ГРЭНЛА́НДЫЯ (эскімоская назва Kalaallit Nunaat, дацкая Grønland),
аўтаномная частка Даніі на найб. востраве зямнога шара — Грэнландыі. Знаходзіцца паміж Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі, каля берагоў Паўн. Амерыкі. Падзяляецца на 3 інспектараты. Пл. 2176 тыс.км². Нас. 58 тыс.чал. (1994). Адм. цэнтр — г. Нук (Готхаб). Афіц. мовы — эскімоская і дацкая.
Прырода. Больш за 80% паверхні ўкрыта лёдам таўшчынёй да 3,5 км. Аб’ём лёду каля 2,6 млн.км³. Па далінах у акіян спаўзаюць вял. ледавікі, пры гэтым утвараецца штогод 13—15 тыс. айсбергаў. Участкі свабоднай ад лёду сушы (шыр. да 250 км) выцягнуты ўздоўж берагоў (асабліва на ПдЗ і Пн) і з’яўляюцца ўскраінамі пласкагор’яў (выш. Да 400—600 м) і горных масіваў (выш. да 2000 м). Каля ўсх. ўзбярэжжа, у хр. Уоткінса — г. Гунб’ёрн (3700 м, найвышэйшы пункт вострава). Берагі моцна парэзаны фіёрдамі. Клімат субарктычны і арктычны, на ўзбярэжжы марскі, у цэнтр.ч. ледавіковага покрыва кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы ад -7 °C на Пд да -36 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 10 °C да 3 °C. У цэнтр.ч. вострава сярэдняя т-растудз. -47 °C, ліп. -12 °C. Зімой адзначаюцца т-ры каля -70 °C (адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я). Ападкаў на Пд 800—1100 мм за год, на Пн 150—250 мм, на ледавіковым покрыве 300—400 мм. На ўзбярэжжы тундравая расліннасць, на крайнім Пд месцамі крывалессе, на Пн арктычная пустыня. На ПнУГрэнландскі нацыянальны парк.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць грэнландскія эскімосы, каля 10% — датчане. Паводле веравызнання ўсе жыхары вострава лютэране. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на паўд.-зах. і паўд. узбярэжжы, на ПнЗ жыве толькі 1,5%, на ўсх. узбярэжжы — 6%. На востраве існуе каля 150 невял. населеных пунктаў з насельніцтвам ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч жыхароў.
Гісторыя. Тэр. Грэнландыі чалавек пачаў засяляць каля 5 тыс.г. назад. Тут выяўлены сляды стараж.-эскімоскай культуры Дорсет, якую змяніла культура Туле. Каля 875 востраў заўважыў вікінг Ульфсан Гунб’ёрн. Першым з еўрапейцаў на ўзбярэжжы Грэнландыі высадзіўся ў 982 ісландскі вікінг Эйрык Рыжы. Ён даследаваў паўд.ч. вострава і назваў яго Грэнландыя (Зялёная краіна). У 986 тут засн. нарманскія (ісландскія) пасяленні, якія праіснавалі да 15 ст. Адначасова працягвалася засяленне вострава эскімосамі. З 1261 Грэнландыя фактычна належала Нарвегіі. У пач. 17 — пач. 18 ст. ў водах вострава вялі промысел да 10 тыс.англ., галандскіх, франц. і дацкіх кітабояў. З 1721 Грэнландыя каланізавана датчанамі. У 1750 дацкія ўлады заснавалі Каралеўскую грэнландскую гандл. кампанію, якая да 1950 захоўвала дзярж. манаполію на гандаль з Грэнландыяй. Пасля скасавання ў 1814 дацка-нарв. уніі 1380 востраў пад уладай Даніі. У 1925 Грэнландыя адміністрацыйна падзелена на Усх. і Паўднёвую. У 1933 Міжнар. суд у Гаазе адхіліў тэр. прэтэнзіі Нарвегіі на Усх. Грэнландыю. У 2-ю сусв. вайну дацкі ўрад заключыў з ЗША і Канадай пагадненне аб прызнанні апошнімі правоў Даніі на Грэнландыю, за што яны атрымалі права будаваць на востраве ваен. базы. У выніку дацка-амер. пагаднення аб сумеснай абароне вострава (1951) у Туле створана ваен.-паветр. база ЗША. У 1953 Грэнландыя стала раўнапраўнай ч. Дацкага каралеўства. З 1979 мае ўнутр. аўтаномію (уласныя парламент і ўрад). Пасля рэферэндуму 1982 Грэнландыя ў 1985 выйшла з Еўрап.эканам. супольнасці, дзе яна мела членства разам з Даніяй (з 1973). У 1984 парламент Грэнландыі абвясціў яе зонай, свабоднай ад ядз. зброі. У 1980-я г. дацкія назвы населеных пунктаў зменены на эскімоскія. У 1991 кіраўніком урада Грэнландыі стаў Л.Э.Іохансен. У 1995 адбыліся выбары ў парламент (ландстынг). Дзейнічаюць с.-д. партыя Сіумут, партыі Атасут, Інуіт атакатыніт, Усегрэнландскі прафсаюз і інш.
Гаспадарка. Гал. галіны — рыбная лоўля (пераважна траскі), промысел крэветак і паляванне на цюленяў, маржоў, нарвалаў і бялух. Штогадовы ўлоў рыбы каля 100 тыс.т, нарыхтоўваецца каля 50 тыс. шкур цюленяў. З рыбалоўствам і рыбаперапрацоўкай звязана больш за 25% насельніцтва. Грэнландыя багатая карыснымі выкапнямі, аднак здабываецца толькі невял. колькасць урану, графіту, цынку, свінцу, серабра, бурага вугалю. Ёсць прадпрыемствы па буд-ве рыбалоўных суднаў і суднарамонце, буд. прам-сці. Невялікую ролю адыгрываюць авечкагадоўля (каля 20 тыс.галоў), аленегадоўля (каля 10 тыс.галоў), агародніцтва. Замежны турызм. Транспарт марскі і паветраны. Экспарт — рыба і морапрадукты (каля 85%), карысныя выкапні, імпарт — нафта і нафтапрадукты, прамысл. і харч. тавары. Гандл. сувязі з Даніяй, ЗША, Германіяй, Швецыяй, Японіяй, Нарвегіяй. Грашовая адзінка — дацкая крона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАДА́РСКІ КРАЙ.
У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 13.9.1937. Размешчаны на ПдЗПаўн. Каўказа ў бас.р. Кубань, на З і ПдЗ абмываецца Азоўскім і Чорным м.Пл. 76 тыс.км². Нас. 5011 тыс.чал. (1997), гарадскога 54%. Сярэдняя шчыльн. 66 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,7%), украінцы (3,9), армяне (3,7), беларусы (0,8), немцы (0,6), грэкі (0,6), адыгейцы (0,5) і інш. Цэнтр — г.Краснадар. Найб. гарады: Новарасійск, Армавір, Ейск, Крапоткін, Ціхарэцк, Туапсэ, Лабінск.
Прырода. На тэр. краю Кубана-Прыазоўская нізіна, на У частка Стаўрапольскага ўзв.; на Пд перадгор’і і хрыбты зах. часткі Вял. Каўказа (выш. да 3256 м). Уздоўж Чорнага м. вузкая ўзбярэжная паласа. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каляровыя і рэдкія металы. буд. матэрыялы, каменная соль. Шмат крыніц мінер. вод, ілавыя гразі. Клімат ад умерана кантынентальнага да субтрапічнага. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C (на раўніне) да 5 °C (на ўзбярэжжы Чорнага м.), ліп. 22—24 °C, у гарах (на выш. 2000 м) адпаведна -8 ºС і 13 °C. Ападкаў ад 400 мм на ПнУ да 1400 мм у раёне г. Сочы і да 3200 мм у гарах у раёне Краснай Паляны. Гал. рака Кубань з прытокамі Уруп, Лаба, Белая і інш.; рэкі паўн. часткі — Ея, Чэлбас, Бейсуг; выкарыстоўваюцца для арашэння. Вадасховішчы Краснадарскае, Тшчыкскае і Шапсугскае. На Таманскім п-ве і ўзбярэжжы Азоўскага м. азёры-ліманы. Глебы на раўніне чарназёмныя, у даліне Кубані алювіяльныя, у перадгор’ях і гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне культурная, у гарах шыракалістыя (дубовыя, букавыя, у раёне Туапсэ—Сочы мяшаныя калхідскія) і цёмна-хваёвыя (каўк. піхта, елка) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ліс, ласка, тхор, заяц-русак, грызуны (на раўніне); буры мядзведзь, рысь, лясны кот, лясная і каменная куніца (у гарах); заходнекаўк. тур, серна, снежная палёўка (у высакагор’і). Каўказскі запаведнік, Сочынскі прыродны нац. парк.
Гаспадарка. Сярод галін прам-сці вылучаюцца харч., маш.-буд. і металаапр., паліўная, хім. і нафтахім., мікрабіял., дрэваапр., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Харч.прам-сць (41% прамысл. прадукцыі краю) грунтуецца на магутнай базе с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы алейна-тлушчавай прам-сці (236 тыс.т, 1996) сканцэнтраваны ў гарадах Краснадар, Армавір, Крапоткін, Лабінск, Беларэчанск; вінаробнай — Абраў-Дзюрсо, Туапсэ, Анапа, Ейск, Крымск, Славянск-на-Кубані, цукр. (1,1 млн.т) — Лабінск, Новакубанск. рыбная — Новарасійск, Прыморска-Ахтарск, Тэмрук. Развіты агароднінакансервавая, мясная, масласыраробная, мукамольная, піваварная, тытунёвая прам-сці. У маш.-буд. і металаапр. вылучаецца вытв-сць станкоў, электра- і радыёвымяральных прылад, кампрэсараў, газавай апаратуры, рысаўборачных камбайнаў (Краснадар), электратэхн. прылад, абсталявання для нафтавай прам-сці (Армавір), рухавікоў, абсталявання для харч. прам-сці (Новарасійск), цяжкіх пуцявых машын, абсталявання для хім. прам-сці (Ціхарэцк), дрэваапр. станкоў (Крапоткін). Суднамех. і суднарамонтныя з-ды ў Новарасійску, Туапсэ, Ейску. Здабыча (1996): нафты (1,6 млн.т, разам з Тазавым кандэнсатам) і прыроднага газу (1,8 млрд.м³) у раёнах Абінска, Славянска-на-Кубані, Хадыжэнска, Апшэронска і інш. Перапрацоўка нафты (3,1 млн.т) на з-дах у Краснадары і Туапсэ. Хім.прам-сць (вытв-сць пластмас, гумава-тэхн. вырабаў, лакафарбавых матэрыялаў) у Краснадары, Крапоткіне, Лабінску. Камбінат біяхім. і вітамінных прэпаратаў у Краснадары, ёдавы з-д у Славянску-на-Кубані. Вытв-сць электраэнергіі (6,7 млрд.кВт∙гадз, 1996) пераважна на ЦЭЦ. Дрэваапр.прам-сць (вытв-сць фанеры, мэблі, драўлянай і кардоннай тары) у Краснадары, Новарасійску, Беларэчанску, Армавіры, Ейску, Лабінску.
Развіты шарсцяная, баваўняная, швейная, трыкат., гарбарна-абутковая прам-сць. Буйная вытв-сць цэменту (1,7 млн.т, 4 з-ды ў Новарасійску), цэглы, жалезабетонных вырабаў, мяккіх дахавых матэрыялаў. Фарфора-фаянсавы з-д у Краснадары. К.к. адзін з важнейшых с.-г. раёнаў Расіі. Пл.с.-г. угоддзяў 4,8 млн.га, у т. л. пад ворнымі землямі 4 млн.га. Пасевы пшаніцы, рысу (пераважна ў нізоўях Кубані), кукурузы, сланечніку, цукр. буракоў, тытуню, эфіраалейных культур (у т. л. клешчавіны). Агародніна-, бульба- і бахчаводства. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 5727, сланечніку — 817, цукр. буракоў — 4236, агародніны — 661, бульбы — 612. Вінаградарства, садоўніцтва. На Пд ад Туапсэ, на ўзбярэжжы, вырошчваюць чай, цытрусавыя і інш. субтрапічныя культуры. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,3 млн.галоў), свіней (1,7 млн.галоў), авечак, коз, птушку. Вытв-сць воўны 978 т (1995). Пчалярства. Даўж. чыгунак 2,2 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 25,7 тыс.км. Гал. чыгункі Растоў-на-Доне—Армавір—Баку, Валгаград—Новарасійск, Армавір—Туапсэ—Сочы, аўтадарогі Новарасійск—Туапсэ—Сухумі, Растоў-на-Доне—Баку. Развіты марскі і паветр. транспарт. Марскія парты́: Новарасійск (вываз нафты і цэменту), Туапсэ, Сочы (Чорнае м.), Тэмрук, Ейск (Азоўскае м.). Найбуйнейшы аэрапорт — Адлер Суднаходства па р. Кубань (ад Краснадара да вусця). Газаправод Краснадар—Цэнтр. К.к. — буйнейшы ў Расіі курортны раён і цэнтр турызму. Курорты: Сочы, Анапа, Геленджык, Ейск, Гарачы Ключ, Туапсінская курортная зона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МА (Panamá),
Рэспубліка Панама (República de Panamá), краіна ў Цэнтр. Амерыцы, на Панамскім перашыйку. Мяжуе на У і ПдУ з Калумбіяй, на З з Коста-Рыкай; на Пн абмываецца водамі Карыбскага м., на Пд — Ціхага ак.Пл. 78,2 тыс.км². Нас. 2778,5 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Панама. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і 2 тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972, дапоўненая ў 1983. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Заканад. сходу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў, выканаўчая ўлада — ураду, які назначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Каля палавіны паверхні займаюць нізінныя раўніны. Праз усю тэр. П. цягнуцца горныя хрыбты: на З Кардыльера-дэ-Верагуа (выш. да 3475 м, дзеючы вулкан Бару), на Пн і У Кардыльера-дэ-Сан-Блас, Серанія-дэль-Дар’ен, на Пд горы п-ва Асуэра. Бываюць землетрасенні. У недрах П. ёсць руды медзі, малібдэну, жалеза, марганцу, золата, серабра. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах 25—28 °C. Ападкаў на падветраных схілах на Пн 2500—3700 мм, на Пд 1200—2000 мм за год. Шмат кароткіх рэк. Найб. значная р. Чагрэс, яе падпёртыя воды ўтвараюць азёры Гатун і Мадэн, якія жывяць шлюзы Панамскага канала. Пад лесам і хмызнякамі каля 44% тэрыторыі. Пашыраны вечназялёныя лясы, на ПдЗ — саванна і лістападныя лясы, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. У складзе фауны шмат відаў малпаў, тапіры, пума, ягуар, мурашкаеды; птушкі (асабліва папугаі), паўзуны. Прыбярэжныя воды, рэкі і азёры багатыя рыбай. Нац. парк Дар’ен (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва панамцы — нашчадкі ісп. каланістаў, індзейцаў і неграў. Каля 70% панамцаў складаюць метысы, ёсць негры і мулаты (каля 14%), белыя (10%), індзейцы (6%). 85% вернікаў католікі, 15% пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,53%. Сярэдняя шчыльн. каля 35 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва жыве на ціхаакіянскіх схілах гор, паміж каналам і зах. мяжой. У гарадах 56% насельніцтва. Найб. гарады — Панама (465 тыс.чал.), Калон (141 тыс.чал., 1997). У сельскай гаспадарцы занята 27% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 13%, у абслуговых галінах — 60%.
ГісторыяТэр. П. заселена чалавекам каля 10 тыс.г. назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча. У пач. 16 ст. заваявана ісп.канкістадорамі. У 1519 заснаваны г. Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 ген.-капітанства Гватэмала, у 1718—23 і 1740—1810 віцэ-каралеўства Новая Гранада. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 П. 28.11.1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 П. — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й пал. 19 ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні. 3.11.1903 пры ваен. дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—08) стаў А.Герэра. Далейшыя адносіны з ЗША вызначаліся амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэр. краіны ад Атлантычнага да Ціхага ак. (гл.Панамскага канала зона) для буд-ва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—14). Паводле канстытуцыі 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы П.
У 2-ю сусв. вайну 1939—45 П. фармальна абвясціла вайну Японіі, Германіі і Італіі. З канца 1950-х г. пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны П. з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы П. канала і яго зоны. У 1968 ваен. пераварот прывёў да ўлады патрыят. хунту на чале з ген. А.Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясц. буйных уласнікаў. Амер.-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу П. Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амер.ваен. баз. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках ген. М.Нар’егі Марэны. У снеж. 1989 ЗША шляхам узбр. інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і узурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам П. абраны Э.Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. У маі 1999 прэзідэнтам абрана М.Маскоса. Напярэдадні 1.1.2000 пад кантроль П. канчаткова перайшоў Панамскі канал з яго зонай. П. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Руху недалучэння і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 28.10.1998.
У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Арнульфісцкая, Сапраўдная ліберальная, Рэв.-дэмакр., Ліберальна-рэсп., Лейбарысцкая і інш.Асн. прафцэнтры: Канфедэрацыя працоўных Рэспублікі Панама, Нац. савет працоўных П., Прафцэнтр працоўных Панамскага перашыйка.
Гаспадарка. П. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва 7300 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 8%, прам-сці 18%, абслуговых галін 74%. П. — адзін з найб.фін.-гандл. і трансп. цэнтраў Лац. Амерыкі, каля 80% яе эканам. дзейнасці прыпадае на знешні гандаль і паслугі. Вял. значэнне ў эканоміцы П. належыць Панамскаму каналу; даходы ад яго складаюць больш за 70% ВУП. У П. дзейнічаюць каля 140 замежных банкаў. Існуе Свабодная зона Калон (гандл. абарот 11 млрд. долараў, 1997). Вял. ролю ў эканоміцы П. адыгрывае амер. капітал, прамыя ўкладанні складаюць больш за 6 млрд. долараў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур. Апрацоўваецца каля 7% тэр. краіны, пастаянна засяваецца 2%, пад пашай 20%. Пераважная форма землекарыстання — латыфундыі. Гал. экспартная культура — бананы. Асн. раён бананавых плантацый на ціхаакіянскім узбярэжжы, штогадовы збор больш за 1 млн.т (адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце). На экспарт вырошчваюць таксама каву, какаву, сізаль, цукр. трыснёг, ананасы, цытрусавыя, тытунь. Гал.харч. культуры: рыс, кукуруза, бабовыя. Развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,44 млн.галоў, 1997), свіней (245 тыс.галоў), птушку (10 млн.галоў). Рыбалоўства, лоўля крэветак, пераважна на экспарт у ЗША. У лясах нарыхтоўка каштоўнай драўніны (махагоні). Прам-сць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Невял. здабыча медзі, золата, серабра. У г. Лас-Мінас нафтаперапр.з-д (на нафце з Эквадора). Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1997), пераважна на ГЭС (70%). Перапрацоўка і кансерваванне малака, фруктаў, агародніны, рыбы, вытв-сць цукру, спіртных напіткаў, тытунёвых вырабаў у гарадах Панама, Калон, Кансепсьён і інш.Вытв-сць абутку, швейных вырабаў (Панама, Давід), мэблі, фанеры, паперы, кардону (Альмірантэ, Давід). Выраб навігацыйнага абсталявання, электратэхнікі, фармацэўтычных і паліграф. тавараў (Калон), суднарамонт (Панама, Калон, Бальбоа), буд. матэрыялы (цэмент, кераміка і інш.). Пашыраны саматужныя промыслы. Развіты турызм (даход — 376 млн. долараў). Даўж. аўтадарог 11,1 тыс.км, у т. л. 3,7 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Гал. аўтадарога — Панамерыканская шаша. Даўж. чыгунак 355 км, водных шляхоў 800 км. Пад флагам П. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага прац. заканадаўства плаваюць 4,6 тыс. суднаў агульнай грузападымальнасцю 98,4 млн. брута-рэг. т (1998) з 71 краіны. Гад. парты — Панама, Бальбоа, Калон, Крыстобаль. У краіне 43 аэрапорты, у т. л.міжнар. Такумен. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. долараў, імпарт 7,38 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць бананы (43%), крэветкі (11%), цукар, адзенне, абутак, кава, у імпарце — прамысл. тавары, абсталяванне (21%), нафта (11%), харч. прадукты, хімікаты. Гал.гандл. партнёры — ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Японія. Грашовая адзінка — бальбоа.
Літ.:
Панама, 1903—1970 гг.: Нация — империализм. Нар. силы — олигархия. Кризис и рев. путь: Пер. с исп. М., 1974;
Леонов Н.С. Омар Торрихос: «Я не хочу войти в историю, я хочу войти в зону канала». М., 1990.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Панамы.Да арт.Панама. Цэнтральная частка г. Панама — сталіцы дзяржавы.Да арт.Панама. Панамскі канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФО́РНІЯ (Califomia),
штат на З ЗША, мяжуе з Мексікай. Уваходзіць у групу Ціхаакіянскіх штатаў. Пл. 411,5 тыс.км². 31878,2 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — г.Сакрамента. Гар. насельніцтва 91%. Найбуйнейшыя гарады (тыс.ж., 1994): Лос-Анджэлес — 3449 (з прыгарадамі 12410), Сан-Дыега — 1152, Сан-Хасэ — 817, Сан-Францыска — 735, Фрэсна — 387, Окленд — 367.
З Пн на Пд цягнуцца горныя сістэмы: Берагавыя хрыбты і Сьера-Невада (выш. 4418 м, г. Уітні), паміж імі Каліфарнійская даліна. На ПдУ пустыня Махаве і глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Даліна Смерці — 85 м ніжэй узр. м). Частыя землетрасенні. Клімат на ПнУ і ў гарах умераны, на ўзбярэжжы міжземнаморскага тыпу, на ПдУ гарачы і сухі. Сярэдняя т-раліп. 24 °C, студз. 7 °C. Гал. рэкі: Сакрамента, Сан-Хаакін і Каларада. Расліннасць прадстаўлена горнымі хваёвымі лясамі і вечназялёнымі хмызнякамі, б.ч. даліны ўзараная. Нац. паркі: Іасеміцкі (занесены ў Спіс сусв. спадчыны ЮНЕСКА), Ласен-Волканік, Секвоя і Кінгс-Каньён. К. — адзін з самых эканамічна развітых штатаў. Здабыча нафты, прыроднага газу, золата, ртуці, жал. руды. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996 склала 109,8 млрд.кВт-гадз. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: авіяракетная, вытв-сцькасм. лятальных апаратаў, радыёэлектронная (у т. л.ЭВМ і інш. абсталяванне для ваен. мэт), аўта- і суднабуд., нафтаперапр., хім., паліграф., харч., тэкст., чорная і каляровая металургія. Кінапрамысловасць (гл.Галівуд). Індустрыя забаў. К. — буйнейшы штат па вытв-сці с.-г. прадукцыі. Вырошчваюць бавоўнік, вінаград, цытрусавыя, міндаль, абрыкосы, персікі, фінікі, аліўкі, гранаты, агародніну, кветкі. Гадуюць (млн.галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,7, свіней — 0,26, авечак — 0,52, бройлерных куранят — 31,5. Развіта рыбалоўства. Аўтамаб., чыг. і марскі транспарт. Буйнейшыя парты: Лонг-Біч, Лос-Анджэлес, Сан-Дыега, Окленд, Сан-Францыска. 6 міжнар. аэрапортаў. Турызм прыносіць да 50% даходаў штата (58,3 млрд.дол., 1996).
Найбольш стараж.мясц. насельніцтва — індзейцы. У 1540 з’явіліся першыя перасяленцы з Іспаніі; з 1769 яе калонія. З 1821 правінцыя Мексікі. У выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 Верхняя К. далучана да ЗША, з 1850 штат. У грамадз. вайну 1861—65 на баку Поўначы. Хуткаму эканам. развіццю К. спрыяла адкрыццё радовішчаў золата (1848, раён Сакрамента), нафты (1895, Лос-Анджэлес — Лонг-Біч), буд-ва ў 2-й пал. 19 ст. транскантынентальнай чыгункі. У час 1-й сусв. вайны актывізавалася індустрыялізацыя. пасля 2-й сусв. вайны штат ЗША, які развіваецца найб. дынамічна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Comores),
Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы (франц. République Fédérale et Islamique des Comores, араб. Джумхурыя аль-Кумур аль-Ітадыя аль-Ісламія), дзяржава на З астравах з групы Каморскіх а-воў у Індыйскім ак. каля паўн. ўвахода ў Мазамбікскі праліў. Складаецца з 3 федэральных акруг. Пл. 1862 км². Нас. 589,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г. Мароні (в-аў Нгазіджа). Афіц. мовы — французская і арабская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.А. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. орган — Федэральная асамблея (38 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якіх назначае прэзідэнт. Мясц. органы ўлады — губернатары астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і саветы астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады).
Прырода. А-вы Нгазіджа (Гранд-Камор, пл. 1146 км²), Нджуані (Анжуан, пл. 424 км²) і Мвалі (Махелі, пл. 290 км²) вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, трахітаў, фаналітаў, абкружаны каралавымі рыфамі. Цэнтр.ч. кожнага вострава занята слабарасчлянёным горным вулканічным масівам, на ўзбярэжжах — невял. нізіны. Шмат дзеючых вулканаў. Вышэйшы вулкан Картала (2560 м) на в-ве Нгазіджа апошні раз вывяргаўся ў 1977. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны мусонны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра вагаюцца ад 24 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1100 мм у цэнтр. частцы а-воў да 3000 мм на наветраных схілах. Порыстыя вулканічныя грунты і глебы прапускаюць ваду; рэк і ручаёў няма. Ёсць некалькі невял. прэсных азёр у кратэрах нядзеючых вулканаў. У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. У верхніх частках схілаў — трапічныя лясы з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі, ніжэй — участкі саваннаў і хмызнякі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Больш за 75% складае народ анталаутра (каморцы) — змешаная этнічная група нашчадкаў малагасійцаў, арабаў і афрыканцаў. Ёсць нядаўнія выхадцы з Афрыкі і Мадагаскара (па 5%), арабы з Амана і Йемена (7%), выхадцы з Індыі (3%), малайцы (2%), еўрапейцы (пераважна французы, грэкі, італьянцы) і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Сярэдняя шчыльн. 317 чал. на 1 км², на в-ве Нгазіджа больш за 400 чад., на в-ве Мвалі каля 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 31% насельніцтва, у г. Мароні 30 тыс.ж. (1992). Каля 80% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. Ісламізаваны з 11 ст. У 1503 адкрыты партугальцамі. З сярэдзіны 19 ст. — уладанне Францыі (з 1843 — в-аў Маёта. з 1866 — астатнія астравы), з 1886 пратэктарат, з 1912 калонія (у 1914—16 адміністрацыйна падпарадкавана Мадагаскару). У 1947 атрымалі адм. аўтаномію (статус «заморскай тэр.» Францыі), пацверджаную на рэферэндуме 1958, у 1962 — шырокую ўнутр. аўтаномію. На рэферэндуме 1974 жыхары архіпелага (за выключэннем в-ва Маёта, дзе пражывае хрысц. насельніцтва) выказаліся за незалежнасць (абвешчана 6.7.1975). Прэзідэнтам стаў А.Абдала. У 1976 незалежнасць К.А. прызнала Францыя (Маёта па выніках рэферэндуму 1976 засталася ў яе ўладанні). У 1976—78 улада ў краіне належала Ваен.-паліт. дырэкторыі. У 1978 у выніку дзярж. перавароту прэзідэнтам зноў стаў Абдала; прынята новая канстытуцыя, абвешчана Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы. У ліст. 1989 прэзідэнт Абдала забіты. Кіраўніком дзяржавы ў сак. 1990 выбраны С.М.Джахар. У вер. 1995 пасля спробы дзярж. перавароту, зробленай замежнымі наёмнікамі, Джахар пакінуў пасаду. У кастр. 1996 на архіпелаг уведзены франц. войскі, якія прымусілі кіраўнікоў перавароту здацца. У сак. 1997 прэзідэнтам выбраны М.Такі Абдул-Карым. К.А. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць партыі Каморскі саюз за прагрэс, Нац. саюз за дэмакратыю на Каморах, апазіцыйная Форум за нац. вызваленне і інш.
Гаспадарка. К.А. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт у 1994 склаў 370 млн.дол. ЗША. Доля ў ім сельскай і лясной гаспадаркі, рыбалоўства каля 40%, прам-сці каля 4%. На 1 чал. ў год прыпадае каля 630 дол. ЗША. Асн. галіна — земляробства, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур. Апрацоўваецца каля 42% тэрыторыі, пад пашай і лугамі каля 7%. Гал. культуры: эфіраалейныя (цытранэла, іланг-іланг, лімонная мята, базілік, язмін і інш.) — збор каля 50—100 т у год, ваніль — каля 1000 т, гваздзіка — каля 1200 т. Па зборы гэтых культур краіна займае 1—2-е месца ў свеце. Вырошчваюць какосавую пальму (каля 60 тыс.т какосавых арэхаў штогод), бананы, каву, какаву, цукр. трыснёг, сізаль, ананасы. 3 харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, ямс, кукуруза, батат, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 50 тыс.галоў), коз (каля 60 тыс.галоў), авечак, аслоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы і морапрадуктаў штогод). Нарыхтоўка драўніны. Вытв-сць электраэнергіі 17 млн.кВт∙гадз (1995). Здабыча вулканічнага туфу (пуцалану) і выраб цэменту (в-аў Нгазіджа). Прадпрыемствы: тэкст., мылаварныя, дрэваапр., па вытв-сці безалкагольных напіткаў, быт. і харч. тавараў, эфірных алеяў, экстрактаў з ванілі, язміну і інш. Развіты разнастайныя саматужныя рамёствы, асабліва ганчарства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Гал. порт — Мароні, паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт — 13,7 млн.дол., імпарт — 40,9 млн.дол. (1993). Дэфіцыт часткова кампенсуецца дапамогай міжнар. арг-цый, араб. нафтаздабыўных краін, Францыі, паступленнямі ад каморцаў, што працуюць за мяжой. У экспарце пераважаюць ваніль. гваздзіка, эсенцыя іланг-ілангу, копра, у імпарце — нафтапрадукты, харч. тавары, машыны і абсталяванне. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Германія, Кітай. Грашовая адзінка — каморскі франк.
І.Я.Афнагем (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Каморскіх Астравоў.Да арт.Каморскія астравы. Возера ў кратэры вулкана.
Рэспубліка Мадагаскар (малагасійскае Repoblikani Madagasikara, франц. République de Madagascar), дзяржава на в-ве Мадагаскар і суседніх дробных а-вах у Індыйскім ак. на У ад Афрыкі Пл. 595,8 тыс.км², у т. л. в-ва Мадагаскар 590 тыс.км² (чацвёрты па велічыні ў свеце). Нас. 14463 тыс.чал. (1998). Дзярж. мовы — малагасійская і французская. Сталіца — г.Антананарыву. Падзяляецца на 6 фарытані (правінцый). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (26 чэрв.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат: Нац. сходу (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады) і Сената (частку сенатараў назначае прэзідэнт, частку выбіраюць выбаршчыкі ад тэр. аб’яднанняў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, выбраным Нац. сходам.
Прырода. Цэнтр. і ўсх. часткі вострава займае Высокае або Цэнтральнае, плато выш. 1000—1800 м, складзенае з крышт. і метамарфічных парод. Найвыш. пункт — г. Марумукутру (2876 м) у вулканічным масіве Царатанана на Пн. Уздоўж усх. ўзбярэжжа — прыморская нізіна. На З ад плато — узгорыстыя раўніны, якія прыступкамі паніжаюцца да зах. ўзбярэжжа. Ёсць патухлыя вулканы, бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: храміты, графіт, слюда, кварц, цыркон, берыл, руды нікелю і кобальту, каменны вугаль, баксіты, паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат трапічны, на ПнЗ экватарыяльных мусонаў. На нізінах сярэднямесячныя т-ры ад 13—20 °C (у ліп.) да 27—33 °C (у студз.). На Высокім плато клімат умераны, з мяккім летам. Ападкаў ад 3000 мм за год на ўсх. схілах гор да 1000—500 мм на З і Пд. Найб. ападкаў летам. Рачная сетка густая. Расліннасць і жывёльны свет уключаюць шмат эндэмічных відаў. На ўсх. узбярэжжы трапічныя лясы, у цэнтр. раёнах і на З — ксерафітавыя лясы і саванны, на ПдЗ — паўпустыні. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі. З жывёл характэрны лемуры (35 відаў), насякомаедныя, дробныя драпежнікі, паўзуны і інш.Нац. паркі Ісалу, Мантань-д’Амбр, 32 запаведнікі. Аб’яднаны прыродны запаведнік Цынжы-дзю-Бемараха і раён Ананалава ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. 99% складаюць малагасійцы — народ малайска-палінезійскай моўнай групы. Падзяляюцца на некалькі этн. груп, якія адрозніваюцца гіст. мінулым і спосабам вядзення гаспадаркі. Жывуць таксама невял. групы французаў, выхадцаў з Індыі і Пакістана, кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць прыхільнікі мясц. традыцыйных культаў (47%), католікі (26%), пратэстанты (23%); ёсць мусульмане і інш. Сярэднегадавы прырост 28,2% (1997). Сярэдняя шчыльн. 24,3 чал. на 1 км², найб. — на Высокім плато (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — на Пд (каля 5 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб.г. Антананарыву — 1053 тыс.чал. (1997). Больш за 100 тыс.ж. у гарадах Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і абслуговых галінах — па 7%.
Гісторыя Этнагенез насельніцтва М. да канца не высветлены. Паводле адной версіі, М. спачатку быў заселены афрыканцамі — банту, а з 2—4 ст. тут сталі сяліцца выхадцы з Інданезіі; паводле іншай, афрыканцы з’явіліся значна пазней, у выніку склалася змешанае ў расавых адносінах насельніцтва. Ранняя гісторыя М. малавядома. З 7 ст. М. наведвалі арабы і суахілі. У 14 ст. ў цэнтр.ч. вострава склалася дзярж. ўтварэнне народа мерына — Імерына. У 16—17 ст. заснаваны дзяржавы народаў сакалава (на зах. узбярэжжы), бецымасарака (на ўсх. узбярэжжы), бецыляў (у цэнтр. горнай ч.). Першымі еўрапейцамі, якія наведалі М., былі партуг. мараплаўцы Б.Дыяш (1500) і Ф.Суарыш (1506). У сярэдзіне 17 ст. на М. праніклі французы, з якімі сапернічалі англічане і галандцы. У канцы 18 ст. адзін з правадыроў мерына — Андрыя-нампуйнімерына [1787—1810] аб’яднаў б. частку М. ў адзіную дзяржаву. Яго сын Радама I [1810—28] абвясціў сябе каралём М. У 2-й пал. 19 ст. пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Райнілаярывуні дзяржава рэарганізавана на еўрап. ўзор, створана рэгулярнае войска, адчынены школы з навучаннем на малагасійскай мове. У выніку франка-малагасійскіх войнаў (1883—85 і 1894—95) Францыя ліквідавала каралеўства М. і абвясціла яго ў 1896 франц. калоніяй. У 1946 засн. Дэмакр рух малагасійскага адраджэння (ДРМА), які выступаў за самакіраванне. Антыкаланіяльнае паўстанне 1947—48 жорстка задушана, а ДРМА забаронены. З 1956 дзейнічала Сацыял-дэмакр. партыя (СДП) на чале з Ф.Цырананам.
У кастр. 1958 абвешчана аўт. Малагасійская рэспубліка (МР) у складзе франц. Супольнасці на чале з Цырананам. 26.6.1960 абвешчана яе незалежнасць. Урад Цырананы праводзіў палітыку супрацоўніцтва з Францыяй і ЗША і прыцягнення замежнага капіталу. Эканам. цяжкасці вясной 1972 выліліся ў масавыя бунты, што прымусіла ўрад перадаць уладу ген. Г.Рамананцуа. Пасля некалькіх няўдалых спроб дзярж. пераваротаў у чэрв. 1975 улада перайшла да Вярх.рэв. савета (ВРС) на чале з Д.Рацыракам (са снеж. 1975 прэзідэнт). На рэферэндуме ў снеж. 1975 ухвалена хартыя Малагасійскай сацыяліст. рэвалюцыі і прынята канстытуцыя Дэмакр. рэспублікі М. Адзінай паліт. арг-цыяй застаўся створаны ў 1976 Нац. фронт абароны сацыяліст. рэвалюцыі. Быў нацыяналізаваны шэраг прыватных кампаній. У канцы 1980-х г. краіну ахапілі масавыя выступленні за дэмакратызацыю. У сак. 1990 дазволена шматпартыйнасць. На рэферэндуме ў жн. 1992 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. На выбарах у сак. 1993 лідэр апазіцыі А.Зафі выбраны прэзідэнтам М. У выніку канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі ў чэрв. 1996 парламент аб’явіў імпічмент Зафі. На выбарах у лют. 1997 прэзідэнтам М. зноў выбраны Рацырака. М. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963). Дзейнічаюць паліт. рухі і партыі: Стоўп і апора для выратавання М., Эканам. лібералізм і дэмакр. дзеянне для нац. адраджэння, Партыя кангрэса незалежнасці М. — адноўленая.
Гаспадарка. М. — эканамічна адсталая агр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. каля 700 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 33% валавога нац. прадукту, прамысловасць — 15%, абслуговыя галіны — 52%. Для с.-г. выкарыстання прыдатныя каля 10 млн. га. Апрацоўваецца каля 3 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца прасторы саваннаў, рэдкастойных лясоў і хмызнякоў агульнай пл. больш за 34 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць плантацыі замежных і мясц. кампаній. Гал. экспартныя культуры (1994, тыс. т): кава — 80, гваздзіка — 7, ваніль — 2,8 (1-е месца ў свеце), сізаль — 20, перац.
На свае патрэбы вырошчваюць (1994, млн. т): рыс — 2,3, маніёк — 2,3, батат. — 0,5, кукурузу — 0,2, цукр. трыснёг — 2, бульбу, фасолю, арахіс, бавоўнік, тытунь. Рыс вырошчваюць на арашальных землях на Высокім плато і ў суседніх раёнах, клубневыя культуры — пераважна на У. Развіты агародніцтва і садоўніцтва. На Высокім плато значныя плошчы пад яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Жывёлагадоўля характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе: буйн. раг. жывёлы — 10 млн.галоў (больш за 90% складаюць зебу), коз і авечак — каля 3 млн.галоў, свіней — 1,4 млн.галоў. Птушкагадоўля.
Лясная гаспадарка і рыбалоўства. У год вылоўліваюць каля 100 тыс. т рыбы, крэветак, крабаў, вустрыц, лангустаў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, пераважна горназдабыўной і харч. прам-сці. Здабываюць храміты — 146 тыс. т, графіт — 14 тыс. т, слюду — 1 тыс.т. Невял. здабыча кварцу, цыркону, берылу, танталіту, паўкаштоўных камянёў (аметыст, турмалін, тапаз). У харч. прам-сці пераважаюць прадпрыемствы: мукамольныя, рысаачышчальныя, цукр., тытунёвыя, мясакансервавыя, алейныя (перапрацоўка соі, арахісу, пальмавых ядраў). Вытв-сць электраэнергіі 595 млн. кВт гадз (1995), на невял. ЦЭС (працуюць на імпартнай нафце) і ГЭС. Іншыя галіны прам-сці прадстаўлены асобнымі прадпрыемствамі: з-ды нафтаперапр., па вытв-сці ўгнаенняў (Туамасіна), 2 аўтазборачныя (Антананарыву), 2 цэм. (Махадзанга і Анцырабе), суднабуд. (Манандзары), суднарамонтны (Анцэранана), фармацэўтычны (Фіянаранцуа); ёсць прадпрыемствы радыё- і электратэхнічныя, лакафарбавыя, дрэваапр., гарбарна-абутковыя, тэкст., па вытв-сці пластмас. Развіты саматужныя промыслы — выраб тканін, адзення, абутку, мэблі, керамікі і інш.Асн. цэнтры прам-сці — гарады Антананарыву, Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, марскі. Аўтадарог 49,8 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,7 тыс. км, у краіне 48 тыс. легкавых і 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. чыгунак (каляя — 1 м) 883 км. Марскі флот адыгрывае вял. ролю ва ўнутр. перавозках і знешнім гандлі. У краіне больш за 20 марскіх партоў, галоўныя — Туамасіна (больш за 40% аб’ёму знешняга гандлю), Махадзанга, г. Анцэранана. Авіяц. транспарт базіруецца на 105 аэрапортах (1996). Міжнар. аэрапорты каля г. Антананарыву і Махадзанга. У 1996 экспарт склаў 493 млн.дол., імпарт — 612 млн. долараў. М. экспартуе каву (45% па кошце), ваніль (20%), гваздзіку, крэветкі, тэкстыль, храміты, графіт, слюду; імпартуе машыны і абсталяванне, паўфабрыкаты, нафту, тавары шырокага ўжытку, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры Францыя (41% экспарту, 40% імпарту), Японія, ЗША, Германія, Паўд.-Афр. Рэспубліка. М. атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — малагасійскі франк.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Мадагаскара.Да арт.Мадагаскар. Панарама г. Антананарыву.Да арт.Мадагаскар. На рацэ ў раёне ўсходняга ўзбярэжжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТСЕРА́Т (Montserrat),
уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі. Займае аднайм. востраў у групе М. Антыльскіх а-воў. Пл. 100 км². Нас. 12,8 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — англійская. Адм. ц. — г. Плімут. Краіна падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — Дзень нараджэння брыт. каралевы (другая субота чэрвеня).
Прырода. Востраў вулканічнага паходжання, гарысты. Выш. да 915 м (пік Чанс). Бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні (буйное вывяржэнне вулкана Суфрыер адбылося ў 1996). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры паветра 23—28 °C. Ападкаў 1500 мм за год. Найб. іх выпадае ў вер.—ліст., найменш — у сак.—чэрвені. На схілах гор сярэдневільготныя трапічныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі.
Насельніцтва. Пераважаюць негры і мулаты. Жывуць невял. групы англічан і амерыканцаў. Сярод вернікаў англікане, метадысты, католікі і прадстаўнікі інш. галін хрысціянства. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км². Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы (шчыльн. каля 300 чал. на 1 км²). Сярэднегадавы прырост 0,23%. У адзіным горадзе Плімут жыве каля 3 тыс.ж. (1997). У прам-сці і буд-ве занята 24% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 9%, астатнія — у абслуговых галінах (пераважна турызм).
Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.Калумбам. З 1632 каланізаваны англічанамі і ірландцамі. У 17—18 ст. за валоданне ім сапернічалі Англія і Францыя, з 1783 уладанне Вялікабрытаніі. З 1871 у складзе калоніі Падветраныя астравы, з 1958 у Вест-Індскай федэрацыі. З 1960 мае ўнутр. самакіраванне, з 1971 — губернатара. М. — чл. Арг-цыі ўсходнекарыбскіх дзяржаў і Рэгіянальнай сістэмы бяспекі.
Гаспадарка. У эканоміцы гал. ролю адыгрывае замежны турызм (больш за палавіну даходаў краіны — каля 10 млн.дол.); прам-сць дае 18%, сельская гаспадарка — 5%. Краіну штогод наведвае больш за 40 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па зборцы вырабаў электронікі і электратэхнікі, па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (ачыстка бавоўны, вытв-сць фруктовых сокаў і кансерваў), па выпуску тканін, пластмасавых вырабаў, харч. прадуктаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн.кВт∙гадз (1995). Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 3 тыс.га, з іх пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 2 тыс.га, пад пашай 1 тыс.га. Асн. культуры: лайм (цытрусавая расліна), лімоны, манга, авакада, бананы, какосавая пальма. З гародніны вырошчваюць перац, памідоры, кабачкі, моркву, агуркі, цыбулю. Гал. экспартныя культуры: кветкі і жывыя расліны (вывозяць у ЗША і Еўропу), бавоўна і цукр. трыснёг. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс.галоў): буйн. раг. жывёлы — 3,5, свіней — 1, авечак і коз — 10. Птушкагадоўля. Нарыхтоўка драўніны. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На М. 269 км аўтадарог, з іх 203 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнегандл. сувязі праз адзіны порт Плімут. На востраве міжнар. аэрапорт. У 1995 экспарт склаў 12,1 млн.дол., імпарт — 29,9 млн.дол. У экспарце пераважаюць электронныя кампаненты, вырабы з пластмас, адзенне, вострыя прыправы; у імпарце — прамысл. і харч. прадукты, паліва. Гал.гандл. партнёр ЗША. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва. гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНІ́Н (Bènin),
Рэспубліка Бенін (Rèpublique Populaire du Bènin), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Тога, на Пн з Буркіна-Фасо і Нігерам, на У з Нігерыяй. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Пл. 112,6 тыс.км². Нас. 4,9 млн.чал. (1992). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Порта-Нова. Падзяляецца на 6 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (1 жн.).
Дзяржаўны лад. Бенін — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. савет, у склад якога ўваходзяць 64 дэпутаты, выканаўчы орган — Нац. выканаўчы савет (урад). Рашэнні пра адпаведнасць законаў канстытуцыі выносіць канстытуцыйны суд.
Прырода. Большую ч.тэр. займае плато, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод, перакрытых на Пд і Пн кайназойскімі пясчанікамі. На ПнЗ горы Атакора выш. да 635 м, на Пд прыморская нізіна шыр. 50—100 км.
На ўзбярэжжы шмат лагунаў. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы нафты (на Пд), золата, алмазаў, буд. матэрыялы. Клімат на Пд экватарыяльны з 2 сезонамі дажджоў (сак.—ліп., вер.), на астатняй тэр. экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім і сухім зімовым сезонамі. Сярэдняя т-ра паветра 24—27 °C. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн да 1500 мм на Пд. Гал. рака — Веме, на паўн. граніцы — р. Нігер. Пераважаюць саванны з гаямі алейнай пальмы, на Пд — вільготныя трапічныя лясы (каля 1/5тэр.). Нац. паркі Пенджары і Дубль-Ве.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — бенінцы. Складаюцца з групы блізкіх па мовах народаў фон, аджэ, іоруба, насяляюць пераважна Пд і цэнтр краіны. Жывуць таксама народы сомба, барыба, тэм, фульбе і інш. 70% насельніцтва прытрымліваецца стараж. традыцыйных культаў (політэізм), каля 16% — хрысціяне (пераважна католікі, на Пд), каля 14% — мусульмане (на Пн). Сярэдняя шчыльн. 43 чал. на 1 км², на Пд да 200 чал. на 1 км², на Пн месцамі менш за 10 чал. на 1 км². У гарадах каля 20% насельніцтва. Найб. горад і порт Катану (каля 400 тыс.ж.), Порта-Нова (каля 170 тыс.ж.).
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека на тэр. Беніна вядомы з часоў неаліту. Археал. раскопкі сведчаць аб даволі высокім узроўні матэрыяльнай культуры стараж. насельніцтва. У 15 ст. на тэр. Беніна з’явіліся партугальцы, у 17 ст. — галандскія, франц. і англ. купцы і гандляры рабамі. У 2-й пал. 17 ст. цэнтр гандлю нявольнікамі (Нявольніцкі Бераг), у канцы 17 ст. пад кантролем Каралеўства Дагамея. У канцы 19 ст. захоплены французамі. З 1904 уваходзіў у федэрацыю Франц.Зах. Афрыка. З 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
1.8.1960 Бенін абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1975 наз. Дагамея). 1960-я г. адзначаны шэрагам дзярж. пераваротаў (1963, 1965, 1967, 1969). У 1972—91 краінай кіравалі ваенныя на чале з М.Керэку: быў абвешчаны курс на сацыяліст. арыентацыю. Партыя нар. рэвалюцыі Беніна (адзіная легальная партыя) утрымлівала ўсю паліт. ўладу. У 1990 узніклі новыя паліт. партыі, 3 з якіх утварылі «Саюз дзеля перамогі аднаўлення дэмакратыі». У 1991 адбыліся першыя свабодныя выбары. У 1993 афіцыйна зарэгістраваны 34 паліт. партыі. Прафсаюзы прадстаўлены Нац. аб’яднаннем прафсаюзаў і Каардынацыйным цэнтрам працоўных. У 1991—96 краіну ўзначальваў прэзідэнт Н.Сагло, з 1996 прэзідэнт — М.Керэку. Бенін — член ААН (з 1960), Эканам. супольніцтва дзяржаў Зах. Афрыкі, асацыіраваны член Еўрап. супольніцтва.
Гаспадарка. Бенін — слабаразвітая агр. краіна. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю сельскай гаспадаркі прыпадае 50%, прам-сці і транспарту — па 10%, гандлю і паслуг — каля 30%. Дзяржава кантралюе асн. галіны прам-сці, вытв-сць і размеркаванне электраэнергіі, асн. банкі і страхавыя кампаніі, водазабеспячэнне, сувязь, кінапракат, значную ч. экспартных і імпартных аперацый. У сельскай гаспадарцы занята 70% самадзейнага насельніцтва. Характэрны феад. адносіны, нізкая прадукцыйнасць працы. 80% тэр. прыдатныя для развіцця земляробства і жывёлагадоўлі, але пад ворывам толькі 2 млн.га (10,6% тэр.), пад лугамі і пашай каля 490 тыс.га (4%). На Пд развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Асн. культуры (1993): алейная (каля 30 млн. дрэў) і какосавая пальмы (вытв-сць алею каля 40 тыс.т, копры каля 9 тыс.т), арахіс (82 тыс.т), бавоўна (68 тыс.т), бананы, манга, кава і тытунь. Вырошчваюць на Пн кукурузу (550 тыс.т), сорга (124 тыс.т), ямс (1,2 млн.т), на Пд рыс (10 тыс.т), маніёк (каля 1 млн.т), у цэнтр. раёнах проса (30 тыс.т), бабовыя, батат. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, пераважна на ПнУ. Пагалоўе (тыс.галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 1100, авечак 940, козаў 1180, свіней 530. Каля 5,5 млн.галоў свойскай птушкі. Рачное і марское рыбалоўства. Вядучая галіна прам-сці — вытв-сць алею. Працуюць 6 прадпрыемстваў па вытв-сці пальмавага алею, з-ды па вытв-сці алею з арахісу і баваўнянага насення. Ачыстка арахісу, рыбакансервавы, мылаварны, керамічны, лесапільны з-ды, тытунёвая ф-ка і інш. Прадпрыемствы па вытв-сці метал. канструкцый, посуду, метал. мэблі. Невял. прадпрыемствы па вырабе мэблі ў Катану. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць: 6 бавоўнаачышчальных прадпрыемстваў, палатняная ф-ка, тэкст. комплекс. У харч. прам-сці шмат дробных прыватных прадпрыемстваў па выпечцы хлеба, з-дмінер. водаў, аграпрамысл. комплекс па вытв-сці рафінаванага цукру. Горназдабыўная прам-сць: распрацоўка буд. матэрыялаў, у т. л. мармуру і вапняку, здабыча нафты (295 тыс.т у 1991), старацельская здабыча золата і алмазаў. Працуюць цэментны з-д (200 тыс.т за год), 6 дызельных электрастанцый (21 тыс.кВт). Зборка веласіпедаў і матацыклаў, транзістарных радыёпрыёмнікаў. Ткацтва, разьбярства па дрэве і інш. саматужныя рамёствы. Даўж. чыгунак каля 600 км, шашэйных дарог 8,5 тыс.км, у т. л. 800 км асфальтаваных, 2,7 тыс.км брукаваных. Значны марскі порт Катану (грузаабарот каля 1,5 млн.т у год). Паблізу міжнар. аэрапорт. Важнае значэнне для эканомікі краіны мае транзіт грузаў з Буркіна-Фасо і Нігера да порта Катану. Экспарт — прадукцыя сельскай гаспадаркі (пальмавы і арахісавы алей, бавоўна, арахіс, садавіна, тытунь і інш.), цэмент, баваўняныя тканіны, крэветкі. Імпарт: спажывецкія і харч. тавары, паліва, абсталяванне, паўфабрыкаты. Знешнегандлёвы баланс дэфіцытны. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва каля 400 дол. ЗША на год. Асн. знешнегандл. партнёры: Францыя, Нідэрланды, Іспанія, ЗША. Грашовая адзінка — афр. франк.
З.М.Шуканава (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Беніна.Да арт.Бенін. Вёска народа сомба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),
дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс.км². Нас. 4212 тыс.чал. (1995). Сталіца — г.Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).
Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.
Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд.т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.
Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э.тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб.Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст.тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл.Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц.ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт.вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв.Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх.ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч.Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш.араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як 2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс.чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар.дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб.сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд.дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс.т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн.т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн.т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд.кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі 1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс.га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс.га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс.галоў, вярблюдаў — 70 тыс.галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн.галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс.км, з іх 3 тыс.км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн.т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд.дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.
У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд.дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн.гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс.чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс.чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс.чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс.чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.
І.І.Пірожнік, Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы).
Герб і сцяг Іарданіі.Да арт.Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.Да арт.Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МБІЯ (Zambia),
Рэспубліка Замбія (Republic of Zambia), краіна ва ўнутранай ч.Паўд. Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Дэмакр. Рэспублікай Конга (б. Заір), на Пн з Танзаніяй, на У з Малаві і Мазамбікам, на Пд з Зімбабве, Намібіяй і Батсванай, на З з Анголай. Пл. 752,6 тыс.км². Нас. 8936 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская, але шырока карыстаюцца і мясц. мовамі.
Сталіца — г.Лусака. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 кастр.).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўніком дзяржавы і ўрада з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган дзяржавы — Нац. сход (аднапалатны парламент), 150 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра і міністраў якога назначае прэзідэнт.
Прырода. Амаль усю краіну займае хвалістае пласкагор’е (выш. 1000—1500 м), складзенае з дакембрыйскіх гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. На У горы Мучынга (выш. да 1893 м, г. Мумпу). З. мае запасы медзі сусв. значэння (частка т.зв. «Меднага пояса» на граніцы з Дэмакр. Рэспублікай Конга), кобальт, поліметалы, ванадый, уран, золата, жалеза, каменны вугаль. Клімат субэкватарыяльны з трыма сезонамі — дажджлівым і цёплым (ліст.—крас.), сухім і халаднаватым (май—ліп.), сухім і гарачым (жн.—кастр.). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) каля 20—25 °C, самага халоднага (ліп.) каля 15—20 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Бываюць засухі. Рачная сетка густая: р. Замбезі з прытокамі Кафуэ, Луангва і інш., вытокі Конга з азёрамі Бангвеулу і Мверу, паўд.ч.воз. Танганьіка. На Замбезі вадасх. Карыба, ёсць парогі і вадаспады, у т. л. вадаспад Вікторыя. Агульныя запасы гідраэнергіі больш за 50 млн.кВт. Пераважае саванная расліннасць на чырвона-карычневых глебах. Жывёльны свет разнастайны: ёсць буйныя траваедныя — сланы, насарогі, буйвалы, зебры, жырафы, антылопы; драпежнікі — ільвы, леапарды, гіены. Каля 20 нац. паркаў (Кафуэ, Сіёма-Нгвезі, Паўн. і Паўд. Луангва і інш.).
Насельніцтва. 99% насельніцтва складаюць афрыканцы моўнай сям’і банту, у т. л. народы групы цэнтр. банту — бемба (жывуць на Пн і ў цэнтр. частцы, 34%) і тонга (Пд, 16%), групы ўсх. банту — малаві (У, 18%), інш. груп — балунда (ПнЗ), балозі (ПдЗ), нгоні (У), чэва (У). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна англічане і афрыканеры) і выхадцы з Індыі. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне, у т. л. пратэстанты (35%), католікі (27%), афр. цэрквы (9%). Ёсць невял. групы мусульман (на Пн), індуістаў, прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 12 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены «Медны пояс» і раёны на Пд ад яго да г. Лусака (50—200 чал. на 1 км²). У засушлівых мясцінах на З і У шчыльнасць памяншаецца да 1 чал. на 1 км. У гарадах жыве каля палавіны насельніцтва (1995). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Лусака — 982,4, Ндола — 467, Кітве-Нкана — 348,6, Кабве — 200,3, Чынгола — 186,8, Муфуліра — 175, Луанш’я — 147,7. У краіне вельмі пашыраны СНІД.
Гісторыя. Тэр. З. заселена з глыбокай старажытнасці. Гэта адно з найстаражытнейшых месцаў апрацоўкі жалеза. Бушменаў, якія прыйшлі сюды, верагодна ў 1-м тыс. да н.э., з 6 ст.н.э. пачалі выцясняць на Пд плямёны банту. У 17—19 ст. тут фарміраваліся раннефеад. дзяржавы плямён лунда, баротсе, бемба, нгоні. Першыя еўрапейцы (партугальцы) на тэр. З. з’явіліся ў канцы 18 ст. У 1880-я г. на тэр. дзяржавы баротсе праніклі агенты Брыт. паўднёва-афр. кампаніі, заснаванай С.Родсам. У 1890 кампанія атрымала ад уладара баротсе Леванікі I выключнае права на эксплуатацыю прыродных багаццяў. У 1891 англічане навязалі пратэктарат дзяржаве баротсе, потым лунда. У 1895 гэтыя тэрыторыі атрымалі афіц. назву Радэзія (ад прозвішча Родса). У 1900 пад кіраванне кампаніі перададзены таксама землі плямён бемба і нгоні. Пачалася эксплуатацыя радовішчаў медзі, у 1903—10 тут пабудавана чыгунка. Еўрап. каланісты набывалі найб. урадлівыя землі, а мясц. насельніцтва выцяснялі ў спец. рэзервацыі. У 1911 тэр. сучаснай З. вылучана ў асобны пратэктарат пад назвай Паўн. Радэзія (у 1924 афіцыйна абвешчана брыт. пратэктаратам). Пасля 1-й сусв. вайны пачалося хуткае развіццё горнаруднай прам-сці, асабліва здабычы медзі. У 1948 створана першая афр.арг-цыя — Кангрэс Паўн. Радэзіі (з 1951 Афр.нац. кангрэс, АНК). У 1953 Паўн. Радэзія разам з Паўд. Радэзіяй (сучасная Зімбабве) і Ньясалендам (сучасная Малаві) увайшлі ў створаную Вялікабрытаніяй Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда, дзе дамінавала еўрап. меншасць з Паўд. Радэзіі. Пасля расколу АНК у 1959 узнікла Аб’яднаная партыі нац. незалежнасці (ЮНІП) на чале з К.Каўндай. У 1962 абвешчана канстытуцыя і створаны кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў АНК і ЮНІП на чале з Каўндай. Пасля скасавання федэрацыі (1963) Паўн. Радэзія 24.10.1964 атрымала незалежнасць і прыняла назву З., з 1965 — рэспубліка. Член Садружнасці, член ААН, Арг-цыі афр. адзінства. Прэзідэнтам краіны быў абраны Каўнда (у 1964—73 адначасова кіраўнік урада), які распачаў унутр. рэформы ў рамках абвешчанай у 1969 канцэпцыі «філасофіі гуманізму» (у т. л. кантроль над брыт. і амер. горнапрамысл. кампаніямі). Знешняя палітыка гэтага часу характарызавалася збліжэннем з Танзаніяй і Кітаем, канфліктамі з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), калан. ўладамі партуг. Мазамбіка і Радэзіі, падтрымкай вызв. руху ў гэтых краінах. У 1971 адзін з кіраўнікоў ЮНІП С.Капвепве заснаваў апазіцыйную Аб’яднаную прагрэс. партыю (АПП), якая разам з АНК выступіла супраць прэзідэнта Каўнды і ЮНІП. У 1972 улады аб’явілі АПП і АНК па-за законам і абвясцілі З. аднапарт. дзяржавай. У 1975 З. ўвайшла ў кааліцыю прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі, удзельнічала ў перагаворах з уладамі ПАР і Нар. арг-цыяй Паўд.-Зах. Афрыкі (СВАПО) па сітуацыі ў Паўд. Афрыцы. У 1976 прэзідэнт Каўнда абвясціў сацыяліст. канцэпцыю т.зв. камунакратыі. Эканам. крызіс, што нарастаў у З. з пач. 1980-х г., стаў прычынай актывізацыі апазіцыі, якая дамагалася ліквідацыі аднапарт. сістэмы (няўдалы дзярж. пераварот ваенных 1990), узнік Рух за шматпарт. дэмакратыю (ММД), які патрабаваў свабодных выбараў і стварэння часовага ўрада. У 1991 прынята новая канстытуцыя, адбыліся выбары, перамогу на якіх атрымаў ММД. Яго лідэр Ф.Чылуба стаў прэзідэнтам.
У краіне дзейнічае шматпарт. сістэма. Асн. партыі: Рух за шматпарт. дэмакратыю і Аб’яднаная партыя нац. незалежнасці.
Гаспадарка З. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 400 дол. ЗША. Прам-сць дае 46% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 18, абслуговыя галіны — 36%. Вядучае месца ў прам-сці належыць горназдабыўной і каляровай металургіі. З 1982 горназдабыўная прам-сць цалкам кантралюецца дзяржавай. З. займае 5-е месца ў свеце па здабычы медзі — каля 500 тыс.т штогод. Буйнейшыя руднікі каля гарадоў Кітве-Нкана, Луанш’я, Муфуліра, Чынгола, Ндола, Рон-Антэлап, Чыбулума. У «Медным поясе» працуюць буйныя медзеплавільныя заводы. З. займае 2-е месца ў свеце па здабычы кобальту; штогадовая здабыча каля 5 тыс.т (каля 15% сусв. вытв-сці). Здабываюць таксама цынк, свінец, берылій, селен, каменны вугаль, аметысты і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 8 млрд.кВтгадз за год. ГЭС Карыба на р. Замбезі (магутнасць каля 700 тыс.кВт) і ГЭС Кафуэ на р. Кафуэ даюць больш за 70% усёй электраэнергіі. Буйная ЦЭЦ у г. Ндола. Частка электраэнергіі экспартуецца ў суседнія краіны. Астатнія галіны прам-сці маюць меншае значэнне. У г. Ндола заканчваецца нафтаправод з Дар-эс-Салама (Танзанія), працуюць нафтаперапр.з-д, шынны камбінат, хім. прадпрыемствы. У г. Луанш’я з-д па вытв-сці электракабелю, вырабаў з медзі і алюмінію, у г. Муфуліра выплаўка другаснага чыгуну і сталі, вытв-сці метал. вырабаў для горнай прам-сці. Там жа і ў г. Кафуэ выраб выбуховых рэчываў. У краіне ёсць асобныя прадпрыемствы хім. (Кітве-Нкана, Лусака, Ндола), па вытв-сці мінер. угнаенняў (Кафуэ), цэменту (Лусака), буд. матэрыялаў (Кітве-Нкана), па зборцы аўтамабіляў і веласіпедаў з імпартаваных дэталей і вузлоў (Лусака, Ндола). Лёгкая прам-сць прадстаўлена галінамі: тэкст. (Кітве-Нкана, Кафуэ), швейнай (Лусака, Кітве-Нкана, Муфуліра, Лівінгстан), гарбарна-абутковай (Кафуэ), мэблевай (Кітве-Нкана, Ндола, Кафуэ), дрэваапр. (Кітве-Нкана, Луанш’я, Лівінгстан), керамічнай (Кітве-Нкана). Параўнаўча развіты харч. (цукр., мясная, мукамольная, піваварная — Лусака, Ндола, Чынгола) і харчасмакавая (пераважна тытунёвая — Луанш’я, Муфуліра, Лівінгстан і інш.) прам-сць. Вытв-сць асобных відаў прамысл. прадукцыі (1994): азотных угнаенняў — 58 тыс.т, фосфарных — 19,2 тыс.т, калійных — 8,3 тыс.т, цукру — 150 тыс.т. прадукцыі лесапілавання — 112 тыс.м³, паперы і кардону — 4 тыс.т, цэменту — 376 тыс.т. Каля 70% жыхароў краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Агульная пл.с.-г. зямель каля 7 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 2 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: традыцыйны (на 1 гаспадарку прыпадае 1,5 га), вытв-сцьхарч. культур на свае патрэбы; таварны (каля 1000 буйных ферм па 1000 га). На свае патрэбы вырошчваюць (1994, тыс.т): кукурузу — 1021, пшаніцу — 43, проса — 63, сорга — 35, маніёк — 580, арахіс — 27. Таварныя культуры (1994, тыс.т): цукр. трыснёг — 1311, тытунь — 7, бавоўна — 16. Развіта агародніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд краіны (шкодзяць муха цэцэ, эпідэміі, засухі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 3 млн.галоў), коз і авечак (каля 0,4 млн.галоў), свіней (каля 0,3 млн.галоў). Развіта птушкагадоўля. Штогод ловяць каля 60—70 тыс.т рыбы. Аснова трансп. сеткі — чыгункі Ндола—Лівінгстан і Капіры-Мпошы—Дар-эс-Салам (Танзанія) з адгалінаваннямі. Агульная даўж. чыгунак 2164 км. Аўтадарог каля 37 тыс.км, з іх каля 6,7 км з цвёрдым пакрыццём. Краіна залежыць ад доступу да марскіх партоў ПАР, Анголы, Танзаніі. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Лусака, Ндола, Лівінгстан. Экспарт і імпарт З. прыкладна роўныя — па 1 млрд.дол. ЗША штогод. З. экспартуе медзь (85% экспарту па кошце), кобальт (6%), цынк, свінец, тытунь і інш., імпартуе машыны і трансп. сродкі (38%), хім. і харч. прадукты, разнастайныя прамысл. вырабы. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Японіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, ПАР. Грашовая адзінка — квача.
Літ.:
Березин В.И. Замбия: Пуги завоевания экон. независимости. М., 1972;
Перышкин Е.В. Политическая система Республики Замбии. М., 1980.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Замбіі.Да арт.Замбія. Вёска на паўночным захадзе краіны (злева). У адным з раёнаў г. Лусака.