БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала ў Вільні ў 1918—39. Заснавальнікі В.Ластоўскі, І. і А.Луцкевічы, В.Святаполк-Мірскі, Я.Станкевіч, У.Талочка і інш. Кіруючы орган — урад, які выбіраўся на агульным сходзе членаў БНТ. Задачы: заснаванне і ўтрыманне музеяў, бібліятэк, навук. устаноў, арганізацыя выставак, лекцый, курсаў і навук. з’ездаў, выдавецкая дзейнасць. Напачатку займалася распрацоўкай бел.навук. тэрміналогіі і яе кадыфікацыі, праблемамі перакладу на бел. мову. Пры БНТ быў арганізаваны Беларускі музей імя І.Луцкевіча і б-ка; дзейнічалі гіст., літ.-мастацкія і краязнаўча-экскурсійныя секцыі.
Т-ва правяло святкаванне 400-годдзя бел. кнігадрукавання (1925), 400-годдзя Статута ВКЛ 1529 (1929). Выдала навук.зб-кі «Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні» (1933), «Запісы Беларускага навуковага таварыства» (1938), кнігі А.Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі, 1525—1925» (1925), А.Луцкевіча «Праўда пра «камеру Конрада» (1923, на польск. мове) і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Зах. Беларусі да БССР.
А.С.Ліс.
Да арт.Беларускае навуковае таварыства. Урачыстая акадэмія ў 10-я ўгодкі з дня смерці І.Луцкевіча. Вільня. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІ КАРО́ТКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік усходнеслав. летапісання позняга сярэднявечча. Збярогся ў Супрасльскім гіст. зборніку пач. 16 ст. (гл.Супрасльскі рукапіс). Яго першую (большую) частку складае скарочаны агульнарус. летапісны звод, блізкі да Аўрамкі летапісу, але даведзены толькі да 1382. Другая частка зборніка, названая М.М.Улашчыкам «Валынскі кароткі летапіс», змяшчае кароткую выбарку пагадовых звестак кіеўскага, наўгародскага, маскоўскага і мясц. паходжання па гісторыі Русі (з 862), ВКЛ (14 — пач. 16 ст.) і Смаленска. Храналагічна ахоплівае падзеі да 1514 уключна. Асабліва падрабязна апісаны напады крымскіх татар на Валынь. Летапіс завяршаецца ўзнёслай «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму». Зборнік узнік у асяроддзі праваслаўнага, патрыятычна настроенага бел.-ўкр. духавенства. Асноўная, агульнарус. частка летапіснага зводу, верагодна, была ўкладзена ў Смаленску, пасля чаго перавезена ў Супрасль, дзе дапоўнена арыгінальнымі звесткамі па гісторыі ВКЛ, у т. л. Валыні, і «Пахвалой». Пазней у зборніку рабіліся розныя запісы прыватнага і гіст. характару. Да канца 18 ст. захоўваўся ў Супрасльскім манастыры, цяпер у Рас.дзярж. архіве стараж. актаў (Масква). Апублікаваны асобна ў 1836 і ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯХА́Й (Рыгор Восіпавіч) (5.12.1914, в. Сяліба Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 25.7.1991),
бел. паэт і празаік. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам. З 1946 у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя», у Дзярж. выд-ве БССР. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Па сонечных узгорках» (1939), «Маё пакаленне» (1950), «Вялікі мой і ціхі акіян» (1954), «Размова з восенню» (1961), «Асеннія пракосы» (1973), аповесцей «Сарочы лес» (1965), «Туман над стэпам» (1971), «Шлях на Эльбу» (1976), «Я з табою, гвардыя» (1983), дакумент. аповесці «Героі не адступаюць» (1965). Гераізм народа ў Вял.Айч. вайну, пафас стваральнай працы — асн. тэматыка твораў. Пісаў для дзяцей («Пра храбрага хлопчыка», 1962; «Алёшка-атаман», 1967). Аўтар гіст.-краязн. нарыса «Мінская вобласць» (1968, 2-е выд. 1974). Зрабіў літ.запісы кніг В.Лівенцава «Партызанскі край» (1950), І.Вятрова «Браты па зброі» (1962), І.Шубітыдзе «Палескія былі» (1969). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Твардоўскага, А.Малышкі, Ю.Збанацкага, М.Рыльскага, М.Стэльмаха, П.Тычыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАРТА́Ж (франц. reportage ад англ. report паведамляць),
аператыўнае паведамленне пра з’яву, падзею, здарэнне, сведкам ці ўдзельнікам якіх быў рэпарцёр; адзін з інфарм. жанраў журналістыкі. У залежнасці ад сродкаў масавай інфармацыі (друк, радыё, тэлебачанне) Р. мае асаблівасці. У прэсе адрозніваюцца Р. падзейны (падрабязнае апісанне падзеі), тэматычны (апісваюцца падзеі, што адбываліся ў розныя часы, але аб’яднаны адной тэмай), фотарэпартаж (здымкі са сціслай тэкставай інфармацыяй). Радыёрэпартаж вызначаецца паслядоўнасцю ў выкладанні падзей. Тэлерэпартаж часта перарастае ў каменціраванне падзей (гл.Каментарый). Кінарэпартаж — фіксацыя на кінаплёнку інфармацыі з месца падзей (гл.Дакументальнае кіно). Рэпартажныя кіназдымкі падзяляюцца на падзейныя, тэматычныя, праблематычныя.
Р. ўласцівы элементы аналізу, абагульненняў, разважання і ацэнкі фактаў. У Р. няма месца вымыслу, таму што гал. крыніцы збору інфармацыі — запісы, дакументы, інтэрв’ю, асабістыя назіранні аўтара. У Р. асвятляюцца аб’ектыўныя з’явы праз непасрэднае аўтарскае адлюстраванне (што ўбачыў, пачуў, якія вывады зрабіў), таму ён мае суб’ектыўнае адценне. Адметнасць Р. ў тым, што дасягаецца эфект прысутнасці чытача ці гледача на месцы дзеяння. Словы «Р.» і «з месца падзеі» з’яўляюцца сінонімамі ў сэнсавых адносінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БА ((Kuba) Людвік) (16.4.1863, г. Подзебрадзі, Чэхія — 30.11.1956),
чэшскі этнограф, муз. фалькларыст, мастак. Нар.арт. і нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Празе ў арганнай школе ў Ф.Скугерскага (1877—79), у АМ (1891—93), у Парыжы ў акадэміі Жуліяна (1893—95), у Мюнхене ў школе А.Ажбе (1896—1904). З 1945 выкладаў у Пражскай АМ. Удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па слав. землях, у т. л. ў 1886 і 1887 у Расіі, на Беларусі і Украіне. У асн. працы «Славянства ў сваіх песнях» (т. 1—15, 1884—1929) акрамя нотных узораў (каля 4000) змясціў апісанні мясц. манер спеваў, побыту, нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва, замалёўкі сельскіх пабудоў, касцюмаў, муз. інструментаў, партрэты прадстаўнікоў розных народнасцей. Першы апублікаваў запісыбел.нар. 2-галосых песень, даследаваў ладавыя асаблівасці бел.муз. фальклору («Беларуская народная песня», 1887). Сярод жывапісных работ жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Кветкі» (1899), «Піёны» (1902), «Чытач», «Сярод руж» (абедзве 1906), «Аўтапартрэт» (1914), «На балконе ў Сміхаве» (1913), «Аўтапартрэт з палітрай» (1940), «Аўтапартрэт з люлькай» (1952).
Літ.:
Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971;
Stanislav J. Ludvik Kuba. Zakladatel slovanské hudebni folkloristiky. Praha, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́ЖСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік 13—14 ст. Напісаны царк.-слав. мовай уставам у 2 слупкі, па 24 радкі ў слупку, на 187 пергаментных аркушах. Уключае пачаткі тэкстаў евангелляў ад Іаана, Матфея, Лукі, чытанні ад Марка, Лукі і Іаана (уперамежку), саборнік (паказальнік евангельскіх чытанняў па святах). На палях зроблены надпісы 16 ст.: зачыны асобных евангелляў і інш. У М.е. змешчаны 1 застаўка і каля 350 ініцыялаў, выкананых пераважна ў тэраталагічным стылі. Асобныя ініцыялы маюць жанравы характар. На адным з іх (літара «В») адлюстраваны селянін з рыдлёўкай — адна з першых у бел. мастацтве выяў працы. Аздобы выкананы 4 колерамі: сінім, чырвоным, зялёным, жоўтым. На сярэбраных пласцінках скуранога пераплёту выгравіраваны выявы евангелістаў і Хрыста на крыжы. На 1-й і апошняй старонках у 16 ст. зроблены запісы пра тое, што мінскі бурмістр Васіль Лах ахвяраваў гэты экзэмпляр царкве св. Юр’я ў Мсціжы (Барысаўскі р-н Мінскай вобл.). Зберагаецца ў б-цы АН Літвы.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Соболевский А.И. История русского литературного языка. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РЦКІ Э́ПАС, нартаўскі эпас,
гераічны эпас каўказскіх народаў: асецін, абхазаў, адыгейцаў, кабардзінцаў, чэркесаў. Вядомы таксама балкарцам, чэчэнцам, інгушам, карачаеўцам і інш. Існуе ў празаічнай і вершаванай форме. У яго аснове — стараж. аланскі эпічны цыкл 7—4 ст. да н.э. Першыя запісы зроблены ў сярэдзіне 19 ст.
Апавядае пра легендарны народ — бясстрашных, свабодалюбівых, знаходлівых і жыццярадасных нартаў, іх гераічную барацьбу з захопнікамі. Архаічныя рысы эпасу: фрагменты этыялагічных міфаў (пра паходжанне культ. раслін, зброі і інш), матывы сваяцкіх сувязей ці барацьбы з багамі, сваркі паміж роламі і кроўная помста, грабежніцкія паходы, якія ўзначальвалі выбарныя правадыры, мужчынскія нарады і інш. Вакол асн. герояў эпасу сфарміраваліся цыклы сказанняў: пра родапачынальнікаў нартаў у асецінскім эпасе — Урызмагу і Сата́не (у абхазаў і адыгейцаў — Сатаней), мудрай дарадчыцы волатаў; пра Сослана (Созрука, у адыгейцаў — Сосрука, абхазаў — Сасрыква), які спалучае ў сабе сілу, храбрасць і магічныя здольнасці з функцыямі культавага героя (ён здабывае агонь); пра самага моцнага з нартаў Батрадза, загартаванага ў агні; пра сейбіта сварак і махляра Сырдона і інш. Эпас вылучаецца багаццем сюжэтаў, гумарам.
Публ.: Нарты: Адыгейский героич. эпос. М., 1974; Сказания о нартах: Осетин. эпос М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́Й (сапр.Кампаў) Барыс Мікалаевіч
(17.3.1908, Масква — 12.7.1981),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў прамысловы тэхнікум у Цверы (1926). З 1928 журналіст. У Вял.Айч. вайну карэспандэнт «Правды». З 1962 гал. рэдактар час. «Юность». Друкаваўся з 1927. У «Аповесці пра сапраўднага чалавека» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; аднайм. опера С.Пракоф’ева і фільм, 1948; прататып гал. героя — лётчык А.П.Марэсьеў), раманах «Золата» (1949—50, аднайм. фільм, 1970), «Доктар Вера» (1966, аднайм. фільм, 1968), кнігах апавяданняў «Мы — савецкія людзі» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), нарысаў «Ад Белгарада да Карпат» (1944) і інш. — падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар аповесці «Гарачы цэх» (1939), цыкла біягр. аповесцей (асобнае выд. 1977), раманаў «Глыбокі тыл» (1958), «На дзікім беразе...» (1962, аднайм. фільм, 1966), зб. апавяданняў «Сілуэты» (1974), дзённікаў ваен. карэспандэнта (у т. л. «У рэшце рэшт. Нюрнбергскія дзённікі», ч. 1—2, 1968; «Гэтыя чатыры гады», т. 1—2, 1974), падарожных нататак «Амерыканскія дзённікі» (1956), «Саянскія запісы» (1964), п’ес, успамінаў і інш. Многія яго творы інсцэніраваны. На бел. мову «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» пераклаў А.Стаховіч (1951).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1981—86;
Повесть о настоящем человеке. Мн., 1987.
Літ.:
Железнова Н.Л. Настоящие люди Бориса Полевого. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р АЎГУСЦІ́НЦАЎ.
Існаваў з пач. 15 ст. да 1830 у Брэсце. Засн. каля 1410 вял.кн.ВКЛ Вітаўтам, які даў кляштару 2 карчмы ў Брэсце, загадаў выплачваць манахам па 4 грошы з мыта, па дзесяціне ад брэсцкіх мяшчан і з в. Бучэмля і Трасцяніца. Асн. даход аўгусцінцы атрымлівалі ад в. Кастамлоты, якая належала ім да 1795. Кляштар меў таксама 2 юрыдыкі ў Брэсце, на яго карысць рабіліся грашовыя запісы, і ён лічыўся самым багатым сярод аўгусцінскіх кляштараў ВКЛ. У 17—18 ст. у ім жыло каля 20 манахаў, адбываліся ордэнскія капітулы, дзейнічалі школы філасофіі і тэалогіі, існавала б-ка (у 1818 у ёй былі 322 кнігі). Іх кляштар і першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы размяшчаліся ў прадмесці паміж рэкамі Мухавец і Укрынка (згарэлі ў 1666). Для новай пабудовы ў 1672 брастчане ахвяравалі ім пляцы і дамы на рынку. Мураваны касцёл асвячоны біскупам у 1686. У пач. 18 ст. ён зруйнаваны, каля 1714 адноўлены, пасля пажараў 1801 і 1808 капітальна адбудаваны. У 1830 кляштар скасаваны, будынкі перададзены ваен. ведамству (размяшчаўся к-т крапасных інжынераў). Касцёл перабудаваны пад Мікалаеўскую царкву (захаваўся часткова).
Літ.:
Godzawa M. Augustjanie w Brześciu Litewskim: (Notatka historyczna) // Rocznik Towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie, 1909. Wilno, 1910. Т. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святынь Беларусі. Ушаноўваецца правасл. і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Знаходзіцца ў Жыровіцкім Успенскім манастыры. Абраз — авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ. Паводле царк. падання, з’явіўся ў 1470 пастушкам у лесе на грушы-дзічцы. Гісторык П.М.Жуковіч лічыў больш верагоднымі датамі падзеі 1493—95. З пач. 17 ст. абраз стаў славіцца за цудоўныя вылячэнні. Пакланіцца яму прыязджалі людзі розных саслоўяў, у т. л. каралі Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV, Ян Казімір, Ян III Сабескі, Аўгуст II, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 1730 на абраз ускладзены прывезеныя з Рыма кароны, зроблены дарагі абклад, кароны аздоблены каштоўнымі камянямі, падараванымі Ганнай Сангушкай. У 1660 абраз вывозілі ў Быценскі кляштар базыльян, у 1915 — у Маскву, адкуль ён вярнуўся без большасці аздоб. З яго шматразова рабіліся жывапісныя копіі на дошках і палатне, выконваліся гравюры, найб. вядомая Л.Тарасевіча (1682) па малюнку П.Бацэвіча. Абраз пашкоджаны пажарам, верагодна, у 1-й пал. 16 ст. Свята абраза адзначаецца 7(20) мая.
Літ: Пуцко В. Жыровіцкі рэльеф // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1989. № 2; Жировицкая святыня: (По материалам митрополита Антония Мельникова) // Вестн. Бел. Экзархата. 1990. № 3; Карнілава Л. Цудатворныя абразы Гродзеншчыны: Абраз Маці Божай Жыровіцкай // Гарадзенскія запісы. Гародня, 1993. Вып. 1.