БЛО́МКВІСТ (Яўгенія Эдуардаўна) (21.11.1890—27.7.1956),

рускі этнограф. Д-р гіст. н. (1950). Скончыла жаночы пед. ін-т (1914), Ленінградскі геагр. ін-т (1924). Узначальвала славяна-рус. сектар Ін-та этнаграфіі АН СССР. Аўтар прац па этнаграфіі народаў Паўн. Амерыкі і ўсх. славян. У працы «Сялянскія пабудовы рускіх, украінцаў і беларусаў» (1956) на падставе археал. і этнагр. прац, архіўных, музейных і экспедыцыйных матэрыялаў прасачыла развіццё сельскіх пасяленняў, сядзіб, гасп. пабудоў і буд. тэхнікі ўсх. славян са стараж. часоў да сярэдзіны 20 ст. Упершыню выявіла агульныя рысы і спецыфічныя асаблівасці гэтай галіны матэрыяльнай культуры, правяла іх класіфікацыю і тыпалогію.

В.​К.​Бандарчык.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТ (італьян. alto ад лац. altus высокі),

1) нізкі жаночы ці дзіцячы голас у хоры; 2-я па вышыні партыя ў харавой партытуры. Да 18 ст. назва высокага тэнара.

2) Муз. інструмент класа хардафонаў тыпу смыковых. Мае тую ж канструкцыю, што і скрыпка, але большых памераў, густы, насычаны гук, строй квінтай ніжэй. Мяркуюць, створаны на мяжы 15—16 ст. На Беларусі вядомы з 18 ст., выкарыстоўваўся ў ансамблях і з аркестрам; нар. назва «альтоўка».

3) Разнавіднасці многіх аркестравых інструментаў: духавых (флейта-альт, габой-альт, кларнет-альт, труба-альт, трамбон-альт), струнных (цымбалы-альт, мандаліна-альт, балалайка-альт, домра-альт).

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯШКЕ́ВІЧ (Іосіф Іванавіч) (1777, мяст. Шылува, Літва — 5.10.1830),

бел. жывапісец-партрэтыст. З сям’і музыканта з мяст. Радашковічы (Маладзечанскі р-н). Скончыў Віленскую маст. школу (1803), працаваў у майстэрнях франц. мастакоў Ж.А.Д.Энгра і Ж.Л.Давіда. З 1810 жыў у Пецярбургу. Часта прыязджаў на Беларусь. Стварыў шмат партрэтаў у стылі позняга класіцызму і рамантызму, у т. л. Л.​Сапегі, М.​Радзівіла, А.​Чартарыйскага, Г.​Ржавускага, Плятэра, аўтапартрэт, «Групавы партрэт», «Жаночы партрэт», «Партрэт дзяўчынкі», партрэт А.​Бакунінай (апошнія 4 захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі) і інш. Сябраваў з А.​Міцкевічам, напісаў яго партрэт (1828).

І.І.Аляшкевіч.
І.Аляшкевіч. Групавы партрэт. 1813. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШУ́К (Віктар Нічыпаравіч) (н. 16.9.1938, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. кінарэжысёр і сцэнарыст. Нар. арт. Беларусі (1989). Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1960), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм», працуе ў галіне дакумент. кіно. Для творчасці Д. характэрны арганічны сплаў лірыкі і публіцыстыкі. Стварыў цыклы публіцыстычных фільмаў (Дзярж. прэмія СССР 1985): «Хатынскі цыкл» (1975—78, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); «У вайны не жаночы твар» (1980—84, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу 1983). З інш. фільмаў: «Дом» (1970), «А зязюля кукавала...» (1972, біяграфічны пра Я.​Купалу), «Развітанне» (1980), «Віцебская справа» (1991).

В.Н.Дашук.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРГО́ ((Camargo) Мары Ан) (сапр. дэ Кюпіс дэ Камарго, de Cupis de Camargo; 15.4.1710, Брусель — 28.4.1770),

французская танцоўшчыца; рэфарматар сцэн. танца і тэатр. касцюма. У 1726—51 (з перапынкам) вядучая танцоўшчыца Каралеўскай акадэміі музыкі ў Парыжы. Валодала бліскучай віртуознай тэхнікай. Выконвала танц. партыі ў операх, операх-балетах, балетныя антрэ ў пастаноўках лірычных трагедый і гераічных пастаралей. Увяла ў жаночы танец складаныя па, якія раней выконвалі толькі мужчыны, што патрабавала змен у касцюме (падкараціла цяжкія доўгія сукенкі, увяла абутак без абцасаў). Жыццё К. паслужыла сюжэтам для опер, аперэт, балетаў і карцін.

Літ.:

Новерр Ж.Ж. Письма о танце и балетах: (Пер. с фр.]. Л.;

М., 1965.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТЭНАНТ ((Butenandt) Адольф Фрыдрых) (24.3.1903, г. Брэмергафен, Германія — 18.1.1995),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Баварскай і Гётынгенскай АН. Ганаровы чл. Нью-Йоркскай АН, акадэмій навук Аўстраліі і Францыі. Вучыўся ў Марбургскім (з 1921) і Гётынгенскім ун-тах. З 1931 у Гётынгенскім ун-це, з 1933 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Данцыгу (сучасны Гданьск, Польшча), з 1936 дырэктар Ін-та імя М.​Планка (Берлін, Цюбінген, Мюнхен). Навук. працы па біяхіміі палавых гармонаў: упершыню вылучыў у чыстым стане і сінтэзаваў эстрон (жаночы палавы гармон, 1929), андрастэрон (1931, незалежна ад Л.Ружычкі), тэстастэрон (1939), прагестэрон (1934) і інш. Распрацаваў методыку атрымання картызону. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1968). Нобелеўская прэмія 1939 (разам з Ружычкам).

А.Ф.Бутэнант.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БАКЦ) у Саўт-Рыверы, бел. грамадска-культурны асяродак у ЗША, штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1972 пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай. Кіруючы орган — управа, старшынямі якой у розны час былі Б.​Шчорс, М.​Бахар, Ж.​Навумчык. Культ. праграму каардынуе Бел. культ.-мастацкае т-ва, якое з 1974 ладзіць паказы твораў бел. мастакоў і ўмельцаў. Працуе жаночы хор «Каліна», Бел. тэатр. студыя, нядзельная школа, Бел. спарт. аб’яднанне; у 1975—85 для моладзі арганізоўваліся адукац. курсы. Пры цэнтры ёсць б-ка, друкарня. У Саўт-Рыверы выдаюцца час. «Царкоўны светач», «Беларуская думка», «Сяўбіт», «Беларускі праваслаўны каляндар».

А.​С.​Ляднёва.

Беларуска-амерыканскі культурны цэнтр у г. Саўт-Рывер (ЗША).

т. 2, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЧНІК (Veronica),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 дзікарослыя і 3 інтрадукаваныя віды. 3 дзікарослых найб. вядомыя К. даўгалісты (V. longifolia, нар. назвы турэчынка, падхлоп, шалфей баравы), дуброўны (V. chamaedrys, нар. назвы палейка, кандрацікі, трыдзевятка), лекавы (V. officinalis, нар. назвы сухотнік лесавы, парушэнец жаночы, раквіца, вароннік). Трапляюцца ў далінах рэк, па канавах, сярод хмызняку.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы і паўкусты выш. 5—150 см. Сцябло голае або апушанае. Лісце супраціўнае, кальчаковае ці чаргаванае. Кветкі няправільныя, сінія, блакітныя, белыя, сабраныя ў гронкі, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, пустазелле.

Крынічнік: 1 — гарычкавы; 2 — даўгалісты; 3 — дуброўны.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РФАВА (Хрысціна) (24.4.1889, г. Стара-Загора, Балгарыя — 1.6.1936),

балгарская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Вучылася ў Пеўчай школе ў Празе. З 1913 салістка Балг. опернага т-ва (з 1921 Сафійская нац. опера), з 1916 — Нац. т-ра ў Празе. У 1931—36 выкладала ў Муз. акадэміі ў Сафіі. Валодала надзвычай прыгожым і гнуткім голасам, выконвала лірычныя і драм. партыі: Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лакмэ(«Лакмэ» Л.​Дэліба), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі). Выконвала балг., чэш. і інш. слав. нар. песні. У 1936 у Сафіі засн. Жаночы хор імя М.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБАМУ́ДРАЎ (Павел Канстанцінавіч) (30.8.1916, С.-Пецярбург — 27.2.1984),

бел. графік, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Праф. (з 1972). Скончыў Маст. ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1949). Выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (1957—83). Працаваў пераважна ў станковай графіцы ў тэхніках літаграфіі, шклаграфіі, акварэлі, лінагравюры.

Сярод твораў: серыя «Сталінград» (1949), лісты «Дні і ночы» (1957), «Лета» (1958, 1964), «Роздум», «Зноў у родных краях» (абодва 1967), «Цяжкая хвіліна» (1970), «У парку», «Чаканне», «Першы снег» (усе 1971), «Жаночы партрэт» (1973), серыя пейзажаў Мінска — «Сакавік» (1958), «Вецер» (1969), «Мінск. Зімовы дзень (эпізод Айчыннай вайны)» (1970), «Плошча Перамогі ў Мінску» (1971), «У 1941-м» (1975), «Раніца», «Матыў старога Мінска» (абодва 1980) і інш.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)