БЯРКО́ВІЧ (Марыя Веньямінаўна) (26.12.1910, г. Беразіно Мінскай вобл. — 19.9-1993),

бел. мастак кіно і жывапісец. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1939). У 1954—75 мастак па касцюмах на кінастудыі «Беларусьфільм» (касцюмы да кінафільмаў «Міколка-паравоз», «Чырвонае лісце», «Апошні хлеб», «Доўгія вёрсты вайны» і інш.). Майстар акварэлі — пейзажы Раўбічаў, Мінска, Рыжскага ўзмор’я і інш.

т. 3, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕЛЕ́С (Apellēs; каля 380—300 да н.э.),

старажытнагрэчаскі жывапісец. Працаваў у Эфесе, Косе, Александрыі, быў прыдворным мастаком македонскіх цароў. Пісаў на драўляных дошках тэмперай. Выкарыстоўваў белую, чорную, жоўтую і чырвоную фарбы, віртуозна валодаў святлаценем. Выканаў партрэты Філіпа II і яго сына Аляксандра Македонскага, аўтапартрэт. Найб. вядомая карціна Апелеса «Афрадыта Анадыямена». Работы Апелеса не захаваліся.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́САЎ (Ізраіль Мордухавіч) (7.10.1918, г. Мсціслаў Магілёўскай вобласці — 4.8.1994),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1951). Працаваў пераважна ў жанры гар. і індустр. пейзажа. Сярод твораў: «Восень» (1963), «Мінск, вул. Кірава» (1967), «Дрэвы і горад» і «Гарадскі рытм» (1967); карціны філас. кірунку: «Саперніцы» і «Успаміны» (1968), «Дзяўчына ў чырвоным» (1979), «Дзве жанчыны» (1993).

М.​М.​Паграноўскі.

І.Басаў. Успаміны. 1968.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЎТС, Боўтс (Bouts) Дзірк (Ц’еры; каля 1415, г. Харлем, Нідэрланды — 6.5.1475), нідэрландскі жывапісец. Выкарыстоўваючы традыцыі Рагіра ван дэр Вейдэна і Я. ван Эйка, імкнуўся да пераканаўчасці і трапнасці дэталяў, вытанчанасці і маляўнічай дэкаратыўнасці жывапісу (алтар «Таямнічасць прычасця», 1464—67, абраз «Пакуты Святога Эразма...», 1466, дыптых «Правасуддзе Атона III», 1475, карціна «Пекла» і інш.).

Дз.Баўтс. Пекла. 15 ст.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЖБЕ, Ашбе (Ažbè) Антон (30.5.1862, г. Даленчыцэ, Славенія — 6.8.1905), славенскі жывапісец і педагог. Вучыўся ў Венскай і Мюнхенскай акадэміях мастацтваў. Творчасць пазначана пошукамі колеравай выразнасці, пераходам ад акадэмізму да пленэрнага жывапісу («Галава селяніна», каля 1890; «У гарэме», «Негрыцянка», абедзве каля 1895). У 1891 адкрыў у Мюнхене ўласную маст. студыю, дзе вучыліся В.​Кандзінскі, А.​Мурашка, І.​Грабар.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАДЖАНЯ́Н (Сцяпан Меліксетавіч) (28.12.1863, г. Шуша, Нагорны Карабах — 13.12.1940),

жывапісец-партрэтыст. Нар. мастак Арменіі (1938). Вучыўся ў маст. студыі ў Марселі (1886—90) і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—1900). Выкладаў у Ерэванскім маст. вучылішчы (1922—40). Рэаліст. партрэты Агаджаняна адметныя глыбокім псіхалагізмам, стрыманым каларытам (партрэты бацькі і маці, аўтапартрэт, «Дзядзька Седрак», «Васіл», «Беспрытульнік» і інш.).

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НЦУР ((Benczúr) Дзьюла) (28.1.1844, г. Ньірэдзьхаза, Венгрыя — 1.6.1920),

венгерскі жывапісец. Прадстаўнік акад. рамантызму. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1861—69), выкладаў там жа (1876—93). Праф. і дырэктар АМ у Будапешце. Аўтар эфектных па жывапісе, дынамічных карцін на тэмы венгерскай гісторыі: «Развітанне Ласла Хуньядзі» (1866), «Хрышчэнне Вайка» (1875), «Узяцце крэпасці Буды» (1896), партрэт графіні Кароі Ласлоне (1898) і інш.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНСА́ЛВІШ ((Goncąlves) Нуну) (каля 1425—92),

партугальскі жывапісец. У 1450—71 каралеўскі мастак. Яму прыпісваюць самы значны помнік партуг. мастацтва 15 ст. «Алтар св. Вінцэнта». Манум. характар кампазіцыі, тып алтара і манера пісьма сведчаць пра знаёмства яго аўтара з творамі Я. ван Эйка і інш. нідэрл. майстроў 15 ст.

Н.Гансалвіш. Размалёўка алтара св. Вінцэнта. 15 ст.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ВІД ((David) Герард) (каля 1460—70, Аўдэватэр, каля г. Гаўда, Нідэрланды — 13.8.1523),

нідэрландскі жывапісец. Працаваў пераважна ў г. Бруге. Яго творы паўтаралі асн. кампазіцыйныя схемы нідэрл. жывапісу 15 ст., у той жа час адметныя мяккасцю і сакавітасцю жывапіснай манеры, майстэрствам перадачы асвятлення, паэтычнасцю пейзажных матываў: 2 кампазіцыі «Суд Камбіза» (1498), трыпціх «Хрышчэнне Хрыста».

Г.Давід. Адпачынак на шляху ў Егіпет.

т. 5, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАЎ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 17.10.1959, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1978). У жывапісных творах распрацоўвае сюррэалістычны кірунак вобразна-выяўл. трактоўкі: «Рэквіем» (1993), «Імгненне вечнасці», «Натура, якая сыходзіць» (абедзве 1995) і інш. Сярод работ у плакаце: серыі экалагічная (1988) і палітычная (1989), «Быццё» (1990). Працуе таксама ў тэхніцы графічнага дызайну.

А.​Л.​Атраховіч.

А.Даманаў. Натура, якая сыходзіць. 1995.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)