ВАХТА́НГ VI (1675—27.3.1737),

грузінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Намеснік, потым цар Картлі ў 1703—12, 1719—24. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пад яго кіраўніцтвам створаны кодэкс феад. права Грузіі (гл. Вахтанга законы). У 1709 па яго ініцыятыве ў Тбілісі заснавана 1-я груз. друкарня (у 1712 выйшла першае друк. выданне паэмы Ш.​Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» з навук. каментарыямі Вахтанга). Стварыў камісію вучоных для складання гісторыі Грузіі 14—18 ст. У 1712—19 адхілены ад улады шахам Ірана. Ускладненне знешніх і ўнутр. абставін, няздольнасць процістаяць тур. агрэсіі прымусілі Вахтанга ў 1724 эмігрыраваць у Расію. Выношваў планы вызвалення Грузіі. Паэзіі Вахтанга ўласцівыя патрыят. матывы. Быў таксама лексікографам і перакладчыкам.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БАКЦ) у Саўт-Рыверы, бел. грамадска-культурны асяродак у ЗША, штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1972 пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай. Кіруючы орган — управа, старшынямі якой у розны час былі Б.​Шчорс, М.​Бахар, Ж.​Навумчык. Культ. праграму каардынуе Бел. культ.-мастацкае т-ва, якое з 1974 ладзіць паказы твораў бел. мастакоў і ўмельцаў. Працуе жаночы хор «Каліна», Бел. тэатр. студыя, нядзельная школа, Бел. спарт. аб’яднанне; у 1975—85 для моладзі арганізоўваліся адукац. курсы. Пры цэнтры ёсць б-ка, друкарня. У Саўт-Рыверы выдаюцца час. «Царкоўны светач», «Беларуская думка», «Сяўбіт», «Беларускі праваслаўны каляндар».

А.​С.​Ляднёва.

Беларуска-амерыканскі культурны цэнтр у г. Саўт-Рывер (ЗША).

т. 2, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБЕ́РНСКАЕ ПРАЎЛЕ́ННЕ,

калегіяльны орган кіравання агульнай кампетэнцыі ў губерні. Фактычна было дарадчым органам пры губернатару, які ўзначальваў губернскае праўленне. Уведзена ў ходзе губернскай рэформы 1775. На Беларусі губернскія праўленні ўтвораны: Магілёўскае і Полацкае ў 1778, Беларускае (у выніку аб’яднання Магілёўскай і Полацкай губ.) і Мінскае ў 1796, Гродзенскае, Віцебскае і Магілёўскае (адноўлена) у 1802. Займалася адм., паліцэйскімі, гасп., фінансавымі пытаннямі, урачэбным наглядам і інш. Фарміравалася шляхам прызначэння. Напачатку падпарадкоўвалася Сенату, потым Мін-ву ўнутр. спраў. Складалася з агульнай дзярж. установы (рашаючы орган) і канцылярыі. Пры губернскім праўленні знаходзіліся друкарня, архіў, рэгістратура, экзекутарская і гасп.-распарадчая часткі, урачэбная ўправа і інш. Скасавана пасля Лют. Рэв. 1917.

А.​М.​Марыскін.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),

расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.​Скарыны Нац. АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел. с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.​Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра I ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.

Т.​Б.​Блінова.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМО́НІЧЫ,

беларускія купцы, грамадскія дзеячы ВКЛ, кнігавыдаўцы. Род М. паходзіў з Магілёўшчыны. Верагодна, у 1-й пал. 16 ст. М. перасяліліся ў Вільню, дзе Іван М., заможны купец і член рады Вільні, быў набілітаваны (атрымаў шляхецтва з гербам «Ліс»). Найб. вядомыя:

Кузьма (?—16.7.1607?), сын Івана. Заможны купец, член рады Вільні, шэраг гадоў быў бурмістрам. У 1570-х г. фінансаваў выдавецкую дзейнасць у Вільні П.Мсціслаўца, пасля заснаваў уласную друкарню (гл. Мамонічаў друкарня). Лукаш (?—19.10.1606), сын Івана. Староста дзісенскі, з 20.12.1585 скарбны гаспадарскі. Меў некалькі маёнткаў. Фінансаваў друкарню і дастаўляў паперу з уласнай паперні ў маёнтку Павільня. Лявон (? — пасля 1625), сын Кузьмы. Член рады Вільні. Прыхільнік канцлера ВКЛ Л.​Сапегі. Удзельнічаў у рабоце друкарні з 1593. У 1610 дамогся ад караля закрыцця правасл. Віленскай брацкай друкарні. У 1614 атрымаў тытул «друкар Яго Каралеўскай Мосці». Пасля 1624 перадаў друкарню базыльянам.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1586—1773 у Нясвіжы як сярэдняя навучальная ўстанова. Засн. М.​К.​Радзівілам Сіроткам, які падараваў калегіуму маёнтак Ліпск з 6 вёскамі. У 1584—93 пабудаваны корпус Н.е.к. і пры ім Нясвіжскі касцёл езуітаў. Нясвіжскія езуіты стварылі свае місіі ў Капылі, Крывошыне, Ліпску, Мікалаеве і інш. У 1586 у Н.е.к. адкрыты класы граматыкі, потым — паэтыкі, рыторыкі і інш. Пры калегіуме дзейнічалі: з 1610 муз. бурса, з 1620 канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты, з 1627 аптэка, з 1750 Нясвіжская друкарня Радзівілаў. У пач. 17 ст. ў калегіуме было каля 300 вучняў. Яго б-ка ў 1773 налічвала каля 15 тыс. тамоў. Са скасаваннем ордэна езуітаў (1773) калегіум пераўтвораны ў свецкую школу, касцёл — у парафіяльны. Інш. будынкі не захаваліся.

Літ.:

Paszenda J. Kościół Bożego Ciała (pojezuicki) w Nieświeżu // Kwartalnik architektury i urbanistyki. 1976. T. 21, z. 3.

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ВІЧ (Астафій) (Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына — 1587),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, мецэнат-асветнік. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Падуанскі ун-т. Падстароста берасцейскі (з 1550), пісар ВКЛ (1552—66), маршалак дворны, дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі. Падскарбі земскі (1561—66), падканцлер (1566—79), канцлер (з 1579) ВКЛ і кашталян трокскі (1569—79), віленскі (з 1579). Неаднаразова быў паслом у Маскве. Праціўнік аб’яднання ВКЛ з Каронай, адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569. Актыўны ўдзельнік аграрнай, судова-адм. і інш. рэформаў 1550—60-х г., адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Шмат зрабіў для пашырэння на Беларусі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Быў апекуном бел.-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі заснавана Нясвіжская друкарня. Гуманістычна-хрысціянскі запавет «любові да бліжняга» ён пашыраў і на сваіх падданых — чэлядзь і сялян.

Літ.:

Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біягр. нарыс). Мн., 1992.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛХА́СА,

горад на ПдЗ Кітая, у даліне р. Джычу (бас. р. Брахмапутра), на Тыбецкім нагор’і, на выш. 3650 м. Адм., паліт., эканам. і культ. цэнтр Тыбецкага аўт. раёна. Вузел шашэйных дарог, аэрапорт. Засн. ў 7 ст. тыбецкім царом Сранцзангамба. 107 тыс. ж. (1992). Гал. рэліг. цэнтр ламаізму ў Азіі. Прам-сць: шарсцяная і харч., металаапр., лесапільная, дрэваапр., гарбарная; дробныя маш.-буд., цэментныя, шкляныя, хім. прадпрыемствы, з-ды па вытв-сці сывараткі і вакцын, фармацэўтычны з-д, аўтарамонтныя майстэрні, друкарня, ЦЭЦ, ГЭС. Развіты рамёствы (вытв-сць дываноў, вырабаў будыйскага культу). Геафіз. абсерваторыя, метэаралагічная і доследная с.-г. станцыі. Арх. помнікі 7—17 ст. У горадзе шмат манастыроў і палацаў, упрыгожаных разьбою, шматкаляровымі размалёўкамі, драўлянай, мураванай і залатой скульптурай. У Л., на высокай гары — палац-манастыр Патала (7 ст., дабудаваны ў 16—17 ст., колішняя рэзідэнцыя далай-ламы) з Чырвоным Палацам, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Палац-манастыр Патала ў Лхасе.

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРКО́Р [Vercors; сапр. Брулер (Bruller) Жан; 26.2.1902, Парыж — 10.6.1991],

французскі пісьменнік і мастак. Праблемы чалавек—свет—час вырашаў на матэрыяле сац. і паліт. падзей 20 ст.: усталяванне фашызму, 2-я сусв. вайна, акупацыя і супраціўленне. Аўтар зб-каў навел «Друкарня «Вердэн» (1947), «Вочы і памяць» (1948), аповесцей «Маўчанне мора» (1942), «Воўчая пастка» (1979), «Антверпенскі тыгр» (1986), цыкла аповесцей «На гэтым беразе» (т. 1—3, 1958—60), раманаў «Людзі ці жывёлы?» (1952), «Гнеў» (1956), «Сільва» (1961), «Квота, або Прыхільнікі багацця» (1966, разам з П.​Карнелем), «Плыт Медузы» (1969), «Ганна Балейн» (1985), прытчы «Як брат» (1973), кніг эсэ «Больш ці менш чалавек» (1949), «Шляхі эвалюцыі асобы» (1965), «Мяцеж чалавека», «У што я веру» (абедзве 1975), успамінаў «Бітва маўчання» (1967), працы «Сто гадоў гісторыі Францыі» (т. 1—3, 1981—84) і інш. Яго творы адметныя філас.-рацыяналістычным пачаткам, экстрэмальнасцю сітуацый, лагічнай завершанасцю сюжэтаў і выразнасцю вобразаў. У 1930-я г. ілюстратар і гравёр. Вынайшаў новы спосаб друкаваць творы жывапісу і графікі — шаўкаграфію.

Тв.:

Рус. пер. — Молчание моря: Повесть;

Люди или животные? Сильва. Плот «Медузы»: Романы. М., 1990.

Е.​А.​Лявонава.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)