АМЕЯ́ДАЎ МЯЧЭ́ЦЬ, Вялікая мячэць Амеядаў у Дамаску,
помнік сярэдневяковай арабскай архітэктуры. Перабудавана ў 705—715 з царквы св. Іаана Хрысціцеля, пераробленай з ант. свяцілішча Юпітэра Дамаскага.
Прамавугольнае ў плане збудаванне (157 м х 100 м) з малельнай залай, да якой прымыкае двор, абнесены з трох бакоў галерэяй з 2-яруснымі аркадамі на калонах і слупах. Малельная зала — 3-нефавая з 2-яруснымі аркадамі на мармуровых калонах, перакрыжавана трансептам над сяродкрыжжам. Фасады ўпрыгожаны мазаікай 8 ст. (захаваліся часткова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФІ́ЛЬТР (ад бія... + фільтр),
збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў і шкодных газаў з дапамогай арганізмаў-ачышчальнікаў (напр., мікраарганізмаў, водарасцяў, чароту і інш.). Прынцып дзеяння біяфільтра заснаваны на паступовым праходжанні забруджанай вады ці газаў праз тоўшчу фільтравальнага матэрыялу (шлак, гравій, керамзіт і інш.), які мае на паверхні актыўную мікрабіял. плеўку (мікраарганізмы і прасцейшыя). Плеўка адсарбіруе, акісляе і мінералізуе арган. рэчывы. У інш. выпадках ролю біяфільтра адыгрываюць ніжэйшыя і вышэйшыя арганізмы, здольныя выбіральна акумуляваць ці раскладаць забруджвальныя рэчывы — т.зв.біяфільтратары (напр., асцыдыі, пласціністашчэлепныя малюскі, некаторыя ракападобныя, водарасці і інш.). Гл. таксама Аэратэнк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІНДА́Ж (франц. blindage),
фартыфікацыйнае палявое збудаванне для аховы асабовага складу ад куляў, асколкаў, мін, запальных сродкаў і паражальных фактараў ядз. выбуху. Робіцца ў выглядзе выемкі ў зямлі з мясц. матэрыялаў (круглых бярвёнаў, брусоў, жардзін, фашын) і матэрыялаў прамысл. вырабу (хвалістай сталі, зборных жалезабетонных канструкцый, абалонак і інш.). Складаецца з асн. памяшкання (для асабовага складу), увахода з моцнымі дзвярамі, грунтавой абсыпкі; мае вентыляцыйны кораб. Упершыню ў Расіі бліндажы выкарыстаны ў Севастопальскай абароне 1854—55, шмат будавалася ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ (англ. Hadrian’s Wall),
стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен. зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРО́Д,
1) гаспадарчая пабудова на Беларусі; збудаванне са слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш. Лакальныя назвы пераплот, астраўкі. Найб. пашыраны ў цэнтр. і паўн. раёнах. У фальварках азярод размяшчалі непасрэдна каля гумнаў, стадол, такоў. Цяпер у меншай ступені бытуе ўсюды.
2) Бел.нар. гульня. Удзельнікі бяруць дугу за адзін канец, а другім стукаюць аб зямлю так, каб дуга, саспружыніўшы, пераляцела цераз азярод (адсюль назва). Пераможца той, у каго дуга пераляціць цераз азярод больш разоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМКРА́Т (галанд. dommekracht),
пераносны, перасоўны або стацыянарны механізм для пад’ёму грузаў на невялікую (звычайна да 2 м) вышыню. Бываюць рэечныя (рычажныя і зубчастыя), вінтавыя, гідраўлічныя і пнеўматычныя, ручныя і маторныя. Грузападымальнасць ад некалькіх кілаграмаў да соцень тон. Выкарыстоўваюцца пры будаўніча-мантажных, рамонтных і пагрузачна-разгрузачных работах, на аўтамаб. і чыг. транспарце. Магутнымі Д. можна падняць цэлае збудаванне на вышыню ў некалькі метраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕЛІ́Н (франц. ravelin),
дапаможнае фартыфікацыйнае збудаванне трохвугольнай формы, размешчанае перад крапасным ровам паміж бастыёнамі. Уяўляў сабой мураваную (цагляную) агароджу з казематамі для стралкоў або складаўся з рова і вала (звычайна з мураванай абліцоўкай). Прызначаўся для прыкрыцця крапасных сцен ад артыл. агню і атак праціўніка, а таксама для сканцэнтравання войск гарнізона перад вылазкай. Выкарыстоўваўся ў 16—19 ст.
Узаемаразмяшчэнне равеліна і бастыёнаў у крапасной сцяне: 1 — равелін; 2 — курціна; 3 — крапасны роў; 4 — бастыёны; 5 — контрэскарп; 6 — пашырэнне (т.зв. плацдармы) для сканцэнтравання войск для контратакі; 7 — бруствер гласіса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,
свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г.Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-га тыс. да н.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст. да н.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцы гал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл.Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАНАПО́РНАЯ ВЕ́ЖА,
збудаванне ў сістэме водазабеспячэння для выраўноўвання работы помпавых станцый, стварэння запасу вады, рэгулявання яе напору і расходу ў водаправоднай сетцы. Складаецца з рэзервуара (пераважна з жалезабетону або сталі), апорных канструкцый (з жалезабетону, сталі, часам цэглы), ахоўнага шатра (ад замярзання), труб для падачы і адводу вады. Ёмістасць рэзервуара да некалькіх тысяч кубічных метраў, вышыня вежы да 25 м і болей. Абсталёўваецца пераліўнымі прыстасаваннямі (прадухіляюць перапаўненне рэзервуара), сістэмамі сігналізацыі і замеру ўзроўню вады. Некат. воданапорныя вежы з’яўляюцца помнікамі архітэктуры (напр., гродзенскія воданапорныя вежы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
гідратэхнічныя збудаванні для засцярогі партовай акваторыі ад хваляў, плыняў, наносаў і лёду. Бываюць унутраныя (прадухіляюць утварэнне хваляў у акваторыі порта) і знешнія. Да агараджальных збудаванняў адносяцца молы і хваляломы (на морах, вадасховішчах, азёрах), лёдаахоўныя дамбы і ледарэзы (на рэках). Паміж берагам і агараджальнымі збудаваннямі або паміж суседнімі агараджальнымі збудаваннямі пакідаюць праход для суднаў. З боку мора (вадаёма) кожнае агараджальнае збудаванне мае пашыраную частку абцякальнай формы, якая будуецца звычайна на глыбіні не меншай за падводную вышыню разліковай хвалі. Пры праектаванні агараджальных збудаванняў улічваюць канфігурацыю берага і дна, напрамак вятроў, плыняў і наносаў.