халодная і агнястрэльная зброя для палявання на дзікіх звяроў і птушак, а таксама для спартыўных мэт. З глыбокай старажытнасці як П.з. выкарыстоўваліся апрацаваныя камяні, каменная сякера, кап’ё, дроцік, прашча, суліца, пазней — рагаціна, кінжал, нажы. Найважнейшымі якасцямі розных відаў П.з. была магчымасць дзеяння іх на аддаленні ад аб’екта палявання і паўторнае выкарыстанне.
Вял. значэнне мела вынаходства лука, які на працягу многіх тысячагоддзяў (аж да з’яўлення агнястрэльнай зброі) быў асн.відам П.з. ў большасці народаў (некаторыя народнасці-абарыгены карыстаюцца ім і цяпер, а стральба з лука стала самаст.відам спорту). З 1-га тыс. да н.э. на Крайняй Поўначы для палявання на марскіх звяроў выкарыстоўваўся гарпун — кідальнае дрэўка з зубчастым касцяным або метал. наканечнікам, які пасля пападання заставаўся ў целе жывёлы і цягнуў на рэмені бачнае на вадзе дрэўка. Сучасны гарпун — метал. страла на канаце, якая мае галоўку з раскрыўнымі лапамі і навінчанай гранатай, што разрываецца ў целе жывёлы; выстрэльваецца гарпуннай пушкай. У Інданезіі і Паўд. Амерыцы выкарыстоўвалася духавое ружжо — трубка (даўж. да 3 м), укладзеная ў другую трубку. Пад ціскам паветра, што ўдзімалася стралком, атручаныя стрэлы ляцелі да 40 м, паражаючы жывёл (пераважна птушак). У Стараж. Егіпце і Аўстраліі для палявання шырока выкарыстоўваўся бумеранг, які пры промаху вяртаўся да паляўнічага. У 10 ст. ў Кіеўскай Русі з’явіўся лук-самастрэл — арбалет (у Зах. Еўропе пашырыўся ў 12 ст.). Новы этап у развіцці П.з. пачаўся з паяўленнем агнястрэльнай зброі (у 12 ст. ў арабаў — модфа, у 14 ст. ў Зах. Еўропе і на Русі). У 14—15 ст. з’явіліся гладкаствольныя ружжы — аркебуза, куляўрына, пішчаль, у 16 ст. — вінтоўкі (у т. л.штуцэры), пасля вынаходства кнотавага замка створаны мушкет. З 17 ст. для палявання акрамя ваенных пачалі выкарыстоўвацца спец. паляўнічыя стрэльбы — аднаствольныя, а з 1738 двухствольныя. З 16 ст. знайшлі выкарыстанне пісталеты, з 19 ст. — рэвальверы, паляванне з якімі набывае значную папулярнасць (асабліва ў ЗША).
На тэр. Беларусі з часоў сярэдняга палеаліту выкарыстоўвалі розныя рубілы, адшчэпы, востраканечнікі, коп’і, пазней — дроцікі, кап’якідальнікі, рагаціны, гарпуны. Наканечнікі коп’яў і гарпуноў найчасцей рабілі з рагоў паўн. аленя. У раннім сярэдневякоўі быў удасканалены лук, з 12 ст. пашыралася куша (арбалет) з кольбай, ложам і мех. напінаннем цецівы. Агнястрэльная зброя пашырылася з 15 ст., да канца 19 ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: «звярынымі» і «птушынымі» ручніцамі, крамянёвымі, аднаствольнымі, пазней двухствольнымі дубальтоўкамі, у канцы 19 — пач. 20 ст. бярданкамі. Гл. таксама Зброя, Ружжо, Стрэльба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́ЛЬНАЯ ГАСПАДА́РКА,
сукупнасць прадпрыемстваў і службаў, спецыялізаваных на абслугоўванні насельніцтва. Уключае: сан.-тэхн. прадпрыемствы (водаправод, каналізацыю, прадпрыемствы па ўпарадкаванні тэр. населеных месцаў, пральні, лазні); гарадскі транспарт; энергетычныя прадпрыемствы (электрычныя, газавыя, цеплафікацыйныя размеркавальныя сеткі, кацельні і інш.); службы па эксплуатацыі жыллёвага фонду; збудаванні знешняга добраўпарадкавання (дарогі, тратуары, масты, пуцеправоды, падземныя і наземныя пешаходныя пераходы, трансп. эстакады, зялёныя насаджэнні агульнага карыстання, вулічнае асвятленне і інш.), гасцініцы, рамонтна-буд. арг-цыі і інш. Да 1920-х г. на Беларусі не было адзінай сістэмы прадпрыемстваў К.г. Водаправод дзейнічаў у Мінску з 1874, Гродне з 1876, Магілёве з 1878, Слоніме з 1890, Віцебску з 1895, Мазыры з 1902, Гомелі з 1908. У гарадах толькі цэнтр. вуліцы былі брукаваныя, асвятляліся газавымі ліхтарамі. Электрычнае асвятленне ў Мінску з 1895. Асн.відамгар. транспарту быў гужавы. У Мінску (з 1892) і Магілёве (з 1910) працавала конная чыгунка (конка). Да 1932 у БССР электрыфікаваны ўсе гарады і 30 мястэчак. У 1940 у рэспубліцы былі 92 камунальныя гасцініцы на 3574 месцы. На канец 1996 цэнтралізаванае водазабеспячэнне на Беларусі мелі 102 гарады, 106 гар. пасёлкаў і 4904 сельскія нас. пункты, каналізацыю — 101 горад, 101 гар. пасёлак, 2065 сельскіх населеных пунктаў; тралейбусны парк налічваў 1778 машын, аўтобусны — 3821 аўтобус на ўнутрыгар. перавозках; у Мінску — метрапалітэн (132 вагоны). Дзейнічалі 258 гасцініц, матэляў і інтэрнатаў для прыезджых на 28 297 месцаў і інш.
Л.А.Бірукоев.
Да арт.Камунальная гаспадарка. Дом быту ў в. Чурылавічы Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
сукупнасць установак і сістэм для перамяшчэння насыпных грузаў, кантэйнераў (патронаў) у струмені паветра ці інш. газу пад уздзеяннем перападу ціску. Устаноўкі звычайна складаюцца з загрузачнага прыстасавання, трансп. трубаправода (аэражолаба), пераключальнікаў патоку, аддзяляльнікаў матэрыялу, пылаўлоўніка, кампрэсарнай устаноўкі ці вакуум-помпы.
Прынцып дзеяння П.т. залежыць ад прынятай сістэмы ўтварэння паветр. патоку. Выраб сістэмы абумоўлены відам матэрыялу, што транспартуецца, яго вільготнасцю, неабходнай прадукцыйнасцю і ўмовамі функцыянавання. Адрозніваюць усмоктвальныя (ціск да 0,05 МПа), нагнятальныя (0,6 МПа) і камбінаваныя сістэмы. Ва ўсмоктвальнай сістэме вакуум-помпа стварае разрэджанне і пад уздзеяннем атм. ціску паветра разам з матэрыялам усмоктваецца ў трубаправод і паступае ў пункт прызначэння (асаджвальнік), дзе скорасць паветр. патоку рэзка памяншаецца і матэрыял асаджваецца. Дыяметр трансп. трубаправода ў такіх сістэмах ад 50 да 200 мм. У нагнятальнай сістэме кампрэсар нагнятае сціснутае паветра ў трубаправод, куды адначасова спец. сілкавальнік прымусова падае матэрыял. Паветраны паток уцягвае матэрыял і транспартуе яго ў аддзяляльнік, з якога паветра праз фільтр выкідваецца ў атмасферу. Дыяметр трансп. трубаправода 50—100 мм. У камбінаваных сістэмах (вакуумна-нагнятальных) падача матэрыялу ў трубаправод і асаджвальнік ажыццяўляецца ўсмоктваннем, а да месца прызначэння — нагнятаннем. Дыяметр трансп. трубаправода дасягае 250 мм. Выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., на металург. з-дах для сувязі плавільных аддзяленняў з экспрэс-лабараторыямі), сельскай гаспадаркі (напр., для разгрузкі-пагрузкі зерня), буд-ве, сферы абслугоўвання, як від сувязі (пнеўмапошта) у друкарнях, б-ках, на складах.
Літ.:
Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́МБА (скарочаная назва рус. тэрміна «самбо» — самозащита без оружия),
від спарт. барацьбы, асновай якога з’яўляюцца найб. эфектыўныя прыёмы з розных нац. відаў барацьбы.
Узнікла у СССР у 1930-я г. З 1966 прызнана міжнар.відам спорту. Чэмпіянаты свету і Еўропы праводзяцца з 1972. Паядынкі адбываюцца на круглым дыване дыяметрам 9 м, у розных узроставых групах і вагавых катэгорыях. Пры барацьбе ў стойцы дазваляюцца падножкі, падсечкі, абвівы, кідкі праз грудзі і праз спіну, захопы ног рукамі; пры барацьбе лежачы — утрыманні саперніка на спіне і болевыя прыёмы на суставы рук і ног. Паядынак працягваецца 6—8 мін без перапынку. Перамога даецца за кідок саперніка на спіну ці за перавод яго на болевы прыём. Найб. развіта С. ў Балгарыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Іране, Іспаніі, Расіі, Японіі і інш.
На Беларусі развіваецца з 1936—37. Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1949, асабіста-камандныя пяршынствы праводзяцца з 1952. Бел. федэрацыя барацьбы С. існуе з 1968. У 1975 і 1992 у Мінску адбыліся чэмпіянаты свету па С., у 1995 — чэмпіянат Еўропы. Зборная каманда Беларусі — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1994), Еўропы (1994, 2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся чэмпіёны свету і Еўропы Н.Багіраў, Я.Далінін (1992, 1995), В.Данілаў (1992, 1993, 1994), І.Казанцава (1992, 1993), В.Казлоўская (1991, 1993, 1994, 1995, 1996, 2000), Т.Масквіна (1994, 1995, 2000), С.Селіханава (1992, 1993, 1995, 1996), К.Сямёнаў (2000), М.Цыпандзін (1992, 1994), В.Юркевіч (1996).
Побач са спарт. С. існуе яго баявы раздзел — самаабарона ад нападу няўзброенага і ўзброенага праціўніка і дзеянні ў адказ (прыёмы абяззбройвання, затрымання, суправаджэння і інш.), які ўваходзіць у сістэму баявой падрыхтоўкі ў арміі і спец. баявых фарміраваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА,
дзейнасць грамадзян ці іх аб’яднанняў, якая ажыццяўляецца ад іх імя, на ўласную рызыку і за кошт сваёй маёмасці, накіравана на сістэм. атрыманне даходу. Паўнацэннае П. магчыма ў рыначнай сістэме і ўласціва ўсім відам уласнасці, уключаючы дзяржаўную. Развіццё П. цесна звязана з эканам. працэсамі, якія ствараюць для яго спрыяльныя ўмовы, — раздзяржаўленне ўласнасці, прыватызацыя прадпрыемстваў, заахвочванне канкурэнцыі і інш.
Прадпрымальнік можа ажыццяўляць любыя віды гасп. дзейнасці, не забароненыя законам, у т. л. камерцыйнае пасрэдніцтва, гандл.-закупачную, кансультацыйную і інш., а таксама аперацыі з каштоўнымі паперамі. Статус прадпрымальніка набываецца праз дзярж. рэгістрацыю, без якой П. забаронена. Формы П.: прыватнае і калектыўнае; можа ажыццяўляцца без выкарыстання наёмнай працы, з яе выкарыстаннем; са стварэннем юрыд. асобы, без яе стварэння. Прадпрымальнік мае права: ствараць для П. любыя прадпрыемствы, якія не супярэчаць заканадаўству; набываць поўнасцю або часткова маёмасць дзярж. прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, заснаваных на інш. формах уласнасці, інш. маёмасць і маёмасныя правы; наймаць і звальняць работнікаў на ўмовах кантрактаў; самастойна ўстанаўліваць формы, сістэмы і памеры аплаты працы і інш. даходы асоб, што працуюць па найме; самастойна фарміраваць праграму гасп. дзейнасці, выбіраць пастаўшчыкоў і спажыўцоў, устанаўліваць цэны і тарыфы; адкрываць рахункі ў банках, ажыццяўляць усе віды разліковых, крэдытных і касавых аперацый, свабодна распараджацца прыбыткам (даходам) ад прадпрымальніцкай дзейнасці, што застаецца пасля выплаты падаткаў; карыстацца дзярж. сістэмай сац. забеспячэння і страхавання; выступаць удзельнікам знешнеэканам. зносін і ажыццяўляць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
На Беларусі П. развіваецца з 2-й пал. 1980-х г., прайшло 3 асн. этапы: кааператыўнае П. (1988—91), пры якім асн. крыніцай прадпрымальніцкіх даходаў была розніца паміж дзярж. і свабоднымі цэнамі; П. ва ўмовах свабоднага цэнаўтварэння (1992—95), калі адбываўся бурны рост прадпрымальніцкай актыўнасці, а самі прадпрымальнікі пачалі асэнсоўваць сябе як сац. слой са сваімі эканам. інтарэсамі; П. ва ўмовах цэнтралізаванага дзярж. рэгулявання (з 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНЫ́, слановыя (Elephantidae),
сямейства млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з верхняга міяцэну — ніжняга пліяцэну. 2 роды, у кожным па 1 відзе: афрыканскі С. (Loxodonta africana) з 2 падвідамі (зрэдку даюць як самастойныя віды) — саваннавы, або кустовы, С. (L.a. africana), які жыве пераважна ў аблесенай саванне Усх. і Паўд. Афрыкі; лясны С. (L.a. cyctolis) — пераважна ў дажджавых трапічных лясах Зах. Афрыкі. Індыйскі С. (Elephas maximus) жыве ў лясных абласцях Паўд.-Усх. Азіі. Абодва віды ў Чырв. кнізе МСАП. Да сям. С. належыць мамант. На Беларусі знойдзены рэшткі С. паўднёвага (Archidiskodon meridionalis), які быў пашыраны ў раннім антрапагене і выцесніў трацічных мастадонтаў. Выш. яго ў плячах больш за 3,7 м. Лічыцца продкам афрыканскіх С. і маманта. Знойдзены рэшткі С. трагантэрыевага (A. trogontherii), які быў пашыраны ў раннім антрапагене. Самы буйны з еўрап. С., у плячах выш. да 4,5 м, біўні даўж. да 5 м. Цела, магчыма, было пакрыта поўсцю. Пераходным відам паміж трагантэрыевым С. і мамантам быў хазарскі мамант, ці С., (Mammuthus chosaricus), рэшткі якога таксама знойдзены на Беларусі. Меў густую поўсць і доўгія біўні, па памерах значна большы за маманта.
Даўж. афрыканскага С. ад канца хобата да канца хваста да 7 м (хобат да 2 м, хвост да 1,5 м). Выш. ў карку да 4,5 м, маса да 7,5 т. Індыйскі С. меншы (выш. цела да 3.2 м. маса да 5 т). Самкі драбнейшыя. Орган дотыку, нюху і хапання — рухомы хобат (зрослыя верхняя губа і нос). Развітыя другія разцы, што ў верхняй сківіцы ўтвараюць біўні і растуць усё жыццё. Скура тоўстая (да 3 см), амаль голая, укрытая рэдкімі шорсткімі валасамі. Расліннаедныя Жывуць С. 70—80 гадоў, палаваспеласці дасягаюць у 10—20 гадоў, цяжарнасць да 2 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня масай да 100 кг раз у 4 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БА,
чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.
Літ.:
Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;
Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;
Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр.М., 1987;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКІ́ (Beta),
род адна-, двух- і шматгадовых травяністых раслін сям. лебядовых. 6 відаў (па іншых звестках 15). Пашыраны ў Зах. Еўропе, Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Індыі, вырошчваюць таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. У культуры двухгадовыя віды: буракі лісцевыя, ці мангольд, і буракі звычайныя караняплодныя (B. vulgaris), да якіх належаць групы разнавіднасцей цукр., сталовых і кармавых буракоў. Пачалі спажываць карані буракоў у 3—1 ст. да н.э. У канцы 12 ст. з’явіліся ў культуры кармавыя формы, у 18—19 ст. — цукровыя. На Беларусі буракі ў культуры з 1830-х г.
У 1-ы год буракі ўтвараюць сакаўны мясісты караняплод з разеткай лісця, на 2-і даюць кветаносы і насенне. Сцябло травяністае, прамастойнае, галінастае, паяўляецца на 2-і год. Лісце буйное, гладкае або хвалістае, прыкаранёвае на доўгіх чаранках, сцябловае амаль сядзячае. Кветкі двухполыя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца, утвараючы суплоддзі — клубочкі.
Сталовыя буракі (агароднінныя) культывуюцца ў 2 формах: сталовыя караняплодныя (больш пашыраныя) і буракі лісцевыя (мангольд). Караняплоды масай 0,4—0,9 кг, цёмна-чырвоныя, бардовыя, чырвона-фіялетавыя, багатыя цукрам (9—16%), бялком (1,8—3%), мінер. солямі, арган. к-тамі, клятчаткай, вітамінамі C, групы B, P, PP. Спажываюцца караняплоды і лісце вараныя, кансерваваныя, сушаныя. Лепшыя для іх глебы на Беларусі — акультураныя дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя. Раянаваныя сарты: Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18. Кармавыя буракі багатыя вугляводамі, мінер. солямі, вітамінамі. Караняплоды масай да 10—12 кг, жоўтыя, белыя, чырвоныя. Скормліваюцца ўсім відам жывёлы, пераважна малочным. Бацвінне ідзе на корм свежае і сіласаванае. Сеюць на акультураных тарфяніках, на сугліністых і супясчаных мінер. глебах з нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору. Раянаваныя сарты: Бел. чырвоныя, Экендорфскія жоўтыя і інш.Цукровыя буракі — найважнейшая тэхн. культура — сыравіна для цукр. прам-сці. Маюць белыя караняплоды масай 400—500 г, багатыя цукрам (19—20%, макс. да 23%). Цепла- і святлолюбівыя, вельмі патрабавальныя да ўмоў жыўлення і вільгаці, асабліва ў перыяд фарміравання лісця і караняплода (ліп.—жн.). Вырошчваюцца на добра ўгноеных сугліністых і супясчаных дзярнова-падзолістых глебах, на акультураных тарфяна-балотных. Бацвінне, жамерыны, патака ідуць на корм. Гл. таксама Буракаводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВАРЫ́Т, ксілаграфія,
гравюра па дрэве; адзін з найб.стараж. відаў пукатай гравюры, у якой адлюстраванне друкуецца з плоскай паверхні драўлянай дошкі, пакрытай фарбай. Бывае абразны (падоўжны) і тарцовы. У абразным Д. друкарская форма (клішэ) ствараецца на дошцы, распілаванай уздоўж валокнаў драўніны мяккіх парод. Лініі і плямы, што ўтвараюць малюнак, абразаюць нажом, свабодныя ад выявы месцы паглыбляюць долатам. Гэтаму віду Д. ўласцівы абагульненасць малюнка, кантрастныя суадносіны белага і чорнага колераў. Клішэ тарцовага Д. выконваюцца на брусках цвёрдых парод драўніны, распілаваных упоперак валакна. Тонкія штрыхі малюнка праразаюцца штыхелем. Спалучэнні штрыхоў даюць магчымасць ствараць тоны рознай насычанасці, што часта выкарыстоўваецца для рэпрадуцыравання жывапісных твораў і танальнага малюнка.
Д. вядомы з 6—7 ст. (Кітай), у Еўропе з’явіўся ў 14—15 ст. У 19 ст. шырока выкарыстоўваўся для друкавання ілюстрацый і рэпрадуцыравання жывапісу і малюнкаў. У 20 ст. пашыраны гал. чынам у станковай і кніжнай гравюры.
На Беларусі першыя Д. (абразныя) з’явіліся ў пач. 16 ст. ў выданнях Ф.Скарыны («Псалтыр», «Кніга Іова», «Кніга Ісуса Сірахава», усе 1517, кн. «Выхад», 1519). Кніжны Д. дамінаваў да пач. 17 ст. Склаліся рэгіянальныя школы бел. Д. (Віленская школа гравюры, Куцеінская школа гравюры, Магілёўская школа гравюры і інш.). У кніжнай графіцы працавалі П.Мсціславец, М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка і інш. У 18 ст. пашырыўся станковы Д., у т. л. народны лубок. Д. бел. старадрукаў адметны высокім узроўнем тэхнікі гравіравання і маст. якасцей. У 19 ст. Д. заняпаў. У 1-й пал. 20 ст. ў тэхніцы Д. працавалі М.Сеўрук, І.Гембіцкі, Я.Мінін, С.Юдовін, А.Тычына, А.Зайцаў і інш. У апошні час Д. саступіў месца інш.відам гравюры (афорт, літаграфія, лінарыт і інш.).
Т.М.Карэліна, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Дрэварыт. Дачка фараона і Майсей. Гравюра з тытульнага ліста кнігі «Выхад» Ф.Скарыны. 1519.Да арт.Дрэварыт. М.Сеўрук. Вяртанне з працы. 1938.Да арт.Дрэварыт. А.Зайцаў. Партрэт Л.Стрыгалёва. 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЕР (лац. color),
1) уласцівасць прадметаў ці фіз. з’яў, якая ацэньваецца зрокавым адчуваннем. У пераважнай большасці выпадкаў колернае адчуванне ўзнікае пры ўздзеянні на вока бачнага выпрамянення (эл.-магн. выпрамянення з даўжынямі хваль ад 400 да 750 нм); часам узнікае пры націсканні на вока, эл. раздражненні і інш., а таксама па мысленнай асацыяцыі з інш. адчуваннямі (напр., гуку, цяпла) і ў выніку работы ўяўлення.
К. падзяляюцца на ахраматычныя (чорны, белы і прамежкавыя паміж імі шэрыя) і храматычныя (усе астатнія); характарызуюцца чысцінёй, насычанасцю, тонам і яркасцю. Адрозніваюць К. крыніц святла (вызначаецца спектрам крыніцы) і аб’ектаў, якія не свецяцца ўласным святлом. Прадмет мы бачым белым, калі ён аднолькава адбівае ўсе прамяні бачнага спектра, чорным — цалкам паглынае іх, шэрым — аднолькава, але не поўнасцю паглынае ўсе прамяні, каляровым — паглынае толькі некаторыя з іх. Успрыманне К. абумоўлена рознай рэакцыяй святлоадчувальных элементаў вока на святло рознай даўжыні хвалі і інтэнсіўнасці, але сігналы, што паступаюць у цэнтр.нерв. сістэму, успрымаюцца з улікам раней атрыманай інфармацыі, якая зберагаецца ў памяці чалавека. Гл. таксама Колернасці тэорыя.
2) К. у выяўленчым мастацтве, мастацкі сродак адлюстравання рэчаіснасці ва ўсім багацці яе фарбаў; важны элемент маст. твора, які выконвае ў ім выяўл. і выразныя функцыі і неадрыўна звязаны з інш. элементамі — кампазіцыяй, малюнкам, фактурай і інш.; аснова каларыту. К. розняцца паводле тону, насычанасці, светлаты, падзяляюцца на «цёплыя» і «халодныя». У працэсе развіцця мастацтва склалася багатая сімволіка К., якая мае гіст. і нац. абумоўлены характар, звязана з асаблівасцямі маст. стылю эпохі, відам мастацтва, творчымі задачамі. К. — асн. структурны элемент жывапісу, дзе найб. яскрава праяўляюцца яго выразныя магчымасці: перадача матэр. якасці асобных аб’ектаў (лакальны К.), іх размяшчэнне ў прасторы карцін (гл.Перспектыва), паветр. асяроддзя, асветленасці, сувязі з інш. аб’ектамі і навакольным асяроддзем. З’яўляецца асновай маст. вобраза твора, сродкам псіхал. характарыстыкі, перадачы эмац. стану персанажаў і інш. У манум. мастацтве выконвае дэкар. функцыі і аб’ядноўвае асобныя аб’екты ў адзіны ансамбль; выкарыстоўваецца ў графіцы, скульптуры (паліхромная скульптура), дэкар.-прыкладным мастацтве.