ІНАНІШВІ́ЛІ (Рэваз Канстанцінавіч) (н. 20.12.1926, в. Хашмі Сагарэджойскага р-на, Грузія),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1956). Аўтар вострапсіхал. апавяданняў, аповесцей, прысвечаных надзённым праблемам сучаснасці. У кнігах лірычных навел «З лістоў да сябра» (1958), «Замалёўкі вячэрняй пары» (1971), «Ляціць над далінай сойка» (1974), аповесцей «Перадзімовы сум» і «Дачка Месяца» (абедзве 1987) і інш. графічна дакладная манера пісьма, тонкі псіхалагізм. Піша для дзяцей (кнігі «Дзе жыве казачнік», 1970; «Ваўчаняты», 1973; «Далёкая белая вяршыня», 1976; «Добрая зямля», 1980, і інш.). Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.​Руставелі 1977. На бел. мову асобныя творы І. пераклалі Ю.​Гаўрук, В.​Нікіфаровіч, Т.​Цулукідзе.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЦАРЫ́ДЗЕ (Давід Васілевіч) (н. 2.5.1920, г. Кутаісі, Грузія),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі пед. ін-т (1939). Удзельнік падп. і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Друкуецца з 1947. У аповесці «У Ардышаўскім лесе» (1957), раманах «Дзе ты, Марынэ?» (1965), «Давер» (1968), «Бывайце, векавечныя лясы!» (1972), «Помнікі не абцяжарваюць зямлю» (1977), «Зялёны горад» (ч. 1, 1979) і інш. адлюстраваў гераічнае змаганне бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, В.​Нікіфаровіч.

Тв.:

Рус. пер. — В Ордышевском лесу Партизанские рассказы. Тбилиси, 1962;

Прощайте, дремучие леса! М., 1975.

М.​В.​Няхай.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДЖЫКІ́ДЗЕ (Гурам Іванавіч) (н. 22.4.1933, Тбілісі),

грузінскі пісьменнік. Друкуецца з 1957. Раманы «Сёмае неба» (1967), «Камень чыстай вады» (1972), «Год актыўнага сонца» (1978) пра духоўную дэградацыю чалавека; раман-фантасмагорыя «Спіраль» (1985—86) — прыклад антыінтэлектуалізму ў навук. фантастыцы; раман «Кола д’ябла» (1996) пра трагедыю таленавітай асобы, што стала на шлях канфармізму ў жорсткіх ідэалагічных рамках. Аўтар зб-каў апавяданняў «Маркіза» (1961), «Вясёлы космас» (1964), «Зімовы дзень» (1970), «Аргенціна! Аргенціна!» (1979), кн. нарысаў «Залатая каманда» (1965).

Тв.:

Рус. пер. — Камень чистой воды. Тбилиси, 1974;

Год активного солнца: Романы.

М., 1983; Песочные часы: Романы, повесть, рассказы. Тбилиси, 1985; Спираль. М., 1989.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСХЕЛІШВІ́ЛІ (Мікалай Іванавіч) (16.2.1891, Тбілісі — 15.7.1976),

грузінскі матэматык і механік, стваральнік тбіліскай матэм. школы. Акад. АН СССР (1939) і АН Груз. ССР (1941). З 1941 прэзідэнт, з 1972 ганаровы прэзідэнт АН Груз. ССР. Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). З 1941 дырэктар Тбіліскага матэм. ін-та АН Груз. ССР. Навук. працы па тэорыі пругкасці, інтэгральных ураўненнях, гранічных задачах тэорыі аналіт. функцый. Адным з першых пачаў выкарыстоўваць тэорыю функцый камплекснай пераменнай да задач тэорыі пругкасці. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947. Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР 1972.

Літ.:

Н.​И.​Мусхелишвили. М., 1967.

М.І.Мусхелішвілі.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНЕШВІ́ЛІ (Іосіф Эліёзавіч) (6.4.1918, с. Карданахі Гурджаанскага р-на, Грузія — 7.10.1980),

грузінскі паэт. Скончыў Тбіліскі ун-т (1942). Друкаваўся з 1938. У цэнтры паэмы «Аповесць пра адну дзяўчыну» (1952) вобраз гераіні Вял. Айч. вайны Зоі Рухадзе. Аўтар цыклаў вершаў пра Арменію, Казахстан, Грузію: «На зямлі Казахстана» (1955), «Стварэнне Грузіі» (1971) і інш., зб-ка публіцыстычнай і інтымнай лірыкі «Гады і вершы» (1977). Пісаў для дзяцей (зб. «Вясна Грузіі», 1964). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі В.​Вітка, Ю.​Свірка і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1982;

Горы и сердце. М., 1960;

Стихотворения. М., 1967.

т. 11, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧАВАРЫЯ́НІ (Мухран Іванавіч) (н. 12.4.1929, с. Аргвеці, Грузія),

грузінскі паэт. Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1952). Друкуецца з 1952. У паэт. зб-ках «Вершы» (1955), «Вымушаны вас узрадаваць» (1957), «Няхай крочаць» (1970), «Калі б не тыя, хто быў калісьці...» (1973), «Як Кура» (1987), «Шматпакутны...» (1989) і інш. складаны свет узаемаадносін чалавека і грамадства, гіст. лёс краіны, жыццё і праца суайчыннікаў. Лірыка М. адметная грамадзянскім пафасам, публіцыстычнасцю, жыццесцвярджальнасцю, багатай нюансіроўкай верша. Пераклаў на груз. мову шэраг твораў Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Грачанікаў, У.​Някляеў.

Тв.:

Рус. пер. — Тишина без тебя. М., 1974.

Н.І.Мацяш.
А.Д.Мачаварыяні.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАШЫ́ДЗЕ (Іраклій Вісарыёнавіч) (23.11.1909, г. Хоні, Грузія — 13.1. 1992),

грузінскі паэт. Акад. АН Грузіі (1960). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Тбіліскі ун-т (1931). У 1966—92 гал. рэдактар Груз. Энцыклапедыі. Асн. тэмы творчасці — Грузія ў мінулым і сучасным, лёс мастацтва, грамадзянскі абавязак паэта. Аўтар зб-каў паэзіі «Набліжэнне» (1966), «І гэтыя песні — маёй Грузіі» (1971), «Радзіма» (1973), «Вятры ў даліне Рыёні» (1979), цыклаў вершаў «Па слядах Руставелі» (1959), «Палесціна, Палесціна» (прэмія імя Ш.​Руставелі 1966), літ.-крыт. артыкулаў (зб. «За высокае майстэрства», 1959). За цыкл «У палымянай Індыі» і кн. «Па дарогах Індыі» Міжнар. прэмія імя Дж.​Нэру 1972.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІТАШВІ́ЛІ (Георгій Міхайлавіч) (27.2.1893, Баку — 4.7.1966),

грузінскі акцёр. Нар. арт. Грузіі (1934). Вучыўся ў школе сцэн. мастацтва ў Пецярбургу (1913—15). У 1915 выступаў у т-рах Таганрога, Уладзікаўказа, Баку, Батумі, з 1920 у драм. т-ры ў Тбілісі (цяпер Груз. т-р імя Ш.​Руставелі). Яго творчасць вызначалася вял. сцэн. культурай, мяккай, высакароднай манерай выканання, рамантычнай узнёсласцю. Сярод роляў: Міндзія («Ламара» паводле Важы Пшавелы), Гелахсан («Тэтнульд» Ш.​Дадыяні), Гарсія Лорка («Алькасар» Г.​Мдывані), Гадуноў («Вялікі гасудар» У.​Салаўёва), Захар Бардзін («Ворагі» М.​Горкага), Гамлет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЛІЯ (Георгій Мікалаевіч) (н. 25.8.1930, Тбілісі),

расійскі і грузінскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маск. архітэктурны ін-т (1955), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1959). З 1960 на «Масфільме». Дэбютаваў фільмам «Сярожа» (1960, разам з І.​Таланкіным). Здымае псіхал. драмы («Шлях да прычала», 1962), лірычныя («Я крочу па Маскве», 1964; «Міміно», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1978), сатыр. («Трыццаць тры», 1966), фантаст. камедыі («Кін-дза-дза», 1987) і трагікамедыі («Не бядуй», 1969; «Афоня», 1975; «Асенні марафон», 1979, Дзярж. прэмія Расіі 1981; «Слёзы капалі», 1983; «Пашпарт», 1990), для якіх характэрны ўвага да сац. прыроды з’яў і ўчынкаў, спачувальная інтанацыя ў адносінах да герояў.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАШВІ́ЛІ (Аляксандр) (Сандро) Іовіч (23.8.1889, Тбілісі — 4.6.1958),

грузінскі спявак (барытон), педагог; адзін з заснавальнікаў груз. оперна-вак. мастацтва. Нар. арг. СССР (1950). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1916). З 1917 саліст, з 1933 заг. маст. часткі Груз. т-ра оперы і балета. З 1937 выкладаў (з 1942 праф.) у Тбіліскай кансерваторыі. Сярод лепшых партый у операх нац. рэпертуару: Мурман, Кіязо («Абесалом і Этэры», «Даісі» З.​Паліяшвілі), Гоча («Дарэджан Каварная» М.​Баланчывадзе); у класічных — Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.​Мусаргскага), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно). Сярод вучняў М.Аміранашвілі.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)