БАГРАТЫЁНІ,

дынастыя, якая царавала ў Грузіі ў 9—19 ст. У 1-й пал. 9 ст. картлійскі цар Ашот Багратыёні стварыў княства Тао-Кларджэты, якое стала паліт. і культ. цэнтрам Грузіі. У 10 ст. Баграту III удалося аб’яднаць груз. землі. Найб. выдатныя прадстаўнікі Багратыёні: Давід IV Будаўнік, Георгій III [1156—84], Тамара. Яны пашырылі паліт. ўплыў на ўсё Закаўказзе, Паўн. Каўказ і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м. Пасля распаду адзінай груз. дзяржавы ў канцы 15 ст. Багратыёні правілі ў Картлійскім, Кахецінскім, Імерэцінскім царствах. У 1762 Усх. Грузія пад уладай Багратыёні аб’ядналася ў адну дзяржаву. У 1801 Грузія далучана да Рас. імперыі і царская ўлада Багратыёні скончылася. Адна з 4 галін роду Багратыёні была запісана ў рас. княжацкі род. З роду Багратыёні выйшлі многія вядомыя дзеячы, у т. л. рас. палкаводзец П.І.Баграціён.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КУА (Ілья Нестаравіч) (6.5.1907, с. Шэшэлеты, Абхазія — 2.12.1977),

савецкі матэматык і механік. Акад. АН СССР (1958; чл.-кар. 1946). Акад. АН Грузіі (1946). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Тбіліскі ун-т (1930). Працаваў у АН СССР, АН Грузіі (з 1972 прэзідэнт). У 1959—64 рэктар Новасібірскага, у 1965—72 Тбіліскага ун-таў. Навук. працы па тэорыі аналітычных функцый і іх дастасаванні да рашэння ўраўненняў матэм. фізікі. Адкрыў і даследаваў новы клас нефрэдгольмавых эліптычных краявых задач. У галіне механікі прапанаваў новы варыянт матэм. тэорыі пругкіх абалонак. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1984. Ленінская прэмія 1963.

Тв.:

Основы тензорного анализа и теории ковариантов М., 1978;

Некоторые общие методы построения различных вариантов теории оболочек. М., 1982.

Літ.:

Комплексный анализ и его приложения: Сб. ст.: Посвящ. Акад. И.​Н.​Векуа к его семидесятилетию. М., 1978.

І.Н.Векуа.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАР-ДОС (сапр. Аванісян Мікаэл Захаравіч; 13.3.1866, Тбілісі — 13.7.1933),

армянскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Арменіі (1927). Нар. пісьменнік Грузіі (1927). Жыў у Грузіі. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. (артыкулы, аповесці, п’есы). Майстар «малой» прозы і псіхалагічнага рамана. У цыкле навел «Наш квартал» (1888—94), аповесцях «Ганна Сараян» (1888), «Я і Ён» (1889), «Забіты голуб» (1898), «Адзін з цяжкіх дзён» (1904), «Бяз вестак прапаўшы», «Апошнія магікане» (абедзве 1930) і інш. паказаў пошукі чалавекам свайго месца ў жыцці, яго пакуты ў свеце прагматызму і бездухоўнасці. Праблемы інтэлігенцыі і шляхі вырашэння ёю надзённых сац. праблем — тэмы раманаў «Барацьба» (1911), «Смерць» (1912), «Новы чалавек» (выд. 1935), адметных майстэрствам псіхалагічнага аналізу і каларытным апісаннем сац. асяроддзя.

Тв.:

Рус. пер. — Я и Он. Ереван, 1963;

Убитый голубь: Повести и рассказы. Ереван, 1978.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭГВА́ДЗЕ (Нані Георгіеўна) (н. 21.7.1938, Тбілісі),

грузінская эстрадная спявачка. Нар. арт. Грузіі (1974). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю па класе фп. (1961). З 1959 артыстка Груз. філармоніі. Яе індывідуальнасці найб. блізкія творы лірычнага плана. У рэпертуары песні груз. кампазітараў, старадаўнія рус. рамансы і інш.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБУЛЕ́ЦІ,

прыморскі кліматычны курорт у Грузіі. За 21 км ад г. Батумі, на шырокай паласе пляжаў Чорнага м. (у ліку лепшых на Каўказскім узбярэжжы). Клімат субтрапічны. Увесь год захоўваюцца камфортныя тэрмічныя ўмовы, спрыяльныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, лёгачных (нетуберкулёзнага паходжання), нерв. сістэмы, касцёва-сустаўных.

т. 7, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМСАХУ́РДЫЯ (Канстанцін Сіманавіч) (15.5.1891, г. Абаша, Грузія — 17.7.1975),

грузінскі пісьменнік. Акад. АН Грузіі (1944). Скончыў Берлінскі ун-т (1919). Друкаваўся з 1914. Падарожнічаў па Італіі, Грэцыі, Турцыі, жыў у Парыжы. У зб-ку навел «Краіна, якую я бачу» (1924), рамане «Усмешка Дыяніса» (1925) уплыў дэкадэнцтва. Раманы «Украдзены месяц» (т. 1—3, 1935—36) і «Цвіценне лазы» (1956) пра жыццё груз. вёскі 1920—40-х г., «Дзясніца вялікага майстра» (1939) пра нац. культуру і норавы ў Грузіі ў часы сярэднявечча, «Давід Будаўнік», (т. 1—4, 1946—58; прэмія імя Ш.​Руставелі) пра барацьбу груз. народа за нац. незалежнасць у 11 ст. Творы Гамсахурдыя адметныя шырынёй ахопу гіст. падзей, майстэрствам іх адлюстравання, самабытнасцю мовы. Пераклаў на груз. мову «Боскую камедыю» Дантэ. У 1930-я г. падвяргаўся рэпрэсіям.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—8. Тбилиси, 1972—81.

т. 5, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДО́РСКІ ХРЫБЕ́Т,

горны хрыбет на паўд. схіле Вял. Каўказа, паміж далінамі рэк Кадоры і Інгуры, у Грузіі (Абхазія). Даўж. каля 75 км. Выш. да 3313 м. Складзены пераважна з вулканічных парод, гліністых сланцаў і пясчанікаў. На схілах хвойныя і шыракалістыя лясы. Горныя лугі. У паўд. адгор’ях радовішча каменнага вугалю (Ткварчэлі).

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАЎКА́ЗСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ,

дзяржаўнае аб’яднанне сав. рэспублік Азербайджана, Арменіі і Грузіі ў 1922—36. З 12.3.1922 Федэратыўны Саюз Сацыяліст. Сав. Рэспублік Закаўказзя (ФСССРЗ). З 13.12.1922 Закаўказская Сацыяліст. Федэратыўная Сав. Рэспубліка (ЗСФСР). З 30.12.1922 у складзе СССР. З 1936 закаўказскія рэспублікі ў складзе СССР як самаст. сав. рэспублікі. З 1991 суверэнныя дзяржавы.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАШУКЕ́ЛІ (Элгуджа Давідавіч) (н. 22.8.1928, Тбілісі),

грузінскі скульптар-манументаліст. Нар. мастак Грузіі (1979). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1950—55). Аўтар алегарычнай статуі «Маці-Грузія» (дрэва, 1958; алюміній, 1963), помніка Вахтангу Гаргасалу (1967) у Тбілісі, манумента Перамогі ў Горы, мемарыяла Славы героям-маракам у Поці (абодва 1979). Дзярж. прэмія СССР 1982.

Э.Амашукелі. Помнік Вахтангу Гаргасалу. 1967.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАЗА́НЬ-АЎТАРА́НСКАЯ РАЎНІ́НА, Алазань-Агрычайская даліна,

у Грузіі і Азербайджане, уздоўж паўд. падножжа В. Каўказа, па далінах рэк Алазань і Агрычай. Цягнецца на 200—225 км, шыр. ад 20 да 40 км, выш. да 450 м. Характэрны пераважна ўзараныя стэпы, дубовыя і альховыя лясы, сады. Грузінская ч. Алазань-Аўстрыйскай раўніны наз. Кахецінскай раўнінай. Раён вінаградарства.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)