АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ ДЗЯЦЕ́Й І ПАДЛЕ́ТКАЎ,

састаўная частка сістэмы аховы здароўя, галоўная задача якой — захаванне і ўмацаванне здароўя падрастаючага пакалення. Агульныя для гэтай сістэмы прынцыпы і кірункі дзейнасці спалучаюцца са спецыфікай, абумоўленай асаблівасцямі фіз., псіхічнага, разумовага, сац. развіцця дзяцей і падлеткаў, падыходам да іх здароўя як да найважнейшай каштоўнасці і абавязковай перадумовы здароўя будучых пакаленняў. У развітых краінах заканадаўства аб ахове здароўя, як правіла, уключае спец. палажэнні па ахове здароўя дзяцей і падлеткаў, забяспечвае кваліфікаваны мед. нагляд ад нараджэння дзіцяці да завяршэння падлеткавага ўзросту, узаемасувязь і пераймальнасць у дзейнасці асн. звёнаў прафілакт. і лячэбнай дапамогі.

На Беларусі аснову аховы здароўя дзяцей і падлеткаў складае разгалінаваная сетка дзярж. устаноў — спец. дзіцячых ці ў складзе ўстаноў для дарослых. На пач. 1994 яна ўключала: 380 дзіцячых паліклінік, 185 кабінетаў і 13 паліклінічных аддз. для падлеткаў; больш за 300 пунктаў аховы здароўя ў ПТВ і сярэдніх спец. навуч. установах; 13 дамоў дзіцяці, шэраг дзіцячых і для бацькоў з дзецьмі санаторыяў, кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў для дзяцей. У стацыянарах, паліклініках і інш. мед. установах для дарослых функцыянуюць аддз. для бальнічнай і лячэбна-прафілакт. дапамогі дзецям, мед.-сан. абслугоўвання школ, дзіцячых садоў і ясляў, летніх лагераў і гэтак далей. Незалежна ад стану здароўя прадугледжаны 16-разовы паліклінічны агляд дзяцей 1-га года жыцця, 4-разовы агляд урачамі трох спецыяльнасцяў дзяцей дашкольных устаноў, першакласнікаў — урачамі сямі, астатніх школьнікаў — урачамі пяці спецыяльнасцяў; паглыблены мед. агляд падлеткаў пры пераводзе іх з дзіцячых паліклінік у дарослыя камісіямі з сямі спецыялістаў. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, у кантролі за арганізацыяй і якасцю харчавання, узроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, у выкананні патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленні ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, дыспансерызацыі дзяцей і падлеткаў, накіраванні іх на абследаванне і лячэнне (у т. л. санаторна-курортнае), прапагандзе здаровага ладу жыцця. Прадугледжана льготная падтрымка дзяцей і падлеткаў: бясплатнае забеспячэнне медыкаментамі дзяцей да 3-гадовага, а тых, што жывуць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, дзяцей-інвалідаў і з асабліва цяжкімі захворваннямі — да 15-гадовага ўзросту, бясплатнае харчаванне да 2-гадовага ўзросту для дзяцей з мнагадзетных і маламаёмных сем’яў, сац. пенсіі дзецям-інвалідам да 16-гадовага ўзросту, ільготныя ўмовы адпачынку і аздараўлення, шэраг абмежаванняў на працу.

Э.​А.​Вальчук.

т. 2, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДПУСК ПА ЦЯЖА́РНАСЦІ І РО́ДАХ,

водпуск, які даецца жанчынам — работніцам, служачым, калгасніцам, студэнткам — у сувязі з цяжарнасцю і родамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь водпуск па цяжарнасці і родах даецца на 70 каляндарных дзён да родаў і 56 (у выпадках ускладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей — 70) каляндарных дзён пасля родаў, з выплатай за гэты перыяд дапамогі па дзярж. сац. страхаванні. Водпуск вылічваецца сумарна і даецца жанчыне поўнасцю, незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў. Перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго жанчыне, па яе заяве, даецца штогадовы водпуск незалежна ад стажу работы ў дадзенага наймальніка, а таксама водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту з выплатай за гэты перыяд штомесячнай дзярж. дапамогі, памер і ўмовы выплаты якой устанаўліваюцца заканадаўствам. У выпадку неабходнасці наймальнік можа выдаваць цяжарным жанчынам пуцёўкі ў санаторыі і дамы адпачынку бясплатна або на льготных умовах, а таксама аказваць ім матэрыяльную дапамогу. Для жанчын названых катэгорый заканадаўствам прадугледжаны і іншыя перавагі і прававыя гарантыі.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ АСО́БЫ,

у крымінальным праве злачынствы, якія пасягаюць на жыццё, здароўе, свабоду і годнасць асобы. Ахова асобы, яе правоў і інтарэсаў замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абараняе чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.а. адносяцца: розныя віды наўмыснага забойства, неасцярожнае забойства, давядзенне да самагубства, наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, неасцярожнае цяжкае або менш цяжкае цялеснае пашкоджанне; ухіленне ад лячэння венерычнай хваробы і заражэнне венерычнай хваробай, хваробай СНІД, незаконны аборт, згвалтаванне і інш. злачынствы ў палавой сферы; злоснае ўхіленне ад платы аліментаў на ўтрыманне дзяцей і ад аказання дапамогі бацькам, злоўжыванне апякунскімі абавязкамі, выкраданне або падмен дзіцяці; незаконнае пазбаўленне волі, захоп заложнікаў, пакіданне ў небяспецы, неаказанне дапамогі хвораму, паклёп, абраза і інш. Закон прадугледжвае розныя віды пакарання ў залежнасці ад ступені грамадскай небяспекі злачынства. За З.с.а., якія адносяцца да асабліва цяжкіх, можа быць назначана пакаранне ў выглядзе максімальнага тэрміну пазбаўлення волі, а ў выключных выпадках — пакаранне смерцю. Адказнасць за З.с.а. настае з 16-гадовага ўзросту, аднак за некаторыя з іх, як забойства, згвалтаванне і інш., — з 14 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПЛЕКС (ад лац. complexus сувязь, спалучэнне) ў псіхалогіі, злучэнне асобных псіхічных працэсаў у цэлае, якое адрозніваецца ад сумы сваіх элементаў. У такім сэнсе паняцце К. выкарыстоўвалі прадстаўнікі розных псіхал. канцэпцый і тэорый. Яго сутнасць спецыфічна тлумачылася ў псіхааналізе З.​Фрэйда, які разглядаў К. як групу разнародных псіхічных працэсаў, аб’яднаных адзіным моцным эмацыянальным перажываннем — афектам. Фрэйд вылучаў т.зв. К. Эдыпа, які ўзнікае ў раннім дзяцінстве і праяўляецца ў непрыхільных адносінах дзіцяці да аднаго з бацькоў свайго полу і эратычнай прыхільнасці да другога процілеглага полу. У індывідуальнай псіхалогіі А.​Адлера выкарыстоўваліся паняцці «К. непаўнацэннасці» (глыбокае ўсёпаглынальнае пачуццё ўласнай фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці ў параўнанні з інш. людзьмі) і «К. перавагі» (тэндэнцыя перабольшваць сваю асабістую значнасць). К.​Г.​Юнг у сваёй аналітычнай псіхалогіі лічыў К. своеасаблівым цэнтрам душэўнага жыцця кожнага чалавека, адносна аўтаномным псіхічным утварэннем, якое складаецца з разнастайных (найчасцей неўсвядомленых) эмоцый, пачуццяў і значна ўплывае на свядомасць і дзейнасць людзей. Нярэдка К. выклікаюць разнастайныя адхіленні ў паводзінах чалавека, што праяўляецца ў памылковых дзеяннях, у неўратычных рэакцыях, неадчэпных ідэях і інш.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 8, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНСТРУА́ЛЬНЫ ЦЫКЛ,

фізіялагічны працэс, які характарызуецца цыклічнымі зменамі ў органах рэпрадукцыйнай сістэмы жанчын і самак чалавекападобных малпаў. Знешняя праява М.ц. — менструацыя (штомесячныя крывяністыя выдзяленні з палавых органаў), якая пачынаецца ў час палавога выспявання (11—15 гадоў), звычайна доўжыцца 2—7 дзён. Менструацыя адсутнічае ў цяжарных жанчын, звычайна ў час кармлення дзіцяці і пасля надыходу клімаксу.

Першая фаза М.ц. — рост і выспяванне фалікулаў у яечніках, у сярэдзіне М.ц. дамінантны фалікул лопаецца і спелая яйцаклетка на 13—15-я суткі трапляе ў брушную поласць (авуляцыя). Другая фаза М.ц. — утварэнне жоўтага цела, якое прадуцыруе гармон прагестэрон. Пад уплывам прагестэрону слізістая абалонка маткі рыхтуецца да ўспрымання аплодненай яйцаклеткі. Калі апладнення не адбываецца, жоўтае цела рэгрэсіруе, яйцаклетка гіне, а функцыянальны слой слізістай абалонкі маткі адрываецца і настае менструацыя, што сведчыць аб заканчэнні М.ц. Працягласць М.ц. — ад першага дня пачатку менструацыі да першага дня наступнай. М.ц. складае 21—35 дзён (звычайна 28), двухфазны, доўжыцца да 45—50 і больш гадоў. У рэгуляванні М.ц. ўдзельнічаюць кара галаўнога мозга, гіпаталамус, гіпофіз, яечнікі, матка. Парушэнні М.ц.: аменарэя, гіпаменарэя і інш. Гл. таксама Палавы цыкл.

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗВАНО́ЧНІК, пазваночны слуп,

асноўная частка восевага шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца са злучаных паміж сабой пазванкоў, з’яўляецца органам апоры і руху тулава, шыі і галавы, ахоўвае размешчаны ў пазваночным канале спінны мозг.

Зыходная форма — хорда ў ніжэйшых пазваночных; у вышэйшых пазваночных захоўваецца ў целах пазванкоў (рыбы, земнаводныя) ці ў выглядзе студзяністага ядра міжпазванковых дыскаў. П. рыб падзяляецца на тулаўны і хваставы аддзелы, П. амфібій — на шыйны, грудны і крыжавы, млекакормячых — на шыйны (6—9, часцей 7 пазванкоў), грудны (9—24, часцей 13), паяснічны (2—9), крыжавы (1—10, часцей 2—4) і хваставы (3—46). П. чалавека мае 32—34 пазванкі, якія складаюцца з цела, дуг і адросткаў, злучаных паміж сабой храсткамі, суставамі і звязкамі; падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны (7 пазванкоў), грудны (12), паяснічны (5), крыжавы (5, зрастаюцца), хвастцовы (3—5, зрастаюцца). У нованароджанага дзіцяці П. амаль прамы, на 1-м годзе жыцця набывае шыйны і паяснічны лардозы (выгін наперад), грудны і крыжавы кіфозы (выгін назад), скаліёзы (бакавыя выгіны), якія змякчаюць штуршкі ад хады, бегу, скачкоў. Гл. таксама Скрыўленне пазваночніка.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЫ ў чалавека,

фізіялагічны працэс заканчэння цяжарнасці, пры якім нараджаецца плод з усімі дадатковымі эмбрыянальнымі ўтварэннямі (плацэнтай, абалонкамі, каляплоднымі водамі). Адбываюцца пры ўзаемадзеянні родавых сіл (схваткі, патугі) з плодам у перыяд праходжання яго па родавых шляхах. Адрозніваюць Р. тэрміновыя (38—41 тыдзень цяжарнасці), заўчасныя (22—37 тыдняў), запозненыя (пасля 42-га тыдня цяжарнасці). Пры нармальных Р. плод праходзіць праз родавыя шляхі ў падоўжным размяшчэнні галоўкай, значна радзей тазам уніз. Паталаг. Р. бываюць ад змен родавых шляхоў, хвароб цяжарных, анамалій плода і яго размяшчэння (папярочнае), расстройстваў родавых сіл (слабыя, нерытмічныя і інш). Паталаг. Р. з выкарыстаннем хірург. спосабаў нараджэння дзіцяці (гл. Кесарава сячэнне) наз. аперацыйнымі. Р. падзяляюць на перыяды: першы — перыяд раскрыцця (раскрываецца шыйка маткі, плод паступальна рухаецца ад схватак, разрываецца плодны пузыр, выходзяць каляплодныя воды); другі — перыяд выгнання (плод выганяецца з дапамогай патуг); трэці — перыяд паследавы (паслед і яго абалонкі выдаляюцца ад схватак і патуг). Працягласць першых Р. 8—12 гадз, паўторных 6—10 гадз. Ускладненні Р.: траўматызм жанчыны і плода, крывацёк і інш. (гл. Родавая траўма нованароджаных). Прымаюць Р. ў радзільных дамах.

В.​І.​Дуда.

т. 13, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫХА́НКА,

1) кароткая песенька простага зместу, якую спяваюць звычайна над калыскаю; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. К. знаёмяць дзіця з роднай мовай, навакольным светам, расказваюць пра жывёл і птушак, пра іх учынкі і прыгоды, даюць быт. замалёўкі нар. жыцця. Грунтуецца на тых самых эстэт. прынцыпах, карыстаецца тымі ж маст. сродкамі, што і нар. песні наогул.

Вызначаюцца напеўнай мелодыкай у рытме калыхання, даступнасцю зместу, прастатой кампазіцыі, займальнасцю. Для іх характэрна фантастыка, якая, як і казачная, цесна звязана з жыццём, але адрозніваецца светлым, жыццесцвярджальным настроем. Змест і форма К. улічваюць патрабаванні нар. педагогікі. У К. захаваліся рэшткі міфалагічных уяўленняў продкаў (адухоўленыя вобразы Сну, Дрымоты і інш.) Вылучаюцца песні-імправізацыі і песні з устойлівым традыц. тэкстам. Апошнія распадаюцца на тэматычныя групы: «Кот носіць сон у хустцы, кашалі», «Няхай кату ўсё ліха», «Каток злізаў смятану, мядок», «Каток злавіў рыбку за хвасток», «Прыдзе шэранькі ваўчок» і інш. Паводле кампазіцыі К. вельмі разнастайныя: маналог-апавяданне маці, маналог-зварот да дзіцяці, дыялагічныя песні. Напеўнасць, пяшчотнасць дасягаюцца пры дапамозе алітэрацыі, асанансу, памяншальна-ласкальных суфіксаў, паўтораў асобных слоў і цэлых канструкцый, дзіцячай лексікі.

2) У прафесійнай музыцы — песня або інструментальная п’еса ў запаволеным тэмпе з характэрным рытмічным пагойдваннем у акампанеменце. Падобная да нар.-быт. песень для закалыхвання дзіцяці. З канца 18 ст. жанр К. вядомы ў вак. лірыцы (К. для голасу з фп. пісалі Ф.​Шуберт, І.​Брамс, А.​Аляб’еў, М.​Глінка, М.​Мусаргскі, П.​Чайкоўскі і інш.), у оперы («Садко», «Кашчэй Бессмяротны» М.​Рымскага-Корсакава, «Мазепа» Чайкоўскага), араторыях («На варце міру» С.​Пракоф’ева). З 19 ст. вядомы інстр. К. (для фп. Ф.​Шапэна, Брамса, Ф.​Ліста, Э.​Грыга, М.​Балакірава, А.​Рубінштэйна, для скрыпкі і фп. М.​Равеля, для сімф. аркестра А.​Лядава, І.​Стравінскага і інш.). Бел. кампазітары звярталіся да жанру К. ў камерна-вак., камерна-інстр., хар., песенных творах (Л.​Абеліёвіч, С.​Аксакаў, М.​Аладаў, Я.​Глебаў, Л.​Захлеўны, В.​Капыцько, Дз.​Лукас, І.​Любан, П.​Падкавыраў, Ю.​Семяняка, А.​Туранкоў, Э.​Тырманд, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін, Л.​Шлег), у операх («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера, «Матухна Кураж» С.​Картэса) і балетах. М.​Літвін стварыў кантату «Беларуская калыханка» на словы В.​Віткі (1979).

Публ.:

Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Літ. гл. таксама пры арт. Дзіцячы фальклор.

Г.​А.​Барташэвіч, Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫ-БЕ́РЫ (ад сінгальскага beri слабасць),

авітаміноз B1, полінеўрыт аліментарны, хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем перыферычных нерваў, сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацёкамі ад недастатковага паступлення ў арганізм вітаміну B1 (тыяміну) ці парушэння яго абмену. Першасны B1-авітаміноз сустракаецца ў краінах Паўд. і Усх. Азіі, дзе насельніцтва харчуецца ў асн. паліраваным рысам, у якім мала тыяміну і інш. вітамінаў групы B. Другасны B1-авітаміноз бывае ад парушэння ўсмоктвання, засваення і абмену тыяміну пры хранічных хваробах тонкай кішкі (калі выключаны з ежы грубыя сарты хлеба, крупы, боб і інш.), пры паскораным разбурэнні ці павышаным выкарыстанні вітамінаў групы B (пры тырэатаксікозе, алкагалізме, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, цяжкай фіз. працы, рабоце пры нізкай або высокай тэмпературы).

Адрозніваюць 3 формы хваробы. Сухая (атрафічная) форма з пераважным пашкоджаннем перыферычных нерваў (слабасць і парушэнні адчувальнасці пераважна ніжніх канечнасцяў, атрафія мышцаў), вострая (вільготная) з пераважным пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы (агульная слабасць, бяссонніца, галаўны боль, перабоі сэрца, ацёкі і інш.), дзіцячая (у асн. груднога ўзросту), калі маці хварэюць на гэтую хваробу і ў малацэ адсутнічае тыямін (адмаўленне дзіцяці ад грудзей, страта ў масе, агульны неспакой, цяжкае дыханне, асіпласць голасу). Лячэнне: вял. дозы тыяміну ўнутр і ў выглядзе ін’екцый.

Г.​Г.​Шанько.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕНЕТЫ́ЧНЫ ЗАКО́Н,

1) у біялогіі — закон, паводле якога арганізм у індывід. развіцці (антагенезе) паўтарае ў скарочаным выглядзе некаторыя фазы гіст. (эвалюцыйнага) развіцця свайго віду (філагенез). Сфармуляваў ням. біёлаг Э.Гекель (1866) на аснове працы Ф.Мюлера (1864), таму біягенетычны закон часам называюць законам Мюлера—Гекеля. Закон пацвярджаецца наяўнасцю ў лічынак і зародкаў шматклетачных жывёл правізарных, а ў дарослых — рудыментарных органаў.

Паводле Гекеля эмбрыянальнае развіццё не заўсёды ўзнаўляе пачатковы шлях філагенетычнага развіцця, у ім могуць быць прагрэсіўныя адхіленні з’яў адаптацыі (цэнагенезы) у адрозненне ад кансерватыўных прыкмет і працэсаў — палінгенезаў. Больш познія даследаванні паказалі, што эвалюцыя арганізмаў адбываецца на аснове спадчынных змен любых стадый антагенезу (тэорыя філэмбрыягенезу А.М.Северцава), філагенез ёсць генетычны рад вядомых антагенезаў, а біягенетычны закон — прыватны выпадак спалучэнняў анта- і філагенезу.

2) У псіхалогіі і педагогіцымех. перанясенне біягенетычнага закону з прыроды на чалавечае грамадства, спроба растлумачыць псіхічнае развіццё дзіцяці як працэс, асобныя ступені якога з’яўляюцца паўтарэннем асн. ступеняў гіст. развіцця псіхікі чалавецтва. Пры гэтым сцвярджаецца, што ў антагенезе дзіцячай псіхікі ўзнаўляюцца асн. стадыі біял. эвалюцыі і этапы культ.-гіст. развіцця чалавецтва (амер. псіхолагі Дж.​Болдуін, С.​Хол, ням. К.​Бюлер і В.​Штэрн, рус. П.​П.​Блонскі і інш.). Гл. таксама Узроставая псіхалогія.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)