ДРУ́ЖКІ,

вясельныя чыны з бліжэйшай світы маладой (незамужняя сястра, дачка хросных бацькоў, блізкія сяброўкі) або маладога (нежанаты брат, блізкія сваякі, сябры). Д. нявесты (баяркі, бальшанкі, паднявесціны, шаферкі) суправаджалі яе на працягу вяселля ў яе хаце да ад’езду ў дом маладога. Галоўнай была старшая Д., якая разам з маладой хадзіла на запросіны, удзельнічала ў выпяканні каравая, віла вянок на суборную суботу, расплятала і заплятала касу на пасадзе і г.д. Старшы Д. з боку жаніха разам з ім хадзіў запрашаць на вяселле радню, ехаў за маладой, садзіў маладога на пасад, трымаў вянок над яго галавой у час вянчання. Звычайна колькасць Д. была няцотнай.

Л.​А.​Малаш.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫ́ЧАЙ,

гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У аснове З. першапачаткова ляжалі табу — розныя забароны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання.

Выпрацаваны вытв. і бытавым вопытам у працэсе развіцця грамадства З. рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве, садзейнічаў кансалідацыі этнічных і вытв. груп. У ролі звычаю маглі выступаць вытв. навыкі (бонда, сябрына, талака і інш.), абрады. На аснове З. фарміравалася звычаёвае права. У наш час З. захоўваецца ў сферы побыту і сям’і (радзіны, пахаванне, вяселле), маралі і грамадз. абраднасці.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРКО́ (Міхаіл Мартынавіч) (27.1.1930, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 1989),

бел. майстар маст. керамікі. Працаваў ганчаром на Івянецкай ф-цы маст. керамікі (з 1955). Стварыў шэраг арыгінальных маст. твораў, а таксама ўзораў керамічных вырабаў для масавай вытв-сці. Прадаўжаў і развіваў мясц. традыцыі вырабу ганчарнага быт. посуду, аздобленага фляндроўкай, фігурных ляпных пасудзін у выглядзе зуброў, мядзведзяў, ільвоў, бараноў і інш., цацкі. Арыгінальнасцю ганчарнай пластыкі, дасціпнасцю вырашэння вызначаецца дробная скульптура ў выглядзе фігурак людзей і цэлых кампазіцый на быт. і фальклорныя тэмы: «Вяселле» (1970), «Івянецкія ганчары» (1975), «Царскі генерал» (1976), «Чырвонаармеец» (1978) і інш.

Я.​М.​Сахута.

М.Звярко. Леў. 1976.

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́ДКІ (Уладзімір Іванавіч) (н. 1.9.1956, чыг. ст. Галынец Магілёўскага р-на),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1990). Муж С.​А.​Салодкай. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1985). З 1979 артыст Дзярж. нар. хору Беларусі, з 1984 — ансамбля нар. музыкі «Свята». З 1985 спявае ў дуэце з Салодкай. З 1994 адзін са стваральнікаў і саліст ансамбля нар. песні «Вяселле», з 1996 саліст Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону. У рэпертуары бел., рус., укр. нар. песні, а таксама аўтарскія творы, у т. л. «А дзе ж ты, бурлак, валачыўся» (балада), «Чапурушачка», «У лузе каліна стаяла», «Кірыла Тураўскі» (У.​Будніка).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ШКЕРЦ ((Aškerc) Антон) (9.1.1856, в. Глабока, Славенія — 10.6.1912),

славенскі паэт, драматург. У 1881—98 святар. Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў «Балады і рамансы» (1890), «Лірычныя і эпічныя вершы» (1896) і інш., п’ес («Ізмайлаў», 1906, і інш.). Перавагу аддаваў баладам, паэмам, сатырам. Стварыў рэаліст. карціны сял. жыцця (балады «Вяселле ў Логах», 1887; «Камень на мяжы», 1888), увёў у славенскую паэзію вобраз рабочага. Нізка балад «Старая праўда» (1888) прысвечана сярэдневяковым сял. паўстанням. Адстойваў ідэю адзінства славян, асуджаў манархічны дэспатызм і захопніцкія войны («Новыя вершы», 1900). Папулярнасць набылі яго творы на гіст. тэмы (вершы «Прымаж Трубар», «Пакутнікі» і інш.). На бел. мову яго творы перакладаў Н.​Гілевіч.

М.​М.​Трус.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (сапр. Гарэлаў Іван Мікалаевіч; 19.1.1849, г. Наваміргарад, Украіна — 23.6.1925),

расійскі акцёр і педагог. Нар. арт. Рэспублікі (1922). З 1867 іграў у правінцыі. У 1880—1924 акцёр Александрынскага т-ра (Пецярбург), адначасова з 1883 выкладаў у тэатр. вучылішчы. Арганічнае пачуццё жыццёвай праўды, віртуознае валоданне тэхнікай пераўвасаблення, майстэрствам сцэн. мовы, міміка дазвалялі яму з поспехам выступаць у вадэвілях, камедыях, драмах: Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Мошкін («Халасцяк» І.​Тургенева), Гараднічы, Падкалесін («Рэвізор», «Жаніцьба» М.​Гогаля), Іванаў, Чабутыкін («Іванаў», «Тры сястры» А.​Чэхава).

Тв.:

Рассказ о прошлом. Л.;

М., 1962.

Літ.:

Брянский А. В.​Н.​Давыдов, 1849 — 1925: Жизнь и творчество. Л.;

М., 1939.

У.М.Давыдаў.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕМЯНІ́ (Яўген Сяргеевіч) (12.3.1898, С.-Пецярбург — 23.1.1969),

расійскі акцёр і рэжысёр; адзін з заснавальнікаў сав. т-ра лялек. Засл. арт. Расіі (1934). У 1918 пачаў сцэн. дзейнасць як акцёр-аматар. У 1924 арганізаваў і ўзначаліў тэатр лялек-пятрушак у Ленінградзе, у 1930 аб’яднаны з Т-рам марыянетак Л.​Шапорынай-Якаўлевай пад назвай Ленінградскі лялечны т-р пад кіраўніцтвам Я.​Дземяні, дзе ён выступаў як акцёр і рэжысёр. Ставіў спектаклі для дзяцей і дарослых: «Казёл» (1925) і «Кошчын дом» (1926) С.​Маршака, «Вяселле» А.​Чэхава (1928), «Канёк-Гарбунок» паводле П.​Яршова, «Казка пра згублены час» (1940) Я.​Шварца, «Лекар паняволі» Мальера. Аўтар кніг і артыкулаў пра т-р лялек. З 1929 выступаў з лялькамі на эстрадзе.

т. 6, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМО́ВЫЯ ПЕ́СНІ,

адзін з цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга. Распаўсюджаны ў народаў з часавай цыклізацыяй традыцыйнай песнятворчасці, у т. л. ў славян. На Беларусі ўключаюць абрадавыя, строга прымеркаваныя віншавальныя калядныя песні і шчадроўскія — «каляднае вяселле для ўсіх», «Жаніцьба Цярэшкі» і ўмоўна прымеркаваныя да зімы піліпаўскія песні і калядныя («ражстоўскія») гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). У нар. побыце тэрмін «З.п.» найчасцей ужываецца як сінонім піліпаўскіх. Яны арганічна спалучаюць прац. тэматыку (адсюль таксама назва «песні за кудзеляй») з сямейна-бытавой. Большасць з іх, асабліва з баладным сюжэтам («Да было ў бацькі да дзевяць сыноў»), апавядальнага характару. У паўн. раёнах Беларусі некат. з умоўна прымеркаваных З.п. — узоры працяжнага адзіночнага спеву («Ночы мае, ночушкі»).

З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРО́Ў (Георгій Сцяпанавіч) (22.4. 1910, в. Заполле Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.11.1993),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў драм. курсы ў Мінску (1932). У 1932—41 працаваў у БДТ-3, т-рах юнага гледача імя Крупскай, Палескім абл. драматычным. З 1945 акцёр Белдзяржэстрады. У 1956—70 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў характарныя, драм. і камед. ролі: Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Бяссудны і Беркутаў («На бойкім месцы» і «Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Ілья («Пяць вечароў» А.​Валодзіна).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЮЦЕ́НКА (Дзмітрый Емяльянавіч) (21.2.1899, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 25.1.1966),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1960). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх гуртках. З 1923 і з 1936 акцёр Драм. т-ра імя І.​Франко ў Харкаве, у 1927—36 — Харкаўскага драм. т-ра імя Т.​Шаўчэнкі. Творчасць вызначалася псіхал. распрацоўкай вобразаў, пластычнай выразнасцю і эмацыянальнасцю выканання роляў: Пузыр, Калітка («Гаспадар», «Сто тысяч» І.​Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Выкрадзенае шчасце» Франко), Часнок («У стэпах Украіны» А.​Карнейчука), Ваявода («Вяселле Свічкі» І.​Качаргі), Шуйскі («Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна), Блазан («Кароль Лір» Ў.​Шэкспіра) і інш. Здымаўся ў кіно: «Багдан Хмяльніцкі» (1941), «Подзвіг разведчыка», (1947), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Сон» (1964), «Наш сумленны хлеб» (1965) і інш.

т. 10, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)