ВЁЛЬФЛІН ((Wölfflin) Генрых) (21.6.1864, г. Вінтэртур, Швейцарыя — 19.7.1945),
швейцарскі мастацтвазнавец. Праф. ун-таў у Базелі (1893), Берліне (1901), Мюнхене (1912), Цюрыху (1924). Распрацаваў методыку аналізу маст. стылю, якая ў ранніх працах Вёльфліна служыла для даследавання «псіхалогіі эпохі» («Рэнесанс і барока», 1888; «Класічнае мастацтва», 1899). Пазней усё больш звужаў задачы аналізу твораў маст. азначэннем «метадаў бачання», набліжаючы да іх характарыстыку мастацтва розных эпох і народаў («Асноўныя паняцці гісторыі мастацтва», 1915; «Італія і нямецкае адчуванне формы», 1931).
В.Я.Буйвал.
т. 4, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТ ((Barth) Генрых) (16.2.1821, Гамбург — 25.11.1865),
нямецкі гісторык, філолаг, географ-падарожнік. Праф. Берлінскага ун-та і старшыня Геагр. т-ва ў Берліне (1863). Адзін з першых навук. даследчыкаў Афрыкі. У 1849—55 прымаў удзел у англ. навукова-гандл. экспедыцыі Дж.Рычардсана ў Судан. Двойчы перасек Сахару, даследаваў шэраг аазісаў, плато Аір і Дамергу, басейн воз. Чад, р. Бенуэ і Сярэдні Нігер, сабраў багаты геагр., гіст., этнагр. і лінгвістычны матэрыял. Вывучаў таксама Балканскі п-аў і Малую Азію.
т. 2, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТО́ЎСКАЯ КАПЭ́ЛА»,
аркестравы калектыў сярэдзіны 16 — пач. 17 ст.; адзін з найбольш ранніх на тэр. Беларусі. Засн. ў Гродне ў 1543. У 1601 у склад капэлы ўваходзілі 15 музыкантаў і спевакоў: Хакон Бланк, Ян (Ганс) Браўн, Пётр Гертсан (Ортсан), Войцех (Альберт) Кулакоўскі, Мацей Кавянчук, Пётр Лаўрэнцій, Магнус, Ян Міхаловіч, Ян Няркоўскі (Ніркоўскі), Якуб Пэль, Якуб Пташкоўскі, Станіслаў Рагейскі, Эрык Том, Эрык Торсцін, Генрых Фін. Звесткі наконт складу інструментаў і характару рэпертуару не выяўлены.
А.Л.Капілаў.
т. 9, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУЧЫ́НСКІ (Генрых Уладзіслававіч) (н. 14.7.1923, с. Каменны Брод Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1971), праф. (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Кіеўскі мед. стаматалагічны ін-т (1950). У 1971—93 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (да 1991 заг. кафедры). Навук. працы па аперацыйнай стаматалогіі, сківічна-тварнай и пластычнай хірургіі.
Тв.:
Пластика ушной раковины. М., 1975;
Сложные трансплантаты в пластической хирургии лица. Мн., 1978;
Одонтогенный верхнечелюстной синуит. Мн., 1991 (разам з В.І.Філіпенка).
т. 8, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́Я ЦЮ́ДАР (Mary Tudor),
Марыя I (18.2.1516, Лондан — 17.11.1558), англійская каралева [1553—58], Дачка Генрыха VIII (гл. Генрых, англ. каралі) і Кацярыны Арагонскай. На прастоле пасля смерці Эдуарда VI. Аднавіла каталіцызм (1554), жорстка праследавала прыхільнікаў Рэфармацыі, шмат якія з іх былі пакараны смерцю (адсюль яе мянушка Марыя Крывавая). Зблізілася з папствам і каталіцкай Іспаніяй. З 1554 жонка наследніка ісп. прастола Філіпа (з 1556 кароль Філіп II). У саюзе з Іспаніяй вяла вайну супраць Францыі (1557—59), якая скончылася стратай Англіяй апошняга порта на кантыненце — Кале.
т. 10, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́Н (Генрых Сурэнавіч) (30.9.1925—1988),
армянскі рэжысёр. Нар. арт. Арменіі (1977). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Ерэванскі тэатр. ін-т (1951), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1953). З 1954 працаваў на кінастудыі «Арменфільм». Паставіў фільмы «Хлопцы музкаманды» (1960, з Г.Маркаранам), «Трохвугольнік» (1967), «Мы і нашы горы» (1970), «Наапет» (1978, аўтар сцэнарыя), «Аплявуха» (1981, сааўт. сцэнарыя), «Кропля мёду» (1983, аўтар сцэнарыя). У Дзярж. т-ры Арменіі імя Р.Сундукяна паставіў п’есу «Вінаградны сад» У.Сараяна (1971).
т. 10, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ДРЫЧЫ, абадрыты,
саюз плямёнаў палабскіх славян на чале з аднайм. племем, якія жылі ў ніжнім цячэнні Лабы (Эльбы) у 8—12 ст. У сярэдзіне 10 ст. абкладзены данінай герм. імператарам Генрыхам I, але захавалі ўладу мясц. князёў і свае звычаі. Пры Атоне І увайшлі ў склад Герм. імперыі і сілай хрысціянізаваны; вызваліліся ў канцы 10 ст. Канчаткова землі бодрычаў заваяваў у час паходу на У герцаг Баварыі і Саксоніі Генрых Леў з роду Вельфаў, які ў 1170 стварыў тут Мекленбургскае герцагства. Гл. таксама Вендская дзяржава.
т. 3, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕР ((Weber) Эрнст Генрых) (24.6.1795, г. Вітэнберг, Германія — 26.1.1878),
нямецкі анатам і псіхафізіёлаг; адзін з заснавальнікаў эксперым. псіхалогіі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1869). Скончыў Лейпцыгскі ун-т, з 1818 праф. у ім. Яго даследаванні фізіялогіі органаў пачуццяў (слыху, зроку, скурных адчуванняў) леглі ў аснову псіхафіз. закону Вебера—Фехнера, што вызначае залежнасць паміж сілай уздзеяння вонкавых фіз. раздражняльнікаў і суб’ектыўнымі адчуваннямі, якія выклікаюцца гэтымі раздражняльнікамі. Разам з братам Эдуардам вынайшаў тармазны ўплыў блукаючага нерва на сэрца. Навук. працы па вызначэнні абсалютнай сілы мышцы, вывучэнні механізмаў хадзьбы і інш. праяўленняў рухальнай актыўнасці.
т. 4, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НДСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
сярэдневяковая дзяржава палабскіх славян (бодрычаў, люцічаў, памаран) у 1040-я г. — 1-й трэці 12 ст. Уключала тэр. на ўзбярэжжы Балтыйскага м., паміж вусцямі рэк Лаба (Эльба) і Одра (Одэр). Цяпер тэр. ФРГ.
Заснавальнік — бодрыцкі кн. Готшалк [1044—66]. Ён і яго пераемнік кн. Круты [1066—93], каб процістаяць герм.-каталіцкай экспансіі, намагаліся стварыць незалежную слав. царкву. Пры Крутым дзяржава пашырылася да Паўночнага м. Сын Готшалка князь (у дакументах «кароль») Генрых (правіў з 1093) вярнуў у краіну ням. епіскапаў, што выклікала хваляванні. Канчаткова Вендская дзяржава распалася каля 1129.
т. 4, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭМАН ((Wiedemann) Густаў Генрых) (2.10.1826, Берлін — 23.2.1899),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1879) і Пецярбургскай (1883) АН. Скончыў Берлінскі ун-т (1874). У 1854—63 праф. Базельскага, з 1871 Лейпцыгскага ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, цеплавых з’явах і оптыцы. У 1853 разам з ням. фізікам Р.Францам устанавіў суадносіны паміж цепла- і электраправоднасцю металаў (Відэмана—Франца закон). У 1858 адкрыў эфект закручвання ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі (Відэмана эфект). Заснавальнік Берлінскага фіз. т-ва. Аўтар першага фундаментальнага даведніка па электрычнасці.
т. 4, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)