзей у аднолькавых сітуацыях; забяспечанасць пагрозы выкарыстання санкцый з боку дзяржавы і інш. Забяспечанасць пагрозы санкцый карэнным чынам адрознівае нормы П. ад інш. сац. норм (напр., ад маральных, рэліг., традыцыйных і інш.). П. належыць вядучая роля ў сац. рэгуляванні ў цывілізаваных дзяржавах. Яно ахоўвае ўладкаванасць і стабільнасць існуючых грамадскіх парадкаў, адносін, іх удасканаленне і змяненне і ў той жа час накіравана на барацьбу са злачыннасцю і інш. правапарушэннямі. Аснову прававой сістэмы краіны складае канстытуцыя. Нормы П. абумоўлены сац.-эканам. фактарамі, характарам і ўзроўнем развіцця духоўнай культуры. Удасканаленне П., яго дэмакратызацыя і гуманізацыя, строгае, няўхільнае і дзейснае прымяненне яго норм, прызнанне прыярытэту закона ў любой сферы грамадскай дзейнасці — неад’емная ўмова для ўсталявання прававой дзяржавы.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНЕТЫ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

змены гукаў у межах фанет. слова пад уздзеяннем суседніх гукаў або агульных умоў вымаўлення. Да асн. Ф.п. належаць акамадацыя (прыстасаванне артыкуляцыі зычных і галосных гукаў, якія ў моўнай плыні стаяць побач), асіміляцыя (прыпадабненне зычных да зычных і галосных да галосных у межах слова), дысіміляцыя (распадабненне зычных або галосных па якой-н. прыкмеце), рэдукцыя (скарачэнне і змяненне гучання ненаціскных складоў і найперш галосных гэтых складоў), пратэзы або прыстаўныя гукі (зычныя ці галосныя гукі, якія з’яўляюцца ў пачатку слова ў пэўных фанет. умовах; напр., «вуліца», «ільвы»), эпентэза (устаўка звычайна зычных гукаў у сярэдзіну слова ў выпадку збегу 2 галосных пры запазычаннях), дыярэза (выпадзенне асобных гукавых элементаў; напр., «позна», «абласны»), гаплалогія (выпадзенне са слова аднаго з аднолькавых складоў), кантракцыя (сцяжэнне 2 і больш гукаў у адзін).

Літ.:

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967;

Падлужны А.І. Нормы беларускага літаратурнага вымаўлення // Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;

Янкоўскі Ф. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1983.

А.​І.​Падлужны.

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́СФАРНЫЯ КІСЛО́ТЫ,

кіслародныя кіслоты фосфару, прадукты гідратацыі фосфарнага ангідрыду. Падзяляюць на артафосфарную к-ту (фосфарную H3PO4) і кандэнсаваныя Ф.к. (пірафосфарная к-та H4P2O7), палі-, мета- і ультрафосфарныя к-ты.

Артафосфарная к-та — бясколерныя крышталі, мал. м. 97,995, шчыльн. 1880 кг/м³, т-ра плаўлення 42,5 °C. Найб. стабільнае злучэнне сярод кіслародазмяшчальных Ф.к. У расплаўленым стане пераахалоджваецца, пры 15 °C утварае густую масляністую вадкасць. Змешваецца з вадой. Пры награванні страчвае ваду з утварэннем паслядоўна піра- і метафосфарных к-т. Солі і эфіры ф.к. — фасфаты. У прам-сці атрымліваюць тэрмічным і экстракцыйным спосабамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фосфарных і складаных канцэнтраваных угнаенняў, для атрымання мыйных сродкаў, у тэкст. прам-сці для апрацоўкі і фарбавання воўны, расл. і сінт. валокнаў, у арган. сінтэзе як каталізатар, для апрацоўкі драўніны, у медыцыне і інш. Высокія канцэнтрацыі Ф.к. выклікаюць апёкі, атрафічныя працэсы ў слізістай носа, змяненне формулы крыві і інш.

Літ.:

Корбридж Д. Фосфор: Основы химии, биохимии, технологии: Пер. с англ. М., 1982;

Переработка фосфора. Л., 1985.

т. 16, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСФЕ́РТ (франц. transfert ад лац. transferre пераносіць, пераводзіць),

1) перадача права валодання імяннымі каштоўнымі паперамі (акцыі, вэксалі, аблігацыі, чэкі) адной асобай другой, перанос аплаты па здзелцы з аднаго рахунка на другі. Перадача права валодання ажыццяўляецца, як правіла, пры дапамозе перадатачнага надпісу — індасаменту.

2) Перавод замежнай валюты або золата з адной краіны ў другую; банкаўскія аперацыі па сустрэчных пераводах валют дзвюх або некалькіх краін (валютны Т.).

3) Перавод бюджэтных сродкаў для фінансавання абавязковых выплат насельніцтву: пенсіі, стыпендыі, кампенсацыі, інш. сац. выплаты, якія ўстаноўлены заканадаўствам (сацыяльны Т.).

4) Перадача права ўласнасці на рэальны тавар пакупніку без фіз. перамяшчэння тавару (кніжны Т.).

5) Пераезд грамадзян з адной краіны ў другую на аснове міжнар. пагаднення, аўтаматычнае змяненне грамадзянства; перавозка турыстаў з аэрапорта ў гасцініцу або паміж гарадамі. Т. называюць таксама перадачу тэхналогій. перавод грашовых сум, гуманіт. і тэхн. дапамогі. Напр., у 2000 аб’ём Т. у Рэспубліку Беларусь склаў 54,7 млн. дол., у т. л. з краін СНД — 1,2 млн. дол., Расіі — 1 млн. дол., інш. краін — 53,5 млн. дол.

І.​А.​Кліноўская.

т. 15, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕЗДАВА́ННЕ птушак,

перыяд размнажэння птушак. Суправаджаецца шэрагам паслядоўных жыццёвых з’яў: такаванне, утварэнне пар (спароўванне) і заняцце гнездавога ўчастка, пабудова гнёздаў, нясенне і наседжванне яец, выкормліванне і выхаванне птушанят. Пералётныя птушкі для гнездавання вяртаюцца на радзіму, аселыя перамяшчаюцца ў гнездавыя біятопы. У розных відаў птушак тэрміны гнездавання розныя, у аднаго і таго ж віду могуць вар’іраваць у залежнасці ад кліматычных і кармавых умоў. Адрозніваюць гнездаванне монацыклічнае (1 раз за год, напр., у буслападобных, жураўлепадобных) і поліцыклічнае (некалькі разоў на год, напр., у голуба шызага, вераб’ёў). З перыядам гнездавання звязаны змены ў арганізме птушак (назапашванне энергет. запасаў, змяненне функцыі гіпофіза, павелічэнне памераў і актывізацыя функцыі палавых залоз; у некаторых лінька і з’яўленне т.зв. шлюбнага ўбору) і змены ў іх паводзінах (займанне гнездавых участкаў, такаванне, напр., у глушца, турухтана, цецерука; шлюбныя палёты ў вяхіра, клінтуха, большасці пеўчых лясных птушак; спяванне, напр., у аўсянкавых, шпака і інш.). За пачатак гнездавання ўмоўна прымаецца спароўванне (або ўтварэнне пар), за канец — час, калі птушаняты пачынаюць лётаць і весці самастойнае жыццё.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд., М., 1986;

Фройде М. Животные строят: Пер. с нем. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФО́РМА (франц. réforme ад лац. reformare пераўтвараць),

пераўтварэнне, змяненне, перабудова якога-н. боку грамадскага жыцця (парадкаў, ін-таў, устаноў); фармальна — новаўвядзенне любога зместу, аднак часцей Р. называюць прагрэсіўнае пераўтварэнне пры захаванні асноў існуючага сац. ладу. Сац.-паліт. Р. садзейнічае эвалюцыйнаму развіццю грамадства і характарызуецца параўнальнай паступовасцю, плаўнасцю сац. і паліт. змен. Паліт. Р. могуць ахопліваць паліт. сістэму грамадства ў цэлым або абмяжоўвацца якімі-н. яе сферамі, рэарганізоўваць вышэйшыя эшалоны ўлады ці органы мясц. кіравання, вырашаць праблемы раздзялення і раўнавагі ўлад, іх субардынацыі. Р. ў пэўнай меры рэгламентуюць функцыі розных галін улады, уплываюць на этыка-прававыя нормы і стыль дзейнасці як кіраўніка дзяржавы, так і ўладных структур, на становішча правоў і свабод чалавека, на сац.-псіхал. і паліт. клімат у краіне. Р. праводзяцца ў розных сферах грамадскага жыцця: зямельныя, судовыя, грашовыя, школьныя, пенсіённыя, ваенныя, царкоўныя і інш. (гл. таксама Рэформа дзяржаўных маёмасцей, Рэформы азбукі і правапісу, Рэформы моўныя). Гіст. вопыт паказвае, што поспех або няўдача Р. у значнай меры залежаць ад своечасовасці іх правядзення, гатоўнасці ўладных структур пайсці на такія новаўвядзенні, якія могуць сапраўды зняць напружанасць у грамадстве; няўдала праведзеныя Р. могуць прывесці да рэв. працэсаў, негатыўных з’яў у розных сферах жыццядзейнасці людзей.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАНЕ́ННЕ,

1) катэгарыяльная адзнака іменных часцін мовы; змяненне па склонах, абумоўленае сінтаксічнымі сувязямі адпаведных слоў у пэўным кантэксце.

2) Тып формазмянення. Сістэма склонавых форм у пэўным тыпе наз. парадыгмай С. Вылучаюць субстантыўнае (назоўнікавае) і ад’ектыўнае (прыметнікавае) С.

С. ад’ектыўных разрадаў слоў (прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, абагульнена-якасных займеннікаў, дзеепрыметнікаў) у параўнанні з субстантыўнымі (назоўнікамі, колькаснымі лічэбнікамі, абагульнена-прадметнымі займеннікамі) больш уніфікаванае і менш разнастайнае па формах выражэння склонавых значэнняў.

3) Група назоўнікаў, аб’яднаных агульнасцю ўтварэння склонавых форм.

Вылучаюць 3 тыпы С. Да 1-га С. адносяцца назоўнікі мужчынскага і ніякага роду (тыпу «дол», «сяло»), да 2-га — назоўнікі жаночага роду (тыпу «вада», «зямля»), да 3-га — назоўнікі жан. роду (тыпу «ноч», «даль»). Асобныя групы складаюць назоўнікі агульнага і мужчынскага роду (тыпу «сірата», «ваявода»), рознаскланяльныя (тыпу «дзіця», «імя») і нескланяльныя назоўнікі (іншамоўнага паходжання, некат. прозвішчы асоб жаночага і мужчынскага полу і інш.), склонавыя значэнні якіх вызначаюцца грамат. формамі дапасаваных да іх слоў ці сінтакс. сувяззю кіравання («маё амплуа», «нашага аташэ», «сустрэў Гурло», «пазнаёміўся з Баранавых» і інш.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

А.​І.​Наркевіч.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)