народны музычны ўдарны інструмент класа ідыяфонаў; правобраз ксілафона. Лакальныя назвы цымбалкі, смалінкі. Складаецца з сасновых брусочкаў (10 і болей) аднолькавай таўшчыні, але рознай даўжыні, якія ўкладваюць паралельна на 2 пучках жытняй саломы, моцна перавязаных у некалькіх месцах. Ударамі маленькіх драўляных малаточкаў здабываюцца моцныя, але мяккія, прыемнага тэмбру гукі рознай вышыні. Брусочкі бытавалі ў раёнах Гомельскага Палесся і на Магілёўшчыне. Зараз не сустракаюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ХВАРО́БА, горная хвароба,
паталагічны стан арганізма, абумоўлены знаходжаннем у разрэджаным паветры на вял. вышынях; у дачыненні выпадкаў знаходжання ў горных мясцовасцях наз. горнай хваробай. Развіваецца як вынік кіслароднага галадання (гл.Гіпаксія). Выяўляецца задышкай, сэрцабіццем, галавакружэннем, пачашчэннем пульсу, галаўным болем, мышачнай слабасцю, шумам у вушах, насавымі крывацёкамі, магчымыя парушэнні сардэчнай дзейнасці і страта прытомнасці. Лячэнне: паступовы спуск з вышыні, кісларод, тэрапеўтычныя прэпараты — абязбольвальныя, узбуджальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНСІМЕ́ТРЫЯ [ад лац. densus (densi) шчыльны, густы + ...метрыя],
сукупнасць метадаў вымярэння шчыльнасці цвёрдых і вадкіх цел. Для цвёрдых цел у лабараторнай практыцы выкарыстоўваюць гідрастатычнае ўзважванне; шчыльнасць вадкасцей вызначаюць арэометрамі, пікнометрамі і інш. прыладамі; у прам-сці шчыльнасць вымяраюць з дапамогай розных аўтам. шчыльнамераў, прынцып дзеяння якіх заснаваны на бесперапынным узважванні пэўных аб’ёмаў вадкасці, вымярэнні ціску слупа вадкасці пэўнай вышыні, скорасці распаўсюджвання ультрагуку, рассеянні γ-прамянёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУК МУЗЫ́ЧНЫ,
найменшы структурны элемент музыкі. Асн. яго ўласцівасці; дакладная вышыня, гучнасць, працягласць і тэмбр. З гукаў фіксаванай вышыні (тонаў), якія здольны ўспрымаць чалавечы слых, у музыцы выкарыстоўваецца параўнальна нязначная частка; іх адбор вызначаецца фізіял. асаблівасцямі слыху, камунікатыўнай прыродай муз. мастацтва, эстэт. патрабаваннямі музыкантаў і слухачоў. Асобна ўзяты гук музычны не валодае маст. выразнасцю, аднак набывае яе пры ўключэнні ў пэўную гукавую сістэму, у пэўны муз. кантэкст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сістэма геадэзічных пунктаў зямной паверхні, узаемнае становішча якіх вызначана ў адпаведнай сістэме каардынат і вышынь над узр. м. на падставе геад. вымярэнняў. Каардынаты геад. пунктаў вызначаюць пераважна метадамі трыянгуляцыі, паліганаметрыі, выкарыстоўваюць вынікі назіранняў штучных спадарожнікаў Зямлі. Вышынігеад. пунктаў вызначаюць метадамі нівеліравання. Пункты геадэзічнай сеткі замацоўваюць на мясцовасці геадэзічнымі знакамі, яны з’яўляюцца зыходнымі пры картаграфаванні зямной паверхні і геад. вымярэннях на мясцовасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРА́НТ (ад лац. quadrans чацвёртая частка),
1) у матэматыцы — плоскі сектар з цэнтр. вуглом у 90°, 1/4 частка круга. К. плоскасці — любая з 4 абласцей (вуглоў), на якія плоскасць дзеліцца 2 узаемна перпендыкулярнымі прамымі. 2)У астраноміі — стараж. вугламерны інструмент для вымярэння вышыні нябесных свяціл над гарызонтам і вуглавых адлегласцей паміж свяціламі.
3) У вайсковай справе — прылада для верт. наводкі гарматы паводле зададзенага вугла ўзвышэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛОСКАСТУПНЁВАСЦЬ,
дэфармацыя ступні з устойлівым памяншэннем вышыні яе зводаў амаль да іх поўнага знікнення. Бывае падоўжаная і папярочная (магчыма спалучэнне абедзвюх форм). Прыроджаная П. назіраецца вельмі рэдка, набытую П. падзяляюць на статычную (ад перагрузкі, асабліва ў час росту арганізма). рахітычную (пры рахіце), траўматычную (пасля пералому ладыжак шчыкалатак* або касцей ступні), паралітычную (пасля поліяміэліту). Прыкметы П.: хуткая стамляльнасць ног, ныючы боль у ступнях, бывае ацёк ступні. Лячэнне артапедычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ, вертыкальная занальнасць,
заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 мвышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.
Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗІС ЭРО́ЗІІ,
паверхня, на ўзроўні якой вадацёк (рака, ручай) траціць сілу і не можа далей паглыбляць сваё рэчышча. Агульны (або галоўны) базіс эрозіі — узровень Сусветнага ак.; мясцовыя (або часовыя) базісы эрозіі — праточныя азёры, месцы ўпадзення прытокаў у гал. раку, выхады цвёрдых парод, якія запавольваюць глыбінную эрозію ракі. Змена вышыні базісу эрозіі (ваганні ўзроўню мора, векавыя рухі зямной кары і інш.) суправаджаецца ўразаннем даліны або запаўненнем яе рачнымі адкладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКІЯ ПАРО́ГІ,
выхады карэнных горных парод у рэчышчы р. Дняпро паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа. Існавала 10 парогаў і 30 каменных град агульнай даўж. каля 75 км (пры вышыні падзення вады каля 40 м). Знаходзіліся на шляху «з варагаў у грэкі», перашкаджалі суднаходству, былі месцам нападзенняў качэўнікаў на судны. Ніжэй парогаў у 16 ст. заснавана Запарожская Сеч; у 17—18 ст. каля Д.п. стаяла крэпасць Кодак. Затоплены водамі Дняпроўскага вадасховішча.